Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
– Радуйся нам!
– сказалi ёй паветра i сонечнае святло.
– Радуйся свайму юнацтву i лясному прыволлю!
Але яна i не думала радавацца, а ўсё расла ды расла. I зiму i лета стаяла яна ў сваiм зялёным уборы, i ўсе, хто бачыў яе, казалi: "Вось дзiвоснае дрэўца!" Падышлi нарэшце i Каляды, i елачку ссеклi першую. Пякучы боль i туга не далi ёй нават падумаць пра будучае шчасце; тужлiва было развiтвацца з родным лесам, з тым куточкам, дзе яна вырасла, - яна ж ведала, што нiколi больш не пабачыць сваiх мiлых сябровак - елак i соснаў, кустоў, кветак, а магчыма, нават i птушак! Як цяжка, як сумна!..
Дрэўца прыйшло ў сябе толькi тады, калi апынулася разам з iншымi дрэвамi на двары i пачула каля сябе чыйсьцi голас:
– Цудоўная елка! Вось такую нам i трэба!
З'явiлася двое прыбраных слуг, узялi елку i ўнеслi яе ў агромнiстую, прыгожую залу. На сценах вiселi партрэты, а на вялiкай кафлянай печцы стаялi кiтайскiя вазы з iльвамi на накрыўках; паўсюль былi расстаўлены крэслы-качалкi, абабiтыя шоўкам канапы i вялiкiя сталы, заваленыя альбомамi, кнiжкамi i цацкамi на некалькi сот талераў - так, ва ўсялякiм разе, казалi дзецi. Елку пасадзiлi ў вялiкую кадку з пяском, абгарнулi кадку зялёнай тканiнай i паставiлi на стракаты дыван. Як трымцела елачка! Што ж такое цяпер будзе? З'явiлiся слугi i маладыя дзяўчаты i сталi ўпрыгожваць яе. Вось на галiнах павiслi напакаваныя ласункамi маленькiя сеткi, якiя выразалi з каляровай паперы, выраслi залочаныя яблыкi i арэхi i загайдалiся лялькi - ўсё роўна, як жывыя чалавечкi: такiх елка яшчэ не бачыла. Нарэшце да галiн прымацавалi сотнi рознакаляровых маленькiх свечак - чырвоных, блакiтных, белых, а да самай верхавiны елкi - вялiкую зорку з сусальнага золата. Ну проста вочы разбягалiся, гледзячы на ўсю гэтую раскошу!
– Як заблiшчыць, заззяе елка вечарам, калi запаляцца свечкi!
– сказалi ўсе.
"Ах!
– падумала елка.
– Хаця б ужо хутчэй настаў вечар i запалiлi свечкi! А што ж будзе пасля? Цi не з'явяцца сюды з лесу, каб палюбавацца на мяне, iншыя дрэвы? Цi не прыляцяць да вокнаў вераб'i? Альбо, можа, я ўрасту ў гэтую кадку i буду стаяць тут такою прыбранаю i зiму i лета?"
Каб жа, ды гэтак! Ад напружанага чакання ў яе нават забалела кара, а гэта для дрэва прыкладна тое ж самае, што для нас галаўны боль.
Але вось запалiлiся свечкi. Што за бляск, што за раскоша! Елка затрапятала ўсiм сваiм голлем, адна са свечак падпалiла зялёныя iголкi, i елачка надта ж балюча апяклася.
– Ай-ай!
– закрычалi паненкi i паспешлiва затушылi агонь.
Больш елка i ўздрыгануцца не смела. I напалохалася ж яна! Асаблiва таму, што баялася страцiць хаця б самае нязначнае са сваiх упрыгажэнняў. Але ўвесь гэты бляск проста ашаламляў яе... Раптам абедзве паловы дзвярэй расчынiлiся, i ўварваўся цэлы натоўп дзяцей; можна было падумаць, што яны хочуць звалiць дрэва! За iмi паважна ўвайшлi старэйшыя. Малышы спынiлiся як укапаныя, але толькi на хвiлiну, а пасля падняўся такi шум i гоман, што проста ў вушах звiнела. Дзецi скакалi вакол елкi, i мала-памалу ўсе падарункi з яе былi сарваны.
"Што ж гэта яны робяць?
– думала елка.
– Што гэта значыць?"
Свечкi дагарэлi, iх патушылi, а дзецям дазволiлi абабраць дрэва. Як яны накiнулiся на яго! Толькi галiны затрашчалi! Не будзь верхавiна з залатой зоркай моцна прывязана да столi, яны павалiлi б елку.
Потым дзецi зноў узялiся скакаць, не выпускаючы з рук сваiх дзiвосных цацак. Нiхто больш не глядзеў на елку, акрамя старой нянькi, ды i тая толькi выглядвала, цi не засталося дзе ў голлi яблычка альбо фiнiка.
– Казку! Казку!
– закрычалi дзецi i падцягнулi да елкi маленькага, тоўсценькага чалавека.
Ён усеўся пад дрэвам i сказаў:
– Вось мы i ў лесе! Ды i елка таксама паслухае! Але я раскажу толькi адну казку! Якую хочаце: пра Iведэ-Аведэ альбо пра Клумпэ-Думпэ, якi хоць i звалiўся з лесвiцы, усё-такi праславiўся i здабыў сабе прынцэсу.
– Пра Iведэ-Аведэ!
– закрычалi адны.
– Пра Клумпэ-Думпэ!
– закрычалi другiя.
Узняўся крык i шум; адна елка стаяла цiха i думала: "А я? А мне што рабiць?"
Яна ўжо зрабiла сваю справу!
I тоўсценькi чалавек расказаў пра Клумпэ-Думпэ, якi хоць i звалiўся з лесвiцы, усё-такi праславiўся i здабыў сабе прынцэсу.
Дзецi запляскалi ў ладкi i закрычалi:
– Яшчэ, яшчэ!
– Яны хацелi паслухаць i пра Iведэ-Аведэ, але засталiся пры адным Клумпэ-Думпэ.
Цiха, задумлiва стаяла елка, - лясныя птушкi нiколi не расказвалi нiчога такога. "Клумпэ-Думпэ звалiўся з лесвiцы, i ўсё ж яму дасталася прынцэса! Дык, вось што бывае на белым свеце!" - думала елка; яна цалкам верыла ўсяму, пра што зараз чула, - расказваў жа такi паважны чалавек. "Праўда, хто ведае! Магчыма, i мне давядзецца звалiцца з лесвiцы, а пасля i я стану прынцэсай!" I яна з радасцю думала пра заўтрашнi дзень: яе зноў упрыгожаць свечкамi, золатам i садавiнай! "Заўтра ўжо я не затрымчу!
– думала яна.
– Я хачу, як след нацешыцца сваёй раскошай! I заўтра я зноў пачую казку пра Клумпэ-Думпэ, а можа, i пра Iведэ-Аведэ". I дрэўца цiха прастаяла ўсю ноч у марах пра заўтрашнi дзень.
Ранiцай з'явiлiся слугi i пакаёўка. "Зараз зноў пачнуць мяне ўпрыгожваць!" - падумала елка, але яны выцягнулi яе з пакоя, пацягнулi па лесвiцы i сунулi ў самы цёмны куток. гарышча, куды нават не трапляла дзённае святло.
"Што ж гэта значыць?
– думала елка.
– Што мне тут рабiць? Што я тут пабачу i пачую?" Яна прыткнулася да сцяны i ўсё думала, думала... Часу на гэта было дастаткова: мiналiся днi i ночы - нiхто не заглядваў да яе. Толькi аднойчы прыйшлi людзi паставiць на гарышча нейкiя скрынкi. Дрэва стаяла ад iх у баку, i пра яго, здавалася, забылiся.
"На двары зiма!
– думала елка.
– Зямля зацвярдзела i пакрылася снегам; значыцца, нельга зноўку пасадзiць мяне ў зямлю, вось i давядзецца пастаяць пад дахам да вясны! Як гэта разумна прыдумана! Якiя людзi добрыя! Не будзь толькi тут так цёмна i так жахлiва пуста!.. Няма нават нiводнага зайчыка!.. А ў лесе ж як было весела! Наўкола снег, а па снезе зайчыкi скачуць! Хораша было... Нават калi яны скакалi цераз мяне, хаця мяне гэта i злавала! А тут як пуста!"
– Пi-пi!
– пiскнула раптам мышаня i выскачыла з норкi, за iм яшчэ адно, такое ж маленькае. Яны ўзялiся абнюхваць дрэва i шмыгаць у яго голлi.
– Жахлiва сцюдзёна тут!
– сказалi мышаняты.
– Каб не гэта, дык i добра было б! Праўда, старая елка?
– Я зусiм не старая!
– адказала елка.
– Ёсць шмат дрэў, якiя старэй за мяне!
– Адкуль ты i што ты ведаеш?
– спыталi мышаняты; яны былi страшэнна цiкаўныя.
– Раскажы нам, дзе самае лепшае месца на зямлi? Ты была там? Цi была ты калi-небудзь у клецi, дзе на палiцах ляжаць сыры, а пад столлю вiсяць кумпякi i дзе можна скакаць на свечках з лою? Туды ўвойдзеш худым, а выйдзеш адтуль тоўстым!
– Не, такога месца я не ведаю!
– сказала дрэва.
– Але я ведаю лес, дзе свецiць сонейка i спяваюць птушкi!
I яна расказала iм пра сваё юнацтва; мышаняты нiколi не чулi нiчога такога, выслухалi расповяд елкi i пасля сказалi:
– Як ты шмат бачыла! Якая ты была шчаслiвая!
– Шчаслiвая?
– сказала елка i задумалася пра той час, аб якiм толькi што расказвала.
– Сапраўды, вiдаць, тады мне жылося няблага!
Затым яна расказала iм пра вечар, калi была ўпрыгожана пернiкамi i свечкамi.