Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Кніганошы

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

– Няўжо і вы не ведаеце? Гэта ж ваша воласць.

– Адкуль я ведаю?
– зусім як сяляне сказаў валасны.

Ніхто не выдаў, што ведае забітага. Не выдаў нават рухам. Нават незнарок.

Сярод тых, хто прыходзіў, Буткевіч заўважыў Ганусю. Падышла, зграбненькая, сіняковая, у сіняй з жоўтымі кветкамі хустцы, моўчкі пастаяла над забітым і пайшла прэч.

Ён нагнаў яе, паспрабаваў спыніць і ўбачыў, што вочы ў яе халодныя і чужыя.

– Страляеце, - цьмяным голасам сказала яна.

Прапаршчык маўчаў.

– Сорамна, пане Алежа.

Гэта не я, гэта Вольке, - як хлапчук, паспрабаваў апраўдацца Буткевіч і пачырванеў.

– Я ведаю, пане, - сказала яна.
– Але як вы... маглі?

Яна агледзела яго тым самым чужым і дзіўным позіркам. Ён стаяў такі засаромлены, зграбны, у вачах ягоных былі такая горыч і такая крыўда, што яна апусціла вейкі.

– Што ж гэта вы?
– сказала яна ўжо трохі іншым тонам.
– Як жа гэта вы?

І ён убачыў у яе вачах водсвет таго захаплення, з якім яна заўсёды глядзела на яго. Але акрамя водсвету ў вачах цяпер былі слёзы не слёзы, а так нешта накшталт безнадзейнага развітання з нечым дарагім.

– Не трэба так, Гануся, - усё яшчэ з некаторай ненатуральнасцю сказаў ён.
– Я ж... пакахаў вас.

Яна моўчкі пахітала галавою, адмаўляючы яму ў літасці.

– Не... не...

І пайшла на яго, як на пустое месца. Уражаны, ён адступіў і разгублена глядзеў, як яна ішла затравелай вуліцай, як завярнула за рог драўлянага касцёла, як знікла. І тады ён застагнаў ад сораму і ганьбы.

А хлопец усё яшчэ ляжаў у вытаптанай траве, і людзі падыходзілі, глядзелі і праходзілі. Так цэлы дзень.

Надвячоркам прыехаў з павета злосны Вольке. Куды знікла яго ўсмешка анёла. Твар быў, як у збраяносца, які падае рыцару кінжал, каб той дабіў параненага ворага.

Распранаючыся, змываючы ў двары праўлення пыл з цела (вада тройчы ставала чорная), выціраючыся суровым ручніком, кідаў:

– Зараз паедзем на кардон... Ніхто не пазнаў?.. Дзіва што. Дзікуны!.. Вандалы!.. Індзейцы... Знішчаць іх, як сабак!.. Маўчаць або лаюцца... Я ведаю, хаця б хто слязіну выраніў... Крычалі ў павеце на мяне... Маёр... Нічога, цяпер вось толькі горла прамачу і - на кардон... Я ім пакажу... Крывёю рыгаць будуць.

Толькі за чаем ён трошкі супакоіўся. Высыпаў перад сабою на стол кніжкі з лубянога кораба, піў чай і глядзеў на іх злоснымі, як у луня, вачыма.

– Тутэйшых ім, бачыце, захацелася... Шайзе... А жывуць з цялятамі... Вынішчаць іх...

– Што ж, і мяне вынішчаць?
– з усмешкай спытаў Буткевіч.

– Вы - другое. Вы цывілізаваны чалавек. А гэта - гной.

Пакруціў галавою.

– Ох і крычалі! Кажуць, у губерні зноў з'явіліся падкінутыя лісты. А ў іх словы - што міністраў трэба задушыць...

– Так ужо і напісана?

– Ну, не зусім так. Але - сэнс... Прыехаў з губерні жандарскі маёр... Пасля размовы з нашым трухлявым варацідлам адазваў мяне і сказаў, што калі кантрабанда будзе і далей, асабліва заядлага кантрабандыста прыкончыць без суда і следства: край, маўляў, глухі, лясны. Хто разбярэцца? Можа ў перастрэлцы загінуў? Кантрабандысты ж, яны... узброеныя.

Гэта ж разбой.

– Гэта не разбой. Гэта барацьба з кантрабандай. А кантрабанда - усё адно кантрабанда, кнігі гэта, англійскія тканіны або тытунь.

Салдат, што вартаваў забітага, асцярожна прачыніў дзверы і бокам праціснуўся ў пакой.

– Табе чаго, Адрыян?
– спытаў Вольке.

– Пахаваць трэба было б... Цэлы дзень на сонцы...

– Тху... Ты б яшчэ смачнейшае што за чаем распавёў.

– Дык як загадаеце?

– Бадай што, можна будзе і аддаць хлопца... Папу ці ксяндзу, хто там ёсць. Усё адно нічога не скажуць.

– І потым, там яшчэ чалавек стаіць, - сказаў салдат.
– Просіць вас.

– Хай пачакае, - сказаў паручнік.
– Бачыш, чай п'ю. Нічога з ім не станецца, з тваім чалавекам.

– Стары.

– Тым больш.

Буткевіч выглянуў у акно. Непадалёк ад трупа стаяў чалавек год пад шэсцьдзесят, кашчавы і яшчэ даволі дужы. Здзіўлялі ступакі ягоных ног. Пры росце, нават трошкі ніжэйшым за сярэдні, яны былі вельмі вялікія і пляскатыя.

«Як у палескага злодзея», - падумаў Буткевіч.

Чалавек стаяў, склаўшы грыбком вялікія і змаршчакаватыя далоні. Абапіраўся імі на доўгі дарожны кій. Выцвілыя сінія вочы трошкі непаразумела, але спакойна глядзелі на забітага.

І толькі ці не занадта нізка была апушчана сівая, як дзьмухаўка, галава.

Голас Вольке адарваў Буткевіча ад назіранняў. Паручнік перабіраў кніжкі, высыпаныя на стол.

– Каляндар, - сказаў Вольке, - заметка, як трэба яшчэ з зімы рабіць ляднік, запасячы на лета лёд. Па-польску. Нашто гэтым дзікунам ляднік? Хіба што п'яным адсыпацца? «Казачка пра трох братоў, нявесту і яблычка...» Культурнае чціва... Яшчэ адзін каляндар, жамойцкі. А тут... «Пакуты беднай сялянкі і багатага лорда»... Гэта па вашай часці... А вось псалтыр... Тутэйшай гаворкай... І малітоўнік, таксама тутэйшы.

Ён варушыў губамі, разбіраючы літары.

– Не па-людску неяк гучыць.

– Чаму? Яны так гавораць.

– У гэтым і небяспека, - павучальна сказаў Вольке.
– Што ж, сёння ім, потым хахлам, а потым яшчэ, крый Божа, палякам.

Рукі ягоныя раптам здрыгануліся над танюткай кніжкай у цёмнай з разводамі вокладцы.

– Ого!.. «Апавяданні на беларускай гаворцы»... І адразу ж крамолай засмярдзела... Вось вам і малітоўнічкі... Спачатку яны, а потым наконт царскага сямейства.

– Ды ў чым там справа?

– А вось апавяданне: «Чы добра мы зрабілі, пакінуўшы вунію?» Бачыце, яшчэ разбіраецца, мужыцкая морда. Не з такой галавою людзі гэта вырашылі, а ён ім пытанні задае... «Чы добра?»

Ён глядзеў на кніжку і цмокаў языком. А за акенцам усё яшчэ стаяў над трупам стары чалавек. Стаяў, схіліўшы сівую, як дзьмухаўка, галаву.

Вольке нарэшце заўважыў яго. З хітраватай іскрай у вачах, як у хлапчука, што збіраецца ўцячы з урока, сказаў прапаршчыку:

– Я стаміўся, Буткевіч. А вы ж цэлы дзень адпачывалі. Прыміце яго вы. Га? А я пайду на сена, паляжу трошкі.

Поделиться с друзьями: