Кніганошы
Шрифт:
Нешта прымусіла прапаршчыка згадзіцца, не зважаючы нават на тое, што Вольке заўжды спіхваў яму самыя непрыемныя справы, а цяпер вось спіхнуў і гэту.
...Чалавек сядзеў перад Буткевічам і глядзеў яму проста ў вочы.
– Што вам?
– Аддайце мне забітага.
– Чаму?
– Чалавеку нельга без зямлі... Душа пакутуе...
– Хто вы яму?
Стары паглядзеў проста ў вочы афіцэру.
– Мой сын, - сказаў ён.
– А вы хто?
– Мая мянушка Корч.
Буткевічава галава адкінулася.
– Чаго здзіўляцца, пане? Я Корч... Стары Корч. Гэта быў наш хлеб, пане. Мой, майго бацькі. Наш хлеб - насіць кнігі.
Вочы ягоныя былі сухія.
– Я адчуў, што старэю. Каму ж перадаць рамяство, як не сыну? Я вучыў яго. І вось... не паспеў вывучыць.
– А калі я скажу пра гэта?
– Пан не зробіць гэтага. Вочы не тыя.
– А ў вас якія вочы? Такі малады, а загінуў праз вашу ўпартасць. Нельга ж, казалі вам...
– Мужыкам шмат чаго нельга. Нават есці.
Буткевіч апусціў вочы.
– Як ваша прозвішча?
– Кірыла Туравец. Амаль як святы Кірыла Тураўскі... Толькі таго за кнігі хвалілі.
Зноў ударыў. Хоць скрозь зямлю праваліся.
– Што вы збіраецеся рабіць, Туравец?
– Цяпер давядзецца зноў мне...
– Цяпер гэта небяспечна. Будзем страляць.
Кніганоша пакорліва паціснуў плячыма.
– Вы дакараеце мяне за смерць сына, пан. Што ж зробіш, такі хлеб. Яго магло і сасной хвастануць на лесасецы. Бог бачыць, як мне цяжка.
Памаўчаў.
– Але цяпер зноў мая чарга. А стрэлы? Што ж, Божая воля.
– Вы хаця ведаеце, што носіце, Туравец?
– Гандляры паказваюць мне кнігі. Называюць назвы. Я гляджу і запамінаю. Памяць у мяне добрая. Я заўсёды пазнаю кнігу, якую насіў.
– Дык ты і не...
– Не, пане...
– Можа і не любіш кніг?
І тут Буткевіч заўважыў, як непазнавальна змяніўся, стаў амаль пяшчотны твар у кніганошы.
– Сын мог чытаць... А мяне не ўмудрыў Пан Бог... Але я іх люблю.
Стары як быццам нават вырас. Ён гаварыў цяпер павучальна, з той наіўнай веліччу, якой, пэўна, вызначаліся прарокі. Ці мала і сярод іх было непісьменных?
– У кнізе няма граху. Біблія нездарма таксама кніга. Думаеш, пра што гэта: «Без языка, а гаворыць»? Пра кнігу. А «Вучэнне - святло, невучэнне - цемра»? Таксама пра кнігу. За што ж ловіце?.. І так мудра прыдумана ў той кнізе, тут спінка, а тут табе... абрэз. І лісцікі белыя, а радкі шэрыя.
Намагаючыся пераканаць яго, Буткевіч сказаў:
– Але нашто вам гэта насіць? Вы ж ведаеце, што забаронена. Вам хіба мала славянскіх малітоўнікаў?
– Яны хочуць разумець малітвы, - сказаў стары.
– У малітоўніку ўсё зразумела. А поп спявае, нібы ў яго гарачая бульбіна ў роце: «І сушчым ва грабех». Адна бабуля думала: «І сухі верабей...» А каб яна глянула ў малітоўнік - яна б прачытала, што гэта не «сухі верабей», а «і тым, хто цяпер у труне... у тру...не».
Ён змоўк, моцна сціснуўшы вусны.
Гледзячы на гэтую сівую галаву, адчуваючы, што нельга, упершыню ў жыцці, не парушыць загад, Буткевіч сказаў:
– Бярыце сына, Туравец. Толькі я вас... асабіста... разумееце, асабіста прашу, кіньце гэтую справу. Я нікому не скажу, але вы кіньце. Бо другі раз так проста не абыдзецца. Другі раз вас могуць забіць. У сутычцы або нават проста расстраляць. Начальства ў гневе... Ну, абяцаеце?
Стары маўчаў.
– Ідзіце, - пасля паўзы сказаў Буткевіч.
– Ідзіце, Бог з вамі.
...Тураўца сустрэлі ўсяго праз тры тыдні пасля гэтых падзей. Стары схібіў можа ўпершыню ў жыцці. А можа, гэта і не было хібаю. Можа яму проста стала цяжка цягаць па нетрах і зарасніках цяжкі кораб.
Ва ўсякім разе, ён ішоў амаль адкрытым месцам, рэдкімі хмызамі, што раслі над урвішчам. Гліністым і камяністым, высокім урвішчам над ракой.
Ішоў, не зважаючы на тое, што рабілася вакол. Цяжка перастаўляў вялікія пляскатыя ступакі. А лубяны кораб вісеў на спіне, на двух рамянях, грузны, абвіслы.
...Яго падпусцілі зусім блізка. Потым Вольке выйшаў з хмызоў.
– Здавайся, Корч, - сказаў ён.
– Адхадзіў.
Стары кніганоша без боязі ўзняў вочы і раптам зрабіў некалькі хуткіх крокаў ад афіцэра, быццам самі ногі прымусілі яго ўцякаць. Потым спыніўся - магчыма, таму, што ўцякаць не было куды, бо за спіною абрывалася зямля, а магчыма, і проста з-за абыякавасці.
– Адхадзіў, - сказаў ён.
– Твая праўда. Куды ж цяпер?
– Мая справа, - абарваў яго Вольке.
– Можа ў турму. А можа мы і тут з табою... скончым. Папсуў ты нам крыві, сволач.
– Не пайду я ў турму, - спакойна сказаў кніганоша.
– І кулі твае мне не трэба. Сабе зберажы.
Вольке і салдаты рушылі на яго. Але ён зрабіў некалькі крокаў, быццам разбягаючыся, і спыніўся над самым урвішчам. Ногі не слухаліся.
І тады ён, быццам прымушаючы сябе, голасна сказаў:
– Ну!!!
Вялікія, расплясканыя ступакі яго яшчэ стаялі на зямлі, а цела ўжо хілілася і хілілася...
А потым сарвалася ўніз.
Ён ударыўся аб валун, што выступаў са стромы. І рамяні, відаць, парваліся, бо далей цела і кораб падалі па сабе.
Кораб разваліўся.
Чалавек ужо нерухома ляжаў на прыбярэжным жвіры, а кнігі ўсё яшчэ падалі. Цяжкія турманамі куляліся па камянях, адхону, лёгкія галубамі ляцелі ў паветры.
І многія - лебедзямі плылі па вадзе.
...Цела старога, відаць, забралі нейкія сваякі. Ва ўсякім разе, калі малодшы афіцэр, дачуўшыся, прыбег на месца здарэння, трупа там ужо не было.
...Праз нейкі тыдзень Буткевіч, даведаўшыся ад местачковых баб, дзе жыве Гануся, прыйшоў у вёску Плавуцічы і знайшоў яе хату. Дзяўчына нідзе не паказвалася, а яму было ўжо цяжка, амаль немагчыма без яе. Бадай што, цяпер гэта была зусім не рамантычная гісторыя, а нешта больш складанае і больш балючае.
Пан прапаршчык падышоў да хаты, вельмі небагатай і безнадзейна шэрай ад старасці. Затравелая сцежка вяла да ганка.
Націснуў на клямку, але ў сенцах нікога не было. Ніхто як быццам нават не чуў, што ён ходзіць па двары.
Адчыніў дзверы ў хату і ўбачыў яе за дзіўным заняткам. Дзяўчына сядзела на падлозе босая і без хусткі. І ён бачыў цяпер яе бялявыя хвалістыя валасы. Яна сядзела і ўмацоўвала рамяні на новым лубяным корабе.
– Гануся, - толькі і мог сказаць.
Яна прыўзняла вочы. І ён убачыў у іх толькі халодную пагарду. Нават гневу не было ў гэтых вачах.