Круглянскі мост
Шрифт:
Гэта было сказана да Сцяпана, але той не крануўся нават: няма дурных, ён сваё аднёс. Хай бярэцца Даніла.
— Ваша чарга. Ну і нясіце.
— От дзівак! — бяскрыўдна ўхмыльнуўся Брытвін. — Ты паспрабуй.
Але Сцёпка не хацеў і спрабаваць нават, і тады за канец палкі ўзяўся Маслакоў. Праўда, хутка стала відаць, што камандзіру несці надта нязручна: спаўзаў аўтамат з пляча; левай рукой Маслакоў упраўляўся засцярожліва — мусіць, яшчэ балела. Тады наперад выйшаў Даніла.
— Дайце!
— Што, у другую змену? Калі ласка, — усміхнуўся Маслакоў і аддаў палку.
Даніла і Брытвін хутка пайшлі па схіле пагорка ўніз, з імі поруч сігаў камандзір. Але як толькі сунуліся з лесу, ледзь не наткнуліся на вёску: недалёка за гародамі шарэлі дахі з комінамі, хлеўчукі, на выгане пасвіліся гусі, і некалькі хлапчанят капалася пад плотам. Крыху паўзіраўшыся праз рэдкі яшчэ хмызняк, Маслакоў крута павярнуў убок, у алешнік. Алешнікам яны ішлі доўга, пакуль не ўзбіліся на нейкую перакапаную кратамі сцяжыну, якая вывела іх да ручая на лужку. Ручай перайшлі па дзвюх хлюпасткіх жардзінах-кладках. Неўзабаве зноў трапілі на палявую дарожку, што вяла да густой сцяны пахмурнага ельніку. Думалі адразу зашыцца ў яго, але дарога з вярсту кіравала па-над узлескам, акрай поля, якое заўзята зелянела густымі лапікамі вясновае руні. Вайна вайною, а сялянская душа без зямлі не магла: і сеялі, і аралі, і жалі. Што ж, жыць трэба было, каму хацелася прападаць, ды яшчэ з голаду. Маслакоў усё цікаваў па баках, часам азіраўся — Брытвін далёка не адставаў ад яго, жылісты, рукасты Даніла цягавіта тупаў у сваіх растаптаных, ды лёгкіх, аднак, на хадзе лапцях. Адзін толькі Сцяпан марудна валокся апошні: ён прытаміўся, на назе муляла ануча, у намочаных на балоце ботах надакучліва чвякала.
Урэшце дарога зноў павярнула ў лес, пад абвіслыя яловыя шаты, і ва ўсіх павальнела на душы: лес быў саюзнік, ахоўнік. Лес быў абаронца.
— Ну, болей вёсак не будзе, — уздыхнуў Маслакоў. — Загараны спалены. Каўшы хутарскія лесам абыдзем.
— Прохвішчы яшчэ, — глухім і нізкім, як з бочкі, голасам азваўся ззаду Даніла.
— Прохвішчы застануцца ўбаку. За рэчкай.
— За рэчкай, ага. Пляменніца там замужам.
Гэта быў пэўны намёк, які таіў у сабе немалую спакусу. Калі ў каго ў вёсцы надараліся знаёмыя, ды яшчэ радня, гэта азначала шмат што, і не для аднаго толькі ляснога родзіча. Маслакоў, канечне, разумеў гэта не горш за іншых і, мабыць, таму хвіліну маўчаў, штосьці прыкідваючы.
— Пасля, як назад пойдзем. Не цяпер…
— Цяпер не. Дзе ўжо цяпер, — лёгка пагадзіўся Даніла.
Сцёпка нечакана нават для сябе самога расчараваўся: зайсці ў вёску ён заўсёды быў рады, хоць і з рызыкай, з бояззю наткнуцца на бобікаў або немцаў — усё роўна пасля апрыклага ляснога жытла ўладарна цягнула да людзей, да звычайнага хатняга прытулку, якога не меў шмат год. Гэтая цяга жыла ў ім яшчэ з ранняга дзяцінства, калі падчас калектывізацыі ён страціў бацькоў, не прападала ў дзіцячым доме і ў школе ФЗН і асабліва асілілася за вайну, у яго беспрытульных партызанскіх бадзяннях па лесе.
Ступаючы на слізкія, абадраныя коламі яловыя карані, яны па адным абышлі вялізную, з застаялай вадой лужыну на дарозе, і Маслакоў азірнуўся. Было відаць, што скупыя Данілавы словы запалі і ў ягоную душу.
— Калі мо ўправімся, уночы заскочым. Так таму і быць, — сказаў камандзір групы.
Даніла прыспешыў крок, яны з Брытвіным дагналі Маслакова, і Даніла падхапіў размову, якая яго яўна цікавіла.
— Калі ўправімся, дык здатна было б. Вялікадня ж…
— Вялікадня, ага. А наогул — лепш не заходзіць, — сказаў Маслакоў. — Меней бяды будзе.
Брытвін чужавата маўчаў, а Даніла і гэта, хоць і без асаблівай ахвоты, пацвердзіў:
— Ну.
— Неяк зайшлі — ледзьве ногі вынеслі, — успомніў Маслакоў. — Прапанавалі, і я, дурань, паслухаўся.
— Ведама ж, як кажуць людзі: другіх слухай, а сваім розумам жыві, — прабубніў Даніла.
— Вось іменна. Закурыць няма?
— Ёсць троху.
— То давай задымім. Каб весялей жылося.
Насільшчыкі ахвотна прыпыніліся, паставілі на зямлю каністру. Даніла адхінуў палу кажуха і пачаў поркацца ў кішэнях рудых суконных, дашчэнту злапленых штаноў. У Брытвіна тым часам знайшлася паперка — старонка са школьнага падручніка з чарцяжом раўнабедранага трохвугольніка. Стоячы ўбаку, Сцёпка абыякава пазіраў, як яны разадралі яе на шматкі, і Даніла адмераў кожнаму па шчэпцю самасаду. Сцёпка таксама часам курыў, калі было што, але цяпер яму не прапаноўвалі, і ён не прасіў, бо ведаў, як даражылі курывам заўзятыя курцы накшталт гэтага вось Данілы.
— Прыкурым ад нямецкай запалачкі, — сказаў Маслакоў, засоўваючы руку за пазуху. Памацаўшы там, ён нязручна дастаў плоскую, бы пачак іголак, паперку з запалкамі, складзенымі ў радок накшталт зубоў у грабеньчыку. Камандзір ашчадна адламаў адну і крамсануў аб цёрку.
Даніла ажно спалохаўся.
— Ды я… У мяне ж крэсіва! — спахапіўся ён. Але запалка ўжо загарэлася, і ён першы мусіў прыпаліць з Маслаковых прыгаршчаў. — Сапсаваў, ну!
— Нічога, — супакоіў яго Маслакоў і палічыў: — Раз, два, тры, чатыры, пяць… На Круглянскі мост хопіць.
Яны з асалодай раскурылі цыгаркі і неяк весялей рушылі па парослай дробненькай мураўкай дарозе. Мабыць, вяртаючыся да ранейшае думкі, Маслакоў азірнуўся на астатніх.
— Пра камбрыга Прэабражэнскага чулі?
— Таго, з лук'янаўскай групы? — запытаў Брытвін, не вымаючы з рота цыгаркі.
— Ну.
— Чулі быццам. Я з ім увосень на засаду хадзіў.
— Якую восень! Яго ўлетку немцы расстралялі.
— А казалі — сам у палон здаўся, — ненастойліва запярэчыў Брытвін.
Маслакоў ажно спыніўся.
— У палон! Языкі б тым папрыпякаць, хто так кажа.
— Не ведаю. Я ж у іх у атрадзе не быў.
Маслакоў кінуў беглы, але спрактыкавана-ўчэпісты позірк наперад, куды кіравала гэта пакручастая малаезджаная лесавая дарога, паўзіраўся па баках. У лесе скрозь было ціха, адно ў галлі паценьквалі нябачныя птахі ды ўгары, на пасвяжэлым ветры, ківаліся і шумелі яловыя вяршаліны. Унізе ж, у вузкім крывым калідоры між ельніку, было хораша і зацішна, камары яшчэ не з'явіліся. Час, мусіць, кіраваў пад вечар, сонца на небе не было відаць, над елкамі ціха плыла шэрая навісь аблокаў.
— Быў хто ў Шнурах? — запытаў камандзір.
Але наўрад ці хто быў там — Сцёпка першы раз чуў гэтую назву, ды і Брытвін, мусіць, таксама. Яны маўчалі, адзін толькі Даніла па сваім звычаі, штось успамінаючы, пакутна зацепаў вачмі.
— Гэта хіба тыя, што за Лясовічамі?
— Во-во, яны самыя, — пацвердзіў камандзір. — Ладная вёсачка, на пагорку, пры параснічку. Вось мы на яе і вылезлі. Людзі папаліся добрыя, залатыя людзі. Ну і заплацілі за іх дабрату…
6
— Розная дабрата бывае. Іншая горш, чым зло, — сказаў Брытвін, спакойна ідучы за Маслаковым. Цяжару каністры ён нібы і не адчуваў, трымаўся роўна, і Сцёпка падзівіўся з яго вынаходлівасці: здавалася, ноша цяпер ніколькі і не важыла.
Маслакоў на рэпліку не адказаў — яго ўжо захапіла і поўніла нешта сваё.
— От было, хай яе чорт. Нас-то двое выскачыла, а камбрыга ўзялі. Узялі і павялі, а мы ляжалі, як ёлупы, у бульбе і не ведалі, што і думаць. На Палік тады ішлі. Ведаеце Палік? Возера за Лепелем, некаторыя з нашага атрада базіраваліся там. Двое сутак лазілі па балотах, вымаклі ў вадзе ды расе, сухое ніткі на целе не асталося. Зноў жа — і харч скончыўся. Трэ было запасціся болей, ды ў тых, што заставаліся, таксама не густа было з шамоўкай. Думалі, як-небудзь перахопім.