Круглянскі мост
Шрифт:
А тут, як на бяду, камбрыг паварочвае голаў і шэпча: «Гімнасцёрка ў хаце». Я ледзь не самлеў, але так і ёсць: камбрыг ахінуты палаткай, а гімнасцёрка ў хаце. Як вячэралі, цётка на печ паклала, каб да ранку падсохла. Падсушыла, на сваю галаву.
Ну, гімнасцёрку хутка знайшлі, і хоць у ёй нічога не было — камбрыг дакументы, вядома, пераклаў, — змікіцілі, мабыць, на каго натрапілі. Адкуль уведалі, чорт іх знае. Хіба знакі ад ромбаў засталіся. Ромбы тыя камбрыг даўно зняў, але калі прыгледзецца, дык месца пад імі бы намулянае трохі. Ну, і ўзяліся.
Перавярнулі ўсю хату, хлеўчукі, свіронак; з паўгадзіны мы слухалі, як яны там грукочуць, крычаць, нешта кідаюць, ламаюць. Двое зусім блізенька пратупалі да лазні, але там дзверы насцеж, пуста. Паспрабуй здагадайся, што мы за дваццаць крокаў у бульбе ляжым, як вужы, у барознах. Думаюць: пэўна, у схове якім адмысловым. Шукаюць сховаў.
За гадзіны дзве ўсё перавярнулі — ні шыша. Дзед адпіраўся, аднекваўся, а як гімнасцёрку знайшлі — змоўк. Крычаць: «Кажы, куды бандытаў схаваў, інакш усіх прыканаем і хату дымам пусцім!» А дзед пакорліва гэтак адказвае: «Воля ваша. Вы — сіла».
Ля дарогі з лесу выглянула палянка — даўгаватая зялёная лугавіна з пачарнелым стажком наводдаль. Маслакоў прымоўк, спыніўся, бегла агледзеўся, і яны хуткім крокам прайшлі яе, аж пакуль не схаваліся ў дрэвах. Усе ўжо дакурылі, толькі камандзір сціскаў у пальцах акурак, які, відаць, даўно не гарэў.
— Зноў патух! Што такое?
— Кажуць — жонка гуляе, — сказаў Брытвін.
— Да жонкі дажыць трэба.
На хаду камандзір сунуў недакурак за вуха шапкі. Яны цяпер ішлі ўсе разам. Поруч з Брытвіным Маслакоў выглядаў маладзейшым, але быў вышэй за яго ды і шырэй у плячах, рухі яго былі лёгкія і стрымана-нетаропкія, як у кожнага дужага і ўпэўненага ў сабе чалавека.
— Вось, значыць, ляжым, я неяк адным вокам зірнуў праз каліўе — выстраілі іх усіх перад хлеўчуком у шэраг: дзеда, старую, абедзвюх маладзіц і дзяцей — хлопчыка і дзвюх дзяўчынак. Бабы галосяць: яны-то не ведаюць, куды мы з лазні шаснулі, адзін дзед ведае. А дзед маўчыць. Тады паліцаі да баб: «Дзе бандыты?» Бабы праз плач: «А паночкі, даражэнькія, хіба мы ведаем? Былі і пайшлі, мы не глядзелі куды». — «Ах, не глядзелі? А схоў дзе?» — «Няма ніякага схову, хоць забіце — няма». — «Забіце! — кажа адзін. Паліцай, мусіць: чутно, па-тутэйшаму гаворыць. А можа, перакладчык — з баразны не разабраць. — Не, мы спярша вашых шчанюкоў заб'ём». І тут — трах!
У мяне ўсё нутро пахаладзела — што ўдумалі, гады! Чую, і камбрыг варухнуўся, напружыўся. А на падворку лямант, крык. Так і ёсць: у самую малую, самую крайнюю ў шэрагу. А праз крык — усё той жа голас: «Не скажаш — тады следуюшчага!» Пасля расказвалі: падскочыў да хлапчука — і пісталет у лоб. А што яму — застрэліў бы і яго, і ўсіх. Хіба шкада, абы выслужыцца. Тым болей калі такая здабыча — камбрыг.
І што думаеце? Камбрыг падхопліваецца, развярнуў ботам баразну — на сцежку. А ляжаў ён трохі за лазняй; як уставаў — з падворка, мусіць, не відно было. І са сцежкі як крыкне: «Стой, варвары!» Мы сцяліся ў бульбе — ну, думаю, усё прапала. А ён гэтак рашуча проста на іх. Паліцаі — казалі пасля — ажно разбегліся з перапуду: хто за дровы, хто ў хлеў, а той крыкун з пісталетам хуценька на калена і пісталет на руку. Ну, у самы акурат як да вайны ў Асаавіяхіме вучылі. А камбрыг: «Завошта дзіцёнка, ірады? Я камбрыг, бярыце!»
Ну, і ўзялі.
Узялі ды зноў кінуліся да лазні — чалавек пяць. І туды, і сюды, але нідзе нікога. Камбрыг кажа: «Дарма стараецеся. Астатнія ўжо ў лесе!» Паверылі. Як не паверыць, калі чалавек на такое пайшоў. І што думаеце: усіх разагналі прыкладамі; дзеда, праўда, таксама забралі, але праз тыдзень выпусцілі. Дзяўчынку пахавалі. А камбрыг, казалі, ім такое ў лепельскім СД устроіў, што там жа і расстралялі. Нават і адпраўляць нікуды не сталі.
— Да, — сказаў Брытвін. — Сердабольны надта. А калі б яны і яго ўзялі і сям'ю не адпусцілі? Тады як?
— Знаеш, — падумаўшы, сказаў Маслакоў. — Тут дзела совесці. Аднаму хоць увесь свет у тартарары, абы самому выжыць. А другому — каб па совесці было. Мусіць, сваю віну чуў перад гэтымі людзьмі. Фактычна ж яго гімнасцёрку знайшлі на печы.
— Гімнасцёрку! Што гімнасцёрка, — нязгодна зазначыў Брытвін, відаць, маючы ў думках нешта сваё.
7
Рэшту дарогі, добра прытаміўшыся, ішлі ўскрай параснічку. Праз негусты хмызняк раз за разам праглядвала шырокая роўнядзь поплаву, са сцішанай радасцю зазелянелага першай вясновай травой. Там недзе, крывуляючы між дрыгвістых берагоў, цякла рэчка Круглянка. Яе, аднак, не было відаць, затое Кругляны паказаліся яшчэ здалёк, выцягшы доўгі рад шэрых дахаў на пагорку з дарогай. Каб трапіць да моста, трэба было зайсці з другога боку, і Маслакоў, параіўшыся з Данілам, крута ўзяў па расцяробе ўгору, у абход. Цяпер яны ўдвох ішлі наперадзе, каністру ж зноў неслі па адным — у хмыззі з палкай было не вывернуцца — паднёс крыху Брытвін, і апошняму яна зноў дасталася Сцёпку.
Даніла, які тут ведаў усе закуткі, неяк дзіўна круціў: то ішлі алешнікам, то, зрабіўшы дугу, улезлі ў роў, выбраліся на яго круты бок і зашыліся ў дробненькі, але густы беразняк, нібы апырсканы зелянінай першых лісточкаў. Потым хуценька перабеглі пыльны ўзараны лапік пашы і ўвайшлі ў поўны смалістага паху сасоннік. Сцёпка з каністраю зноў адстаў, але з астатніх сіл прадзіраўся праз зараснікі, баючыся згубіць таварышаў.
Яны лезлі на пясчаную сухую выспу; рослы і густаваты з берага сасоннік трошкі вышэй здрабнеў і радкавата рассыпаўся па схіле ўперамешку з беразняком і ядлоўцам. У гэтым сасонніку на схіле Сцёпка і нагнаў траіх — паскідаўшы шапкі, разваліўшыся, яны сядзелі ў доле.
— Ну, данёс? — усмешыста жмурачыся, азваўся насустрач яму Маслакоў. — А то баяўся.
— Чаго мне баяцца? Хай фрыцы баяцца, — сказаў Сцяпан, бокам на пахілы дол кладучы каністру.
У хлопца ад стомы ажно падгіналіся калені, але ён прымусіў сябе на невялікую вытрымку: зняў з-за спіны і нетаропка паклаў на зямлю вінтоўку, расшпіліў потны мундзір — восем гузікаў ад каўняра да дзягі — і потым ужо выбраў мякчэйшую, з траўкай, мясціну, дзе і прысеў.
— Ну, тады давай даві вуха. А я паназіраю, як там мост. Толькі ціха каб.
Маслакоў устаў, узяў свой аўтамат з зайздросна новенькай лакіраванай ложай і пайшоў угору.
Застаўшыся без камандзіра, трое падначаленых адчулі сябе неяк нібы вальней. Даніла, стаўшы на калені, расперазаўся, сцягнуў з плеч кажух і з асалодай разваліўся на ім, засцярожліва ўздзеўшы на руку почапку свайго куртатага абрэза. Сцёпка таксама адхінуўся на здаровы, без скулаў бок, закінуўшы голаў, паглядзеў у неба. Там па-ранейшаму грувасцілася туманная мешаніна аблокаў, часам павяваў свежаваты, з сырасцю вецер — надвор'е, здаецца, мелася сапсуцца. Дзесьці ўбаку, мабыць, на недалёкай дарозе, ледзь чутна пратахкала коламі і сціхла фурманка. Было ціха. Праўда, у хвойніку, непадалёк узляцела і доўга нязграбна мясцілася на сасонцы варона. Здаецца, там былі і яшчэ: сярод голля чулася ціхая, але настойлівая птушыная валтузня. Даніла ўжо, мабыць, спаў, накрыўшы шапкай валасаты твар, спакойна і смачна пасопваў. Брытвін нядоўга пасядзеў побач, а потым устаў і з заклапочанай нядобрасцю на сухім абветраным твары пайшоў угору — мабыць, да Маслакова.
Сцёпка паляжаў трохі, пакуль спачыў, і зноў сеў. Пакрысе, але ўсё настойлівей пачала напамінаць аб сабе тужлівая пустата ў жываце: хацелася есці. Зашмальцаваная Данілава сумка ляжала ад яго за тры крокі. Мусіць, там нешта было з яды, і хлопец адвёў убок позірк, каб не глядзець на яе, не растраўляць марнага цяпер жадання. Ён толькі падумаў, што было б здорава пусціць дымам той мост ды заваліцца куды ў вёску — столькі наўкола знаёмых сялян, было дзе паесці кулічоў, яек ды і выпіць. Як бы там ні было, а ўсё ж Вялікдзень, вёскі святкуюць, як святкавалі некалі, толькі вось ім, лесавым бадзягам, не да таго: заданне, дарога, праклятая гэта каністра замест толу, якая пагана і неадчэпна смярдзіць побач, атручваючы такія харошыя, не застарэлыя яшчэ пахі вясновай зямлі. Ну, але на каго крыўдаваць? Пайшоў сам, ніхто не прасіў, з першай ваеннай вясны ўцёк у лес, прыхапіўшы чужы карабін, напаткаў акружэнцаў, і з імі пачалося яго турботнае лесавое жыццё. Шкадаваў толькі, што не забіў таго падлюгу Валодзьку, які атруціў яму ўсё яго местачковае жыццё. Колькі ён начуўся ад яго пагроз і нацярпеўся здзеку, колькі перахадзіў для яго па гарэлку! Сам паліцай быў трусаваты, з мястэчка баяўся далёка паткнуцца, а яго, бязбацькавіча, прыблуднага чужака, якраз і прыгледзеў на гэтую справу.