Круглянскі мост
Шрифт:
— А што, многа вас было? — запытаў Брытвін.
— У тым жа і справа, што мала. Трое ўсяго.
— Ну, для траіх — не праблема. У кожнай хаце…
— Ага, гэта здаецца так, у кожнай хаце… Сунуліся ў адну вёску — сабакі такі гвалт узнялі, што прыйшлося ў лес павярнуць. У другой паліцаі вяселле гуляюць, нейкага бобіка жэняць: панаехала, на вуліцах поўна падвод, п'янка — дым каромыслам. Думалі, патрываем, заставалася вёрст трыццаць, каб не зблудзілі. Заблудзіліся, аднак, у балотах, занервавалі, пасварыліся. А тут камарэча жарэ няшчадна, а наўкола то алешнік, то дрыгва, чараты, і сілы ўжо без жратвы пад канец падыходзяць.
Дык, значыць, было нас трое: я, камбрыг Прэабражэнскі і лейтэнант адзін, таксама з кадравых: ад самае граніцы ўсё камбрыга пільнаваўся — ну, быццам за ад'ютанта, хоць сам такі ж радавы ў атрадзе, як і камбрыг гэты. Не дзіва: камбрыг у сваёй танкавай брыгадзе камандзір, а прыбіўся да атрадзіка з пяццю ўцалелымі танкістамі — чужы чалавек. Атрадзік з мясцовых, хоць былі і чырвонаармейцы, акружэнцы, камандзірам Барсук. Во, той самы, што ў Цішкоўскі атрад перадалі ў рэйд. Да вайны быў старшынёй сельсавета. Не глядзі, што ў вайсковай справе ні гу-гу, затое ўсе вёскі яму знаёмыя, а ў вёсках процьма мужыкоў — свае. А што камбрыг без войска? Усёй цаны, што пісталет у кішэні ды граната на дзязе.
Праўда, Прэабражэнскі і не стаў фанабэрыцца, біць на амбіцыю, як некаторыя. Барсук прыняў, запытаўся, якую камбрыг пасаду хоча. А якая пасада ў атрадзе, дзе сорак чалавек? Два ўзводы, узводныя пастаўлены. Начштаба, камісар таксама ўжо ёсць. Прэабражэнскі і кажа: хоць радавым, абы немцаў біць. Так і пайшоў радавым у наша аддзяленне.
Я быў аддзялённы. Паніжэнне, вядома. Бо дзяйствіцельную служыў памкамузводам, старшы сяржант быў…
— Вялікая шышка! — Брытвін задаволена азірнуўся на Данілу, шукаючы яго ўвагі. — Я паўгода радавым пабегаў.
— Ну, так, вядома, але не ў тым справа. У мяне такія ваякі сабраліся, што не сорам і аддзялённым пабыць: адзін сакратар райвыканкома, міліцыянер з Полацка, два лейтэнанты і гэты камбрыг, Прэабражэнскі. Спярша думаў — будзе артачыцца, не слухаць. Зноў жа — як мне, па ўзросту ўдвая маладзейшаму, камандаваць ім? Пасля аказалася: ён яшчэ і акадэмію ў Маскве скончыў. Ды нічога, утрэслася. Быў ціхі, маўклівы. Як усім, так і яму. Сам па чарзе і на варце стаяў, і буданы рабіў.
І ўсё ж не раўня нам, маладым, — у гэтым мы хутка пераканаліся. Чалавеку ўжо за пяцьдзесят, як ні пнецца-стараецца, а відаць: сілы не тыя. І задышка, і ногі цяжкаватыя. Пацее дужа. Праўда, ні разу нідзе не паскардзіўся, на хадзе з усяе сілы стараецца не адстаць. І ўсё ж адстае.
Тады яму нешта вельмі кепска было. Казаў (прагаварыўся пасля ўжо, як у лазні ляжалі) — радзікуліт даняў. І праўда — цягне гэтак нагу і моршчыцца ўсё. Твар суровы заўжды, грубы і неяк бы скошаны ў адзін бок — міна такая, як калі баліць што. Тады мы двое, маладзейшыя, і то без ног асталіся, а яму куды ўжо. Адставаць пачаў. Параснічак прайшлі, тры разы спыняліся, бо адстане — згубіцца і прападзе. Лейтэнант ужо ўзяў у яго сумку — болей не дае нічога. «Ніякай паблажкі, кажа. Не нада, кажа, балаваць цела. Кажа, нада яго падчыніць волі. Як навабранца старшыне».
— Правільна. Такі закон арміі. А як жа? — уставіў Брытвін.
— Закон законам, а пад вечар ужо зусім кепска стала. Я і то ледзьве валакуся па пералесках. А тут яшчэ дождж заладзіў. У кустоўі макрэдзь. Пачало змяркацца, выбавіліся на ўзлесак, і тут — вёска. Цераз балацявінку за бульбоўнічкам — хаты, дым сцелецца над мокрымі гародамі, і так варанай бульбачкай пахне!..
— Знаёмая карцінка, — усміхнуўся Брытвін.
— Ну, прысланіўся я да бярозкі, маўчу. Прытопалі камбрыг з лейтэнантам. Лейтэнант быў дужы, спартыўны хлопец, кадравы камандзір, а ўжо і ён спахмурнеў. Камбрыг жа датопаў і кажа: «Падажджыце, рабяты!»
Што ж там ждаць? Чалавек, вядома, знясілеў, падбіўся, наперадзе ноч, макрата — чаго дачакаешся? А вёска — вунь яна, і так зманліва дражніцца дымкамі, цяплом, утулкам. Кароўка, помню, зарыкала — мусіць, гаспадыня даіць пайшла. Гляджу на лейтэнанта, той на камбрыга, а камбрыг і кажа: «Пажалуй, рыскнём!»
Ну, вядома, перш трэба разведаць — а раптам немцы. Пайшоў лейтэнант, нядоўга пабыў. Бачу: ідзе бадзёра так і вядзе двух дзядзькоў. Адзін стараваты такі, аброслы сівізной, але яшчэ ў сіле, такі дзед-лесавік, другі — маладзейшы мужчына ў паддзёўцы. Павіталіся стрымана так, але добразычліва, сардэчна, павялі ўсіх у сяло. Кажуць, нікога няма, спрэс свае. Пачастуем, ды ў цяпле і пасушыцеся. Адчуваем: не зусім гэта добра, а ідзём — дужа ж абрыдла ўжо на пусты жывот па макрэдзі. Можа, нічога і не здарыцца.
— Ось тут вы і праваронілі, — здагадаўся Брытвін і павярнуўся да Данілы. — Давай памяняемся, а то…
Яны паставілі каністру, Брытвін зайшоў з другога боку. Маслакоў цярпліва счакаў, пакуль яны мяняліся ля каністры.
— У тым-та і справа, што там нічога і не здарылася. Людзі слаўныя аказаліся, дзед — бывалы салдат, усё пра тую мікалаеўскую расказваў. Бабы — старая і дзве маладухі, сабралі на стол не горш, як у свята. Вядома, вёсачка глухаватая, немцы пакуль не чапалі, партызаны яшчэ не надакучылі, а галоўнае — адзін сын іх таксама ў арміі. Бацькоўскае сэрца, яно ў такіх выпадках дужа чулае. Знялі мы ўсё верхняе мокрае, бабы пачалі сушыць на печы і перад чалеснікамі. І пачаставаліся. За стол, праўда, з намі і яшчэ трое мужыкоў села. Дзед кажа: «Не бойцеся, усе людзі свае, акцівістыя». Ну, добра, мы не баімся. Слова за слова, размова пайшла пра вайну, пра немца. Камбрыг ім цэлую лекцыю прачытаў: Расею нікому не перамагчы, яна заўжды ўсіх біла — і шведаў, і французаў, зламае галаву і Гітлеру.
Дагэтуль не магу даўмецца, як яно тады атрымалася, што гаспадарам стала вядома, з кім яны маюць справу. Можа, з нас двух хто прагаварыўся, а можа, ён сам дзе ў размове памянуў. А магчыма, што і па голасе, паводзінах ці па якіх дробязях — рэмень, боты, пісталет; гімнасцёрка без ромбаў, праўда, а здагадаліся, што гэты чалавек — не радавы, а начальства, і вялікае. Праўда, тады мы не заўважылі нічога, наеліся, трохі падсохлі, а кімарнуць гадзінку дзед павёў па гародзе ў лазню каля бульбоўнічку. Цёмна, цесна, гарчыць ад прадымленых сцен, венічкам пахне. Заваліліся на палок — і спаць. Аховы не трэба, дзядзькі самі ўзяліся ахоўваць. У іх шчырасці мы ўжо не сумняваліся. Ранічкай дамовіліся рушыць.
Здалося, толькі задрамаў, як чую — бяда. У расчыненых дзвярах дзед: «Божухна, немцы!» У лазні цёмна, але акенца ўжо святлее — ранак. Падхапіліся мы — ды ў прылазнік, адтуль, сагнуўшыся, за рог будыніны. Ды чуем — дзед ззаду: «І там немцы!» Акружылі, значыцца. Куды падацца? Пападалі ў бульбоўнічку, ляжым. Бульбачка ўжо адцвіла, бульбоўнічак ладны, бухматы, трохі хавае. Уткнуўся я ў камбрыгавы боты, спрасоння ні чарта не цямлю, чакаю… Халера, патухла. У цябе гарыць?
У Брытвіна гарэла, яны зноў спыніліся пад навіслымі над дарогай яловымі лапамі. Маслакоў прыкурыў, зацягнуўся і змоўк. Астатнія таксама маўчалі. З нейкага часу Брытвін перастаў устаўляць рэплікі: пафас расказу ўсё больш завастраў увагу.
— Вось так, — заклапочана, амаль журботна перажываючы ўспаміны, загаварыў далей Маслакоў. — Ранічкай цішыня, усе гукі наверсе; выглянуць нельга, а так чутно далёка. Не паспеў, мусіць, дзед ткнуцца на падворак, як там ужо немцы. Чуем: крыкі, пагрозы, бабы ў плач. Мы слухаем: у чым справа — так проста наскочылі ці нас шукаюць? Няўжо хто прадаў? Вядома, якія б харошыя людзі ні былі, а падлюга між іх заўжды знойдзецца. Як пасля ўведалі, баба адна. Злая была за нешта на дзедавых жанчын, ну, і збегала праз ноч у мястэчка, прывяла фельджандараў — канты на пагонах кручаныя такія.