Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Лісце забытых алеяў

Цвірка Кастусь

Шрифт:

Творы Францішка Багушэвіча, якія ён ахвотна чытаў — відаць, адразу пасля напісання — сваім суседзям і знаёмым, мелі вялікі водгалас у людскіх сэрцах. Яны надзвычай лёгка запаміналіся, падоўгу захоўваліся ў народнай памяці. У пачатку шасцідзесятых гадоў, калі я працаваў на Беларускім радыё, мне давялося запісаць на плёнку аднаго старога жупранца, здаецца, гэта быў Невядомскі, — ён чытаў па памяці, як рэпу грыз, адзін за адным вершы, якія чуў яшчэ ад самога Багушэвіча. Мне здалося, што асобныя з тых вершаў я не сустракаў у кнігах паэта. Нешта тады перашкодзіла мне дакладна ўсё гэта праверыць. Можа, сярод расказаных вершаў былі і тыя, што склалі потым «Скрыпачку беларускую»? Тую магнітафонную стужку я здаў тады ў фанатэку Беларускага радыё. За такі доўгі час яе там, вядома ж, ужо недзе размагніцілі. Сёння мне застаецца толькі пашкадаваць за гэтакую сваю нядбаласць.

У Кушлянах нас сустрэлі дырэктар будучага дома-музея Францішка Багушэвіча малады паэт Алесь Жамойцін і сакратар партарганізацыі кушлянскага калгаса Леанід Уладзіміравіч Грышан.

Я ўжо раней ведаў: Жамойцін з вялікім энтузіязмам узяўся за аднаўленне сядзібы Францішка Багушэвіча. Уступіўшы ў СП, ён не кінуўся абіваць высокія парогі, каб асесці ў сталіцы, атрымаць там добрую пасаду, а папрасіўся туды, куды яго паклікала прызванне. Прыдбаў там сабе дом, перавёз сям'ю. Словам, «усур'ёз і надоўга» звязаў свой лёс з зямлёй Францішка Багушэвіча, з музейнай работай. Галоўнае, Алесь зусім невыпадковы для му Зея чалавек. Пра яго цікавасць да роднай гісторыі, да спадчыны Францішка Багушэвіча сведчаць артыкулы, якія ён друкаваў у рэспубліканскіх часопісах, яго вершы і паэмы на гістарычную тэму. Адзін з яго твораў — «Кастусь Каліноўскі» — даводзілася і мне рыхтаваць да друку ў «Полымі».

Ездзячы па Беларусі, я ніколі не прамінаў пазнаёміцца з мясцовымі краязнаўчымі музеямі. Колькі ў іх штатах сустракаў я абыякавых, зусім выпадковых людзей! «І падабаецца вам гэтая работа?» — папытаўся я неяк у адным раённым краязнаўчым музеі ў маладой, расфарбаванай дзяўчыны, яго работніцы. «Не вельмі, — прызналася яна. — Але недзе ж трэба рабіць...» Такіх вось «Недзе ж трэба рабіць» — хоць плот гарадзі ў нашых краязнаўчых музеях. Часцей за ўсё гэта «пазваночныя» (па выразу Анатоля Вялюгіна) — асобы, якіх «па званку» ўладкавалі «добрыя дзядзькі» на быццам бы «не пыльную» для іх музейную работу. Такія работнікі толькі займаюць чыёсьці месца ў гэтых важных асяродках культуры, што мацуюць нашы повязі з гісторыяй, выхоўваюць у нас высокую духоўнасць.

Таму прыход у музеі такіх, як Алесь Жамойцін, энтузіястаў трэба толькі вітаць.

Адразу па нашым прыездзе ў Кушляны Алесь наважыў паказаць нам напытаную ў адной хаце ў ваколіцы цікавую старую камоду, каб набыць яе для будучага музея. Я быў рады такой прапанове: мне вельмі цікава было пабачыць кушлянскія ваколіцы, бліжэй пазнаёміцца з зямлёй Багушэвіча.

Паехалі туды сваім аўтобусам. Дарога ішла лесам. Аўтобус ледзь праціскваўся між галінастых хвой, не без цяжкасці пераадольваючы глыбокія гразкія лужыны. Праз колькі часу выбавіліся на святло, паехалі ледзь прыкметнай палявой дарогай, якая неўзабаве зусім скончылася. Аўтобус пачаў валюхацца па ўдзірванелых грудах нейкага лугу, потым зусім суняўся, бо далей можна было вельмі лёгка засесці: між травы паблісквала вада. Мы пайшлі пеша, пераскокваючы з купіны на купіну, і праз які кіламетр убачылі адзінокую закінутую сядзібу ў старых прысадах.

Апрача пашарэлай, але ўсё ж даволі моцнай хаты, якая была на замку, у двары стаялі яшчэ пакінутыя гаспадарчыя пабудовы, таксама з моцнага, не кранутага шашалем бярвення. На панадворку раскашаваў быльнёг, між штакецін пахіленага плота лезла жыгучка-крапіва, шугала цемналістая, надзіва буйная лебяда, на сярэдзіне двара, пачуўшы нежылы дух, адваёўваў сабе надзелы жорсткі сівы палын — горкая трава запусцення.

Якая гэта тыповая цяпер карціна! Такія во пакінутыя хаты, зарослыя травою двары можна напаткаць сёння ў любым кутку Беларусі. Катастрафічна гіне, адыходзіць у нябыт традыцыйная беларуская вёска, самі сабой рушацца цяпер і гэтакія адзінокія хутары, якія неяк жа выстаялі ў бязлітасных бурах часу, перажыўшы бязглуздыя кампаніі па іх ссяленні.

З аднаго боку пад хутар, каля якога мы тупалі, падыходзіў лес. На ўскрайку яго, адышоўшыся на сіўцовую лугавіну, стаяў не блізка — на адлегласці адзін ад аднаго — гурт шырокіх цяністых дубоў. Каля іх пасвіўся статак пярэстых кароў — відаць, недзе за лесам была вёска. На другі бок ад хутара — аж да асмужанай паласы далёкага хвойніку — ільснілася сівавата-зялёным жытам вялікае раўніннае поле, па якім часам беглі цені ад воблакаў, што зрэдку наплывалі на сонца. І хоць бы дзе гук ад машыны ці якога матацыкла! Нават дарогі нідзе не відаць было. Як быццам мы трапілі ў нейкі іншы свет, на зусім іншую планету, якая не дайшла яшчэ да «машыннай» цывілізацыі, ці проста вярнуліся ў мінулае стагоддзе! Цішыня, прастор, воля. Не веру, што не знайшлося б ахвотніка ўзяць тут зямлю, пасяліцца у гэтым выдатным для жыцця кутку, самастойна, без чыёйсьці ўказкі павесці тут гаспадарку, стаць ўладаром сваёй долі!

З гэтымі думкамі я падышоў да Леаніда Уладзіміравіча, пацікавіўся, як у іхнім калгасе прыжываецца арэнда, ці дае калгас каму-небудзь зямлю.

— А хто яе возьме? — адказаў Леанід Уладзіміравіч.

— А мо трэба б пашукаць такіх людзей? Вы шукалі?

— Не, не шукалі і шукаць не думаем. У нашым калгасе і так усё добра. Прадукцыі здаём дзяржаве шмат. Да таго ж яшчэ невядома, як павернецца палітыка з гэтай арэндай... — прыкладна так адказаў мне сакратар калгаснай партарганізацыі.

Дзіўна, гэта ж самае я чуў у другім баку Беларусі, у Слуцкім раёне. На семінары творчых работнікаў, які праводзіў там Мінскі абком партыі. У шыкоўным Доме культуры вёскі Казловічы, дзе падводзілі вынікі знаёмства з калгасам імя Кірава, аднаму з калгасных старшынь, што прысутнічаў там і выступіў з расказам пра поспехі свайго калгаса, я паставіў рубам такое пытанне: «Калі б вам прынёс хто-небудзь з калгаснікаў заяву з просьбай выдзеліць яму ў доўгатэрміновую арэнду ўчастак зямлі, ці далі б вы на гэта згоду?» — «Не, не даў бы», — цвёрда, нават з ноткай выкліку адказаў старшыня перад вялікай аўдыторыяй. І гэта нягледзячы на афіцыйную ўстаноўку на арэнду як на адзін з самых дзейсных метадаў гаспадарання. У адказе чулася і прыхаванае тлумачэнне гэтай цвёрдасці: «У нас і так усё добра». Ён гэтак, праўда, не сказаў, але такія словы вынікалі з яго паведамлення-выхваляння. Смеласць старшыні, як я зразумеў з далейшых нашых афіцыйных і неафіцыйных гутарак на семінары, грунтавалася яшчэ на тым, што і пэўныя партыйныя кіраўнікі са скептыцызмам ставіліся да арэнды, робячы стаўку на калгасы і саўгасы. Мне яны ў прыватных размовах даказвалі, што гэтая форма яшчэ не зжыла сябе. Тое, што калгасная сістэма давяла сельскую гаспадарку да развалу, яны тлумачылі адміністрацыйным націскам на калгасы зверху, рэгламентацыяй іх дзейнасці, грубым камандаваннем імі. Калі б цалкам вызваліць іх ад залішне клапатлівай апекі вярхоў, даць ім поўную самастойнасць, тады б яны быццам бы паказалі, на што здатныя.

Але ж, даўшы самастойнасць калгасным кіраўнікам, ці вызвалім мы простых калгаснікаў ужо ад іхняй апекі, ад іхніх камандаў?

Трэба ўсім нам як найхутчэй зразумець, што толькі вызвалены селянін можа пракарміць краіну. Ды ён — развяжыце толькі яму па-сапраўднаму рукі — за самы кароткі час свет накорміць хлебам. Ажывуць расквітнеюць тады і нашы вёскі, і такія во закінутыя хутары...

Але я, здаецца, адступіўся ўбок, ці не залішне расфіласофстваваўся.

Хоць гаспадароў хутара мы не знайшлі (яны перабраліся недзе ў Вільню), нам усё ж удалося паглядзець тую даўнейшую камоду. Выглядала яна сапраўды прыгожа. З разьбяным раслінным узорам вельмі тонкай работы, з фігурным люстэркам у драўляным абрамленні, арыгінальная па форме камода, вядома, магла б быць выдатнай аздобай Багушэвічавага музея: яна ж, можна сказаць, і з яго мясціны, і з яго часу.

Вырашана было звязацца з гаспадарамі і закупіць гэтую каштоўную рэч.

З хутара зноў вярнуліся ў Кушляны.

У Кушлянах мне давялося пабываць з групай пісьменнікаў амаль дваццаць пяць гадоў назад, ў час святкавання 125-годдзя з дня нараджэння Францішка Багушэвіча. Тады на сваім месцы стаяў пастарэлы драўляны паэтаў дом, пабудаваны ім у 1896 годзе. Вядома, ён ужо шмат у чым адрозніваўся ад першапачатковага, бо — можа, нават не раз — рамантаваўся, да яго дадаваліся нейкія дабудоўкі, нешта адкідалася. І ўсё ж аснова была тая ж самая, гэта быў, можна сказаць, той самы дом. Дом Францішка Багушэвіча. І яго, відаць, трэба было б у аснове сваёй захаваць, адкінуўшы розныя пазнейшыя дабудоўкі, узнавіўшы, магчыма, нейкія старыя, першапачатковыя дэталі.

Выклікала ў мяне ўнутраную нязгоду тое, што расчышчаючы пляцоўку каля дома, «архітэктары» будоўлі знеслі бульдозерам, ссунулі разам з верхнім пластом зямлі здзічэлае кустоўе былога саду Багушэвіча, магчыма, пасадлсанага яго рукой. Сярод друзу сіратліва тырчала толькі зноў жа асуджаная на знішчэнне грыўка густога сліўняку, які, пастаянна абнаўляючыся, шчасліва дажыў да нашага часу і яшчэ невядома колькі б рос тут, каб яго не чапалі. А чаму б не зберагчы гэты сліўняк, чаму б не пашукаць тут парасткаў і іншых дрэў, якія наўрад ці поўнасцю пазасыхалі? Іх жа можна б было як трэба пачысціць, даглядзець па-гаспадарску, падсадзіць да іх новыя дрэвы і кусты. Гэта быў бы хоць і абноўлены, амалоджаны, але сад Багушэвіча! А не сад, пасаджаны на месцы саду Багушэвіча.

Больш за ўсё, аднак, засмуціла нас з Содалем «апрацоўка» падмурка даўнейшай хаты, у якой жылі яшчэ з сям'ёй бацькі Францішка Багушэвіча, а мо і яго дзяды, хаты, у якой рос і гадаваўся сам паэт да яго адыходу «ў людзі». Падмурак гэты, выкладзены з камянёў, змацаваны нейкім даўнейшым растворам, быў на той жа сядзібе, непадалёку ад дома Францішка Багушэвіча. Калі мы падышлі туды, то ўбачылі ў самай сярэдзіне гэтага падмурка... бульдозер, які паспеў ужо развярнуць яго частку.

— Як жа так можна, Алесь? — пачалі мы па-сяброўску ўшчуваць Жамойціна. — Падмурак жа трэба зберагаць...

Поделиться с друзьями: