Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Горыч паражэння, адчай і нязбытны жаль па крушэнні лепшых надзей, светлых мар аб народнай волі мог выказаць Францішак Багушэвіч толькі праз два з лішнім дзесяткі гадоў. Якраз пра трагічныя вынікі паўстання 1863 года, як заўважыў Генадзь Кісялёў, выгаварвала ў 1891 годзе ўваскрэслая Багушэвічава «Дудка беларуская»:
Ну, дык грай жа, грай жа, Усё успамінай жа... Штодзень і штоночы Плач, як мае вочы, Над народу доляй, І плач штораз болей. Плач так даастатка, Галасі, як матка, Хаваючы дзеці, — Дзень, другі і трэці Іграй слёзным тонам Над народу сконам!Жывы водгалас студзеньскага паўстання можна знайсці ў шмат якіх творах Мацея Бурачка. У іх выказваліся тыя ж ідэі, якія мабілізоўвалі сялян і лепшых прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя ў паўстанцкія атрады. Гісторыкі літаратуры маглі б, напэўна, адшукаць шмат якія паралелі ў творчасці Францішка Багушэвіча і, напрыклад, у «Мужыцкай праўдзе» Кастуся Каліноўскага. Адгорнем яе другі нумар: «Дзецюкі! Калі Бог стварыў усіх людзей вольнымі і ўсім даў адзінакую душу, так скуль жа гэта ўзялося, што адзін марнуе да і над людзьмі збыткуе, а другі бедны паншчыну служыць альбо аброкі і казну плаціць?..» Ці не тое ж самае кажа і Мацей Бурачок у вершы «Бог не роўна дзеле»? Нават форма бярэцца тая ж:
Чым то дзеіцца на свеце, Што не роўна дзеле Бог? Адзін ходзе у саеце, У золаце з плеч да ног, А другому, каб прыкрыцца Хоць анучай — велькі труд; Весь, як рэшата, свіціцца, Адны латы, адзін бруд!Альбо пачытаем яшчэ першы нумар газеты Кастуся Каліноўскага: «А гэты маніфест, што цар з сенатам і з панамі для нас напісаў, то такі дурны, што чорт ведае, да чаго ён падобны, — ніякай у нём няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысці. Парабілі канцылярыі, зрабілі суд... Нарабілі пісараў, пасрэд нікаў, а ўсё за мужыцкія грошы — чорт ведае нашто... А з гэтага то і відаць, што нам нічога добрага і не думалі зрабіці...»
А цяпер возьмем для параўнання верш Францішка Багушэвіча «Як праўды шукаюць»:
...Як камень у ваду, так праўда прапала! Судоў нарабілі, начальстваў ці мала: Пасрэднік і воласць, сінод і сенаты, Прысуцтва і вокруг, управы, палаты. А найбольш міравых, участковых і з'ездаў, Што ў полі камення, што гвездаў! Затое ж жыццё цяпер труднае стала...Амаль паэтычны пераказ «Мужыцкай праўды»! А як перагукваецца заклік Кастуся Каліноўскага «знішчыць гэтую гнілую і разбэшчаную касту» — дваранства, яго апошнія словы перад шыбеніцай «У нас няма дваранства, усе роўныя!» з радкамі вершаў яго паплечніка па барацьбе Францішка Багушэвіча:
Маліся ж, бабулька, да бога, Каб я панам ніколі не быў: Не жадаў бы ніколі чужога, Сваё дзела як трэба рабіў! Каб прад меншым я носу не драў, А прад большым не корчыў спіны, Каб грэх свой прад сабой я пазнаў, У другіх каб не відзеў віны... Каб людзей прызнаваў за братоў, А багацтва сваё меў за іх, Каб за край быў умёрці гатоў, Каб не прагнуў айчызны чужых...Гэта — з верша «Ахвяра». А вось радкі з верша «Не цурайся»:
Не цурайся мяне, панічок, Што далонь пакрываюць мазолі; Мазоль — працавітых значок, Не заразе цябе ён ніколі... Не ўцякай ад маёй ты сярмягі — Мне не стыдна ў ёй ані чуць, Вот твой храк я не меў бы адвагі, Чортаў храк на сябе апрануць. На кашулю глядзіш крывым вокам, Што ў хаце мне бабы пашылі, Прапацела яна маім сокам, Цэлы тыдзень яе не памылі... А твая ж? Як той снег, як папер, І пацеў хто, і ткаў, і бяліў, І хто шыў, і хто праў... а цяпер Ты той пот на сябе узваліў. І кашулі той мне было б стыдна, Што не сам на яе гараваў, Хоць бялейша яна — не завідна — Не вазьму, каб ты мне дараваў!..Па сутнасці, Багушэвічава творчасць — гэта паэтычнае ўвасабленне найбольш радыкальных ідэй паўстання 1863 года на Беларусі і Літве пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Пры належных умовах Францішак Багушэвіч мог бы быць яго песняром: нельга думаць, каб ужо ў той віхурны час не пачынаў свае паэтычныя спробы дваццацітрохгадовы настаўнік. Але час патрабаваў дзеяння, і Францішак Багушэвіч палічыў патрэбным замяніць пяро на баявую зброю паўстанца. Якраз да яго, відаць, трэба аднесці вядомую прымаўку: калі гучаць гарматы — музы маўчаць. Але муза Францішка Багушэвіча змушана была маўчаць і тады, калі былы паўстанец пайшоў пакутніцкай дарогай дабравольнага выгнання блукаць па свеце ў пошуках прытулку і кавалка чорнага хлеба. «Можа быць, ніхто з такой мінай не глядзіць на гэтыя прайшоўшыя гады, як я, які гэтулькі страціў без следу: прамываў цукар у вадзе ўвесь час...», — з горыччу казаў пра свае дваццацігадовыя блуканні сам паэт. Толькі пасля вяртання на радзіму, на схіле жыцця змагла на ўсю моц загучаць песня «панарскага салаўя».
У час сваёй экспедыцыі мы зазірнулі яшчэ ў Віні нева — вёску ў Смаргонскім раёне.
Тут у 1886-1889 гадах Францішак Багушэвіч, наязджаючы з Вільні, працаваў даверанай асобай у маёнтку Яна Карловіча.
З ім, вядомым польскім дзеячам навукі і культуры, Францішак Багушэвіч, як мяркуюць, пазнаёміўся і на ўсё жыццё пасябраваў, калі працаваў настаўнікам у Доцішках, недалёка ад якіх, у суседняй Падзітве, быў родавы маёнтак Карловічаў.
Гэта Ян Карловіч, які, дарэчы, з вялікай пашанай ставіўся да беларускага народа, да яго мовы, культуры, збіраў і запісваў яго фальклор, дапамог паўстанцу Багушэвічу ўцячы ад учэпістых лап царскіх шпікоў на Украіну і ўладкавацца там на вучобу ў Нежынскі юрыдычны ліцэй. З удзячнасцю прыгадваючы гэтую дапамогу, беларускі паэт пісаў з Нежына Карловічавай мацеры, што ён «абавязаны яе высакароднаму сыну ўсёй сваёй будучыняй». Тут трэба яшчэ дадаць: Яну Карловічу абавязана ўся беларуская літаратура, абавязана тым, што наогул творы Францішка Багушэвіча дайшлі да нас, што яны не згубіліся ў віхурах таго неспрыяльнага для нашай культуры часу. Гэта ж якраз намаганнем Яна Карловіча былі ў 90-х гадах выдадзены зборнікі твораў Мацея Бурачка.
Пасля вяртання Францішка Багушэвіча з Укра Іны, ведаючы яго цяжкае матэрыяльнае становішча (ды і якая магла быць аплата працы мужыцкага адваката?), Ян Карловіч прапанаваў свайму сябру прыглядаць здадзены ў арэнду яго маёнтак у Вішневе. Пра стан гаспадаркі молена меркаваць з пісем Францішка Багушэвіча да Яна Карловіча і яго жонкі. Арэнда давала зусім невялікі прыбытак. Клопатаў жа было там шмат, і Францішак Багушэвіч урэшце папрасіўся вызваліць яго ад гэтай пасады.
Паказаць нам у Вішневе месца Карловічавага маёнтка, знішчанага ў час першай імперыялістычнай вайны, згадзілася былая настаўніца Вішнеўскай школы Валянціна Іосіфаўна Дыро. Стаяў ён на беразе прыгожага Вішнеўскага возера. Сёння ад маёнтка застаўся гэты раскошны парк, цяпер, як і ўсюды ў нас, запушчаны, занядбаны, а таксама сад. Два разы на год да Яна Карловіча, як расказваюць людзі, з'язджаліся з усіх бакоў, здалёку і зблізку, шматлікія госці — на святога Яна і ўвосень. Прыязджала і «пані з Гродна» — гэта, як мяркуе Валянціна Іосіфаўна, была Эліза Ажэшка. Пра Яна Карловіча ў людзей засталіся самыя добрыя ўспаміны. Паводле іх расказаў, «не было ніводнага выпадку, каб ён зняважыў каго». Наадварот, быў сялянам часта за доктара, лячыў іх у сваіх пакоях, даваў ім прытулак. І яшчэ любіў слухаць народныя песні, запісваў іх, для гэтага часта хадзіў на сялянскія вяселлі, на іншыя святы.
Добрае ўражанне засталося ў вішнеўцаў і ад яго сына — Мечыслава Карловіча, чамусьці «хваравітага». Нарадзіўся ён тут, у Вішневе. Быў Мечыслаў Карловіч вядомым кампазітарам. З дзяцінства, як сам казаў, шчыра палюбіў беларускія народныя песні, рабіў у Вішневе запісы ўзораў беларускай музыкі, выкарыстоўваў гэтыя запісы — цытатна і ў распрацоўцы — у сваіх сімфанічных творах. Яго «Літоўская рапсодыя», напрыклад, уключана ў рэпертуар Беларускага тэлебачання і радыё. Мечыслаў Карловіч не раз сустракаўся ў Вішневе з Францішкам Багушэвічам, потым вёў з ім перапіску, спрабаваў пісаць музыку на яго творы, напрыклад, на верш «Хмаркі». Невядома толькі, ці захавалася гэтая музыка.