Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ля аднаго вогнішча

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Звяртаўся Аляксей Пысін і да іншых жанраў, шукаючы сябе не толькі ў лірыцы, але і ў паэме.

У паэме «Белы камень» (1965) моцна адчуваецца лірычны пачатак: яна пабудавана ў форме расказа салдата, які пасля шпіталя адпачываў па пуцёўцы ваенкамата ў татарскім ауле. Герой паэмы ўсхваляваны выключна прыязнымі адносінамі да сябе з боку, здавалася б, чужых людзей, якія шчодра дораць яму сваё цяпло і чалавечнасць.

Паэма «Кавылёк» (1964) адрасавана дзецям. А. Пысін з усмешкай расказвае пра займальныя франтавыя эпізоды з ваеннага жыцця. Аўтар праявіў майстэрства ў пабудове дасціпнага прыгодніцкага сюжэта.

Духоўны, маральны ідэал паэта заставаўся вельмі высокім. Пра гэта сведчыць яго паэма «Жураўліны бераг» (1964), якая малюе мірныя будні нашых людзей — сучасных калгаснікаў, іх барацьбу за высокае прызначэнне чалавека тварыць дабро, змагацца за новы побыт, за камуністычныя адносіны да працы. Магчыма, не ўсе героі выглядаюць пераканаўча, ёсць тут характары і супярэчлівыя, але паэма «Жураўліны бераг» — уся! — прасякнута верай у чалавека, у яго высокае прызначэнне на зямлі.

У сакавіку 1980 года грамадскасць рэспублікі адзначыла 60-годдзе з дня нараджэння паэта, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Аляксея Пысіна, які сустрэў свой юбілей у росквіце творчасці. Пра гэта сведчылі яго новыя публікацыі — вершы, нарысы. Смерць падкралася неўзаметку — сказаліся старыя раны, атрыманыя на вайне. 27 жніўся 1981 года Аляксея Пысіна не стала.

Зборнік вершаў «Палёт» выйшаў праз год пасля сумнай весткі.

Лёс паэта і яго пакалення, якое ў цяжкую часіну засланіла Радзіму сваімі грудзьмі, адлюстраваўся ў вершах.

Палім мы маршанскую махорку, Бачым мы Дняпроўскую граду. Будзе сёння бой. На тым узгорку, Можа, я таксама упаду. Будуць травы над курганам. Будуць Адлятаць у вырай жураўлі. Нас, напэўна, ў свеце не забудуць, Успомняць, што на свеце мы жылі.

І апошняя, вельмі арганічная і натуральная для Аляксея Пысіна страфа:

Я гляджу на даўняе курганне, На траву, на рыжых мурашоў. Ведайце, калі мяне не стане — Я ў сваю дывізію пайшоў.

Праўда перажытага

(Еўдакія Лось)

Можа, ты не такая і белая, А празвалі бялянкай, Можа, ты не такая і смелая, А слывеш партызанкай…

Гэтыя радкі Еўдакіі Лось чамусьці заўсёды выклікаюць у памяці першую сустрэчу з ёю.

Улетку 1962 года прыехаў я ў Мінск паступаць у аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. Сустрэў мяне, навічка, мой даўні старэйшы сябар, былы выкладчык Брэсцкага педінстытута, дзе я некалі, да прызыву ў армію, вучыўся, Іван Клімавіч Германовіч. Стаім мы з ім ля будынка Акадэміі, пад знакамітымі калонамі, размаўляем, раптам, бачу, падыходзіць да нас прыгожая светлавалосая маладая жанчына, вітаецца з Іванам. Аказваецца, яны даўнія прыяцелі, разам вучыліся — на пачатку 50-х гадоў — у Мінскім педагагічным інстытуце. Знаёмімся — Еўдакія Лось. «Дык вось яна якая, Еўдакія Лось!» Адразу ўспомнілася яе першая кніжка — «Сакавік», што выйшла ў 1958 годзе, якую мы, тады яшчэ студэнты, з захапленнем чыталі і абмяркоўвалі на сваіх семінарах і дыспутах.

Абуджаюцца зямныя сокі, Бродзяць хмелем п’яным, маладым. На палях з праталін чарнавокіх Ўецца туманоў бялявы дым.

Дык вось яна — жывая паэтэса, вершы якой так своеасабліва адкрылі нам прыгажосць жыцця, хараство і непаўторнасць гэтага цудоўнага свету, у якім наканавана чалавеку жыць…

Звярнулі ўвагу тонкія, адухоўленыя рысы яе твару, прыгожая постаць. Падумалася: вось такой і павінна быць паэтэса.

Цікавая, таленавітая моладзь расце, — гаварыла яна пра сваіх равеснікаў, аднагодкаў, пра сваё пакаленне — Уладзіміра Караткевіча, Міколу Арочку, Ніла Гілевіча, Уладзіміра Нядзведскага, Алега Дойку, Рыгора Барадуліна і іншых. — Добрыя яны і розныя, а, паглядзіце — крытыка іх не разумее!

— Адвыкла, відаць, наша крытыка ад сапраўднай паэзіі,— зазначыў Іван Клімавіч, — рыторыка для яе бліжэй…

— Напісаў Уладзімір Караткевіч цудоўны верш «Заяц варыць піва». «Новый мир» нават надрукаваў — у Аляксандра Трыфанавіча Твардоўскага густ выдатны! А крытык узяў і збэсціў верш…

Абараняла Караткевіча Еўдакія Лось! І выказвала пры гэтым тонкае адчуванне і разуменне яго паэзіі:

«У. Караткевіч — вельмі арыгінальны, разнабаковай творчай культуры чалавек. Але напамінак аб гэтым паэце вымушае кінуць і папрок крытыцы. Караткевіча крытыкавалі ў некаторых выпадках якраз за тое, што ў яго ёсць, арыентуючы быць такім, якім ён не можа і не хоча быць. А вось гэтага, на нашу думку, трэба пазбягаць, калі сур’ёзна клапаціцца пра выхаванне паэтычнай індывідуальнасці» («Літаратура і мастацтва», 1960, 23 студзеня).

У ёй жыло прыроджанае пачуццё справядлівасці.

— Новае ў літаратуры абавязкова праб’е сабе дарогу… — спрабаваў гаварыць Іван Клімавіч.

— Праб’е то праб’е, але маладую паэтычную індывідуальнасць трэба падтрымліваць, маладыя патрабуюць асаблівай увагі. Гэта — маё перакананне, — Еўдакія Якаўлеўна гаварыла страсна, з запалам. — Дзе тут у вас Каваленка, мне трэба яго бачыць, — раптам запытала яна пра вядомага ўжо тады маладога крытыка Віктара Каваленку, аднаго з прыхільнікаў новай літаратурнай генерацыі, які неаднаразова і слушна пісаў пра вершы Еўдакіі Лось. — А ты, значыцца, навуцы хочаш дапамагчы? — звярнулася яна да мяне, — што ж, давай, пасабляй, працы шмат.

І пайшла.

— Баец наша Дуся! — пракаменціраваў усё Іван Клімавіч.

Еўдакія Якаўлеўна таксама была з тых, чыё дзяцінства адабрала вайна і хто мужнеў у цяжкія пасляваенныя гады. Пра гэта расказвалі вершы: суровае дзяцінства, трагедыя вайны, цяжкасці пасляваеннай пары…

Вы не бачылі вёсак, якія не ўсталі з вайны? Па ўсёй Беларусі, па ўсёй Беларусі яны…

А вось у іншым інтанацыйным ключы:

Снегу, снегу — не праехаць, Снегу, снегу — не прайсці! Хоць бы стомленай, у сне хоць Да Лучосы дабрысці… Ад Лучосы можна босай Да зажуранай Дзвіны — Да маёй праставалосай, Ад рыданняў безгалосай, Сэрцам выклятай вайны…

У такіх выпадках неяк няёмка гаварыць пра майстэрства, хаця кожнаму відаць, што гэта «праставалосая вайна» напісана выдатным майстрам: у двух словах перададзена ой як шмат! У лірыкі свае спецыфічныя магчымасці паказу жыцця, якое яна адлюстроўвае найбольш праз думкі і перажыванні паэта. Але тут, дарэчы, як у прозе і драматургіі, вельмі важны яго духоўны вопыт, веданне народнага жыцця, глыбіня погляду ў мінулае і ў будучыню. У Еўдакіі Лось гэта якраз было. Яна адчувала сябе дачкою сваёй зямлі. У лепшых творах паэтэсы выразна бачылася сувязь чалавечага лёсу і лёсу народнага. Гэтае зліццё стала асноўным зместам яе лірычнага перажывання, сацыяльнай асновай творчасці.

З першых крокаў ёй спадарожнічала разнастайнасць тэм, матываў, настрояў, якая адпавядала шматстайнасці жыцця, яго шырокім абсягам. «Клічуць дарогі дальнія, клічуць дарогі блізкія, клічуць асфальтам люстраным, прасёлачнаю смугой» — тут была ўнутраная праўда і настрой. Сёння яна ў заводской кузні, заўтра — на сустрэчы з дзецьмі ў школе-інтэрнаце, паслязаўтра сэрца пакліча яе на братаву магілу ў Фэстаў, што пад Кіевам.

Першая кніга называлася «Сакавік» — у месяцы сакавіку паэтэса нарадзілася, нават у гэтай акалічнасці, у гэтым супадзенні адбілася ўнутраная, душэўная ўстаноўка на непрыдуманае, перажытае, сваё. На гэта яе натхніў і Пётр Усцінавіч Броўка, калі ў канцы саракавых гадоў, ці не ў сорак восьмым нават, наведаў Глыбокае, дзе, сустракаючыся з выбаршчыкамі, спаткаў маладую паэтэсу — студэнтку Глыбоцкага педвучылішча Дусю Лось, паслухаў яе вершы, паверыў у яе творчыя сілы і падтрымаў. І Еўдакія Якаўлеўна засталася на ўсё жыццё ўдзячнай яму за гэта, вучылася ў яго зацікаўленаму і добраму погляду на жыццё…

Поделиться с друзьями: