Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ля аднаго вогнішча

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:

Вакол кнігі «Акно» ў 1988 г. на старонках «ЛiMa» завязалася адна з вастрэйшых літаратурных дыскусій 60-х гадоў. Паэта і некаторых яго калег абвінавачвалі ў неарганічнасці майстэрства, у раз’яднанасці эстэтычнага і маральнага ў паэзіі, вузкасці тэматыкі і інш. Трэба сказаць, што крытыка ў некаторых закідах мела рацыю. Недастаткова ўлічвала яна адно: паэзія 60-х гадоў актыўна, напружана, часам залішне шумліва, экспрэсіўна, шукала — шукала новы змест і новыя формы.

П. Макаль — асабліва.

Ягоны «Першы след» (так зваўся першы зборнік вершаў — 1955 год) ужо выветрыўся з памяці. І не толькі ў чытачоў. З тае пары ў кнігу выбранага ўвайшлі толькі лірычныя вершы. Самыя лепшыя. Напрыклад, «Сустрэча з братам» (1952). У Закарпацце на магілу да помніка загінуўшаму ў вайну брату прыехаў разам з сябрамі паэт — з паклонам «ад далёкіх гродзенскіх прысад».

А ён рукой нас прывітаць не можа: Трымае зброю воіна рука, Бо чуе ён За морам брэх варожы І палец не адводзіць ад курка.

Логіка думкі — сапраўды паэтычная. Ужо ў гэты час П. Макаль выявіў густ да мастацкага пошуку, да ідэйнага ўзбагачэння сваёй паэзіі. За фактам стаяла абагульненне.

Добры верш «Гамоняць калоссі», прасторны свет адкрываецца ў ім:

Гамоняць калоссі, Шугаючы хвалямі, З блакітнымі высямі, З сінімі далямі…

Гэта ўбачана паэтам, сялянскім сынам…

Нарадзіўся Пятрусь Макаль 25 жніўня 1932 года ў вёсцы Крушыняны на Беласточчыне. «Калі я прыгадваю маленства, — успамінае ён, — здаецца, чытаю кніжку з часоў старажытнасці. Ціснуцца адна да адной драўляныя хаткі з саламянымі стрэхамі, паросшымі мохам. Насупраць кожнай — гумно… Галоўны сродак асвятлення ў дамах — лучына. Газавыя лямпы мелі толькі некалькі з самых заможных гаспадароў. Агонь здабывалі крэсівам — крэмень аб крэмень…»

Пісаць ён пачаў будучы студэнтам Гродзенскага педагагічнага інстытута, на пачатку 50-х гадоў.

Найбольшая ўдача чакала П. Макаля там, дзе ён не адступаў ад праўды, грунтаваўся на ўласным асабістым вопыце, як, скажам, у вершах «Маё маленства», «Святло». Ён успамінае сваю Радзіму — давераснёўскую Беласточчыну, плач пастуховага ражка, дарогу, «якая вяла з бацькоўскай хаты ў батракі…» Пакаленне Макаля абпалена вайной, загартавана цяжкім пасляваенным часам. Здавалася б, не да вершаў было, але талент, жаданне расказаць аб перажытым бралі сваё: следам за першай кнігай выходзіць другая («Вятрам насустрач» — 1958 г.) і трэцяя («Вечны агонь» — 1960 г.). Аўтар пісаў пра тое, што і ўсе: ён імкнуўся раскрыць у вершах велічны поступ нашай дзяржавы, славіў творчую працу савецкіх людзей, барацьбу за мір, апяваў каханне. Але значнага якаснага росту яны не паказалі. Бракавала сваёй унутранай тэмы, асабістага падыходу. Хоць асобныя творы былі вельмі ўдалыя. Напрыклад «У паход», у якім па-сапраўднаму паэтычна перададзена пачуццё адказнасці, глыбока ўсвядомленае савецкім салдатам: «Не, не ад ранца прыліпае кашуля да плячэй маіх. Сягоння цэлы свет, я знаю, абапіраецца на іх». Які ёмісты, насычаны і эстэтычна перспектыўны вобраз!

Новыя якасці мастацкай думкі назапашваліся спакваля. Існавала памылковае пераконанне (тады, а часткова нават і цяпер), што ў лірыцы, у адрозненне ад эпасу і драматургіі, не можа быць канфліктнасці. Аказалася, што гэта не так. Жыццё прымушала задумвацца, ставіць, хай сабе пакуль што ў агульнай форме, пытанні: «Гранітны камень кропля дробіць — чаму ж глядзець на кроплю як на дробязь?» Не цяжка зразумець: гаворка ідзе пра чалавечую асобу.

Грамадзянскасць і бесканфліктнасць у лірыцы — рэчы несумяшчальныя. Ісціна гэта ўсё глыбей адкрывалася ў неабвержанасці свайго значэння.

Служба ў арміі (1954–1956) — у сэнсе набліжэння да жыцця, пашырэння грамадскіх даляглядаў — дала вельмі шмат. Пра гэта сведчаць вершы, што перадаюць «адчуванне локця», ідэйную і маральную вышыню абавязку, калектывізм, пяшчоту салдацкай суровасці, пачуццё чалавечай годнасці. Паступова фарміравалася свая, унутраная тэма, звязаная з павелічэннем адказнасці свайго героя, узбуйненнем яго асобы. Выспяванне паэтычнага майстэрства ішло адначасова з тымі сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі зрухамі, якія адбываліся ў нашай краіне і якія выклікалі хвалю незвычайнай творчай актыўнасці савецкіх людзей.

Паэт праз сваё асабістае перажыванне хацеў перадаць грамадзянскі рост асобы савецкага чалавека на глебе пашырэння сацыялістычнай дэмакратыі, узмацнення сувязей з грамадствам і яго велічнымі справамі — палітычнымі, вытворчымі, навукова-тэхнічнымі поспехамі і дасягненнямі. «Сёння нас да нябёс усё вышэй зямля ўзнімае. Неба — мошчаны зорамі брук — хутка ляжаш пад ногі прахожым…» Гэта — з кнігі «Вечны агонь» (1960). Там былі такія радкі:

А я… Я на зямлі стаю, Зусім маленькі ростам, Ды галавою дастаю Да яснай зоркі проста!

Гэта былі першыя гады асваення космасу, пачатак «касмічнай эры», актывізацыя навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. У святле гэтых маштабных з’яў па-іншаму сталі бачыцца праблемы чалавека. Яны запатрабавалі ўнутранай перабудовы, новай паэтыкі, больш таго — новай пазіцыі. І паэт пайшоў на гэта!

П. Макаль, дарэчы, валодае пахвальным уменнем маўчаць, не друкавацца, калі бачыць, што напісанае яго не задавальняе, што па-ранейшаму працаваць нельга, ці, правільней, не трэба. Ён, відаць, адчуў вычарпанасць ранейшай сваёй манеры.

Станоўчы ўплыў на яго творчасць аказала вучоба на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве ў пачатку 60-х гадоў…

Новае ў яго не адразу было зразумета. «Стаў паэт на хадулі,— пісаў адзін з яго калег, — і абвяшчае ўрачыста: „Глядзіце, вось які я волат! Галавою дастаю да яснай зоркі проста!“ Наіўна і смешна. Гэта літаратуршчына. Мноства паэтаў яшчэ да П. Макаля галовамі зоры даставалі!» (Полымя, 1961, № 3, с. 180). Крытыку турбавала, што паэта пакідала прастата і душэўнасць. А сам ён думаў пра іншае, пра новыя дарогі… Адносіны да свету станавіліся ўсё больш зацікаўленымі, радок робіцца больш энергічным.

Поспехі маладых літаратараў канца 50-х — пачатку 60-х гадоў у многім залежалі не толькі ад вывучэння самога жыцця, але і ад інтэнсіўнасці мастацкіх пошукаў, арганічнага засваення і ўдалага выкарыстання разнастайных форм і прыёмаў раскрыцця ўнутранага свету чалавека. Паэзія асвойвае асацыятыўную вобразнасць, сімволіку, умоўнасць.

Пасля выхаду чацвёртай кнігі «Круглы стол» (1964) крытыка ў адзін голас сказала: «Макаль стаў пісаць інакш». Яна мела рацыю. Шмат у чым змяніўся характар вобразнасці, узрасла яе канкрэтнасць, пластычнасць, эмацыянальнасць. Узбуйняецца метафара. Адзін з цікавых вершаў кнігі — «Футбол», верш-прытча, узор шматпланавай лірыкі, з пэўным асацыятыўным напаўненнем. Перапоўнены стадыён паэт параўноўвае з раскроеным кавуном («і вось-вось, здаецца, як зярняткі, выпырснуць балельшчыкі з трыбун»), футбольны мяч нагадвае зямны шар. Ідзе гульня. І паэт выступае супраць бяздумнасці, безадказнасці, калектыўных псіхозаў, калі знікае чалавечая пільнасць. Ён сцвярджае чалавека, здольнага да разумнай дзейнасці.

Якраз у гэты час быў напісаны верш «Мера», у якім аўтар выклаў сваё разуменне рэчаў і грамадзянскую праграму. Паэт беглым штрыхом робіць накід сучаснай панарамы свету, «безразмернага» веку, як ён яго называе (хоць, магчыма, і не зусім удала).

К д’яблу метры і мэтры! Пакрысе, пакрысе Напаўняецца ветрам, Напінаецца ветразь, Што твой човен трасе. Дні, як белыя ватманы, Перачэрчвае быт. Прагнуць людзі і атамы Непамерных арбіт. Кантрабандай з таверны — Пырсне слова з пяра. Выспеў верш безразмерны У душы песняра. Брацкіх могілак горы — У зямлі на гарбе… Невымернае гора, Чалавек, у цябе. Дрэмле завязь у кветках — Не прагледзь, чалавек! У безразмерных шкарпэтках Скача атамны век.
Поделиться с друзьями: