Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ля аднаго вогнішча

Гніламёдаў Уладзімір

Шрифт:
Падумаюць: зашкадавала ды супраць тэхнікі пайшла… А я таму, што сумна стала, што песня з нівы уцякла. Камбайнер свішча зухаваты, Валкі нячэсана ляжаць… Ужо не зведаюць дзяўчаты адвечнай асалоды — жаць…

У яе творчасці была глыбокая повязь са светам народнага жыцця.

Прыкметна расло псіхалагічнае майстэрства, майстэрства змястоўнага падтэксту. Адна за другой з’яўляліся кнігі, талент уваходзіў у пару творчай сталасці, прыйшла слава і не абы-якая. Добра помніцца выступленне паэтэсы перад працоўнымі ў Смаргоні, дзе яна чытала вершы, расказвала аб сабе, аб убачаным і перажытым, адказвала на шматлікія пытанні. Гэта была сустрэча сэрцаў. Не забуду, як яна чытала.

З кужалю кашулю вышыла б для брата — на яго магіле васількі ды мята… З кужалю кашулю вышыла б для мужа — ён не надта хоча, я не прагну дужа. Гэтую кашулю вышываю сыну па сваёй ахвоце, па свайму пачыну. Хай за брата носіць, хай за мужа носіць, у маёй кашулі хай любві не просіць! Хай любоў знаходзіць сына па вышэўцы, каб з-за васілёчкаў спадабаўся дзеўцы. Каб з-за каласочкаў запрашалі ў хату, з-за рамонкаў белых называлі братам…

Верш узрушваў, браў за жывое, многія жанчыны выціралі хусткамі вочы, зала хвалявалася, грымела воплескамі. Гэта было яднанне паэта са сваім народам.

Думка пра народнасць творчасці Еўдакіі Лось усё больш западала ў маю свядомасць. Пры гэтым яна ніколі не зніжалася да ўзроўню непатрабавальнага чытача, ніколі не прыкрывалася фальклорам і не злоўжывала ім. У Еўдакіі Якаўлены ўсё было сваім, індывідуальным, перажытым, выпакутаваным. І ў той жа час не толькі не гублялася — павялічвалася кроўная сувязь з вялікімі абсягамі народнага жыцця, з агульнымі трывогамі і клопатам. Ліпень — месяц лета, яго зеніт. «Лірыка ліпеня» — так назвала яна сваю кнігу вершаў і паэм, якая ўбачыла свет на пачатку 1977 года.

Самы белы строй у бяроз — лірыка ліпеня… Самы цяжкі лёт у пчалы — лірыка ліпеня. Самы чысты мёд — на сталы… Лірыка ліпеня!

Гэты мастацкі вобраз — «лірыка ліпеня» — выдатна характарызуе душэўны стан паэтэсы, сутнасць яе светаўспрыняцця, мастацкага бачання, у якім паядналіся лірычная пранікнёнасць і мудрасць пражытых гадоў. Яна таленавіта ўславіла вялікі, паўнакроўны і шматстайны свет быцця савецкага чалавека — свайго сучасніка.

Апошняя кніга Еўдакіі Якаўлеўны «Лірыка ліпеня» разнастайная па зместу, думках і пошуках, але і тут паэтэса засталася вернай памяці сэрца, успамінам пра пару ваеннага ліхалецця, якую немагчыма выкрасліць з памяці — «Гараць гарады, стогне зямля, захлынаюцца рэчкі крывёй… Я развяжуся з вайной, пасля, калі стану сама зямлёй…»

У першай палавіне чэрвеня 1977 года ў Доме літаратара адбыўся яе вечар, якому наканавана было стаць таксама апошнім яе такім вось творчым вечарам — сустрэчай з прыхільнікамі свайго багатага таленту. Мне даручана было выступіць з кароткім словам пра яе жыццёвы і творчы шлях. Я расказаў усё, што ведаў пра паэзію Еўдакіі Якаўлеўны, пра тое, як трэба, на мой погляд, разумець яе вершы, пра іх своеасаблівасць. Яна, здаецца, засталася задаволенай маім выступленнем. Пасля творчай часткі паэтэса запрасіла сваіх сяброў на таварыскую вячэру, дзе давялося выступіць і ў другі раз — з тостам. Я прапанаваў падняць бакалы за яе здароўе, сказаўшы, што ў асобе Еўдакіі Якаўлеўны наша літаратура мае непаўторнага народнага паэта. Мяне падтрымалі астатнія.

— Уладзімір Васільевіч, чаму гэтага вы там не сказалі — у сваім выступленні на вечары? — раптам пачулася — ні то жартам, ні то ўсур’ёз — з другога канца — ад Еўдакіі Якаўлеўны.

Я і сам тады пра гэта пашкадаваў і цяпер шкадую, калі ўжо сказаць так, каб пачула сама паэтэса, няма магчымасці. Паэты — гэта заўважана Карлам Марксам — маюць асаблівую патрэбу ў чалавечай пяшчоце, увазе.

Яна жыла, як кажуць, страсцямі, захаплялася — кнігамі, людзьмі, працай, жыццём, паездкамі, жыла з поўнай аддачай, шчыра. Такой яна і засталася і ў сваіх творах, і ў маёй памяці.

Ды ці толькі ў маёй?

Літаратар з Палесся Уладзімір Верамейчык, успамінаючы «паэтку» (яго выраз), прызнаецца: «Еўдакія Лось усё жыццё была для мяне каталізатарам, нейкім эталонам, па якім я правяраў сваю літаратурную работу, паскараў яе, зрушваў з мёртвай кропкі. Відаць, не ў кожнага, хто піша, быў такі строгі і бязлітасны суддзя. Цяпер, з далечы пражытых гадоў, я разумею, што такая строгасць і патрабавальнасць лепш, чым бяздумнае, бязладнае захвальванне».

Мы мала любім сваіх паэтаў пры жыцці, мала ганарымся імі. А яны больш, чым хто, маюць патрэбу ў чалавечай пяшчоце і ласцы.

Паэзіі Е. Лось суджана доўгае жыццё, бо яна былга пераканана: праўда і чалавечнасць вышэй за ўсё.

Грамадзянскасць — якасць паэтычная

(Ніл Гілевіч)

Прачытаўшы Гілевічавы радкі:

Пакуль паэты будуць пець — Не быць Радзіме безыменнай, Зямлі бацькоў — не анямець! —

я падумаў, што вось тут, у іх, заключаны ўвесь пафас яго дзейнасці, крэда, ідэя патрыятызму. Пакуль родная зямля будзе нараджаць паэтаў — яна будзе мець сваё імя, сваё адметнае аблічча. Сам Ніл Сымонавіч, трэба сказаць, многае робіць дзеля гэтага. «Патрыятычнае выхаванне — наша важнейшая задача», — падкрэсліў ён у сваёй прамове на V з’ездзе пісьменнікаў Беларусі ў 1976 годзе.

Не так даўно ён справіў свой «залаты юбілей» — пяцідзесяцігоддзе, з нагоды якога Рыгор Барадулін пісаў, што «наш Ніл Гілевіч сваё пяцідзесяцігоддзе сустракае незвычайна — не ўкладваецца яго паўвекавая дата ў традыцыйныя рамкі і прывычныя паняцці. Здаецца, наадварот — па крайняй меры на два дзесяткі год спазнілася першая круглая дата: надта вялікі аб’ём работы, работы, зробленай грунтоўна, па-майстэрску. Гэта, відаць, таму, што не было ў паэта таптання на месцы, прымервання, прыкідай…» (Книжное обозрение, 1981, 25 верасня). Зроблена сапраўды шмат — тут з Р. Барадуліным нельга не згадзіцца. Але ж, думаецца, было і прымерванне, былі і прыкідкі. А як жа без іх? Іншая справа, што ў юбілейным артыкуле гаварыць пра іх не заўсёды выпадае.

Першыя, юнацкія радкі з’явіліся на свет з-пад яго пяра. недзе адразу пасля вайны. У многім яны былі пераймальныя: успаміналіся знаёмыя з дзяцінства Пушкін, Колас, Купала…

Як туман, зімовы вечар Апусціўся на палі. Задымілі ў вёсцы печы — Быццам хмаркі паплылі. Змрок гусцее па марозе, Загараюцца агні. Па прасёлачнай дарозе Хтосьці едзе на кані.

Гэта былі простыя, але шчырыя вершы пра родны край і мову, пра радасці мірнага жыцця і працы, пра хлапцоў — равеснікаў, першае каханне…

Апісальнасць нярэдка падмацоўвалася пранікнёным лірызмам:

Я ў гэту ноч ліпнёвую Іду сцяжынкай вузкаю, Сцяжынкай жытнёваю, Зямлёю беларускаю.

Уважліва ўглядаецца юнак у аблічча роднай зямлі, у твары землякоў. Гэтаму, здаецца, садзейнічала таксама і работа, якую ён выконваў. Яна была ў яго таксама паэтычная — калгасны паштальён! Калі на веласіпедзе, калі пешшу — разносіў ён людзям пісьмы, газеты, кнігі… Уражанні і жыццёвыя назіранні дабратворна адбіваліся на складанні вершаў, але да першай кнігі заставалася яшчэ далёка. З’явілася яна — зборнік «Песня ў дарогу» — у 1957 годзе. К гэтаму часу аўтар паспеў скончыць Мінскае педвучылішча імя Н. К. Крупскай, папрацаваў год настаўнікам, паступіў на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта імя У. І. Леніна, а затым пасля яго заканчэння, — у аспірантуру пры гэтым жа універсітэце.

Поделиться с друзьями: