Лясная песня (на белорусском языке)

ЖАНРЫ

Поделиться с друзьями:

Лясная песня (на белорусском языке)

Шрифт:

Пiлiп Пестрак

Лясная песня

Партызан Сцяпан Хомчык, iдучы з вёскi ў лагер, сеў ля дарогi пераабуцца. Дарога вiлася праз густы выносны лес. Сосны перамешвалiся з дубамi i бярозамi, а ўнiзе - арэшнiк, шыпшына i, урэшце, ягаднiк ростам па каленi. Пераабуўшыся, Хомчык прылёг, закурыў, i яму прыемна было адчуваць велiч, дрымучасць лесу.

Быў познi ранак, але ў лесе яшчэ стаяла свежасць - туманы сплылi нядаўна.

Недалёка, па той бок дарогi, нехта заспяваў. Пачуўся жаночы пералiўны голас. Хомчыку здалося, што ён ужо слухаў падобныя напевы недзе ў далёкiм мiнулым. Цяпер гэты напеў стаў выклiкаць у яго памяцi знаёмыя вобразы з жыцця ў роднай вёсцы.

"Як гэта ўсё здаецца даўнiм..." - падумаў ён, ловячы мелодыю.

А песня наблiжалася. I, урэшце, з гушчынi лесу на ягадную паляну пры дарозе выйшла маладзiца з пляцёнкай за плячыма i прывязаным да хвартуха збанком. Яна павесiла пляцёнку, засланую лiстамi папарацi, на галiну невялiкай бярозкi i сама нагнулася да ягад.

Хомчык ляжаў, не варушыўся. Маладзiца, збiраючы ягады, спявала ўпаўголаса.

Хомчык прыглядаўся да яе i слухаў. Слухаў не толькi мелодыю, але i словы. Нейкая дзiўная песня - i ласкавая i разам страшная.

Не шумi ты, лес, цё-ёмнай но-очкаю...

Не завi мяне-е-е, муж, сваёй жонкаю-ю-ю...

"Фу, гэта дык песня", - падумаў Хомчык.

Я й прыгожая, я й удалая,

Як бярозанька, маладжавая...

Хомчык змерыў вокам маладзiцу з галавы да ног i ўсмiхнуўся: "Так, яна, як бярозанька".

А ты б'еш мяне, колькi хочацца,

I з вачэй маiх слёзы коцяцца...

"Гэта ўжо нi к чаму, - думаў Хомчык...
– Якi дурань можа бiць такую?" - Як бы нешта вострае кальнула ў сэрца Хомчыку. Ён хацеў падняцца, але яна спявала далей:

Ой, пайду я ў лес, там загiнуся,

Ад цябе навек я адкiнуся.

– I правiльна...
– амаль не ўголас сказаў Хомчык. Маладзiца выпрасталася i спявала ўжо на ўвесь голас - вось зусiм блiзка ля Хомчыка:

Не шукай мяне ты з расiцаю,

Не гукай мяне над крынiцаю...

– Аб кiм жа так спяваеш?
– раптам спытаўся Хомчык.

Маладзiца крутнулася ўбок, крыкнуўшы "ой", i збялела:

– Хто вы? Ой, як жа я спалохалася... Сэрца калоцiцца... Хто вы, пытаюся?

У Хомчыка ад усмешкi прыгнуўся яго крыху дзюбаты нос, шэрыя вялiкiя вочы жыва забегалi.

– Не бойся, не бойся, - нiбы разважаючы, сказаў Хомчык.
– Я свой, свой. Сама ведаеш, што тут нi палiцыi, нi немцаў няма, а толькi партызаны.

Маладзiца паглядзела на тую чорную мецiнку на выцвiлай шапцы Хомчыка, дзе была некалi пяцiкутка-зорачка.

– А хто ж вас адразу разбярэ? Але ж i спалохалася... Проста, як у зямлю ўрасла...

Яна паправiла хустку, абцягнула кофтачку. З-пад хусткi вiдаць былi цёмныя валасы. Даўгаваты твар з выпуклым iлбом, а пад тонкiмi доўгiмi брывамi вялiкiя вочы невыразнага колеру. Яны, здаецца, мянялi свой колер то цямнелi, то рабiлiся шэрымi. Моцны румянец на шчоках, змешаны з загарам, нагадваў лясную прыроду, поўную паху траў i дрэў. Сакавiтыя вусны пры ўсмешпы пад крыху задзёртым носам паказвалi радок белых зубоў.

Гэта была сiла i краса ад зямлi i лесу.

– Прысядзь, - сказаў Хомчык.

– Няма часу. Трэба спяшацца дадому. Позна ўжо, хату адну пакiнула.

– А што, хiба ў цябе нiкога няма?

– Няма. Жыву адна, як ведзьма, у лесе.

– Як у лесе? А не ў вёсцы?

– Мая хата ў самым лесе, крыху ў баку ад вёскi.

– Ты замужняя?

– Была. А цяпер - не.

– А дзе муж?

– Памёр...
– сказала i нахмурылася, - туды яму i дарога.

– Што так?

– Дрэнны быў... Не любiла я яго. Шалёны быў, брыдкi. Бiў мяне часта... Маладосць папсавала праз яго.

– Ага, вось чаму ты i песню такую спяваеш.

– Песня не мною зложана... Старая гэта песня... Яшчэ мая мацi яе спявала... Трэба iсцi дахаты...
– сказала i пайшла да бярозкi па пляцёнку, амаль што поўную ягад. Затым вярнулася да Хомчыка, якi ўвесь час назiраў за ёй. I дзiўнае рабiлася ў душы Хомчыка. Уварвалася нейкая цеплыня i прыцiхла там, стаiлася. Былi такiя хвiлiны, што яму хацелася ўзяць гэтую лясную жанчыну на рукi i панесцi невядома куды, але Хомчык зараз жа засаромеўся такiх думак.

– А чаму не выходзiш замуж?
– спытаўся ён.

– Не хачу. Астрашылася аднаго замужжа i больш не хачу. Мусiць, мая доля такая. Ну, бывайце. Наце вам ягад на дарогу!

Хомчык устаў. Па салдацкай звычцы працягнуў пальцамi па поясу i паправiў гiмнасцёрку. Ускiнуў на плечы аўтамат i ўзяў ягады з рук маладзiцы.

– Э-э-х, ты...
– уздыхнуў, - марнуеш сваю маладосць...

– Не я вiнавата... Скаламуцiлi жыццё бацькi, радня... Ну, бывайце, шчаслiвай вам дарогi... Баюся, каб хто ў хату не ўлез. Пабягу...

– А як цябе завуць?

– Мяне? Аксеня... Дземяновiч...

– Ну, бывай... Дзякую за ягады.

Разышлiся ў процiлеглыя бакi. Хомчык iшоў адзiн лясной дарогай задумёны. Часамi пацiраў сабе лоб i разважаў: "Праўда гэта ўсё было цi казка?" Здалёку данеслася песня. Хомчык стаў i паслухаў. "Так, тая самая песня"...
– падумаў ён i пакруцiў галавою.

Група партызан - дзесяць падвод - ехала ў вёску памагчы сялянам заараць зямлю пад жыта. Сярод iх быў i Сцяпан Хомчык. У яго на возе нават ляжаў плуг. Калi толькi наблiзiлiся да вёскi, Хомчык у першага сустрэчнага хлопца-пастушка папытаўся, дзе жыве Аксеня Дземяновiч. Хлопец паказаў дарогу, i Хомчык зараз жа звярнуў направа краем лесу. Сама вёска засталася ад дарогi ўлева. Уехаў у малады сасоннiк i падумаў нават, можа хлопец яго ашукаў, бо некранутасць, гушчыня маладога сасоннiку нiяк не нагадвала таго, каб тут было якое-небудзь жыллё. Але сасоннiк скончыўся, i паказалася палянка. На ёй - агарод, абнесены плотам з жэрдак. Грушкi, слiвы, вiшнi стаялi пры травянiстай дарожцы, якая вяла на падворак. Тырчаў журавель студнi, а збоку хлевушок амаль што хаваўся ў сланечнiках. Злева ад яго хата з увагнутай саламянай страхою, маленькiмi аконцамi i шырокай прызбай. Гэта была не хата, а хатка, як з казкi, - на курыных ножках. Яе акенцы глядзелi праз агарод проста ў лес, якi шумеў тут жа за хлевушком. Па другi бок хаты, за яе глухою сцяною, адкрывалася поле. Супроць пярэдняй сцяны, дзе было толькi адно акно, стаяла старая разложыстая груша, а пад самым акном кветкi, збоку лапушыўся куст бэзу, а недалёка ад яго харашылася мальва. Збуцвелы плоцiк агароджваў гэты сцiшны гародчык аж па самую грушу.

Ля парога расла высокая бяроза, якая сваiм галлём завешвала амаль усю шырыню падворка. Сюды i пад'ехаў Хомчык. Дым вiўся з ледзь прыкметнага над страхою комiна. На бярозе i грушы шумела птаства. Блiшчэла раса на агароднiне: на агурках, гарбузах, моркве, на чырвоным маку.

З хаты выйшла Аксеня. Яна была ў саматканай сарочцы з вышытымi рукавамi вышэй локця i босая; белая хустка, завязаная наспех, спаўзала на патылiцу. Усё гаварыла за тое, што гаспадыня ўвiхаецца ля печы i спяшаецца.

– Добры дзень!..
– прамовiў Хомчык.

– Добры дзень... Куды ж гэта так рана?
– спыталася Аксеня i зараз жа пальцамi памацала гузiкi на грудзях, правярала, цi зашпiлена сарочка. Аксеня была крыху збянтэжана. Вочы яе з бляскам бегалi пад густымi брывамi. Хомчыку не зусiм спадабалася такое пытанне - ну, як гэта яна не здагадаецца, чаго прыехаў?

– Зямля ў цябе ёсць?
– спытаўся.

– Ёсць...
– адказала.

– Араць яе трэба?

– Трэба, - кiўнула, i вусны расплылiся ва ўсмешцы.

Книги из серии:

Без серии

Комментарии: