Лясная песня (на белорусском языке)
Шрифт:
Яны адышлiся аж на дарожку пад слiўкi i некаторы час аб нечым гутарылi.
Аксеня час ад часу паглядала ў той бок. Трывога адбiлася ў яе на твары, i рукi ўжо неяк неахвотна гарнулiся да працы.
Кавягiн развiтаўся з Хомчыкам i спешна адышоў.
– Iду па конi, Аксеня!
– сказаў Хомчык, падыходзячы.
– Зараз жа трэба ехаць у лагер. Такi загад камандавання.
Аксеня зiрнула на падворак i маўчала, апусцiўшы вочы. Урэшце знайшлася на словы:
– Ну што ж... Вайна, саколiк... Нiчога не зробiш.
Хомчык адчуваў, што адбывалася ў яе ў душы. Бачыў, як яна змагаецца з наплывам пачуццяў. Яму зрабiлася неймаверна шкада гэтай цудоўнай жанчыны. Сеў, абняў яе, цiха i моцна прыгарнуўшы да сябе, пацалаваў...
– Не тужы, Аксеня...
– цiха прамовiў ён i, ускочыўшы з месца, накiраваўся ў лес.
Аксеня выцерла слёзы фартухом i пайшла ў хату.
...Конi стаялi запрэжаныя. Аксеня клала на воз мяшок i торбы: быў там хлеб, сала, сушаны сыр, дзве змены бялiзны i нават клубочак нiтак з iголкай.
Праводзiла яго праз увесь сасоннiк аж да канца. Пры развiтаннi спыталася:
– Няўжо ж такi нiколi не заглянеш? Хiба куды ад'едзеце адгэтуль?
– Добра яшчэ не ведаю. Здаецца, што ад'едзем, дарагая. Але гэта ненадоўга. Сюды потым усё роўна вернемся. Чуваць нешта пра блакаду, Аксеня... Але яшчэ добра не ведаю...
– Забяры мяне з сабою. Чаго мне цяпер жыць адной?
Хомчык падумаў: "Цяжка гэта..."
– Пагавару з камандзiрам... Бывай, дарагая, не тужы. Я заўтра пастараюся падскочыць да цябе.
Аксеня iшла назад праз сасоннiк, i крыху блыталiся яе ногi. Не чула шуму птушак, якiм абгалошваўся абмыты дажджом сасоннiк. Калi яна апынулася на сваiм падворку, упершыню адчула цяжар адзiноцтва. I бяроза, i груша, i хатка - усё глядзела на яе цiхiм сумным вокам. Яна ўвайшла ў хату, упала галавою на падушку i заплакала.
Назаўтра быў ветраны дзень. Вялiкiя хмары плылi адна за другою i часам закрывалi сонца. Хомчык прыехаў да Аксенi пасля абеду верхам. Спяшаўся, нават не хацеў паесцi, але Аксiня ўпрасiла. Сама яна выглядала прыбiтай, зхварэлай.
– Цяпер, дарагая, i не ведаю, калi да цябе вярнуся, - сказаў Хомчык, развiтваючыся з Аксеняй.
– Сiла вялiкая немцаў iдзе на блакаду, аж сорак чатыры тысячы. Будзем разбiвацца на дробныя групы i манеўраваць... Трэба насельнiцтва падрыхтаваць, каб закопвала ў зямлю сваё дабро. I ты зрабi тое самае. Старайся схавацца, каб немцы не забiлi... Яны будуць палiць вёскi... Трэба, каб усе ведалi аб гэтым.
Аксеня тулiлася да грудзей Хомчыка i казала:
– Вазьмi мяне з сабою...
– Не тужы... Сустрэнемся... Я цябе не забуду.
– I, тулячы апошнi раз Аксеню да сябе, ён прыклаў свае вусны да яе вуха i шапнуў: - Не забудзь, дарагая, што я табе казаў учора... Глядзi, не губi... Радзi...
Яна прыпала тварам Хомчыку да грудзей i слухала яго сэрца.
– Яшчэ раз кажу, не забудзь. Я вярнуся...
– сказаў ён перад тым, як ускочыць на каня.
Конь з месца паплыў па дарожцы мiж вiшань i слiвак шырокаю, плаўнаю рыссю... Яго праводзiў засмучаны позiрк Аксенi.
1947 г.