Лятучы Галандзец
Шрифт:
Такой задушэўнасцю гучаў гэты невядомы голас, што ў Касачэўскага слёзы прасіліся на вочы. Што гэта было? Казка?
Я не аддам яму кахання руту. О дарагі мой, мой няшчасны край, Я паміраю. Вось яна, атрута. Бывай, зямля. Каханы мой, бывай.Голас сарваўся ад хвалявання, ад відавочнага болю.
О, як пячэ! Каханы мой, мой любы. Хутчэй сюды праз хвалі ўcix марэй. Цалуй мяне ў мярцвеючыя губы. Канец... канец...Голас заміраў. Адначасова пачулася шапаценне i стук ад падзення цела. Не памятаючы сябе, Касачэўскі кінуўся ў пакой:
– Што вы робіце?! Супыніцеся!
І асекся, разумеючы, што зрабіў вялікае глупства і недалікатнасць.
У пакоі на падлозе ляжала дзяўчына. Касачэўскі не паспеў заўважыць, прыгожая яна цi не. Ён заўважыў толькі яе ўбор, аксамітную вішнёвую сукню старажытнага крою i сярэбраны, тканы "караблік" на доўгіх косах.
Дзяўчына павольна ўстала з падлогі.
– Што гэта такое?
Ніхто не мог бы сказаць гэта больш годным тонам, i Касачэўскі мармытнуў:
– Прабачце, я стукаў. Але вы не адказалі. Пасля я пачуў... і кінуўся...
– Я зyсiм яшчэ не збіраюся паміраць.
Касачэўскі быў гатовы праваліцца праз зямлю. Ён стаяў нязграбны, вялікі, пераступаў з нагі на нагу. Бялявыя валасы, як страха, падалі ў яго на сінія, як неба, вочы.
– Даруйце, я проста не ведаю, у якое стагоддзе я трапіў.
Яна замест адказу сказала горка, наступаючы на яго:
Пакіньце гэты дом, шаноўны пане. Чакаюць коні вас. Грыміць труба. А тут жалоба, слёзы на світанні, I па забітых вечная журба.Лявон не заўважыў дзіўнага агеньчыка ў яе вачах i збянтэжана пакланіўся. Пасля падаўся задам да дзвярэй.
– Д-добра. Я... пайду. Прабачце. Я перашкодзіў з гэтай атрутай...
I тут яна разрагаталася.
– Чакайце, куды вы? Раз вы зайшлі, дык растлумачце хоць, нашто я вам.
I тут Касачэўскі выпаліў:
– Слухайце, калі вы пакінеце дурыць мне галаву? Што тут, уласна кажучы, адбываецца? Ці, можа, усе людзі звар'яцелі, ці я адзін вар'ят? Дзе я, нарэшце?
Яна зноў стала сур'ёзнай.
– Вядома, у... наццатым стагоддзі. Чуеце, коні грукаюць капытамі. Бачыце, у гэтым пакоі адна толькі люстра; а там, за сцяной, зала і зброя на сценах... І мой жаніх загінуў у моры.
Касачэўскі зажмурыў вочы i скалануў галавою:
– Хто ж вы, нарэшце? Марыя?
– Так. Нашто завітаў сюды вандроўны рыцар? Я сапраўды Марыя.
– Тады гэта вам, - сказаў Лявон, канчаткова адмаўляючыся зразумець што-небудзь у гэтай фантасмагорыі.
Яна ўзяла ліст i пачала чытаць. Вочы яе сталі вялікімі.
– Прабачце, я дрэнна ведаю нямецкую мову. Адкуль у вас гэта? Можа, я не так зразумела?
Касачэўскі пераклаў.
– Адкуль? Што гэта такое?
– Я сёння атрымаў гэты ліст непасрэдна з "Лятучага Галандца", у моры.
Настала яе чарга аслупянець.
– Што гэта, жарты? Хіба гэта магчыма?
– Нічуць не больш, чым у цэнтры сучаснага города сустрэць здань, якой амаль трыста год, жывую здань.
Яна задумалася, пасля цixa сказала:
– Так, гэта не менш дзіўна. Гэта... як лёс. I ўсё ж гэта толькі непаразуменне.
Касачэўскі толькі тут разгледзеў яе твар. Добры прамы нос, рот цвёрды, з гумарыстычнай складкаю, у агромністых шэрых вачах скачуць вясёлыя чорцікі. Вейкі доўгія, загнутыя бровы стрэламі, свае, нявышчыпаныя. І гордая пасадка галавы. Відаць, што дзяўчына з характарам. Дзіўна толькі, чаму такі знаёмы-знаёмы твар, такія да апошняга знаёмыя прыгожыя pyхi.
– Недзе я вас бачыў... І ведаю, што не знаёмы.
– Напэўна, у мінулым жыцці.
Касачэўскі пакрыўдзіўся. У яго таксама быў характар, хоць сам ён выгляд меў вельмі вясковы, немудрагелісты, - як рубель для сена.
Магчыма, гэта i прывяло да наступнага. Адчуваючы, што жарты завялі надта далёка, яна сказала:
– Там вы біліся за мяне на турніры.
– Які ў мяне тады, быў, аднак, дрэнны густ, - злосна сказаў Касачэўскі.
– Oгo! Гэта пачынае мяне цікавіць.
– Яна нахіліла набок галаву. I раптам дадала вельмі проста i шчыра:
– Ведаеце што, раз ужо так атрымалася, дык пасядзіце тут. Мне хочацца выявіць усё да канца. Я зараз
згатую чай.
Касачэўскі зняможана сеў на крэсла ля стала. Яна выйшла. Чортава асоба! Штохвілінна новы характар, новы чалавек. Глупства, вядома, сядзець тут і пасля такой прэлюдыі папіваць чаёк, але ж цікава ведаць, чым гэта скончыцца.
За чаем яна тым самым спакойным i даверлівым тонам спытала:
– Што ж гэта такое было? Раскажыце мне падрабязна.
Лявон нічога не ўтаіў.
– I вы адразу пайшлі сюды?
– Яна глянула на яго з цікавасцю, як быццам упершыню пабачыла.
– А вы што зрабілі б на маім месцы?
Яна задумалася, паціраючы пальцамі скроні:
– Таксама пайшла б. Адразу ж. Такое бывае раз у жыцці... Але напэўна ніхто больш не пайшоў бы. Гэта рэдкасць. Для гэтага трэба вельмі верыць у жыццё, у тое, што яно не падманіць.
Яна ўсё больш цікавіла Лявона.
– Хто ж вы такая?
– Я Марыя, - сказала яна, глянуўшы на яго глыбокімі вачыма.
– Я сапраўды Марыя. Шкода толькі, што не тая. Я артыстка Марыя Якубовіч. Вы рэдка бываеце ў тэатры?
– Дык вось дзе я мог вас бачыць! Я толькі ніяк не думаў, што вы тут.
– О, справа простая. Няўжо вы не чулі, што Чарада напісаў новую гістарычную п'есу?
– Баюся, што я апошні год быў надта заняты сваімі справамі. Чуў нешта такое. Назва, здаецца, "Краiна палае"?
– Так, з часоў пасля паўстання Вашчылы. Цудоўная рэч! Вы колькі тут ужо?
– Амаль тры месяцы.
– Ну дык вы тады i ведаць не можаце. Вырашылі круціць па п'есе фільм. А там палова сцэн тут, ля балтыйскіх берагоў, куды ўцякае герой. Ён вязе морам зброю.... Простыя людзі дапамагаюць яму. Пасля ён знікае на доўгі час. Нявесту яго прымушаюць выйсці за другога, і яна выпівае атруту. Вось гэтую сцэну вы і чулі выпадкова.
– Чакайце, няўжо сцэнарый у вершах?
– Што вы. П'есу пакуль што не ўзяліся ставіць. Але я маю звычай чытаць усё, што датычыцца героя. Дакументы, успаміны, іншыя творы пра яго. Ну i ролю гэтую цалкам вывучыла. Так мне лягчэй. Да таго ж, я думаю, што пасля таго як фільм выйдзе на экраны, п'есу будзе ставіць наш тэатр. Спахопіцца...