Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Людзі на балоце
Шрифт:

— Перадам!

Харчаў павярнуўся і, важка, моцна ступаючы, падаўся ў пакой.

Нават калі Васіль адзін пайшоў па вуліцы, галоўнай местачковай вуліцы, яму яшчэ добра не верылася, што ўся тая недарэчная, прыкрая гісторыя скончылася, што ён ужо не пад прыглядам варты, не арыштант, а вольны казак, што можа ісці туды, куды хоча, куды вядзе сэрца. Ён і не агледзеўся, як прайшоў вуліцу з радамі дробных крамак, з разнастайнымі шыльдамі і шыльдачкамі, як павярнуў к гары і паўз двухпавярховы дом «воласці» пачаў борзда ўздымацца па чырвонаглінянай каляіністай дарозе. І гару, увесь немалы, круты ўздым, адалеў ён ураз, не прыпыняючыся, не аддыхваючыся, поўны незвычайным адчуваннем нецярплівай, крылатай лёгкасці ў сабе.

Узляцеўшы на гару, убачыў перад сабой знаёмую дарогу з пабурэлым курганам справа, з голымі дубкамі, наводдаль, у цемнаватай хмурнай далечы — нізкую роўнядзь палёў, што ішлі пад самыя Глінішчы, пад хмызнякі і балоты, за якімі таіліся родныя, жаданыя Курані, — і стаў як бы больш верыць у рэальнасць таго радаснага, якое толькі што адбылося. Мітрахван казаў праўду: брала на мароз. Удзень гэта амаль не адчувалася, а цяпер, з надвячоркам, мароз вельмі прыкметна мацнеў. Па гары спераду наўкася кідаўся густы вецер, сек дробным снегавым крупіннем, абцінаў холадам, быў такі пранізлівы і дужы, што зрэбныя Васілёвы штаны і нават рудая світа, якая ліпла да ног, амаль не бераглі. Але Васілёў настрой ад гэтага не ападаў. Васіль як бы і не заўважаў холаду, борзда тупаў прадранымі лапцямі па ўкамянелай камякаватай храпе, што біла ў падэшвы, у пяткі, грэўся добрымі, вясёлымі думкамі. Думаў пра Косціка, які так удала налучыўся і — хто б мог сказаць загадзя? — так памог! Думаў пра маці: як яна там адна, як спаткае? Згадваў Валодзьку: што робіць, гарэза? Вельмі хацелася хутчэй пабачыць Гуза — ці спраўны, ці добра даглядалі гэты час, без гаспадара? Ці навезлі з балота сена — трэба заўтра ж праверыць стагі, можа, не дай Бог, расцягваюць іх злодзеі… А над усім гэтым, над неспакойнаю, бязладнаю мітусянінай думак, была радасць спаткання з Ганнай. Калі думаў пра яе, ногі самі сабой паддавалі хады, брала моцная нецярплівасць: ах, каб хутчэй пабачыць, сустрэцца, памірыцца! Ён быў так акрылены радаснай пераменай, што, насуперак сваёй звычайнай насцярожанасці, мог думаць толькі пра шчасце. Трывога да яго амаль не даходзіла, пра заляцанні Яўхіма думаў спакойна, нават бесклапотна. Што яму той Яўхім!

Пакуль падышоў да Вадавіч, насунуліся поцемкі. Мусіць, каб не снег, навокал была б густая чарната, але снег адганяў цемру, бяліў усё. Ён ужо, як соллю, поўніў ямкі ў храпе, каляіны, канаўкі, і дарога выглядала нібы па-святочнаму падбеленай. Маляр, які фарбаваў дарогу беллю, зрабіў не ўсё, але і так, і ў бела-цёмным роспісе, радавала яна вочы.

Рэчка за Вадавічамі, што перарэзвала балота і падкову грэблі, з берагоў ужо была забрана лёдам, снег, які лёг на яго, бялеў роўна, чыста. Між гэтай некранутай белі вада пасярэдзіне здавалася густой і чорнай, як дзёгаць. Калі Васіль паглядзеў на яе, зрабілася нібы яшчэ халадней.

Хоць ішоў хутка, ветраны холад абцінаў усё мацней, усё злей, асабліва ногі ў каленях. Хлопец стаў, пацёр калені далонямі, потым, каб сагрэцца, пабег, знарок па-заечы падкідваючы нагамі і прытупваючы. Перамяніўся на хаду толькі за балотам, можа, праз вярсту.

Неўзабаве, каля Глінішчаў, сышоў са шляху, узяўся проста на Курані. Хоць мог ісці і сялом, знарок абмінуў яго, каб не сустракацца з людзьмі, падаўся сцежкаю па полі, паўз могілкі. Абышоў падмерзлым узболаткам і Алешнікі, зрэзаў вялікі круг. Снег ужо начыста выбельваў сцежку і дарогу, на якую выбраўся за ўзболаткам, — хмызнякі па баках цямнелі незвычайна рэзка. Тут ветру не было, стала цяплей. Вакол панавалі цішыня і чысціня, хараство першых зазімкаў, якія асабліва хвалююць і радуюць, — і Васіль паддаваўся ўладзе гэтага хараства: недаверлівае, насцярожанае сэрца больш і больш поўнілася шчасцем. Ганна, маці, Гуз, стагі — усё было ў гэтым шчасці.

Калі наблізіўся да Ганнінага селішча, прыпыніў гон, пайшоў цішэй, гулка закалацілася сэрца: вунь плот той, тыя грушы! У хаце свяціліся вокны — праз шыбу ўбачыў мачыху каля печы і Хведзьку, які корпаўся на ўслоне. Ганны не было.

«Мабуць, к дзеўкам пайшла…»

Адарваўся ад шыбы, падаўся ў сяло. Яшчэ амаль усюды свяціліся жоўтыя, варухлівыя агні — водсветы лучыны. Сярод іх асабліва блізкі, родны вылучыў агеньчык сваёй хаты. Гарыць лучына — значыцца, маці дома, не спіць. Можа, думае пра яго, сумуе і не ведае, што ён каля парога… Васіль ужо быў блізка ад хаты, калі пачуў наперадзе Ганнін голас, мяккі шорхат крокаў.

Ён памкнуўся падацца да яе і адразу ж убачыў: яна не адна. Здалёк, праз прыцемак адчуў, хто гэты другі. Яшчэ не думаючы нічога, хутка ступіў да ясакара, што быў побач, стаяў за ім, разгублена сачыў за постацямі. Гэта была такая неспадзяванасць для яго нядаўняй радаснай бесклапотнасці.

Яны ішлі па другі бок вуліцы. Ішлі асобна, не вельмі блізка адно ад аднаго, Яўхім не хапаў яе нават за руку, ішлі проста як знаёмыя. І ўсё ж і гэта апаліла Васіля гарачай рэўнасцю, пякучай крыўдай: яна ідзе з яго супернікам, яго непрыяцелем, у такі дзень, калі ён так ірваўся да яе. Яна так сустракае!

Яўхім і Ганна набліжаліся. Ганна ішла, апусціўшы галаву, ці то хавала твар ад марозу, ці то глядзела на дарогу, на снег. Яўхім ступаў разваліста, засунуўшы рукі ў кішэні паддзёўкі, збіваючы калі-нікалі наском бота мёрзлыя камякі. Упоцемку чырвоным вочкам зырчэла цыгарка. Нават у тым, як ішла Ганна, абыякавая да ўсяго і, здавалася, таксама да яго, да Васіля, у тым, што на яго хваляванне яна нават брывом не варухнула, ішла, нібы нічога не было, вартага якой-небудзь яе ўвагі, бачылася Васілю вялікая крыўда. Тое ж, як спакойна, прывыкла трымаўся каля яе Яўхім, яго ўпэўненая, развалістая паходачка — нібы ўсё на зямлі належыць яму, — яго ганарлівая цыгарачка, ускінула ў хлопцу буру нянавісці.

«Корч… задавака… Думае, як багацце ў яго, дак і ўсё…» Яго нянавісць была тым большая, што ён лічыў, ведаў, што багацце — сапраўды ўсё, што ён — нішто перад Яўхімам. Ён адчуваў, што Яўхіму, калі захоча, — проста як чхнуць адбіць у яго Ганну. «Усе дзеўкі на багацце падкія…»

Калі праходзілі каля ясакара, Яўхім заўважыў Васіля. Ён вырваў з кішэні руку і ўхапіў цыгарку, так здзівіўся, пазнаўшы. Але гэтае здзіўленне было толькі момант, спрытны Корч тут жа знарок заступіў Васіля, схаваў ад Ганны. Адышоўшы некалькі крокаў, нахіліўся да яе, сказаў штосьці.

— Ідзі!.. Не брашы! — пачуў Васіль яе адказ. Ганна раптам засмяялася.

Смех гэты пранізаў сэрца. Васіль недарэчна, разгублена паправіў торбу і, не цямячы больш нічога, не бачачы, як сляпы, выступіў з-за ясакара.

Частка другая

Раздзел першы

1

Калі Васіль прачнуўся, у хаце яшчэ ўсе спалі. Але як толькі ён стаў, сапучы, усцягваць адзежу, маці ўсхапілася, пачала завіхацца каля комінка. Лучынка ад вугольчыка, выкапанага ў печы, разгаралася неахвотна, і Васіль выправіўся на двор, не дачакаўшыся, калі агонь асветліць хату.

На ганку ён аж захлынуўся ад халоднага, нейкага прасторнага паветра. Было не цёмна, не так, як мінулымі начамі, а шаравата, і ў гэтай шэрані кідалася ў вочы, якое ўсё навокал белае, чыстае, як бы прыбранае на свята. Гэтая чысціня весяліла, як бы сама абяцала радасць: Васіль пачуў прыліў незвычайнай, бесклапотнай бадзёрасці. Ён гатоў быў ужо молада, як выпушчаны на волю жарэбчык, скочыць з ганка, калі ўсярэдзіне заныў такі жывы неспакой, замутніў чысціню, святочнасць напамінкам: Ганна ідзе з Глушаковым Яўхімам… Яўхім нахіліўся да яе, штосьці сказаў — засмяялася… Ён, Васіль, за ясакарам з торбай…

Васіль ціха сышоў на снег, паволі, важка патупаў к хляву. Гуз, пачуўшы яго крокі, з надзеяй заржаў, дзьмухнуў у твар цеплынёю. Васіль пачухаў яму за вухам, вобмацкам прабраўся ў закутак, прынёс у абярэмку сена. Калі Гуз пацягнуўся к сену, захрумстаў, Васіль, памякчэлы, лагодны, пастаяў побач, слухаючы мілае хрупасценне, цешачыся родным пахам хлява.

Гэтыя дарагія праявы глушылі сум па Ганне, вярталі, хоць і не бесклапотную ўжо, асцярожную, радасць. Хіба ж можна было ніяк не адгукнуцца на тое, што збылося-такі жаданне: зноў, бач, тут, у родным цяпле, сваім хляве, сваёй гаспадарцы, на волі. Учора, калі заходзіў сюды, усё гэта здавалася яшчэ нібы непраўдзівым, цяпер жа радасць была яснейшай і як бы больш трывалая…

Поделиться с друзьями: