Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Людзі на балоце
Шрифт:

Настаўніку Жалудку давялося пачынаць у гэтым гомане. Гаварыў ён нясмела, ціха, і спачатку нават зблізу мала што чулі з яго гаворкі. На тых, якія шумелі, пачалі шыкаць.

— Ціхо ж бо вы! Дайце сказаць чалавеку! — бухнуў нарэшце Пракоп.

— Ужэ месяц, як у школе ідуць заняткі, — стала вальней гаварыць настаўніку, — а ходзяць у школы з Куранёў толькі двое — Дзяцел Соня і Глушак Сцяпан.

— Добра хадзіць яму, бацьку такога маючы! — перабіў Хоня Жалудка, і згодны гоман зноў прыцішыў настаўніка.

Васіля вельмі мала цікавіла тое, што казаў Жалудок, куды з большай увагай сачыў хлопец за тым, хто паяўляецца з сянец. Ганны не было і не было. Нечакана позірк яго наткнуўся на іншую постаць, якая ўраз захвалявала хлопца. Васіль не паверыў, прыгледзеўся: не, памылкі тут не было, у дзвярах стаяў ён! Васіль мімаволі насцярожыўся: вось хто, аказваецца, павінен быць з воласці! Але чаго ён стаіць за другімі, упоцемку, не ідзе за стол? Перарываць сходу не хоча ці ахвота паслухаць адсюль, неўпрыкметку?

— Няхай Сцяпан з багатай сям'і, — пярэчыў настаўнік. — Але ж у школу ходзяць і бяднейшыя. Ну, от Дзяцел Соня з вашых, — Жалудок кіўнуў на Андрэя Рудога, Сонінага бацьку. — Багато бедных дзяцей ходзіць з Багуслаўца, з Глінішчаў. Я ўжэ не кажу пра Алешнікі. У Куранях болей за ўсё такіх, якія не ходзяць у школу…

— А з Мокуці богато ходзіць?

— З Мокуці таксамо, — прызнаўся Жалудок.

— А з Хвойнаго?

— І з Хвойнаго. Ім няма як дабрацца…

— А нам е як? Адзін чорт, што з Куранёў, што з Мокуці!

— Як мокро, дак лягчэй на той свет, чым у Алешнікі вашы!

Людзей зноў як прарвала. Жалудку не давалі слова сказаць: гаварылі, крычалі, не слухаючы нічога і нікога.

— Хай бы сам настаўнік сюды хадзіў, калі ўжэ так трэба…

— А хто мне за дзіця маё рабіць будзе? Ёсель юравіцкі?

— Сказаў: алешніцкія ходзяць! Кеб у нас була школа!..

— А рабіць хто школу тую будзе? Плаціць за яе?

— У чым жа яно пойдзе ў макрэчу да ў холад — голым свецячы!

— Добра казаць яму — на казённай палучцы!

— Мой дак меншых глядзіць усю зіму!..

Жалудок слухаў гоман моўчкі, цярпліва: спрачайся не спрачайся, усё роўна не пераможаш. У Дубадзела на гэта было іншае меркаванне — ён ускочыў, замахаў рукамі:

— Грамадзяне куранёўцы!.. Прашу!.. Заклікаю ўсіх!

Але куранёўцы не хацелі слухацца ніякіх просьб і заклікаў ні яго, ні тым больш Грыбка, які памагаў вяла, абы для выгляду:

— Дзядзькі, цёткі!.. Ей-бо, як малыя!..

Калі шум нарэшце апаў, Жалудок выняў з кішэні згорнутую паперку.

— Я от зараз пачытаю спісак дзяцей, каторым трэба хадзіць у школу, і яны не ходзяць. — У хаце зноў захадзіў гул, але ўжо не дружны, з перапынкамі. Настаўнік чытаў прозвішча за прозвішчам, выбіраючы цішэйшыя хвіліны. Калі ён скончыў чытаць, Дубадзел строга, тонам, у якім таілася нейкая рашучая пагроза, загадаў:

— Дай мне спісак еты!

Ён моўчкі перачытаў паперку, згарнуў і з той жа незразумелай, пагрозлівай затоенасцю паклаў у кішэню гімнасцёркі. Гэты загадкавы манеўр прыкаваў да яго ўвагу, прымусіў усіх прыціхнуць.

Тут папрасіў слова, незвычайна голасна, палымяна загаварыў Руды:

— Куранёўцы, усё, што тут, та-скаць, ізлажыў наш настаўнік і інцілігент Сцяпан Уласавіч, трэба кожнаму запомніць і ўзяць на заметку. Ён уцэліў правільно. Дзядзькі, а таксамо і жанчыны, маткі, падумайце, што скажуць нам нашы дзеці, калі вырастуць цёмнымі, так сказаць, невукамі. Не скажуць яны нам свайго «дзякуй». Бо, як пісаў вялікі расейскі паэт Мікалай Аляксеевіч Някрасаў, невукам у будушчым жыць будзе багато цяжэй, чым усім нам, таму што, та-скаць, наступіць новая епоха. І невучоным не будзе дарогі ні туды ні сюды!..

Куранёўцы слухалі яго без цікавасці, дзе-нідзе пасмейваліся: ведалі — Рудога хлебам не кармі, а дай слова сказаць. У гэты час і пайшла па дзядзьках і цётках навіна пра ціхага госця — усё больш і больш аглядвалася іх на сенцы, шукалі позіркам чужой постаці ў прыцемку каля дзвярэй. Перасталі аглядвацца, прыціхлі, калі Руды сеў і азваўся сіплым, скрыпучым голасам стары Глушак:

— Канешне, дзяцей трымаць дома ў цяперашні час — не вялікая патрэба. Не так тае карысці з іх і памогі, як шкоды. А ў школе — праўду кажуць тут — маглі б набрацца розуму…

Глушак не тое што на сходах, а і дзе-небудзь на прызбе гаварыць попусту не любіў; словы, як грошы, выпускаў неахвотна, і слухалі яго так уважліва, як бы ён даваў гэтыя лічаныя грошы. Васіль, ды, мабыць, і не адзін ён, падумаў — што ж гэта магло ўцягнуць старога ў такую трату? «Хоча, мабуць, кеб начальство пачула. Паддобрыцца хоча…»

— Дак так і пастановім, — сказаў Дубадзел, — штоб дзеці, каторыя тут вычытаныя булі, з заўтрага пайшлі ў школу. А каторых бацькі не выправяць дзяцей, то няхай дабра не чакаюць. І за ето прашу ўсіх падняць рукі.

Ён сачыў позіркам, які не даваў ніякай надзеі на літасць, — рукі куранёўцаў уздымаліся нялёгка, але ўсё ж уздымаліся. Толькі пасля гэтага галасавання дайшла да яго вестка, што Апейка ў хаце, і ён запрасіў госця з Юравіч к сталу.

— А цяпер, грамадзяне вёскі Курані, — мімаволі аглядваючыся на старшыню валаснога выканкома, прыкметна памякчэла загаварыў Дубадзел, — пяройдзем да другога пытання — аб тым, якое ў нас на сённяшні дзень міжнароднае становішча, і — пра падатак… Становішча наша на сённяшні дзень украпляецца. Рабочыя, усе гарадскія людзі сільней украпляюць змычку з сялом, а сяляне па ўсёй краіне ахвотна выконуюць падатак і ўсе іншыя абавязацельствы. Зноў жа нашы ворагі скрыгочуць зубамі, але баяцца паткнуцца да нас, бо помняць грамадзянскую вайну. Толькі адно пагано на сённяшні дзень, што наш народ — браты нашы і сёстры, каторых аддзялілі ад нас граніцаю паны, гібеюць пад прыгнётам і церпяць ад етых паноў пяты год усякія здзекі…

Васіль толькі падрыхтаваўся слухаць гаворку пра самае важнае, якое з усіх спраў на сходзе адно і турбавала, — пра падатак, — калі раптам не ўбачыў, а адчуў — увайшла Ганна. Увесь вечар, што б ні бачыў, аб чым бы ні думаў, чакаў яе, таму заўважыў адразу, як толькі паявілася яна ўслед за Хадоськаю.

Штосьці гарачае, як пара, заліло Васіля. З гэтага моманту ён амаль нічога не чуў, амаль нікога, акрамя яе, не бачыў. Ні Дубадзела, ні Апейкі, нікога іншага як і не было цяпер у хаце. Але калі ён, сам не хочучы таго, насуперак усяму, што казаў розум, як апантаны лавіў кожны яе рух, яна хоць не магла не думаць, што ён тут, нават вокам не кінула. Так, не тое што без увагі, але без хоць бы якой звычайнай цікаўнасці да Васіля, ганарлівая, непадступная, праціснулася яна між людзей паўз самага хлопца, дабралася да ложка, села побач з Хадоськай. Штосьці сказала Хадосьцы, кпліва ўсміхнулася, стала з тым жа ганарлівым выглядам пазіраць на Дубадзела, слухаць.

Поделиться с друзьями: