Людзі на балоце
Шрифт:
Пад павеццю снегу амаль не было, бо вецер дзьмуў з другога боку, і зямля тут цямнела, як на балоце. Ён перацягнуў калёсы к сценцы і высунуў з кутка сані, уставіў у завертні аглоблі. Калі закручваў аглоблі, завертні так трашчалі, што здавалася — вось-вось лопнуць. «Саўсім рассохліся за лето. Рыпяць, усё адно як не хочуць служыць…»
Ён успомніў учарашнюю матчыну скаргу, што няма чым паліць у печы, і зірнуў у куток, дзе складвалі дровы: там і праўда ляжала толькі некалькі галінак ды тоўсты, сукаваты смаляк, абшчапаны з бакоў. На смаляку было многа знакаў ад сякеры — відаць, маці або дзед спрабавалі пасекчы, але не маглі саўладаць.
«Трэба будзе па дровы з'ездзіць», — варухнулася клопатная думка.
Васіль намерыўся ўжо вярнуцца ў хату, узяць сякеру, як паявілася, перамагло іншае жаданне: паглядзець гумно. Адчыніў варотцы, лёгка, нецярпліва пайшоў белай сцежкай к прыгуменню. Калі ўбачыў цёмныя абрысы гумен, што цягнуліся ў ранішняй шэрані маўклівым, панурым радам, зноў ажыла трывожнасць, страшная ноч нібы зноў наблізілася. На момант аж затаіўся, ці не чутно крокаў ззаду, дотыку абрэза. Усё ж халаднаваты, нейкі асабліва свежы пах саломы з гумна, зычны рып паслухмяных гуменных варот не прайшлі міма ўвагі, устрывожаная душа адгукнулася на гэтыя родныя праявы ціхай, затоенай радасцю. Ён не зачыніў варот, і шэрань знадворку азначыла падмецены ток з горкай мякіны ў кутку, ладунак снапоў у адным застаронку і салому ў другім. Снапоў немалочаных было ўжо менш, як тады, калі ён малаціў апошні раз. Ён ведаў, што матка і дзед Дзяніс рабілі тут без яго. Васіль скінуў, разаслаў некалькі снапоў, намацаў павешаны на сук сахі цэп, размахнуўся, весела выцяў бічом па калоссі. Даўно-даўно не чуў ён у руках, ва ўсім целе такой радаснай сілы — канца, меры, здавалася, не было ёй, аж дзіва, колькі накапілася яе за тое дурное абібоцтва ў юравіцкай міліцэйскай баковачцы. Як згаладалы за акрайчык хлеба, учапіўся Васіль у выслізганае дубовае цапільна, дзівячыся з лёгкасці біча, ударыў яшчэ раз, другі, стаў махаць, махаць, біць і біць. Адно было нядобра: цемнавата ў гумне, біць даводзілася наўздагад. Як ні шкада, а хочаш не хочаш, трэба вешаць цэп зноў на саху. Да таго ж успомнілася, што пад павеццю — непасечаны смаляк: маці, мабыць, няма чаго запаліць у печы…
На астатак не ўтрываў, памахаў цэпам, як пастух пугаю, проста так, для забавы. Зноў выйшаў на белую сцежку, чуючы моц у целе, павесялелы. Пад павеццю люта накінуўся з сякераю на смаляны корч, лупіў па карчы і карчом аб калодку так, што аж у жар кідала самога. Кінуў світу на сані, у белай сарочцы біў, разламваў корч датуль, пакуль не засталіся ад яго крывулі ды трэскі.
Неўзабаве ён ужо ішоў з драўляным вядром да калодзежа, які быў на мяжы яго і дзядзькі Дамеціка сяліб. Трэба было напаіць каня. Вядро на кручок вочапа Васіль не павесіў, а кінуў, кручок не стаў зашчапляць — і так не сарвецца, не патоне. Ва ўсім тым, што ні рабіў цяпер, як бы хваліўся хвацкасцю сваёй, спрытам.
Выцягваючы вочап з калодзежа, з якога знаёма пахла мохам, старым мокрым дрэвам і вадою, ён пачуў, што з суседняга двара нехта падыходзіць, і азірнуўся. Гэта быў не Дамецік, ішоў плячысты, з васпаватым тварам малады мужчына ў вайсковай вопратцы і зімовай шапцы з вострым верхам.
— А, арыштант заявіўся! — павітаўся мужчына, здалося Васілю, з насмешачкай.
Васіль мелькам заўважыў: у таго, што падыходзіў, ад чаравікаў да самых калень былі накручаны чорныя анучы, і ногі ў іх былі падобны на вялізныя граковыя.
«Надзеў чаравікі — і хварсіць!» — з асуджэннем падумаў Васіль. Ён не так пазнаў, як здагадаўся, што васпаваты вайсковы — Міканор, Дамецікаў сын, які вярнуўся са службы. Маці ўчора між іншых вясковых навін памянула і гэту.
«Арыштант! Ну і — арыштант! А табе які сабачы клопат да етаго!» — адгукнуўся думкаю на суседава прывітанне пакрыўджаны Васіль. Міканор жа, нібы нічога і не сказаў такога, здзівіўся:
— Ты чаго — ваўкаваты такі?
— А таго… Лепей буць ваўкаватым, як авечкаю… Кеб не кусало ўсякае…
Васіль узяўся за дужку вядра, не гледзячы, сунуў вочап у бок Міканора, намерыўся ісці.
— Пастой! — паспрабаваў затрымаць Васіля Міканор. — Нядобра так, не па-суседску. Шчэ і двума словамі не перакінуліся, а ўжо грызціся сабраўся…
— А я так да другіх, як яны да мяне…
І Васіль, паказваючы, што гаварыць больш не хоча, падаўся з вядром да хлява. «Не па-суседску, бач! А ты са мной — па-суседску?.. Думае — як чаравікі ды шапку ваенную надзеў, дак і абзываць усякім словам вольна яму! Думае — калі чалавек з арышту прыйшоў, то і пляваць на яго можно!..» Васіль пагразіўся: «Скажы шчэ раз такое, плюнь! Пабачыш!»
2
Так Васіль і затаіў бы злосць на суседа, адрэзаў бы сябе ад яго, калі б гэтай сустрэчаю цяперашняе знаёмства іх і закончылася. Але пад вечар, калі Васіль прыцягнуўся з лесу з возам дроў, маці пераказала яму, што прыходзіў Міканор і прасіў зайсці пагаманіць. Васіль на гэта запрашэнне не сказаў нічога, але па тым, як нездаволена матнуў ён галавою, маці здагадалася, што яно не спадабалася сыну.
Маці не стала дапытвацца, што ж такое ўчынілася між сынам і суседам, — ведала, што Васіль усё роўна не скажа, — але не ўтрывала, каб і раз, і другі не перадаць Міканорава запрашэнне, знарок дадаючы ад сябе розныя выдумкі, якія маглі б усцешыць сынава сэрца. Сказала, што вельмі хваліў Васіля за гаспадарлівасць і прасіў, каб ён за нешта не злаваў… Дзед Дзяніс падтрымаў яе: не адведаць суседа, не ўважыць ласкай такую радасць, як прыход са службы, нягожа…
Усё ж пайшоў Васіль к Міканору неахвотна: так, абы не пакрыўдзіць маткі і не паказаць непашаны да суседа. Рашыў — пасядзіць трохі для прыліку, пагаворыць пра тое-сёе, споўніць матчын наказ і вернецца сабе…
Васіль спаткаў Міканора на двары — той нёс з сенцаў ражку.
— Заходзь. Зараз прыйду… — сказаў Міканор, ідучы.
Ён вярнуўся ў хату, атрэсваючы чырвоныя, мусіць, толькі што памытыя, рукі.
— От, брат, за гаспадарку бяруся… — Міканор выцер рукі ручніком, засмяяўся. — Забуў усё, што ўмеў. Спачатку вучыцца трэба!
— Не кажы! — запярэчыла Дамеціха, што поралася каля печы. — Чалавек падумае, што і праўда! Не слухай яго, Васілько, смяецца ён…
— Аге, смяюся! Добрыя смешкі! Паранку рабіць ужэ не знаю як!..
— Не слухай яго, Васілько. Умее, усё ўмее…
Дамеціха стала збіраць вячэру. Перад тым як сесці за стол, Міканор запрасіў і Васіля, але той адмовіўся. Некалькі хвілін потым угаворвала далучыцца да ўсіх і Дамеціха, аднак Васіль і на гэты раз цвёрда ўстаяў, даводзячы, што толькі што вячэраў дома, наеўся, аж лішне. Дамецікавы селі адны. Тады надышла цішыня: дамашнія вячэралі, а Васіль, з выгляду важны, сталы, стараючыся трымацца ўпэўнена, з вельмі ж пільнаю ўвагаю разглядваў карткі на сцяне.
Акрамя той пажоўклай ад даўнасці карткі, на якой Дамецік, малады і хвацкі, у страшнай, калматай, як стог, шапцы цягнуўся побач з нейкім незнаёмым, — картку гэту, казалі, стары Дамецік прывёз яшчэ з японскай вайны, — было тут і некалькі Міканоравых здымкаў. З іх Васіль раней бачыў толькі адзін — Міканор, стрыжаны, у гімнасцёрцы з шыракаватым каўняром, нечым як бы напалоханы. Васіль, калі пабачыў гэты здымак першы раз, аж здзівіўся: што гэта магло так напужаць хлопца? Цяпер побач з гэтымі здымкамі было некалькі новых — на кожным Міканор з невядомымі таварышамі, усе апяразаныя рамянямі, у блішчастых ботах, з шашкамі.
— Ето маё аддзяленне… — сказаў Міканор, сёрбаючы боршч.
Васіль усё ж чуў сябе ніякавата, чужым, і, разглядаючы карткі, чакаў адно той пары, калі можна будзе, не рызыкуючы прыстойнасцю, вырвацца сабе на волю. Агледзеўшы карткі і раз, і другі, ён ужо намерыўся сказаць Дамецікавым, што трэба падацца дадому, зрабіць яшчэ сёе-тое, калі на двары пачулася гамонка, крокі. Першы ўвайшоў, шумліва і весела, Хоня — «Бацько і матка». Ён быў у падранай свіце і ў падранай шапцы, але і ў гэтым звычайным сваім убранстве ўдаваў проста-такі фарсуном: так спрытна вісела напашкі світа, так смела ліпла да макаўкі шапка.