Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Меч князя Вячкі

Дайнеко Леонид Мартынович

Шрифт:

— Што будзе з намі заўтра, князь? — запытаўся ў Вячкі Якаў, які разам з усімі адбіваў наступ тэўтонаў. Вячка глянуў на яго, строга сказаў, варухнуўшы цёмнымі бровамі:

— Жыві тым, што ёсць. Прыспешваючы заўтрашні дзень, мы набліжаем да сябе змрок магілы.

Вячка сціскаў баявую сякеру, захліснутую скураной пятлёй на руцэ.

Пачыналася лебядзіная песня Вячкі.

На забаролах было сапраўднае пекла. Тэўтоны ярасна лезлі на вал. Здавалася — яшчэ напор, яшчэ адзін узмах мяча, і рухне абарона. Але акружаны горад стаяў цвёрда, мужна, стаяў да канца.

Сонца няшчадна пякло з вышыні. Воі абліваліся потам, вусны ў іх патрэскаліся. Усе з надзеяю глядзелі на неба — хоць бы кропельку вады паслала яно. Але неба свяцілася, палымнела гарачым блакітам, і ніводнай хмаркі не было над зямлёю.

Вячка таксама пакутаваў ад гарачыні, ад задухі. Востра і неадчэпна ўспаміналася яму дзяцінства. Тады карміцелька Маланка («баба-неўміруха», як казала яна пра сябе) выводзіла маленькага княжыча з церама пад дождж, пад грымучую навальніцу. Ён стаяў з вялізным драўляным кубкам у руках і чакаў, пакуль гэты кубак напоўніцца да краёў дажджавой вадою, навальнічнай вадою.

— Пі навальнічную ваду, і будзеш дужы, адважны, спрытны, як Усяслаў Чарадзей, — навучала Вячку Маланка.

Дождж сек па плячах, па твары. Дрэвы, што раслі на двары церама, купаліся ў ліўні. А маленькі Вячка цярпліва стаяў пад грымотным небам, пад маланкамі і потым, да самага дна, піў з кубка халодную навальнічную ваду, піў вялікімі мужчынскімі глыткамі. Ён адчуваў, як сіла і цвёрдасць уліваюцца ў кожную жылку.

«Паўжыцця аддаў бы за глыток навальнічнай вады», — падумаў Вячка і спусціўся з забаролаў уніз, туды, дзе ў нішы гарадской сцяны ляжалі параненыя воі. Амаль усе жанчыны Юр'ева былі тут — перавязвалі, паілі вадою, суцяшалі параненых. Была тут і княгіня Дабранега. Вячка ўсміхнуўся ёй здалёку, але не падышоў да яе, падышоў да сівабародага воя, у якога па самае апярэнне засела ў грудзях страла. Вой цяжка, з натугаю дыхаў.

— Баліць? — спытаўся ў яго Вячка.

— Баліць, — перасмяглымі вуснамі выдыхнуў вой. — Але выцягваць стралу нельга. Выцягнуць — адразу богу душу аддам.

— Цярпі, вой, — сказаў Вячка, нахіліўся і пагладзіў яго па шчацэ. Вочы ў параненага ўспыхнулі, засвяціліся, ён хацеў нешта сказаць, ды не змог, сціснуў руку ў кулак, вырваў з зямлі некалькі тонкіх зялёных травінак.

«Я вяду іх на смерць», — думаў Вячка, слухаючы стогны сваіх параненых вояў. Яны заўважылі князя. З усіх бакоў пацягнуліся да яго, як да свечкі, рукі, вочы.

— Вячка! Князь Вячаслаў! — чулася наўкол.

Ён стаяў сярод іх, і сэрца трапятала ад смутку і радасці. «Каб я мог, — думаў ён, — навальнічную ваду ўсіх нябёсаў я аддаў бы ім, сваім харобрым, сваім верным воям. Я напаіў бы навальнічнай вадою ўвесь свой народ. Мой народ! Якая моц, якая адвага і цярплівасць жыве ў ім!»

Ён хадзіў паміж параненых, заглядваў кожнаму ў твар, некаму ўсміхаўся, некага суцяшаў. Ён адчуваў, як зноў напаўняецца сілай паміж гэтых знявечаных, бяссільных людзей.

«Якім словам нашчадкі ўспомняць мяне, маіх вояў? — думаў Вячка. — Што скажуць пра нас? Я, як і ўвесь мой народ, жыў у вечных баях. На ўдар мы адказвалі ўдарам, не скарыліся нікому, ні перад кім не схілілі галаву. Такі народ не памірае. Я шчаслівы, што жыў і жыву з такім народам. Я шчаслівы, бо я чуў крык ваўкалака над Дзвіной».

Ён паспяшаўся да сівабародага воя, які ўжо канаў, сказаў яму:

— Давай пабратаемся з табою.

Зняў свой нацельны крыж, павесіў на шыю вою, а ягоны — на шыю сабе.

— Вось мы і братанічы з табою, — усміхнуўся Вячка. — Цяпер і паміраць не страшна.

У гэты самы час Генрых сядзеў у шатры Альберта, слухаў шум бою і пісаў у сваёй хроніцы: «І сабраліся ў замак Дорпат да караля Вячкі ўсе ліхадзеі з суседніх земляў і Сакалы, здраднікі, братазабойцы, забойцы браццяў-рыцараў і купцоў, завадатары злых змоў супраць лацінскай царквы. Галавой і мозгам іхнім быў усё той жа кароль Вячка, бо і сам ён даўно стаў коранем усялякага зла ў Лівоніі».

Генрых устаў, пачаў нервова хадзіць па шатры. Гукі бою ўзмацняліся, пагрозліва насоўваліся, наплывалі на шацёр. «Хто пераможа — я ці ён? — думаў пра Вячку Генрых. — Я ці ён?» Разбалелася галава. Гэтак здаралася ўжо не аднойчы, але сёння боль быў асабліва нясцерпны, востры, нібы кроплі расплаўленага свінцу лілі проста на мозг. Вядома ж, ён ператаміўся, пішучы сваю хроніку, трэба было б адпачыць, але ж чакае Альберт, чакае ўся рыжская царква. Хіба можна не спраўдзіць іхняе чаканне?

У шацёр увайшоў манах у цёмнай рызе з капюшонам. Генрых кінуўся да яго, усхвалявана запытаўся:

— Ты бачыў Вячку? Гаварыў з ім?

— Бачыў і гаварыў, як бачу і чую цябе, — адказаў манах. — Кароль адмаўляецца пакінуць Дорпат. Ён нават не стаў мяне слухаць і прыгразіў, што загадае сваім слугам шпурнуць мяне з вала галавою ўніз.

— Ты казаў каралю, што мы захаваем яму жыццё, шчодра яго ўзнагародзім, калі толькі ён пакіне гэтых адступнікаў-эстаў з Меэлісам? Што мы дадзім яму коней на дарогу да Полацка або Ноўгарада — у любы бок, куды ён пажадае.

— Кароль сказаў, што эсты ягоныя браты, а братоў у бядзе не кідаюць.

— Шалёны кароль, — разгублена прамармытаў Генрых. — Шалёны кароль…

Ён сціснуў скроні, бо жорсткі боль з нечуванай сілаю ўспыхнуў у галаве.

— Табе дрэнна, святы айцец? — пачціва запытаўся манах.

— Ідзі,— млява махнуў рукою Генрых. Калі манах выйшаў, ён лёг проста на затаптанае грубае палатно, якім быў засланы шацёр. Боль паступова слабеў, змяншаўся. Ужо гарошынка болю перакочвалася ў галаве, але і яна супакоілася. «Божа, не дай мне звар'яцець, — думаў Генрых. — Няхай звар'яцее Вячка, твой і мой вораг». Ён узняўся з падлогі, зноў паклікаў манаха і, калі той увайшоў, запытаўся:

— Ці гатовы княжацкія стрэлы?

— Гатовы, — адказаў манах. — Мы зрабілі дзесяць штук.

— Пакажы.

Манах паспешліва выйшаў з шатра і неўзабаве вярнуўся са стралой у руках, асцярожна падаў яе Генрыху. Гэта была звычайная тэўтонская страла з жалезным наканечнікам, сотні якіх несліся зараз на забаролы Дорпата. Толькі каля апярэння была навязана кароткая чырвоная стужачка. Ды Генрых ведаў, што гэтая страла не абы-якая — наканечнік у яе быў густа змазаны атрутай.

— Аддай стрэлы нашым самым трапным арбалетчыкам і няхай страляюць імі толькі ў Вячку, — сказаў манаху Генрых. Ён памаўчаў і зноў паўтарыў: — Толькі ў Вячку. Калі яго не бярэ божае слова, дык возьме божы гнеў. Ён жа не дужа хаваецца?

— Кароль Вячка — адважны рыцар, — сказаў манах. — Ён не туліцца за спіны свайго войска.

У гэтых словах Генрых улавіў як бы прыхаваную насмешку над самім сабой, што сядзіць у шатры ў той самы час, калі ісцінныя сыны лацінскай царквы пад градам камянёў і стрэл, пад ручаямі пякучай смалы ідуць на варожы вал.

— Забіце Вячку! — раптам закрычаў Генрых. — Забіце і прынясіце мне ягоную галаву!

Злосць, якую ён старанна хаваў ад старонніх вачэй, здаецца, разломвала грудную клетку, раздзірала на кавалкі сэрца. Ён і сам здзівіўся — колькі, аказваецца, жыве ў ім злосці!

Поделиться с друзьями: