Меч князя Вячкі
Шрифт:
Цяпер Вячка разумеў, што самы галоўны і самы люты ў яго праціўнік — Генрых. Мечаносцы і Альберт хочуць узяць у скораных тубыльцаў зямлю і волю, Генрыху ж гэтага мала — ён хоча забраць душу. «Душу я табе не аддам, — з халоднай рашучасцю думаў Вячка. — Душа ў мяне адна і да скону будзе належаць зямлі, якая мяне ўзгадавала. Я ведаю, чаму ты так ненавідзіш мяне і ўсіх падобных на мяне. Таму, што ты выракся свайго кораня, сваёй веры і мовы і хацеў жыць спакойна і шчасліва, але раптам убачыў, што ёсць на свеце людзі — і такіх людзей нямала! — якім даражэй за жыццё, даражэй за ўсе зямныя багацці вернасць бацькоўскаму краю. Хай гэты край бедны, хай туманы і дажджы часта засланяюць у ім сонца, але ён родны — і гэтым сказана ўсё. У цябе няма такога краю, ты страціў яго, ты хацеў назаўсёды забыцца пра яго, але ёсць няўмольны голас памяці, голас продкаў, голас крыві. І ён будзіць цябе ўначы, прымушае глядзець на цёмнае неба, на няясныя абрысы воблакаў, што плывуць і плывуць, як маўклівыя караблі, над соннай зямлёй. Што гэта? Хто гэта? Воблакі? Душы продкаў? Душа тваёй маці, пра якую ты забыўся, стараўся забыцца? Няшчасны чалавек! Ты сам аслеп і хочаш, каб усе аслеплі. Але такога не бывае, бо вочы дадзены людзям, каб глядзець і бачыць. Бачыць сваю маці, сваю зямлю, бачыць сцяжынку, што праз гора і радасць нязменна вядзе да сваёй маці і да сваёй зямлі».
Пасля раптоўнай смерці Уладзіміра Валадаравіча Вячка з дружынаю канчаткова перайшоў на землі эстаў. Было некалькі прычын, каб зрабіць такі выбар. Па-першае, тэўтоны, з усяго маху стукнуўшыся аб жалезны полацкі шчыт, зразумелі, што на Дзвіне прайсці на ўсход ім не ўдасца, і дзякуй богу, што хоць удалося замацавацца ў нізоўі Дзвіны. Усю сілу свайго напору Альберт і мечаносцы перанеслі на эстаў, ваяўнічых, адважных, але разрозненых. Запалаў агонь крывавай жорсткай вайны ў Сакале, Унгаўніі, Віроніі, Сантагане і іншых маакондах 100 . А дзе былі тэўтоны, дзе была вайна, там з'яўляўся і Вячка, нездарма ж у Рызе і ў Рыме яго аб'явілі самым страшным сваім ворагам, шалёным каралём. Па-другое, вельмі блізка сышоўся, пасябраваў князь са старэйшынам эстаў Лембіту і ягоным сынам Меэлісам, якія вялі ўпартую бязлітасную барацьбу супраць тэўтонаў. Малева 101 эстаў разам з дружынай Вячкі не адзін раз ушчэнт разбівала і мечаносцаў, і рыцараў епіскапа Альберта. Але яны, здавалася, былі шматгаловай гідраю — на месцы адсечанай галавы адразу ж вырастала новая, нават дзве галавы вырасталі, і няўмольныя жалезныя шчупальцы зноў лезлі ўперад, крышачы ўсё, што траплялася на дарозе.
100
Мааконд — у старадаўніх эстонцаў — зямля.
101
Малева — войска ў старадаўніх эстонцаў.
У тым самым баі, дзе прабілі кап'ём Каўпа, загінуў і Лембіту. Радасныя тэўтоны адсеклі эсту галаву і ў скураным мяшку павезлі яе ў Рыгу да епіскапа Альберта. У мёртвай галавы вочы былі адкрытыя, і калі галаву паказалі ўсяму капітулу, клірыкі ўздрыгнулі — такая злосць, такая ярасць свяцілася ў мёртвым позірку. Альберт загадаў патаемна ад усіх закапаць галаву Лембіту ў манастырскім садзе.
Вячка ўжо не мог спыніцца. Дарогі да прымірэння з тэўтонамі не было, ды ён і не шукаў яе, не хацеў шукаць. А тэўтоны шукалі. Некалькі разоў ад Альберта і Генрыха прыязджалі ганцы з прапановаю заключыць ганаровы мір. Альберт абяцаў Вячку, калі той пакладзе меч у похвы, вярнуць Кукейноскае княства. Кукейнос называўся ўжо Кокенгаўзенам, і тэўтоны пабудавалі ў ім каменную цытадэль.
«Ці расце там мой дубок?» — неаднойчы думаў Вячка, калі ноч апускалася на паходны лагер, калі зоркі, як строгія неадступныя вочы, пачыналі глядзець з цёмнага неба на цёмную зямлю. Князь адчуваў і разумеў, што тэўтоны з кожным годам усё больш урастаюць у Лівонію, усё больш мацнеюць і робяцца тым каменем, які не спіхнеш, не зваліш у адзіночку. Мала аднаго пляча. І ён паехаў у Ноўгарад.
Дарога заняла амаль месяц. Князь плыў на ладдзі па нетаропкіх рэках і бурных азёрах. На волаках валачане пад наглядам волацкага цівуна выцягвалі лоддзю з вады на бераг, падклаўшы пад яе дубовыя каткі. Потым ставілі ладдзю на колы — вялізную павозку, у якую былі ўпрэжаны цяглавыя коні,— і везлі да наступнай вады. Цяжка рыпелі колы. Матаючы галовамі, павольна ішлі коні, і хмары аваднёў кружыліся над імі.
Чым далей прабіраліся на поўнач, тым больш халаднелі неба і вада, больш высокімі і пушыстымі рабіліся белыя, падзалочаныя сонцам воблакі. Разам з Вячкам плылі Халадок, Якаў Палачанін, Клімята Аднарук, Мірон — так, той самы Мірошка, але ўжо з прыгожай цёмнай бародкаю — і дзесяць вояў.
Недзе пасярэдзіне дарогі прыбіліся да каравана полацкіх купцоў, дзе было шэсць стругаў, нагружаных велізарнымі шэра-жоўтымі камянямі воску, з якога наўгародскія залатары робяць мадэлі-адліўкі для сваіх будучых вырабаў, вядомых нават у Саксоніі і на Гоцкім беразе, — там іх называюць дзівоснымі.
Павольная рака мякка і няспынна каціла свае хвалі, робячы ў заліўных лугах, у сасновых барах, што высозна ўставалі на пясчаных бледна-залатых стромах, вялікія петлі. Пры набліжэнні такой пятлі стырнавы пярэдняга струга прыкладваў да губ сурму, і трывожныя, адначасна радасныя і сумныя гукі несліся ўперад, каб папярэдзіць таго, хто мог выплысці з-за павароткі, што яму насустрач ідзе вялікі караван. Вячка любіў слухаць голас бяссоннай сурмы. Было ў ім нешта ад цягучага крыку мокрай восеньскай птушкі, якая адбілася ад чарады і кружыцца, мітусіцца ў халодным, аж ледзяным небе і губляе пёры, і пёры тыя бязважка падаюць на зямлю з нябеснага змроку, як першы нясмелы снег.
Зямля, вада, святло і вецер плылі насустрач, і не было ім канца — зямлі, вадзе, святлу, ветру. Уздоўж ракі на нізкіх, вільготных берагах часам трапляліся валатоўкі-курганы, што зараслі травой і хмызняком. У тых валатоўках, кажуць людзі, пахаваны воі велізарнага росту, якія жылі на свеце яшчэ тады, калі зямля была з чыстага срэбра, а рэкі з хмельнага мёду.
Нарэшце прыплылі ў Ноўгарад. На Гарадзішчы, там, дзе Волхаў выцякае з возера Ільмень, Вячка сустрэўся з наўгародскім князем Яраславам Усеваладавічам, сынам Усевалада Вялікае Гняздо, братам вялікага князя ўладзімірскага Юрыя Усеваладавіча. «І тут, як у Полацку, князёў з дзядзінца выгналі, і сядзяць яны за горадам», — падумаў Вячка.
Яраслаў быў на чатыры сонцавароты маладзей за Вячку, высокі, хударлявы, з учэпістым позіркам невялікіх шэрых вачэй. Ён княжыў у Пераяслаўлі, Разані, Галічы і ўсюды сварыўся з баярамі, адусюль яго выганялі, але потым запрашалі зноў, бо быў ён князем адважным, рашучым, жыцця свайго ў сечы не шкадаваў. Наўгародцы таксама то запрашалі, то выганялі Яраслава. Ен з усім гэтым звыкся і весела сказаў Вячку пры сустрэчы:
— Усяго некалькі сядміц сяджу з дружынаю ў Гарадзішчы. Гайда да мяне, князь.
— Не магу, — адмовіўся Вячка. — Хачу сесці ў Юр'еве, які Яраслаў Мудры, сын Рагнеды Полацкай, заклаў на землях эстаў. Эсты называюць яго Тарпату, а тэўтоны — Дорпат. З-за гэтага і ў Ноўгарад прыплыў, прасіць у цябе, князь, і ў веча наўгародскага дапамогі. Тэўтоны ўкараняюцца на захад ад Чудскога возера, а мы робім туды толькі набегі. Трэба садзіцца там, караніцца, а то тэўтоны з датчанамі заўтра на Ноўгарад палезуць. Эсты паўсталі на астравах і на мацерыку, і я хачу пайсці ім на дапамогу, але ў мяне мала сілы.
— Без сілы тэўтонаў з ног не зваліш, — уважліва паглядзеў на Вячку Яраслаў.
— Вось і прашу ў цябе, князь, сілы і зброі.
— Зброю дам і дам сваіх дружыннікаў, але няшмат, бо сам на Калывань 102 іду, — адказаў Яраслаў.— А зараз пайшлі, князь, у Спас-Нярздзіцу богу маліцца, каб дараваў нам перамогу.
Царква Спас-Нярэдзіца нібы плыла ў сонечных промнях на невысокім узвышшы, аддзеленым ад Гарадзішча ракой Спасаўкай. Сцены, слупы, аркі, купал — усё было пакрыта фрэскамі. Прарок Давід стаяў на поўны рост, сціскаючы ў левай руцэ скрутак пергаменаў. Над ягонай галавой ззяў залацісты німб. Анёлы, здавалася, лёталі над Вячкам. Сорак пакутнікаў цёмнымі вачамі глядзелі на яго. Князь адчуў нясцерпнае хваляванне, застыў побач з Яраславам на каленях, узяў свечку, папрасіў бога:
102
Калывань — так наўгародцы называлі Талін.
— Дай Полацку і Ноўгараду перамогу.
А назаўтра ён стаяў на вечы, кланяўся вялікаму Ноўгараду, і ззяла над ім і над усімі наўгародская Сафія, бронзавыя вароты якой воі-наўгародцы прывезлі з-за мора, калі раптоўным страшным ударам знішчылі ў адзін дзень сталіцу свеяў Сігтуну. На тых варотах выбіты фігуры майстроў-ліцейшчыкаў з абцугамі і вагамі ў руках і напісана: «Рыквін мяне зрабіў».
З дапамогай Ноўгарада Вячка асталяваўся ў Юр'еве, на высокім пясчаным пагорку, які знаходзіўся сярод балоцістага лугу над ракой Змайыгі, што азначае на мове эстаў — Мацерка Вод. Князь Яраслаў стрымаў слова — даў Вячку пяцьдзесят сваіх вояў. Тры сотні эстаў прывёў юны Меэліс, які заўсёды хадзіў з лёгкім арбалетам, са скураным тулам, набітым стрэламі.