Меч князя Вячкі
Шрифт:
— Ведаеш, дзе гарыць святы Зніч? — запытаўся ў Аляксея Вячка.
— Служыў святому агню. Ведаю, — адказаў Аляксей, і бясколерныя вочы ўспыхнулі.
— Даю табе лепшага свайго воя, старшага дружынніка Халадка. Зможаш праз два дні і дзве ночы прывезці святы агонь у Кукейнос?
— Змагу, але шлях няблізкі,— прамовіў Аляксей. Вугалёк радасці гарэў у позірку.
Назаўтра кукейносцы сталі на веча, і князь Вячка, тройчы пакланіўшыся ўсім, сказаў:
— Добра пагулялі мы ў Леневардэне. Надоўга запомняць тэўтоны кукейноскі меч і зразумеюць, што за кожную нашу слязу патрэбна плаціць сваёй слязою. Толькі так! Мы не трава і не пясок, якія можна таптаць беспакарана. У нас ёсць свая зямля, свой бог, свая мова. Толькі так! З Рыгі ідзе Альберт. Уладзімір спіць у Полацку. Мы — адны. Альберт, што купаўся ў крыві ліваў і эстаў, хоча пакупацца ў нашай крыві. Ён думае і спадзяецца, што мы схілім свае выі, надзенем на іх ярмо і, стоячы на каленях, будзем сустракаць тэўтонаў. Ніколі палачане не стаялі на каленях! Ніколі не стаялі на каленях слаўныя сыны лэтаў і селаў! — Ён узняў угору кулак, і ўсе глядзелі на кулак у баявой пацёртай пальчатцы. — З дрымучай пушчы імчыцца да нас святы агонь продкаў, Зніч. Заўтра ён будзе ў Кукейносе, і заўтра мы спалім Кукейнос і чорны попел пакінем Альберту. Толькі так! Баяры, вятшыя людзі, забірайце свой скарб і сваіх халопаў, ідзіце ў Полацк і ў Літву. Купцы і людзі рукадзельныя, ідзіце следам за баярамі. А я са сваёй дружынаю таксама пайду, зраблюся князем-ізгоем, буду тут, на берагах Дзвіны, сыпаць тэўтонам вуголлі за пазуху, не дам ім ні спаць, ні піць, буду вычэсваць асінавыя калы для іхніх магіл, не пушчу псоў на Дзвіну, на наш Рубон. Толькі так!
Калі разышліся мужы-вечнікі, Вячка паклікаў Клімяту Анарука з Мірошкам, запытаўся:
— Ці гатовы ў дарогу вашы пергамены, вашы летапісы?
— Усё гатова, князь, — пакланіўся Клімята. — Наша срэбра — нашы пергамены. А тое, што любіш, несці няцяжка.
Потым паклікаў Вячка Якава з Кулінаю, сказаў:
— Я помню сваё слова, Якаў Палачанін. Заўтра кукейноскай царквы не будзе — згарыць. І пакуль божы дом цэлы, няхай павянчае вас айцец Сцяпан, а я вып'ю добрага віна за ваша шчасце.
Апошні ж загад, які аддаў Вячка Мірошку і Якаву, шмат каго здзівіў.
— Ідзіце ў лес, выкапайце малады дубок і прынясіце мне, — загадаў князь.
Яны доўга шукалі добрае прыгожае дрэўца, нарэшце знайшлі, асцярожна выкапалі, асцярожна прынеслі ў Кукейнос. Ля гарадскіх варот іх чакаў Вячка. Узяў дубок, пайшоў з ім, трымаў на руках, нібы свайго сына. Адышоўшы сажняў на дзвесце ад Кукейноса, запытаўся ў Якава:
— Не абпячэ заўтрашні агонь дубок, калі мы пасадзім яго на гэтым месцы?
— Не павінна гарачыня дасюль дакаціцца, — сказаў Якаў, прыкінуўшы на вока адлегласць да гарадскіх варот.
Вячка ўзяў лапату, сам выкапаў яму, сам пасадзіў дрэўца, старанна засыпаў карэнні зямлёй, злёгку прытаптаў.
— Расці,— сказаў дубку. — Помні пра нас. Прыйдуць чужыя, усё на свой капыл тут павернуць, а ты нас помні. Вернемся не мы, дык вернуцца нашы нашчадкі,— і пацалаваў халодную пругкую галінку.
Людзі развітваліся з горадам, з жытлом, з магіламі. Не абышлося без слёз, але так бывае заўсёды, калі раптоўная бяда ўздыме народ з абжытага месца, калі здаецца, што гора бязмернае і вось-вось рухне на галаву неба і зямля расчыніцца пад нагамі. Сівабародыя дзяды збіралі ўвесь свой род, і чулася спрадвечнае:
— Сядайце радком, кажыце ладком… І садзіліся, і гаварылі, і маўчалі…
Апошні свой дзень дажываў Кукейнос. Людзі з усім скарбам, з жывёлаю ўжо выйшлі за гарадскія сцены. Толькі некалькі дружыннікаў засталіся ў горадзе. Яны павінны былі па знаку князя запаліць паходні і кінуць іх у загадзя нарыхтаваныя, аблітыя смалою кучы дроў, якімі былі абкладзены церам, царква, дамы баяр і купцоў.
Вячка з дружынаю ўзышоў на вал, глядзеў туды, адкуль чакаўся святы Зніч. Цёплая раніца прамывала срэбнай расою вочы кветкам. Праменні сонца ляцелі з нябёсаў, разбіваліся аб крыштальную роўнядзь ракі. Нават на вале было чутно, як стракочуць у густой траве няўседы-конікі.
— Едуць! Едуць! — закрычалі воі. Тры маленькія кропкі — дзве чорныя і адна чырвоная над імі — паказаліся на небасхіле.
Неўзабаве ўспыхнуў, загарэўся з усіх бакоў Кукейнос. Гудлівае полымя рабіла сваю справу дружна і весела, але невясёлыя былі твары ў людзей, якія з чыстага поля, трымаючы на руках дзяцей, пазіралі на ўсё гэта. Вячка сядзеў на кані, сціскаў у руцэ меч, неадрыўна глядзеў на свой горад. У воблаках дыму, у слупах агню згарала часцінка ягонай душы. Але вочы былі сухія, сэрца білася роўна. Ён сам, уласнай рукою, запаліў свой дом, каб не пусціць у яго ворага. Ён збудуе сабе новы дом, бо ўсё ягонае пры ім — ясная галава, моцныя рукі і вольная воля, дзеля якой не страшна і памерці.
Гарэў Кукейнос…
Побач з князем шумеў малады дубок.
II
Мінуў не адзін сонцаварот… Шмат разоў мяняўся лёд на Дзвіне і ляцелі вясною гусі на далёкія лясныя азёры. Нарадзіліся немаўляты. Памерлі дзяды. Цякло жыццё — кароткі агеньчык існавання між начных берагоў вечнасці.
У спякотным Рыме аддаў богу душу папа Інакенцій IIІ, і адразу ж кардыналы ўсчалі між сабой грызню за папскую тыяру, за права быць «рабом рабоў божых». Ліў Каўпа, адданейшы Каўпа, як называў яго ў сваёй хроніцы Генрых, быў прабіты навылёт кап'ём эста, прыняў тайны цела божага, са шчырай споведдзю выпусціў дух і ўсё сваё дабро завяшчаў рыжскай царкве. Літоўскі князь Даўгерут памёр на халоднай саломе ў тэўтонскай турме. Яго высачылі і схапілі ў той час, калі ён вяртаўся з невялічкай дружынаю з Ноўгарада ў свае лясы.
Тэўтоны прывабілі вялікага князя полацкага Уладзіміра Валадаравіча «вечным мірам». Так бортнікі прывабліваюць пчалу на талерку з мёдам. Пад час размоў аб міры Альберт прымусіў Уладзіміра адмовіцца ад збору даніны з ліваў. Лівы пачалі плаціць даніну рыжскай царкве. Хоць запозна, але Уладзімір зразумеў сваю памылку, і калі да яго прыйшлі Вячка са старэйшынам эстаў Лембіту і прапанавалі аб'яднанай сілаю выступіць супроць Рыгі, згадзіўся, пачаў збіраць войска. Цёплай зеленатраўнай вясною войска сышлося ў стольным Полацку. Уладзімір, вясёлы і рашучы, надзеў баявую кальчугу, шлем, абпаясаўся мячом, узбег на багаты княжацкі струг пад крыкі ўсяго войска, і раптам з горла хлынула кроў. Князь упаў і памёр. Войска, якое ўжо ішло, расцягвалася ў чырвона-сінюю вужаку на правым беразе Дзвіны, спынілася, анямела. Вялікае Біла загрымела ў Полацку. Усіх тэўтонаў і лацінян, якія былі ў той час у Полацку, забілі. Баярына Доўбню схапілі ў Пятніцкай царкве і пасадзілі на палю. Але ў смерці князя ўбачылі нядобры знак нябёсаў, і войска разышлося, растала, як сакавіцкі снег.
Вячку нечаканая смерць князя таксама надоўга выбіла з сядла. Ніколі не сябравалі яны з Уладзімірам Валадаравічам, варагавалі. Уладзімір скінуў з полацкага стальца ягонага бацьку, пастрыг у чарняцы старэйшага брата Васільку. Дзе ўжо было сябраваць? І вось упершыню за доўгія гады зразумелі яны, што павінны стаць пад адзін сцяг, біць агульнага ворага, а вялікі князь узяў ды памёр. Здавалася, нават і цяпер не захацеў стаць саюзнікам Вячкі.
За час, што праляцеў з таго дня, як Вячка спаліў Кукейнос і зрабіўся князем-ізгоем, сівізна прабілася ў яго на скронях, рэзкія маршчыны ляглі на лоб. З дружынаю ў дзве сотні вояў, з княгіняй Дабранегай і трыма яе чалядніцамі, з Клімятам Аднарукам і Мірошкам, якога ўжо даўно звалі Міронам, з Якавам Палачанінам і Кулінай, у якіх ужо нарадзілася двое хлопчыкаў, вандраваў князь па лясах і балотах, то ў Літву знікаў, то на Дзвіну выходзіў і ў тэўтонскіх лоддзях днішчы прасякаў, то ішоў да земгалаў і разам з імі паляваў на рыцараў-мечаносцаў.
Тэўтоны пачалі зваць Вячку шалёным каралём і таксама стараліся ўпаляваць яго, некалькі разоў падсылалі забойцаў. Аднойчы ў гнілым балоце на левым беразе Дзвіны Халадок з воямі выцягнуў з багны страшэнна худога знясіленага чалавека, які ледзьве дыхаў. Па сівой барадзе ў незнаёмца жвава бегалі сінія балотныя жучкі. Ён ляжаў, заплюшчыўшы вочы, калаціўся ад холаду пад яркім гарачым сонцам. «Жывыя мошчы», — сказаў пра яго Халадок. І вось калі Вячка прыйшоў глянуць на няшчаснага, нахіліўся над ім, гэтыя «мошчы» раптам выхапілі з-пад бруднай закарэлай кашулі нож, і толькі крыж-складзень, што вісеў на грудзях, выртаваў князя ад немінучай смерці.
— Хто паслаў цябе? — запытаўся Вячка ў незнаёмца, калі таго вялі, каб утапіць у балоце.
— Усё роўна паміраць, — спыніўся, раўнадушна глянуўшы на князя, незнаёмец. — Скажу. Мяне паслаў клірык Генрых з Рыгі. Ведаеш такога? Ён чамусьці вельмі ненавідзіць цябе.
Генрых… Зноў Генрых… Вячка не забыўся пра яго, добра помніў Рыгу, напружаныя вочы маладога светлавалосага свяшчэнніка, якія чагосьці страсна чакалі, помніў дачку Соф'ю, што загаварыла раптам на чужой мове. Як узрадаваўся тады Генрых, якім шчасцем заззяў ягоны твар!