ЖАНРЫ

Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце

Астапенка Анатоль

Шрифт:

Канец другой стадыі палітычнай гісторыі Еўропы пачаўся каля двухсот год таму і прывёў да распаду фактычна ўсіх імперый. Новая рыса постімперскай эпохі — утварэнне шэрагу нацыянальных дзяржаў, якія складаюцца не проста з хрысціянскіх супольнасцей, як гэты было раней, а з нацыянальна свядомых грамадзян, што спавядаюць хрысціянства. Гэтая эпоха ёсць трэцяя стадыя эвалюцыі чалавечага грамадства.

Трэцяя стадыя — нацыянальны монатэiзм. Гэтая стадыя вырасла з другой стадыi, але мае шмат агульных рыс з першай. Такой рысай з’яўляецца нацыянальная адметнасць народа. Менавiта ў эпоху полiтэiзму iснавала адрозненне памiж рознымi плямёнамi па прыкмеце сваіх багоў.

Наступны вынік нашага даследвання звязаны таксама з эвалюцыйным рухам чалавецтва ў будучыню і тычыцца сістэмнага апісання грамадскіх і палітычных працэсаў.

Намі прапанавана схема 3, у якой палітычная падсістэма грамадстваў прымяняецца да канцэпцыі тэорыі стадый і ўключае ў сябе тры базавыя элементы (падсістэмы): вытворчыя адносіны, сям’ю і нацыю (нацыю-дзяржаву). Эвалюцыя ідзе шляхам структурнай дыферэнцыацыі ад простага да складанага, як пераход ад гамагеннасці да гетэрагеннасці. Гэтым тлумачыцца рост колькасці нацый, нацый-дзяржаў, іх узмацненне, удасканаленне. Чацвёрты ўзровень схемы 3 увасабляе Усяленскую Царкву. Гэта таксама можа быць Бог, пункт Амега, — гэта той ідэал, да якога імкнецца чалавецтва.

Асобны раздзел манаграфіі прысвечаны сувязі ідэалогіі нацыяналізма з іншымі сучаснымі ідэалогіямі.

Найбольшую ўвагу цяпер выклікае лібералізм і яго адносіны да нацыянальнай ідэалогіі. Уся цяжасць праблемы ў самой сутнасці гэтых вучэнняў — яны розныя па самаму ўнутранаму зместу. На нашую думку гарманічнае спалучэнне лібералізму з нацыяналізмам магчыма толькі ў высокаразвітым грамадстве. На этапах жа развала імперый, у постсавецкіх і посткаланіяльных краінах, у краінах дзе пануе ірэдэнтысцкі нацыяналізм ніякай гармоніі паміж лібераламі і нацыяналістамі да пэўнай пары быць не можа. Перш за ўсё трэба пабудаваць нацыянальную еўрапейскага тыпу дзяржаву. Гэта магчыма пры дапамозе маральна якаснай эліты і прыярытэту нацыянальнай ідэі. Інакш, разгул свабод можа прывесці да падаўлення нацыянальнай ідэі.

Нацыяналізм і кансерватызм маюць шмат чага агульнага — у абедзвюх ідэалогіях асаблівае, уважлівае стаўленне да традыцый, мовы, нацыянальных сімвалаў. Розніца паміж нацыяналізмам і кансерватызмам у змене акцэнтаў. Напрыклад, для кансерватараў вялікае значэнне мае сям’я — для нацыяналістаў жа сям’я рэальнасць ніжэйшага плана ў параўнанні з нацыяй. Гэта адлюстравана ў нашай эвалюцыйнай схеме 3. І яшчэ адно важнае адрозненне: кансерватары шануюць інстытут царквы, — нацыяналізм жа часта выступае як замена рэлігіі.

Спецыяльны параграф манаграфіі прысвечаны адносінам нацыяналізму да фашызму. Фашызм абапіраецца не на эвалюцыйную тэорыі развіцця грамадства, крышталізацыю векавых традыцый народу, умацаванне нацыянальнай свядомасці, як гэта робіць нацыяналізм. Карэнная адрозненне фашызму ад нацыяналізму ў тым, што ён падпарадкоўвае нацыю містычным ідэям накшталт «чыстаты» і тым самым прыніжае нацыю, а нацыянальная ідэалогія накіравана на развіццё нацыі, на выяўленне лепшых адметных рыс кожнага самага маленькага народа. Можна сказаць, што нацыяналізм сцвярджае прынцып роўнасці ўсіх нацый, а фашызм — гэта аўтарытарызм сярод нацый па аналогіі з суб’ектамі ў асяроддзі асобнай нацыі-дзяржавы.

Такім чынам, нацыяналізм і фашызм — гэта не тоесныя, і, нават, не роднасныя, а, па-сутнасці, процілеглыя з’явы і паняцці.

І, нарэшце, заканчываючы агляд узаемасувязі ідэалогій нельга было б абыйсці камуністычную ідэалогію, у прыватнасці марксізм. Што ж знайшлося агульнага паміж нацыяналізмам і марксізмам-ленінізмам? На гэтае пытанне мы знаходзім станоўчы адказ. Абедзве ідэалогіі засцярагаюць ад адчуджэння чалавека, характэрнага для капіталістычных краін. Нацыяналісты як і камуністы змагаюцца за лепшае будучае сваёй дзяржавы, дабрабыт свайго народа для іх — першасная задача. На платформе супрацьдзеяння рацыянальнаму, мондыялістычнаму грамадству, характэрнаму для Захада будуецца марксісцкі нацыяналізм.

Распад сусветнай камуністычнай сістэмы нарадзіў новы від нацыяналізму — посткамуністычны, які розніцца ад нацыяналізму папярэдняга перыяду. Ён характарызуецца тым, што краіна, якая нядаўна яшчэ была камуністычнай, прымае палітычны курс і ідэалогію здольныя забяспечыць нацыянальныя інтарэсы гэтай краіны.

У манаграфіі ўпершыню зроблена спроба фармалізаваць класіфікацыю сучасных палітычных ідэалогій. За аснову быў узяты метад функцыянальнай залежнасці трох асноўных, на думку аўтара, фактараў: характар эканамічных стасункаў, ступень дэмакратычнасці пануючага рэжыму і ступень адданасці нацыянальнай ідэі. Усе існуючыя ідэалогіі ў той ці іншай ступені надаюць больш ўвагі аднаму з гэтых фактараў, не ігнаруючы, аднак, двух іншых.

На першай класіфікацыйнай схеме (схема 5) у плоскасці васей X — Y (Х — вось фактара свабоды эканамікі, Y — вось фактара свабоды асобы) у выглядзе умоўных авалаў і сегментаў іх перасячэнняў намалёваны фігуры 1-11, якія адлюстроўваюць асноўныя палітычныя ідэалогіі Еўропы.

Другі варыянт класіфікацыі дадзены на схеме 6, дзе вось Х, як і на папярэдняй схеме, адлюстроўвае эканамічны фактар, але па восі Y — адкладваюць ужо колькасна выражаную ступень успрыняцця нацынальнай ідэі.

Прапанаваная методыка класіфікацыі палітычных ідэалогій можа быць выкарыстана пры аналізе палітычных працэсаў любых краін. На схеме 7 прапанаваны метад выкарыстоўваецца пры разглядзе сучаснага стану асноўных ідэялагічных плыняў на Беларусі, а таксама паказана іх узаемасувязь з галоўнымі палітычнымі беларускімі партыямі.

Асобны раздзел манаграфіі прысвечаны тыпалогіі нацыяналізмаў.

Існуе некалькі падыходаў да згаданай праблемы. Адзін з іх дастаткова аргументавана распрацаваны П. Сугарам і вылучае чатыры тыпы нацыяналізму: буржуазны, бюракратычны, папулісцкі і арыстакратычны. Буржуазны і бюракратычны нацыяналізмы адметныя для краін Заходняй Еўропы — Англіі і Францыі і іншых. Папулісцкі (народны) нацыяналізм праяўляўся ў Сербіі і Балгарыі. Гэты тып нацыяналізму зыходзіць з ніжэйшага духавенства і сельскіх мас. Арыстакратычны нацыяналізм характэрны для Польшчы і Венгрыі, ён сфармаваўся ў ХІХ ст. і праіснаваў да канца ІІ-й сусветнай вайны.

Найбольш распаўсюджаная тыпалогія нацыяналізму — дзяленне на культурны і палітычны нацыяналізм. Культурны нацыяналізм патрабуе захавання адметнай культурнай нацыянальнай спадчыны, адказны за стварэнне нацыянальнай літаратурнай мовы. Галоўнейшая задача культурнага нацыяналізму — абарона нацыі ад асіміляцыі яе з іншымі. Палітычны нацыяналізм ставіць сваёй першаснай мэтай стварэнне незалежнай дзяржавы на падставе агульнанацыянальнай еднасці.

Культурны і палітычны нацыяналізм — два бакі адной з’явы — нацыяналізму ў яго поўным аб’ёме. Іх агульны ідэал — грамадзянскі дзяржаўны лад для адукаваных грамадзян, аб’яднаных агульнымі законамі, якія забяспечваюць правы грамадзян.

Нацыяналізм знаходзіць сваё абгрунтаванне ў хрысціянстве. У залежнасці ад канфесіі змянеецца і тып нацыяналізму. У манаграфіі ўпершыню дадзена тыпалогія нацыяналізмаў ў суадносінах да аноўных хрысціянскіх канфесій: праваслаўя, каталіцызму і пратэстанцтва.

Вызначальнай рысай артадаксальных хрысціянскіх канфесій — праваслаўя і каталіцызму — з’яўляецца саборнасць. На нашую думку саборнасць — рыса не толькі хрысціянства, але і нацыяналізму, і вынікае з пазіцыі азначэння нацыяналізму, прыведзенага намі. Іх непарыўная сувязь становіцца асабліва відавочнай на першым іерархічным узроўні эвалюцыі па нашай класіфікацыя (раздзел 1). Такім чынам, нацыяналізм становіцца пэўнай праявай хрысціянства, уключаецца ў хрысціянскае Быццё, становіцца часткай Усяленскай Царквы.

Поделиться с друзьями: