ЖАНРЫ

Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце

Астапенка Анатоль

Шрифт:

г) Раса. Пад расай звычайна разумеецца такая група людзей, што мае пэўныя фізічныя і антрапалагічныя адрозненні ад іншых груп. Такімі адрозненнямі можа быць колер скуры, рысы твару і іншых частак чалавечага цела. Энцыклапедычнае азначэнне расы: «Расы чалавека, групы людзей, што склаліся гістарычна і маюць падобныя спадчынныя вонкавыя (цялесныя) адзнакі — колер скуры, валасоў і вачэй, формы носа і губ, рост і прапорцыі цела і іншыя, а таксама некаторыя захаваныя адзнакі — група крыві і іншыя».

Аднак некаторымі сучаснымі вучонымі вызнаецца цяпер больш ёмкае азначэнне расы, якое ахоплівае групы этнасаў аб’яднаных не толькі фізічнымі рысамі, але і агульнасцю гісторыі, традыцый, адзіным светапоглядам, тэрытарыяльнай блізкасцю, адзінай прамовай. Таму можна гаварыць аб расе, а дакладней, ідучы следам за Львом Гумілёвым, — падрасе ўсходніх славян, што ў VIII–X ст. утваралі Кіеўскую Русь. Паўночныя плямёны — крывічы паступова рассяляліся сярод балцкага этнасу, асіміляваліся з мясовым насельніцтвам і ў выніку, зыходзячы з нашага азначэння, можна гаварыць аб утварэнні новай расы, характэрнай асаблівасцю якой сталі асаблівыя рысы будовы цела: светлыя (белыя) валасы, блакітныя вочы, высокі рост і іншыя. Менавіта такія асаблівасці ўласцівы сучасным беларусам і літоўцам. Як і ў выпадку з індзейцамі Паўночнай Амерыкі, мы назіраем змену рыс цела (эмігрантаў з Еўропы і іншых краін свету) пад уздзеяннем мясцовасці, ці, як падкрэслівае О. Шпенглер — ландшафта.

О. Шпенглер пад расай разумее «плямёны, роды, будучыя пакаленні, сем’і — усе гэтыя назвы для крыві, якая пасрэдніцтвам зачаццяў цыркулюе ў больш-менш вузкім ці шырокім у прасторы ландшафце». Такое разуменне расы з’яўляецца больш шырокім за агульнапрынятае азначэнне, згодна якому раса гэта сукупнасць людзей, што гістарычна жывуць на пэўнай тэрыторыі (дакладней, як у О. Шпенглера — ландшафце — А.А.) і якая характарызуецца яшчэ «сукупнасцю спадчынных прыкмет будовы цела».

Заўважым, што усходне-паўднёвыя славяне мінулага (цяпер украінцы) маюць некаторыя адрозненні ў будове цела ад паўночна-усходніх (беларусаў) — напрыклад, чорныя валасы і вочы, хаця мовы гэтых этнічных груп вельмі блізкія і значна далёкія ад літоўскай, якая адносіцца да іншай групы. У беларусаў, як і ў літоўцаў, высокі рост, светлыя валасы, блакітныя вочы і іншыя агульныя рысы фізічнага кшталту (хаця, зразумела, гэта не тычыцца абсалютна кожнага ўкраінца, беларуса і літоўца). Гэта азначае, што мова не мае прапарцыянальнай залежнасці ад расы (падрасы) — у рамках адной расы (падрасы) могуць існаваць народы, што гавораць на розных мовах (баскі — іспанцы, літоўцы — беларусы і г.д.).

Такім чынам мы звязалі з этнасам таксама паняцце і расы. І следам за Роузам этнасу можна даць наступнае азначэнне: Этнас — гэта група людзей, якія аб’ядноўваюцца па прыкмеце агульнасці расавага, рэлігійнага, альбо нацыянальнага паходжання. Назіраецца таксама заканамернасць: калі этнічная група мае адносна нізкі статус у сваім грамадстве, то прадстаўнікі вышэйшых класаў аддаюць перавагу атоесамліванню сябе з іх жа сацыяльным класам, чымсці з сваёй этнічнай групай. Такія працэсы былі характэрныя для эмігрантаў у ЗША. Працэс акультурызацыі звычайная з’ява ў жыццядзейнасці этнічных груп ЗША. Аналагічныя працэсы ішлі ў ВКЛ у ХVIІ — XVIIІ cт., калі беларуская шляхта адкрэшчвалася ад свайго (простага) народа і часта пераходзіла на польскую мову — мову іншага этнаса — пальскага.

Ніжэй мы пакажам, як ад асэнсавання і усвядамлення сябе ў этнасе, можна прыйсці да паняцця нацыі, хаця, як гэта відаць з вышэйсказанага, этнас можа ўтварацца і праз нацыі.

Наш агляд існуючых азначэнняў этнасу будзе больш поўным, калі мы ўзгадаем яшчэ і працы этнолага і гісторыка Льва Гумілёва. У сваёй фундаментальнай манаграфіі «Этнагенез і біясфера зямлі» ён дае сваё, арыгінальнае азначэнне этнасу, якое ёмка адлюстроўвае яго сутнасць: «Этнас — устойлівы, натуральна склаўшыся калектыў людзей, які супрацьпастаўляе сябе ўсім іншым аналагічным калектывам і адрозніваецца сваеасаблівым стэрэатыпам паводзін і які заканамерна змяняецца ў гістарычным часе».

Гэтае азначэнне, фактычна, абагульняе прынятае намі азначэнне і вылучае на першы план факт адрознівання паміж энасамі. Аднак такое азначэнне можа выклікаць і пытанні, у сувязі са сцвярджэннем Гумілёва аб супрацьпастаўленні этнічных калектываў.

1.2. Нацыя

Пасля найвышэйшай каштоўнасцi i бясконцага дабра — Бога, менавiта Нацыя ёсць найважнейшае дабро Чалавека. Удзелам у жыццi свайго народа чалавек вырашае сваё жыццё ва ўсяленскасцi, Боскасцi i ўдзельнiчае ў жыццi чалавецтва як сукупнасцi народаў. Наогул акрамя нацыі ёсць яшчэ шэраг катэгорый (узроўняў), якія злучаюць космас з чалавекам: прыродны, неарганічнага жыцця, біялагічны, а таксама шэраг узроўняў, што адносяцца да чалавечай стадыі эвалюцыі: дэмаграфічны, вытворчы, узровень ведаў. На мадэлі гэтых узроўняў мы астановімся ніжэй пры разглядзе сістэмнага падыходу.

1.2.1. Народ і нацыя

Словам «народ» часта абазначаюць асноўную (тытульную) нацыю дзяржавы. І найбольш аптымальнай можа быць наступная парадыгма. Нацыю ўтварае народ толькi на той тэрыторыi, дзе яна дамiнуе перад iншымi нацыянальнымi групамi, якiя завуцца ў гэтым выпадку этнасамi. Так, у дзяржаве Беларусь жыве толькi адзiн народ беларускi. Беларусь не мае такiх народаў, як польскi, украiнскi i, нават, рускi. На Беларусi гэта звычайныя этнiчныя групы, а ўтвараюць народ яны адпаведна ў Польшчы, Украiне i Расii. Калi б было iнакш, то мы мелi некалькi народаў польскiх, некалькi народаў украiнскiх, некалькi рускiх (у дадзеным выпадку па два). Такое азначэнне народа ўносiць яснасць у гэтае пытанне, заблытанае «iнтэрнацыяналiстамi». Разгледжаная парадыгма — гэта толькі адна з магчымых мадэлей, але яна ўжо выкарыстоўваецца на практыцы ў праграмах розных палітычных партый (УНП — Украінская нацыянальная партыя, БНП — Беларуская нацыянальная партыя і іншыя).

1.2.2. Узнікненне нацый

Нацыя — гэта адносна новае паняцце, якое ўзнікла, ці дакладней пачало асэнсоўвацца з ХІХ стагоддзя. Традыцыйна лічыцца, што пачатак нацыі і нацыяналізму, як тэарэтычнага абгрунтавання нацыі, бярэ адлік ад французскай рэвалюцыі 1789–1793 г. Прычым больш правільным будзе лічыць гэтую рэвалюцыю агульнаеўрапейскай, бо вынікі яе адбіліся на гістарычных шляхах усіх еўрапейскіх краін.

Нацыя ёсць вынік развіцця больш ранніх форм чалавечых супольнасцей — расы, народа, народнасці, племені і этнаса.

Адным з першых даследчыкаў праблемы нацыі быў Эрнэст Рэнан. У сваім дакладзе, прачытаным у Сарбоне 11 сакавіка 1882 года, ён заклаў асновы вучэння аб нацыі, упершыню вылучыўшы нацыю ад папярдніх сукупнасцей чалавечага роду, такіх як народ і этнас. Э. Рэнан першым вывеў нацыю за межы этнічных рамак і пастуліраваў яе як духоўны прынцып. Больш таго нацыя — гэта містычны, трансцэндэнтны прынцып духоўнага жыцця чалавека. «Нацыя — гэта вялікая салідарнасць, якая ўстанаўліваецца пачуццем ахвяр, што ўжо зроблены і якія мяркуецца зрабіць у будучыні… нацыя — гэта вечнае сцвярджэнне жыцця. Жаданне нацыі — адзіны законны крытэрый, да якога трэба заўсёды звяртацца.»

Э. Рэнан лічыў нацыі новай з’явай у гісторыі. Ні старажытны Егіпет, ні Кітай, ні асірыйская, ці персідская імперыі не былі нацыямі-дзяржавамі. Грамадзяне ўсіх гэтых краін уяўлялі сабой толькі сукупнасці людзей, альбо народ, але ніяк не нацыю. Можна гаварыць аб патрыятызме грамадзян асобных гарадоў старажытнасці, такіх як Спарта, Цір, Троя, але ніяк ні пра нацыянальнасць гэтых грамадзян. Патрыятызм не нацыянальнае пачуццё, гэта пачуццё адданасці сваёй Айчыне. Такое пачуццё набыло найбольшае развіццё ў Рымскай імперыі ў тыя часы, калі там квітнела мастацтва, культура і навука. Аднак імперыя не ўяўляла сабой нацыю-дзяржаву ў сучасным сэнсе. Менавіта адсутнасць нацыянальных прынцыпаў, змешванне народаў і рэлігій, супярэчнасці паміж Захадам і Усходам сталі прычынай распаду Рымскай імперыі.

Поделиться с друзьями: