ЖАНРЫ

Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце

Астапенка Анатоль

Шрифт:

Нацыі гістарычна складваліся з самых розных народаў, ці этнасаў. Продкі якога-небудзь сучаснага француза маглі быць і валійцамі і вестготамі, паходзіць ад розных іншых плямёнаў, і (ці) народнасцей, як, напрыклад, у выпадку французскага паэта Гіёма Апалінэра, маці якога была беларускай.

1.2.3. Азначэнне нацыі

У марксісцка-ленінскай навуцы за азначэнне нацыі была ўзята класічная фармулёка дадзеная І.В. Сталіным: «Нацыя — гэта ўстойлівая супольнасць мовы, тэрыторыі, эканамічнага жыцця і псіхічнага складу, што гістарычна склалалася і якая праяўляецца ў агульнасці культуры». Узнікненне нацыі звязвалася з узнікненнем капіталізму, як пэўнай фазы грамадскага развіцця на базе прамысловасці, міжнароднага гандлю і г.д. Тэарэтыкі марсізму-ленінізму выпрацавалі знакамітую тэорыю зліцця нацый, што адбудзецца пры ажыццяўленні наступнай умовы: «Знішчэнне нацыянальных адрозніванняў і зліццё нацый будзе магчымым толькі тады, калі пралетарыят пераможа ва ўсім свеце і сацыялізм увойдзе ў быт». Час паказаў памылковасць тэорыі зліцця нацый і больш таго канец ХХ і пачатак ХХІ ст. сталі часам фармавання шэрагу новых нацый і гэты працэс працягваецца.

Сучаснае афіцыйна прынятае азначэнне нацыі блізкае да папярэдняга, але ўжо больш грунтоўнае: «Нацыя, устойлівая этнасацыяльная супольнасць людзей, якія пражываюць на адной тэрыторыі, звязаны агульным эканамічным і сацыяльна-палітычным жыццём, маюць адзную культуру, мову і самасвядомасць. У працэсе гістарычнага развіцця прыходзіць на змену народнасці і ўяўляе сабой больш высокую ступень самаарганізацыі і кансалідацыі этнасу».

Такім чынам, з гэтага азначэння відаць, што адной з галоўных прыкмет нацыі з’яўляецца яе аснова — этнас яго «больш высокая ступень самаарганізацыі» Але нацыю можа складаць і некалькі этнасаў, а ў гістарычнай рэтраспектыве множнасць этнасаў мае месца заўжды.

Аднак істотнай рысай, што адрознівае нацыю ад этнасу, з’яўляецца дзяржаўнасць, утварэнне нацыянальнай дзяржавы, якая ствараецца дзеля захавання тэратэрыяльных межаў адпаведных этнасаў, груп людзей якіх яна аб’ядноўвае дзеля іх арганізацыі, абароны і іншых агульнапатрэбных мэтаў.

Аднак ні адна з гэтых рыс — этнаграфічная прыналежнасць і дзяржаўнасць яшчэ не дастаткова вызначае нацыю, хаця аб’яднанні па такім крытэрыям існавалі на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва.

Мы падышлі да фармулёкі галоўных крытэрыяў, што вызначаюць нацыю. І такімі крытэрыямі з’яўляюцца вера і жаданне. Вера ў тое, што калі я, скажам, беларус, то і бацька мой і дзед мой былі беларусамі, і 600 гадоў назад мае продкі ўяўлялі сабой жыхароў Беларусі, якая насіла тады назву Вялікае княства Літоўскае. І яшчэ больш важным з’яўляецца жаданне. Жаданне быць чалавекам пэўнай нацыі. Характэрны прыклад: тытульная нацыя Швейцарыі ўтварылся з розных этнасаў, носьбіты якіх гаварылі на чатырох мовах: французскай, італьянскай, германскай і рэтараманскай. Усе гэтыя групы аб’ядналіся ў адзіным жаданні — быць швейцарцамі.

Антрапалагічныя, археалагічныя, лінгвістычныя і шэраг іншых доследаў паказваюць, што сучасныя беларусы маюць як славянскае, так і балцкае паходжанне, а некаторыя фактары па сведчанню Івана Ласкова сведчаць і аб наяўнасці угра-фінскіх элементаў у спадчыннай гісторыі беларусаў.

Існуе некалькі канцэпцый стварэння нацый. Разгледзім галоўныя з іх на прыкладзе працэса стварэння польскай нацыі і прагноза яе будучыні. Анджэй Валіцкі, аналізуючы працэс стварэння польскай нацыі, вызначае тры канцэпцыі. Карысна прасачыць за гэтым працэсам у гістарычным плане, бо ён аналагічны для многіх іншых нацыянальных утварэнняў іншых дзяржаў.

Па-першае, яшчэ ў ХVІІІ ст. была створаная палітычная канцэпцыя Хуга Калантая, стваральніка так званай Травенскай канстытуцыі, якая адстойвала моўную і культурную аднастайнасць Польшчы, адмену статуса аўтаномнасці ВКЛ і скасаванне дзейнасці яго знакамітага статута.

Згодна А. Валіцкаму, пасля раздзелу Рэчы Паспалітай выявілася тры канцэпцыі будучыні польскай нацыі: шматкультурная, уніяцкая і федэратыўная.

Шматкультурная канцэпцыя — гэта хутчэй рамантычнае спадзяванне на мірнае суіснаванне розных этнасаў у адной дзяржаве, талерантнасць паміж рознымі рэлігійнымі канфесіямі. Ёахім Лялевель марыў пра Польшчу, дзе няма адрозненняў паміж людзьмі, якія яе складаюць: палякамі, ліцвінамі (беларусамі), немцамі, жмудзінамі, рускімі. Такая канцэпцыя аказалася далёкай ад рэальнасці і Рэч Паспалітая распалася, падпаўшы пад уладу больш моцных суседзяў.

Менавіта цэнтрабежныя сілы адпіхвання этнасаў адно ад аднаго сталі прычынай развалу не толькі Рэчы Паспалітай, а і іншых шматэтнічных і шматканфесійных дзяржаў. Самы апошні і паказальны прыклад — гэта развал СССР і ўтварэнне ў 1991 годе на яго аснове шэрагу незалежных дзяржаў.

Уніяцкая канцэпцыя польскай нацыі выражана ў маніфесце Кракаўскага паўстання 1848 г., якім кіраваў Эдвард Дэмбоўскі. Ён пракламаваў ідэал інтэграванай і ўз’яднанай польскай нацыі пры ігнараванні беларускага і літоўскага этнасаў (уключаючы іх у адзіную польскую нацыю). Дарэчы такое уніяцкае мысленне дало плён: шмат беларусаў — спачатку шляхецкага саслоўя, а потым і іншы люд — лічылі за свой абавязак, альбо за свой гонар стаць палякамі. Прычым гэта рабілася галоўным чынам праз культурніцкія элементы (напрыклад пераход на польскую мову) і рэлігійны (пераход праваслаўных і уніятаў у католікі). Палітыка Расіі на працягу ХІХ ст. была аналагічнай філасофіі Э. Дэмбоўскага, толькі ў гэтым выпадку ў якасці адзінай нацыіі, якая аб’ядноўвае (а па-сутнасці паглынае) іншыя больш дробныя нацыі, выступае руская нацыя. Так узнікла славутая тэорыя «старэйшага брата».

Найбольш прагрэсіўнай на наш погляд з’яўляецца канцэпцыя «федэральнай нацыі» Яна адлюстроўвала думкі лідэраў польска-беларускага паўстання 1863 г. Адпаведны маніфест заклікаў да ўзброеннага паўстання ўсе галоўныя нацыі былой Рэчы Паспалітай, у тым ліку і нацыі ВКЛ — беларусаў і літоўцаў (менавіта літоўцаў, а не ліцвінаў). Упершыню адзін з правадыроў паўстання Кастусь Каліноўскі праз газету «Мужыцкая праўда» звяртаўся да сялян не на традыцыйнай польскай мове, а на іх «простай», беларускай мове. Тады ж і ўзнікла ідэя праў нацый на самавызначэнне, якая для беларусаў стала рэальнасцю спачатку ў 1918 годзе (БНР) і праз 128 год — у 1991 годзе, калі Беларусь канчаткова атрымала незалежнасць. Але федэральная нацыя імкнецца ўсё ж да аб’яднання этнасаў у адзінай дзяржаве, хаця і на федэратыўнай аснове. Прыкладам краіны з такой шматэтнічнай нацыяй з’яўляецца Швейцарыя. Аналагічны шлях утварэння амерыканскай нацыі. Аднак большасць нацый утварылася на аснове развіцця якога-небудзь галоўнага, дамінуючага этнаса. Такія нацыі характарызуюцца адметнай нацыянальнай культурай, якая ў сваю чаргу мае ў якасці галоўнага атрыбута сваю нацыянальнаю мову. І другі аспект, што вызначае нацыю — палітычны: нацыя канчаткова завяршае сваё фармаванне толькі тады, калі яна становіцца нацыяй-дзяржавай, калі большасць насельніцтва, што жадае быць той, ці іншай нацыяй, замацоўвае гэтае права праз дзяржаўнасць. У найбольш развітых краінах дзяржаўнасць па-просту эквівалентная нацыянальнасці дзяржава і нацыя становяцца сінонімамі. Больш таго, за нацыяй часта захоўваецца сваеасаблівы прыярытэт. Так ААН — Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, а не дзяржаў.

Яшчэ адзін фактар трэба адзначыць пры разглядзе прыроды нацыі. Гэта — любоў да сваёй нацыі. Як і падсвядомая, прыродная любоў да сваіх бацькоў, да дзяцей, якая знаходзіцца недзе на генетычным узроўні, так і любоў і прыхільнасць да сваёй нацыі закладзена недзе ў спадчынным генетычным кодзе. І калі няма такіх адносін да сваёй нацыі, калі больш таго — чалавек не любіць, зневажае сваю нацыю, то гэта не нармальна, гэта дэфармацыя нацыяльных пачуццяў, скажэнне чалавечай асобы.

ХХ стагоддзе стала стагоддзем фармавання вялікай колькасці новых нацый. За 100 год у Свеце 180 нацый сталі незалежнымі, аформіліся як нацыі-дзяржавы, і яшчэ 30 маюць магчымасць стварыць сваю дзяржаву. І гэты працэс працягваецца. Гэты натуральны працэс з’яўляецца новым вітком эвалюцыі, ён уносіць спаборніцтва паміж нацыямі-дзяржавамі, эканамічнае супрацоўніцтва — і тым самым спрыяе удасканаленню кожай нацыі, што ў сваю чаргу вядзе да ўдасканаленню ўсяго чалавецтва.

Яшчэ адна важная акалічнасць прысутнічае ў працэсе эвалюцыі нацый. Калі этнас не паспеў дасягнуць сваёй закончанасці, ператварыцца ў нацыю і не здолеў сфармавацца ў нацыю-дзяржаву, то ён можа знікнуць. Так было з прусамі, яцвягамі, з многімі іншымі этнічнымі групамі мінулага. З другога боку, тыя нацыі, што дасягнулі вялікай духоўнай моцы і высокай культуры, могуць захоўвацца і развівацца надалей, нават пасля скасавання сваёй дзяржаўнасці, нават тады, калі іх дзяржава падпала пад уладу іншай, больш моцнай дзяржавы. Так было, напрыклад, з польскай нацыяй пасля трох раздзелаў Рэчы Паспалітай, якая падпала на доўгі час пад уладу Расіі, Аўстрыі і Прусіі. Польская нацыя працягвала ў тыя часы існаваць і, нават, развівацца, сведчаннем чаму з’яўляецца нараджэнне вялікіх паэтаў ХІХ стагоддзя Адама Міцкевіча і Уладзіслава Сыракомлі, пісьменнікаў Генрыха Сінкевіча і Баляслава Пруса, кампазітараў Фэдэрыка Шапэна і Клеафаса Агінскага.

Поделиться с друзьями: