Навелы
Шрифт:
Ён стаяў каля гардэроба, служка падаваў яму паліто. Але рукі не слухаліся яго, і служка асцярожна, як хвораму, памагаў яму папасці ў рукавы. Я бачыла, як ён машынальна палез у кішэню камізэлькі, каб даць гасцінца, але там было пуста. Тут ён, здавалася, раптам успомніў усё, збянтэжана прамармытаў некалькі слоў, зноў, як у зале, ірвануўся наперад і цяжка, нібы п’яны, пачаў спускацца па лесвіцы, а служка праводзіў яго спачатку пагардліваю, а потым дасведчанаю ўсмешкаю.
Бачыць гэта было так страшна, што мне стала неяк сорамна сачыць за ім. Я міжволі адвярнулася, збянтэжаная тым, што, як у тэатры, назіраю за чужымі пакутамі, але тут падсвядомы страх падштурхнуў мяне. Я хутка апранулася і ўжо без усякай думкі, міжвольна, як аўтамат, пабегла ў цемру за гэтым чужым чалавекам.
Місіс К. на момант спынілася. Яна нерухома сядзела насупраць мяне і гаварыла амаль без паўз, з уласцівымі ёй спакоем і паважнасцю; відаць, яна падрыхтавалася і старанна прыпомніла ход падзей. Цяпер яна ўпершыню запнулася, крыху памарудзіла і потым, перарваўшы свой расказ, звярнулася непасрэдна да мяне:
— Я абяцала вам і самой сабе, — пачала яна не без хвалявання, — расказаць усё зусім шчыра. І цяпер я прашу вас аднесціся да мяне з поўным даверам і не шукаць у маіх учынках тайных матываў, якіх я зараз, можа, і не саромелася б, але якія тады мне і ў галаву не прыходзілі. Дык вось, паўтараю, калі я выбегла на вуліцу за гэтым гульцом, які страціў усякую надзею, я зусім не была закаханая ў яго і нават не думала пра яго як пра мужчыну, бо мне ўжо было за сорак, і пасля смерці мужа я ні разу не паглядзела на якога-небудзь мужчыну. З гэтым было скончана раз і назаўсёды; я павінна вам гэта сказаць, інакш вы не адчуеце ўсяго жаху таго, што потым адбылося. Праўда, мне цяжка было б вызначыць пачуццё, якое з такою сілаю цягнула мяне тады ўслед за гэтым няшчасным; тут была і цікаўнасць, але перш за ўсё я баялася чагосьці жахлівага, што я адчула з першай хвіліны — баялася нябачнай хмары, якая навісла над гэтым юнаком. Але такія адчуванні нельга раздзяляць і аналізаваць ужо таму, што яны вельмі раптоўна, вельмі ўладна апаноўваюць намі; відаць, мой парыў быў проста інстынктыўным жаданнем дапамагчы, — гэтак адцягваюць убок дзіця, якое бяжыць насустрач аўтамабілю. Ці ж растлумачыш, чаму людзі, якія не ўмеюць плаваць, кідаюцца з моста за тапельцам? Іх прымушае дзейнічаць неадольная сіла, гэтая сіла штурхае іх у ваду, не дае часу апамятацца і зразумець, як гэта недарэчна і небяспечна; і дакладна гэтак жа, не думаючы, не разумеючы сутнасці сваіх учынкаў, пайшла я тады за ім з гульнёвай залы ў калідор, а з яго цераз выхад на пляцоўку перад казіно.
Я ўпэўнена, што і вы, дый усякі спагадлівы чалавек, міжволі паддаліся б гэтай трывожнай цікаўнасці, бо нельга сабе ўявіць больш жахлівага відовішча, чым гэты малады чалавек, якому было не болей дваццаці чатырох гадоў і які, хістаючыся, быццам п’яны, паволі, па-старэчы цягнуў непаслухмяныя ногі і плёўся па лесвіцы ўніз да пляцоўкі. Спусціўшыся ўніз, ён як мяшок упаў на лаўку. І зноў я здрыганулася, бо ясна бачыла — гэта кончаны чалавек. Гэтак падае толькі мёртвы ці той, у каго ўжо нішто болей не чапляецца за жыццё. Галава неяк бокам адкінулася за спінку, рукі як нежывыя павіслі ўздоўж тулава, і ў цьмяным святле ліхтароў яго можна было палічыць за чалавека, які паслаў сабе кулю ў лоб. І вось — не магу растлумачыць, як узнікла гэтае ўяўленне, але раптам яно паўстала перада мною ва ўсёй сваёй страшнай, амаль адчувальнай рэальнасці: я ўбачыла яго, самагубцу; я была цвёрда перакананая, што ў кішэні ён мае рэвальвер і што заўтра яго знойдуць на гэтай або на другой лаўцы мёртвага і акрываўленага. Бо ён упаў, як падае камень у бяздонне, няспынна, пакуль не дастане дна; я ніколі не думала, што адным рухам цела можна выказаць усю паўнату знясілення і роспачы.
Цяпер уявіце сабе мой стан: я спынілася за дваццаць ці трыццаць крокаў ад лаўкі, дзе нерухома ляжаў няшчасны юнак, які не ведаў, што яму рабіць; з аднаго боку, мяне поўніла жаданне дапамагчы, з другога — стрымлівала ўнаследаваная і прывітая выхаваннем боязь загаварыць на вуліцы з незнаёмым чалавекам. Газавыя ліхтары цьмяна мігцелі пад зацягнутым хмарамі небам; зрэдку мільгалі постаці прахожых; набліжалася поўнач, і я была амаль адна з гэтым змрочным ценем самазабойцы. Пяць, дзесяць разоў памыкалася я падысці да яго, але кожны раз мяне спыняў сорам ці, можа, тайны страх: бо тапелец нярэдка цягне за сабою выратавальніка, і ўвесь час я ўсведамляла недарэчнасць і камічнасць свайго становішча; але я не магла ні загаварыць, ні што-небудзь зрабіць, ні пакінуць яго. І, спадзяюся, вы паверыце мне, што, мабыць, цэлую гадзіну, бясконцую гадзіну, пакуль тысячы і тысячы ўсплёскаў нябачнага мора адмервалі час, я нерашуча тапталася на месцы, ашаломленая і загіпнатызаваная відовішчам поўнага вынішчэння чалавека.
Але ў мяне не хапала мужнасці што-небудзь сказаць або зрабіць, і я прастаяла б гэтак паўночы або падпарадкавалася б голасу разважнасці і пайшла дадому — помніцца, я ўжо троха не адважылася пакінуць на волю лёсу няшчаснага, — як раптам умяшанне стыхійных сіл паклала канец маім хістанням: пачаўся дождж. Увесь вечар наганяла ветрам з мора цяжкія вясеннія хмары, паветра было душнае, лёгкімі, сэрцам адчувалася, што неба навісла зусім нізка, — і вось раптам упала кропля, а за ёю хлынуў падагнаны ветрам сапраўдны цяжкі лівень. Ратуючыся ад яго, я кінулася пад навес кіёска, але, нягледзячы на раскрыты парасон, віхор абліваў пырскамі маю сукенку, раз’юшана скакаў і круціўся. Кроплі шалёна стукалі аб зямлю, і халодны вадзяны пыл пападаў мне нават на твар і на рукі.
Але — і гэта было так жахліва, што і цяпер, праз дваццаць гадоў, як успомню, сэрца сціскаецца, — няшчасны па-ранейшаму нерухома сядзеў на лаўцы пад праліўным дажджом. З усіх вадасцёкавых труб з булькатам бегла вада, з горада чуўся грукат экіпажаў, справа і злева мільгалі цёмныя постаці з паднятымі каўнярамі: усё жывое хавалася, бегла, ратавалася, шукала сховішча, і людзі і жывёлы баяліся разгулу стыхіі — толькі чорны чалавечы камяк на лаўцы не скрануўся з месца, не паварушыўся. Я ўжо гаварыла, што гэты чалавек меў магічную ўласцівасць выказваць кожнае сваё пачуццё рухам або жэстам, і нішто, нішто на свеце не магло з такою надзвычайнаю сілаю выказаць роспач, поўную адмову ад самога сябе, быццам ён ужо быў мёртвы жывым, як гэтая нерухомасць, гэтая нежывая, неадчувальная няўвага да ліўню, гэтая адсутнасць сілы падняцца і прайсці некалькі крокаў да сховішча, гэтая мёртвая абыякавасць да свайго быцця. Ніводзін скульптар, ніводзін паэт, ні Мікеланджэла, ні Дантэ не прымусілі мяне з такою сілаю адчуць апошнюю роспач, апошнюю зямную пакуту, як гэты жывы чалавек, што апынуўся ва ўладзе буйнай стыхіі, занадта стомлены, каб зрабіць хоць якую спробу адгарадзіцца ад яе.
Я не магла болей трываць. Я кінулася да яго праз халодныя патокі дажджу і страсянула гэты мокры камяк, што ляжаў на лаўцы: «Хадземце!» Калі я ўзяла яго за рукаў, штосьці мільганула ў яго мутных вачах, ён зрабіў слабы рух рукою, але не зразумеў мяне. «Хадземце!» — я тузанула за мокры рукаў ужо моцна і амаль сярдзіта. Тады ён павольна, неяк бязвольна падняўся з лаўкі. «Што вам трэба?» — спытаўся ён, і я не знайшла, што адказаць, бо і сама не ведала, куды яго адвесці, толькі б прэч адсюль, ад гэтага халоднага ліўню, ад гэтай бяссэнсавай, самагубнай позы гранічнай роспачы. Я не выпускала яго рукі і цягнула бязвольнае цела ўсё далей, да кіёска, дзе вузкі выступ даху хоць крыху абароніць нас ад шалёнага націску дажджу і ветру. Болей я нічога не думала, нічога не хацела. Толькі б дацягнуць гэтага чалавека пад дах, на сухое месца, — іншых думак не было.
І вось мы апынуліся побач на вузкай сухой палосцы; за спінаю ў нас былі зачыненыя аканіцы кіёска, над галавою — занадта малы навес, і несуцішны лівень абліваў халоднымі пырскамі наша адзенне і твары. Становішча рабілася невыносным. Я проста не магла болей стаяць побач з гэтым наскрозь прамоклым чужым чалавекам. Але, прыцягнуўшы яго сюды, я не магла і пакінуць яго без ніводнага слова на развітанне. Штосьці павінна было адбыцца, і я прымусіла сябе цвяроза зірнуць на ўсю гэтую справу. Лепш за ўсё, падумала я, завезці яго ў экіпажы дадому, а потым вярнуцца ў свой гатэль; заўтра ён ужо сам знойдзе выйсце. І я спыталася ў чалавека, які нерухома стаяў побач са мною і пільна глядзеў у цемру:
— Дзе вы жывяце?
— У мяне няма кватэры… Я толькі ўвечары прыехаў з Ніцы… да мяне нельга…
Апошнія словы я зразумела не адразу. Толькі пазней мне стала ясна, што ён прымаў мяне за… какотку, за адну з тых жанчын, якія гуртам бадзяюцца ўночы каля казіно, спадзеючыся вывудзіць грошы ў шчаслівага гульца або ў п’янага. Дый што мог ён яшчэ падумаць — бо толькі цяпер, калі я гэта вам расказваю, я адчуваю ўсю неверагоднасць і фантастычнасць майго становішча; сапраўды, бесцырымоннасць, з якою я адарвала яго ад лаўкі і пацягнула за сабою, зусім не адпавядала паводзінам прыстойнай жанчыны. Але пра гэта я тады не падумала; толькі пазней, занадта позна здагадалася пра яго жудасную памылку. Бо іначай я ніколі б не вымавіла тых слоў, якія маглі адно павялічыць непаразуменне. Я ж сказала:
— Тады трэба наняць пакой у гатэлі. Тут вам нельга заставацца. Вам трэба дзе-небудзь знайсці прытулак.
Тут толькі я зразумела ягоную непрыемную мне памылку, бо ён нават не павярнуўся да мяне, а неяк насмешліва адказаў:
— Не, мне не трэба пакой, мне наогул нічога не трэба. Не турбуйся, з мяне нічога не выціснеш. Ты звярнулася не ў адрас, у мяне няма грошай.
Гэта было сказана з такою жахліваю абыякавасцю; гэты прамоклы, ушчэнт спустошаны чалавек стаяў як нежывы, бяссільна прыхіліўся да сцяны, і я не паспела нават дробязна, па-дурному пакрыўдзіцца, настолькі моцна я была ашаломлена. Мною авалодала пачуццё, якое ўзнікла ў першы момант, калі ён, хістаючыся, выйшаў з залы, і не пакідала ўсю апошнюю фантастычна недарэчную гадзіну: жывая істота, юная, дыхаючая, асуджаная на смерць, і я павінна выратаваць яе. Я падышла бліжэй.
— Не турбуйцеся за грошы, хадземце. Тут вам нельга заставацца, я як-небудзь уладкую вас. Не турбуйцеся ні пра што. Толькі хадземце хутчэй.
Ён павярнуў галаву — дождж глуха барабаніў навокал, і з вадасцёкавай рыны да нашых ног збягала вада, — і я зразумела, што ён упершыню спрабуе разглядзець мой твар у цемры. Ён паварушыўся, мусіць, паволі прачынаючыся ад свае летаргіі.
— Ну, як хочаш, — здаўся ён нарэшце. — Мне ўсё роўна… Зрэшты, чаму б і не пайсці? Пойдзем.
Я раскрыла парасон, ён падышоў бліжэй і ўзяў мяне пад руку. Гэтая раптоўная фамільярнасць была мне непрыемная, яна нават спалохала мяне, сэрца сціснулася ад страху. Але я не асмелілася абарваць яго, бо калі б я цяпер адштурхнула яго, ён бы загінуў і ўсе мае намаганні прапалі б дарма. Мы прайшлі некалькі крокаў, якія аддзялялі нас ад казіно. Тут толькі я падумала: як жа мне быць з ім далей? Лепш за ўсё, хутка прыйшло мне ў галаву, завезці яго ў які-небудзь гатэль і сунуць у руку грошы, каб ён мог пераначаваць і заўтра паехаць дадому; што будзе далей — я нават не думала. Да казіно раз-пораз пад’язджалі экіпажы, я паклікала адзін, і мы селі. Калі вазак спытаўся, куды ехаць, я спачатку не ведала, што адказаць. Я разумела, што майго прамоклага да ніткі спадарожніка не прымуць у дарагім гатэлі, і была настолькі нявопытная ў такіх справах, што, не падумаўшы пра двухсэнсавасць становішча, крыкнула: