Навелы
Шрифт:
З таго часу прайшло дваццаць чатыры гады, і ўсё-такі, калі я ўспамінаю, як я стаяла там, абражаная, утаптаная ў бруд яго знявагаю, перад натоўпам чужых людзей, кроў стыне ў мяне ў жылах. І я са страхам зноў думаю, якое слабае, нікчэмнае і нязначнае тое, што мы напышліва завём душою, духам, пачуццё, што мы завём пакутаю, калі ўсё гэта не можа разбурыць пакутную плоць, змучанае цела, калі можна перажыць такія гадзіны і пасля гэтага яшчэ дыхаць, замест таго каб памерці, зваліцца, як дрэва, у якое ўдарыла маланка. Бо боль, які пранізаў мяне ўсю, мог толькі на кароткае імгненне кінуць мяне на лаўку, дзе я замерла і не дыхала, нічога не ўсведамляла, акрамя прадчування жаданай смерці. Але я ўжо сказала — усякі боль баязлівы, ён адступае перад магутным клічам жыцця, чыя ўлада над нашаю плоццю мацней, чым над духам усе спакусы смерці. Мне самой было незразумела, як я магла ўстаць пасля такога ўзрушэння; але ўсё ж я ўстала, праўда, не ведаючы, што ж мне цяпер рабіць. Раптам я ўспомніла, што мае чамаданы ўжо на вакзале, і адразу прамільгнула думка: прэч, прэч, хутчэй прэч адсюль, з гэтага праклятага месца. Не гледзячы па баках, я пабегла да вакзала, спыталася, калі ідзе наступны цягнік у Парыж; а дзесятай гадзіне, адказаў мне служыцель, і я адразу ж здала свае рэчы ў багаж. А дзесятай гадзіне — значыцца, пройдзе роўна дваццаць чатыры гадзіны пасля той фатальнай сустрэчы, дваццаць чатыры гадзіны, якія былі так насычаны бурнымі супярэчлівымі пачуццямі, што мой унутраны свет быў навекі разбураны. Але спачатку я нічога не ўсведамляла, акрамя аднаго слова, якое нязмоўкла стукала ў скронях, упівалася ў мозг, быццам клін, які ўбіваюць: прэч! прэч! Прэч з гэтага горада, прэч ад самой сябе, дадому, да сваіх блізкіх, да ранейшага, да свайго жыцця! Раніцаю я прыехала ў Парыж, там — з аднаго вакзала на другі і ў Булонь, з Булоні — у Дуўр, з Дуўра — у Лондан, з Лондана — да сына, — усё як бы ў адзіным хуткім палёце, без прыпынкаў, не разважаючы і не думаючы: сорак восем гадзін без сну, без слоў, без яды, сорак восем гадзін, на працягу якіх колы выстуквалі ўсё тое ж слова: прэч! прэч! прэч! Калі я нарэшце неспадзявана для ўсіх увайшла ў сынаў загарадны дом, усе спалохаліся: мусіць, ва ўсім маім абліччы, у маім позірку было нешта, што выдавала мяне. Сын хацеў абняць і пацалаваць мяне. Я адхіснулася: думка, што ён дакранецца да вуснаў, якія я лічыла апаганенымі, была нязноснаю. Я ўхілілася ад роспытаў, папрасіла толькі прыгатаваць ванну, бо я адчувала патрэбу разам з дарожным пылам змыць са свайго цела апошнія ўспаміны аб пачуцці гэтага апантанага, нявартага павагі чалавека. Потым я з цяжкасцю паднялася ў свой пакой і праспала дванаццаць-чатырнаццаць гадзін глухім, мёртвым сном, якім ніколі ў жыцці не спала, такім сном, пасля якога я зразумела, што значыць нежывою ляжаць у труне. Сваякі даглядалі мяне, як хворую, але іх ласка прыносіла мне адно боль; я саромелася іхняй пачцівасці, іхняй павагі, і мне прыходзілася ўвесь час стрымлівацца, каб раптам не выкрыкнуць ім у твар, што я ўсім здрадзіла, пра ўсіх забылася, ледзь не пакінула іх дзеля безразважнага згубнага пачуцця.
Потым я бязмэтна паехала ў маленькае французскае мястэчка, дзе нікога не ведала, бо мне не давала спакою неадчэпная думка, што кожны чалавек з першага позірку можа ўбачыць маю ганьбу, перамену ўва мне — настолькі адчувала я сябе зганьбаванаю і зняслаўленаю. Часам, калі я прачыналася раніцаю ў сваім ложку, мною авалодваў халодны жах, я баялася расплюшчыць вочы. Зноў прыходзіў успамін аб той ночы, калі я раптам прачнулася побач з чужым, паўголым чалавекам, і кожны раз, як і ў тую хвіліну, у мяне было адно жаданне — памерці.
Але, зрэшты, час мае вялікую сілу, а ў старасці душэўны пыл меншае. Адчуваецца блізкасць смерці, яе чорны цень падае на дарогу, усё здаецца не такім яркім і ўжо не закранае гэтак глыбока, і меншая небяспека падпільноўвае цябе. Паступова я адышла ад шоку, і калі шмат гадоў пазней мяне пазнаёмілі з маладым палякам, аташэ аўстрыйскага пасольства, я папыталася ў яго пра тую сям’ю; ён расказаў, што сын яго сваяка дзесяць гадоў таму назад застрэліўся ў Монтэ-Карла, — я нават не ўздрыгнула. Мне амаль не было балюча: можа, — чаго хаваць свой эгаізм? — я была нават радая, бо цяпер мне не трэба было баяцца, што я калі-небудзь з ім сустрэнуся, ніхто ўжо не мог сведчыць супраць мяне, акрамя ўласнай памяці. З таго часу я паспакайнела. Састарыцца — гэта як перастаць баяцца мінулага.
І цяпер вы зразумееце, чаму я раптам вырашыла загаварыць з вамі пра сябе, пра гэты выпадак з майго жыцця. Калі вы так горача абаранялі мадам Анрыэт і сцвярджалі, што дваццаць чатыры гадзіны могуць поўнасцю перайначыць лёс жанчыны, мне здалося, што гаворка ідзе пра мяне; я была вам удзячная, бо ўпершыню адчула сябе як бы апраўданаю. І я падумала: хоць раз выкажу, што на душы, — можа, тады здымецца праклён з маіх успамінаў і я змагу заўтра ж пайсці туды, пераступіць парог той самай залы, дзе калісьці мяне падпільноўваў лёс, і не адчуваць нянавісці ні да яго, ні да сябе самой. Тады камень зваліцца з маёй душы, ляжа ўсім сваім цяжарам на мінулае, і яно ўжо ніколі не ўваскрэсне. Добра, што я змагла ўсё гэта вам расказаць, цяпер мне лёгка і крыху радасна… Дзякуй вам за гэта.
Сказаўшы гэтыя словы, місіс К. устала з месца, і я адчуў, што расказ скончаны. Крыху збянтэжаны, я шукаў і не знаходзіў падыходзячых слоў. Мусіць, яна зразумела гэта і хуценька сказала:
— Не, прашу вас, не трэба… я не хацела б, каб вы адказвалі або гаварылі што-небудзь… Дзякуй вам за тое, што вы мяне выслухалі, і жадаю вам шчаслівай дарогі.
Яна працягнула мне на развітанне руку. Міжволі я падняў вочы, і любым, прыгожым здаўся мне твар гэтай старой жанчыны, якая прыветліва і трошкі збянтэжана глядзела на мяне. Ці то водбліск мінулага згубнага пачуцця, ці то збянтэжанасць заліла чырванню яе твар да самых каранёў сівых валасоў, — зусім як маладая дзяўчына стаяла яна перада мною, усхваляваная ўспамінамі, і саромелася свайго прызнання. Мною міжволі авалодала ўзрушэнне, я хацеў выказаць ёй сваю павагу, але штосьці сціснула мне горла. Тады я нізка схіліўся і пачціва пацалаваў яе ў пабляклую руку, якая лёгенька дрыжала, як асенні ліст.
Лепарэла
Яе імя — Крэсчэнца Ганна Алаіза Фінкенгубер, узрост — трыццаць дзевяць гадоў, нарадзілася без шлюбу ў горнай вёсачцы ў Цылерталі. У графе «асобыя прыкметы» ў яе кніжцы хатняй служанкі стаяў прочырк, які азначаў «няма»; але калі б чыноўнікі былі абавязаны адзначаць характэрныя асаблівасці вонкавага выгляду, ім хапіла б аднаго позірку, каб напісаць там: ёсць падабенства з шырокім у касцях, худым, загнаным канём. Бо, бясспрэчна, было штосьці конскае ў гэтым смуглым, падоўжаным і разам з тым скуластым твары з адвіслаю ніжняю губою, у цьмяных вачах, амаль без павекаў, і перш за ўсё ў жорсткіх, нібы лямец, валасах, тлустымі пасмамі прыліплых да лба. І хадою яна нагадвала наравістага, упартага, як мул, альпійскага горнага каня, які зімою і ўлетку панура цягае вязанкі дроў угору і ўніз па дрогкіх камяністых горных сцежках. Калі Крэсчэнца адпачывала пасля працы, яна драмала, адставіўшы локці і склаўшы на каленях вузлаватыя рукі, абыякавыя да ўсяго, нібы стомленая кляча ў хляве, якую пасля работы ўжо нішто не цікавіць. Усё ў ёй было цвёрдае, нязграбнае, цяжкае. Думала яна павольна, улоўлівала сэнс не адразу: кожная новая думка ледзь-ледзь, як праз густое сіта, прасочвалася ў яе свядомасць; але калі штосьці новае нарэшце даходзіла да яе, яна трымалася за яго ўчэпіста і прагна. Яна ніколі не чытала — ні газет, ні малітоўніка, — ледзь умела пісаць, і нязграбныя крамзолі ў сшытку кухонных расходаў неяк дзіўна былі падобны на яе непаваротлівую, вуглаватую фігуру без намёку на жаноцкую круглявасць форм. Такі самы жорсткі, як лоб, рукі, клубы, увесь касцяк, быў і голас; нягледзячы на сакавітую гартанную цірольскую гаворку, ён скрыпеў, нібы ржавае жалеза, і гэта, зрэшты, не выклікала ніякага здзіўлення, бо ’ Крэсчэнца ніколі не гаварыла лішняга слова і таму рэдка карысталася ім. І ніхто ніколі не чуў яе смеху; гэта таксама збліжала яе з жывёламі, бо неразумным боскім стварэнням, разам з дарам мовы, бязлітасна адмоўлена ў не меншым дабры — у здольнасці выказваць свае пачуцці вольным і нястрымным смехам.
Як няшлюбнае дзіця, яе выхавалі на сродкі абшчыны; ужо ў дванаццаць гадоў яна нанялася ў хатнія служанкі, потым стала пасудніцай на рамізніцкім заезным двары, дзе звярнула на сябе ўвагу шалёнаю працавітасцю; гэта дазволіла ёй узняцца нарэшце да кухаркі ў салідным турысцкім гатэлі. Дзень пры дні Крэсчэнца ўставала ў пяць гадзін раніцы і да позняй ночы скрэбла, падмятала, шаравала, паліла ў грубцы, чысціла шчоткаю, прыбірала, гатавала абед, мясіла, качала і прасавала бялізну, мыла і бразгала посудам. Ніколі не брала выхаднога дня, нікуды не хадзіла, акрамя царквы; сонца замяняў ёй агнявы круг фаеркі, а лес — тысячы і тысячы паленаў, наколатых ёю за доўгія гады.
Мужчыны не дакучалі ёй — ці таму, што чвэрць стагоддзя цяжкай працы вытруцілі з яе ўсё жаноцкае, ці таму, што яна сама рэзка і коратка клала канец усім спробам збліжэння. Яе адзінаю радасцю былі наяўныя грошы, якія яна збірала з прагнаю настойлівасцю сялянкі і фанатызмам адзінокай жанчыны, якая не жадае на старасці зноў давіцца горкім хлебам грамадскага апекавання ў якой-небудзь багадзельні. Толькі за грошы гэтая істота з прытупленымі пачуццямі ў трыццаць сем гадоў упершыню адважылася пакінуць сваю цірольскую радзіму. Прафесійная пасрэдніца па найме служанак, якая праводзіла летні адпачынак у тых мясцінах і бачыла, як Крэсчэнца з раніцы да вечара надрывалася на кухні і ў пакоях, перацягнула яе ў Вену, паабяцаўшы двайное жалаванне. Ехалі чыгункаю, за ўсю дарогу Крэсчэнца не сказала ні слова; цяжкі кош са сваім дабром яна трымала на каленях і, хоць ногі моцна нылі, адхіляла ўсе прапановы суседзяў прыладзіць яе на багажнай сетцы, бо крадзеж і падман былі адзінымі ўяўленнямі, якія ў яе непаваротлівым сялянскім розуме звязваліся з думкаю аб сталічным горадзе. У Вене, у першыя дні, яе прыходзілася вадзіць на рынак, бо яна баялася экіпажаў, як карова баіцца аўтамабіля. Але калі яна прывыкла да чатырох вуліц, што вялі да рынка, яна стала выдатна абыходзіцца без чужой дапамогі; утаропіўшы вочы ў зямлю, трухала з кашом ад дзвярэй да рынку і зноў прыбірала, паліла ў грубцы, поркалася гэтаксама каля новай пліты, як і раней каля старой, не заўважаючы ніякай перамены. У дзевяць гадзін вечара, па вясковай завядзёнцы, яна клалася спаць, спала, як жывёліна, з адкрытым ротам, да самай раніцы і прачыналася толькі ад гучнага звону будзільніка. Ніхто не ведаў, ці задаволена Крэсчэнца новым месцам, а можа, і яна сама гэтага не ведала; яна ні з кім не зблізілася, у адказ на распараджэнні толькі няясна бурчала «добра, добра» ці, калі была не згодная, наравіста пацепвала плячамі. На суседзяў і другіх служанак яна проста не звяртала ўвагі; насмешлівыя позіркі яе болей легкадумных таварышак скочваліся з яе абыякавасці, як вада з дублёнай скуры. Толькі неяк, калі адна служанка пачала перадражніваць яе цірольскую гаворку і, нягледзячы на ўпартае маўчанне Крэсчэнцы, доўга не адставала ад яе, яна раптам выхапіла з топкі гарачую галавешку і кінулася на дзяўчыну, якая адчайна закрычала ад страху. З той пары ўсе сцерагліся яе гневу, і ніхто болей не асмельваўся насміхацца з яе.
Кожную нядзелю раніцаю Крэсчэнца надзявала шырокую, з хвандамі, спадніцу, якая тапырылася на ёй, і пляскаты вясковы каптур і ішла ў царкву. І адзін толькі раз, у свой першы вольны дзень у Вене, яна пайшла на прагулку. Але ў трамвай яна не села, а пайшла асцярожна пешшу па мітуслівых ажыўленых вуліцах. Яна па дарозе не бачыла нічога, акрамя мураваных сцен, і таму дабралася толькі да Дунайскага канала; тут яна пастаяла крыху, паглядзела, як на нешта даўно знаёмае, на імклівую плынь, потым павярнулася і пайшла той самай дарогаю назад, трымаючыся бліжэй да дамоў і з апаскаю пазбягаючы праезнай дарогі. Гэтая першая і адзіная прагулка, відаць, расчаравала яе, бо з таго часу яна ў нядзелю ніколі болей не выходзіла з дому, а лічыла за лепшае сядзець каля акна і шыць або, склаўшы рукі, проста глядзець на вуліцу. І таму сталіца не ўнесла ў яе жыццё ніякіх змен; даўно заведзенае кола круцілася па-ранейшаму, з тою толькі розніцаю, што цяпер у канцы месяца замест дзвюх сініх паперак у яе агрубелых, патрэсканых ад працы за плітою руках было чатыры. Гэтыя крэдыткі яна кожны раз разглядала доўга і недаверліва, старанна разгортвала іх, потым амаль пяшчотна разгладжвала і нарэшце хавала ў жоўтую разную шкатулку, прывезеную з вёскі. Гэтая нязграбная драўляная скрыначка была яе галоўнаю таямніцаю, сэнсам усяго жыцця. Ключ ад шкатулкі яна клала ўночы пад падушку. Куды яна хавала яго ўдзень, ніхто ў доме не ведаў.
Такою была гэтая дзіўная чалавечая істота (назавём яе так, хоць менавіта чалавечыя рысы толькі цьмяна і прыглушана акрэсліваліся ў яе паводзінах), але, мабыць, толькі засланіўшыся шорамі і шчыльна замкнуўшы ўсе пачуцці, можна было вытрываць службу ў не менш дзіўным доме маладога барона Ф. Звычайна слугі вытрымлівалі напружаную атмасферу ў ім не даўжэй тэрміну, які належала працаваць па законе — ад заняцця пасады да звальнення пасля заканчэння вызначанага часу. Раздражнёны, узрушаны да істэрыкі тон задавала гаспадыня. Гэтая пераспелая дачка багатага эсэнскага фабрыканта, якая пазнаёмілася на курорце з прыгожым маладым баронам (не вельмі радавітым і з пустою кішэняю), спешна ажаніла на сабе шмат малодшага за яе абаяльнага выглянцаванага шалапута-арыстакрата. Але ледзь мінуў мядовы месяц, як маладая ўжо мусіла прызнацца сабе, што мелі рацыю яе бацькі, якія хутчэй аддалі б перавагу больш саліднаму і дзелавому зяцю і таму былі супраць паспешнага шлюбу. Бо, не кажучы ўжо пра ўтоеныя даўгі, вельмі скора высветлілася, што муж хутка астыў і куды болей увагі звяртае на свае халасцяцкія забавы, чым на шлюбныя абавязкі; зусім нязлосны, нават дабрадушны, як і ўсе легкадумныя людзі, барон, аднак, не абцяжарваў сябе правіламі маралі, а да ўсякага разумнага змяшчэння капіталу гэты паўарыстакрат ставіўся з пагардаю, як да сведчання плебейскай вузкасці і скнарлівасці. Ён шукаў лёгкага жыцця, яна — трывалай, саліднай хатняй утульнасці, як у рэйнскіх мяшчан. Гэта абурала барона, а калі высветлілася, што, нягледзячы на яе багацце, любую больш-менш значную суму трэба выкленчваць у ашчаднай жонкі і да таго ж яна адмовілася выканаць яго самае моцнае жаданне — завесці скакавую канюшню, ён ужо не бачыў ніякіх падстаў лічыць сябе мужам гэтай нязграбнай касцістай жыхаркі паўночнай Германіі, чый гучны катэгарычны голас непрыемна рэзаў слых. Ён проста, як кажуць, даў ёй адстаўку і без грубасці, але вельмі рашуча аддаліў ад сябе абражаную жанчыну. Калі яна спрабавала папракаць яго, ён ветліва і, здавалася, нават спагадліва выслухоўваў яе, але варта было ёй скончыць сваю казань, як ён адмахваўся ад яе горкіх папрокаў, як ад цыгарэтнага дыму, і рабіў што хацеў. Гэтая бездакорная, амаль афіцыйная ветлівасць злавала расчараваную жанчыну болей, чым адкрытае супраціўленне. Супраць яго нязменна далікатнай, ніколі грубай, проста-такі вытанчанай ласкавасці яна была бяссільная і таму спаганяла назапашаны гнеў на другіх: усю сваю — зрэшты, зусім зразумелую — злосць на бязвіннай чэлядзі. Вынікі не прымусілі сябе чакаць: за два гады ў яе змянілася цэлых шаснаццаць служанак, прычым змене адной з іх папярэднічала знявага дзеяннем, і толькі з дапамогаю вельмі значнай кампенсацыі ўдалося ўладзіць непрыемную справу.
У гэтай сямейнай буры толькі адна Крэсчэнца, як рамізніцкі конь пад праліўным дажджом, захоўвала несакрушальны спакой. Яна ніколі не станавілася на чый-небудзь бок, не цікавілася ніякімі зменамі вакол сябе і, мусіць, не заўважала, што ў чужых істот, з якімі яна дзяліла чалядню, раз-пораз мяняліся імёны, колер валасоў, пах цела і звычкі. Сама яна ні з кім не гаварыла і не звяртала ніякай увагі на сярдзітае груканне дзвярамі, на перарваныя абеды, істэрычныя прыпадкі і непрытомнасць. Яна дзелавіта і раўнадушна хадзіла з кухні на рынак і з рынку назад на кухню; тое, што адбывалася па-за гэтым трывала абгароджаным колам, не цікавіла яе. Быццам мерныя ўзмахі нястомнага цэпа, адзін за другім бясконцаю чарадою праходзілі яе дні; так пражыла яна два гады ў вялікім горадзе, без ніякіх прыгод, і нічога не змянілася ў яе маленькім унутраным свеце, толькі пачак сініх крэдытак у скрыначцы патаўшчэў на цэлую цалю, і калі Крэсчэнца пад канец года, паслініўшы палец, пералічвала паперкі, яна бачыла, што ўжо недалёка да запаветнай тысячы крон.