Навелы
Шрифт:
Не, гэты жах не паддаецца апісанню; ён так нечакана зваліўся на мяне, што я бяссільна апусцілася на падушку. Але гэта была не выратавальная непрытомнасць, не страта прытомнасці, наадварот — я імгненна ўспомніла ўсё страшнае, розуму недаступнае, што здарылася са мною; у мяне было адно жаданне — памерці ад сораму і агіды. Як магла я апынуцца ў нейкай падазронай трушчобе, на чужым ложку, з абсалютна незнаёмым чалавекам! Я выразна помню, як у мяне перастала біцца сэрца: я затрымлівала дыханне, быццам гэтым магла спыніць жыццё і пагасіць памяць, гэтую ясную, страшна ясную памяць, якая ўсё разумела, але нічога не магла асэнсаваць.
Я ніколі не даведаюся, ці доўга я гэтак праляжала анямелая — мабыць, вось так ляжаць нябожчыкі ў труне; ведаю толькі, што я заплюшчыла вочы і малілася богу, нябесным сілам, прасіла, каб гэта было няпраўда, выдумка. Але мае абвостраныя пачуцці ўжо не дапускалі падману, я чула ў суседнім пакоі чалавечыя галасы і плёскат вады, у калідоры шорганне крокаў, і тыя гукі гаварылі, што ўсё — праўда, жорсткая, няўмольная праўда.
Цяжка сказаць, колькі часу працягвалася гэтае невыноснае становішча: такія імгненні маюць другую працягласць, чым спакойныя адрэзкі часу. Але раптам мною авалодаў іншага роду страх, пранізлівы, халодны страх; а раптам гэты чалавек, імя якога я не ведала, прачнецца і загаворыць са мною! І я адразу ж зразумела, што мне застаецца толькі адно: адзецца і ўцякаць, пакуль ён не прачнуўся, больш ніколі не трапляцца яму на вочы, не гаварыць з ім, ратавацца ўцёкамі, пакуль не позна. Хутчэй прэч адсюль, у сваю жыццёвую каляіну, у свой гатэль, і з першым цягніком прэч з гэтага праклятага месца, з гэтай краіны! Больш ніколі не сустракацца з ім, не глядзець яму ў вочы, не мець сведкі, абвінаваўцы і саўдзельніка! Гэтая думка дала мне сілы: вельмі асцярожна, крадком, як злодзей, цаля за цаляю (толькі б не шумець) прабіралася я ад ложка да сваёй адзежы. Вельмі асцярожна я адзелася; я дрыжала ўсім целам і кожную хвіліну чакала, што ён прачнецца, — але ўсё ўдалося, я ўжо гатова ісці. Толькі капялюш мой ляжаў з другога боку, у нагах ложка, і калі я падыходзіла на дыбачках, каб узяць яго, тут… я проста не магла зрабіць інакш; я мусіла яшчэ раз зірнуць на твар гэтага чужога чалавека, які зваліўся ў маё жыццё, як камень з карніза; толькі адзін раз хацела я зірнуць на яго; і што болей за ўсё мяне здзівіла: гэты малады чалавек, паглыблены ў сон, быў сапраўды чужы; у першы момант я нават не пазнала яго твару. Быццам сцерліся ўчарашнія, перакрыўленыя пачуццём, зведзеныя сутаргаю рысы смяротна ўзбуджанага чалавека, — у гэтага юнака быў зусім другі, зусім дзіцячы, хлапечы твар, які ззяў яснасцю і чысцінёю. Вусны, учора закушаныя і сціснутыя, былі пяшчотна, летуценна раскрытыя і, здавалася, усміхаліся; хвалістыя бялявыя пасмы мякка падалі на разгладжаны лоб, і роўнае дыханне лёгкімі хвалямі ўзнімала грудзі.
Помніце, я казала вам, што ніколі яшчэ не бачыла выразу такога страшэнна моцнага азарту, як на твары ў гэтага незнаёмца за сталом. Але ніколі, нават у нявінных дзяцей, якія часам у сне здаюцца азоранымі ззяннем анёльскай чысціні, не бачыла я выразу такога прамяністага, такога сапраўды шчаслівага спакою. На гэтым твары, які выдаваў найтанчэйшыя адценні пачуццяў, цяпер была райская адлучанасць ад усіх клопатаў і турбот выратаванага чалавека. Пры гэтым нечаканым відовішчы з мяне, быццам цяжкі чорны плашч, зваліліся ўвесь страх і ўся боязь — мне болей не было сорамна, я амаль радавалася. Усё страшнае, усё недаступнае розуму раптам набыло сэнс, я адчувала радасць, гордасць пры думцы, што, калі б я не прынесла сябе ў ахвяру, гэты малады, далікатны, прыгожы чалавек, які ляжаў тут ціхамірна і спакойна, нібы кветка, быў бы знойдзены дзе-небудзь на ўступе скалы акрываўлены, нежывы, са знявечаным тварам, з дзіка вытарашчанымі вачамі; ён быў выратаваны, і выратавала яго я. І я глядзела мацярынскім позіркам (інакш не магу назваць гэта) на спячага, якога я вярнула да жыцця, як бы зноў нарадзіла, з яшчэ большымі пакутамі, чым сваіх дзяцей. Можа, яно гучыць смешна, але ў гэтым завэдзганым, агідным пакоі, у гэтым брыдкім, брудным гатэлі мяне ахапіла такое пачуццё, быццам я ў царкве, шчаслівае адчуванне цуду і святасці. Самая жахлівая хвіліна майго жыцця ператварылася ў другую, самую цудоўную, самую прасветленую.
Ці закранула я што-небудзь, ці ў мяне міжволі вырвалася нейкае слова — не ведаю. Але спячы раптам расплюшчыў вочы. Я здрыганулася ад страху. Ён пачаў здзіўлена азірацца; відаць, ён гэтак жа, як і я, з цяжкасцю стрэсваў з сябе цяжкі, глыбокі сон. Яго позірк неўразумела блукаў па чужым, незнаёмым пакоі, потым здзіўлена спыніўся на мне. Але ён яшчэ не паспеў сказаць нешта, як я ўжо авалодала сабою: толькі не даць яму сказаць ні слова, не дазволіць ні пытання, ні фамільярнасці, нічога не растлумачваць, не гаварыць, што адбылося ўчора і гэтай ноччу.
— Мне трэба ісці, — паспешна сказала я. — А вы заставайцеся тут і адзявайцеся. У дванаццаць гадзін мы сустрэнемся каля ўвахода ў казіно, тады я паклапачуся там аб далейшым.
І, не чакаючы яго адказу, уцякла, каб толькі не бачыць гэтага пакоя; я ўцякала без аглядкі з гатэля, назвы якога не ведала, як не ведала імені чалавека, з якім я ў ім правяла ноч.
Місіс К. на хвіліну перапыніла свой расказ. Калі яна зноў загаварыла, у яе голасе ўжо не было пакутлівага напружання. Як павозка, якая з цяжкасцю паднялася на вяршыню гары і потым лёгка і хутка коціцца ўніз, так натуральна і вольна ліліся цяпер яе словы:
— Я спяшалася ў свой гатэль па вуліцах, залітых ранішнім сонцам; пасля ўчарашняга ліўню паветра было чыстае і лёгкае — і гэтак жа было ў мяне на душы. Прыгадайце, што я казала вам раней: пасля смерці мужа я адмовілася ад прыватнага жыцця; дзецям не патрэбна была мая дапамога, сабе самой я была цяжарам, а ўсякае існаванне без пэўнай мэты — бессэнсоўнае. Цяпер упершыню мне выпала задача: я выратавала чалавека, вялізным намаганнем вырвала яго з небыцця. Заставалася пераадолець яшчэ некаторыя перашкоды, і мая мэта была б дасягнута. Дык вось — я дабегла да свайго гатэля; парцье сустрэў мяне здзіўленым позіркам: я ж вярнулася дадому толькі ў дзевяць раніцаю; але мяне гэта ўжо не кранала, ні сорам, ні прыкрасць не прыгняталі мяне. Жаданне жыць, радаснае ўсведамленне, што я камусьці патрэбна, горача хвалявала кроў. У сябе ў пакоі я хутка пераадзелася, несвядома (я заўважыла гэта толькі пазней) зняла жалобнае, замяніла на больш светлае, пайшла ў банк па грошы, потым паспяшалася на вакзал, каб даведацца, калі адпраўляюцца цягнікі; з незвычайнай энергіяй зрабіла, акрамя таго, яшчэ некалькі патрэбных спраў. Заставалася толькі ажыццявіць ад’езд і канчаткова выратаваць падкінутага мне лёсам чалавека.
Праўда, нялёгка было цяпер сустрэцца з ім, бо ўсё| ўчарашняе адбылося ў цемры, у нейкім віхры, быццам нечакана сутыкнуліся два камяні, скінутыя вадаспадам; мы ледзь ведалі адно аднаго ў твар, я нават не была ўпэўнена, што незнаёмы мяне пазнае. Учора гэта была выпадковасць, ап’яненне, вар’яцтва двух разгубленых людзей, а сёння мне давядзецца расказаць яму болей пра сябе, чым учора, бо цяпер, у яркім, бязлітасным святле дня, я мусіла паўстаць перад ім такою, якою была, — жывою жанчынаю, у якой ёсць свае асаблівасці і свой твар.
Але ўсё аказалася лягчэй, чым я думала. Ледзь толькі я ў дамоўлены час падышла да казіно, як нейкі малады чалавек ускочыў з лаўкі і паспяшаўся мне насустрач. Колькі радаснага здзіўлення, дзіцячай непасрэднасці было ў яго, як заўсёды, красамоўных рухах! Ён кінуўся да мяне, у яго вачах ззяла радасная і разам з тым пачцівая ўдзячнасць, і ён пакорліва апусціў вочы, улавіўшы маю збянтэжанасць ад яго прысутнасці. Так рэдка сустракаеш у людзей удзячнасць, і менавіта найбольш удзячныя не знаходзяць на яе слоў; яны няёмка маўчаць, саромеюцца свайго пачуцця і нярэдка паводзяць сябе нязграбна, калі спрабуюць схаваць гэта. Але гэты чалавек, якога бог, нібы таямнічы скульптар, надзяліў дарам пластычна, адчувальна і прыгожа выказваць душэўныя парывы, усёю сваёю істотаю выпраменьваў гарачую палкую ўдзячнасць. Ён нагнуўся над маёю рукою і ў глыбокай пашане схіліў далікатную хлапечую галаву; на імгненне ён знерухомеў, ледзь дакранаючыся вуснамі да маіх пальцаў, потым толькі зрабіў крок назад і спытаўся аб маім здароўі; у яго словах, у яго позірку было столькі сціплай пачцівасці, што ўжо праз некалькі хвілін усе мае трывогі развеяліся. І як бы адлюстроўваючы гэтае прасвятленне пачуццяў, усё навокал святкавала збаўленне ад злых чараў: мора, такое грознае ўчора, было цяпер ціхае і яснае, і кожны каменьчык пад лёгкім зыбам зіхацеў белізною; казіно, гэтае сапраўднае пекла, узнімала да чыстых, сталёвых нябёсаў свае маўрытанскія франтоны, а кіёск, пад павець якога загнаў нас учора хвосткі дождж, ператварыўся ў кветкавую лаўку, дзе ў маляўнічым беспарадку сярод зелені ляжалі кучы белых, чырвоных, стракатых кветак і бутонаў, якія прадавала маладая дзяўчына ў ярка-стракатай блузцы.
Я запрасіла яго паабедаць са мною ў маленькай рэстарацыі, і там гэты незнаёмы юнак расказаў мне сваю трагічную гісторыю. Яна цалкам пацвердзіла ўсё тое, пра што я здагадвалася, калі ўпершыню ўбачыла яго дрыготкія, нервовыя рукі на зялёным стале. Ён паходзіў са старога арыстакратычнага роду аўстрыйскай Польшчы, бацькі рыхтавалі яго ў дыпламаты. Ён вучыўся ў Вене і месяц назад выдатна здаў свой першы экзамен. Каб адсвяткаваць гэты дзень, дзядзька, у якога жыў, высокапастаўлены афіцэр генеральнага штаба, павёз яго ў Пратэр, і яны разам пайшлі на іпадром. Дзядзьку пашанцавала ў гульні, ён угадаў тры разы запар; з тоўстым пачкам выйграных грошай яны адправіліся вячэраць у дарагую рэстарацыю. Назаўтра, як узнагароду за паспяхова здадзены экзамен, бацька прыслаў будучаму дыпламату грошай, столькі, колькі ён атрымліваў у месяц; за два дні да гэтага ён палічыў бы гэтую суму вялізнаю, але цяпер, пасля лёгкага выйгрышу, яна здалася яму не вартаю ўвагі і нязначнаю. Адразу ж пасля абеду ён зноў паехаў на скачкі, ставіў неабдумана і азартна, і, па капрызе шчасця, ці, дакладней, няшчасця, пасля апошняга заезду пакінуў Пратэр, патроіўшы атрыманую ад бацькі суму. І тут ім авалодаў азарт гульні; ён гуляў на іпадроме, у кавярнях, у клубах, і гэты азарт паглынаў яго час, сілы, нервы і перш за ўсё грошы. Ён не мог болей нічога думаць, страціў сон, а галоўнае, ужо не валодаў сабою; аднаго разу, уночы, вярнуўшыся дадому з клуба, дзе ўсё прайграў, ён, раздзяваючыся, знайшоў у кішэні яшчэ адну забытую скамячаную паперку. Ён не ўстаяў перад спакусаю, зноў адзеўся і блукаў па вуліцах, пакуль не знайшоў у нейкай кавярні некалькіх гульцоў у даміно, з якімі і прасядзеў да світання. Аднаго разу яму дапамагла замужняя сястра, заплаціўшы даўгі ліхвярам, якія ахвотна пазычалі грошы спадчыну вядомай арыстакратычнай фаміліі. Пасля гэтага яму спачатку шанцавала ў гульні, але потым шчасце няўмольна адвярнулася ад яго, і чым болей ён прайграваў, тым больш патрэбны быў рашучы выйгрыш, каб пакрыць пратэрмінаваныя абавязацельствы і расплаціцца з даўгамі гонару. Ён даўно заклаў свой гадзіннік, гарнітуры, і, нарэшце, адбылося самае жахлівае: ён украў з шафы ў старой цёткі вялікія жамчужныя завушніцы, якія яна рэдка насіла. Адну ён заклаў за значную суму і ў той жа вечар выйграў у чатыры разы болей. Але замест таго каб выкупіць завушніцу, ён рызыкнуў усім і прайграў. Крадзеж яшчэ не выявілі, і ён заклаў другую; тут яму раптам прыйшло ў галаву паехаць у Монтэ-Карла, каб здабыць жаданае багацце за гульнёвым сталом. Ён ужо прадаў чамадан, вопратку, парасон; у яго не заставалася нічога, акрамя рэвальвера з чатырма патронамі і маленькага крыжыка з каштоўнымі камянямі, які яму падарыла хросная маці, княгіня Х., і з якім ён доўга не хацеў расставацца. Але і гэты крыж ён прадаў напярэдадні за пяцьдзесят франкаў, каб увечары апошні раз адчуць вострую асалоду ад гульні не на жыццё, а на смерць.
Усё гэта ён расказваў мне з чароўнаю прастатою і натхненнем. І я слухала яго, уражаная, захопленая, усхваляваная; я і не думала абурацца, што чалавек, які сядзеў насупраць мяне, быў злодзей. Калі б учора мне, жанчыне з бездакорным мінулым, якая патрабавала ад свайго атачэння самага строгага выканання свецкіх умоўнасцей, хто-небудзь сказаў, што я буду па-сяброўску гутарыць з незнаёмым, які мог быць мне па ўзросце сынам і ў дадатак яшчэ ўкраў жамчужныя завушніцы, — я палічыла б яго за вар’ята. Але ў час расказу юнака я не адчувала нічога падобнага на жах, — ён гаварыў натуральна і пераканаўча, нібы апісваў хваробу, трызненне, а не прыкрае непаразуменне. І потым для таго, хто, падобна мне, перажыў мінулай ноччу нешта настолькі ашаламляльна-нечаканае, слова «немагчыма» страціла ўсякі сэнс. За гэтыя дзесяць гадзін я нязмерна болей даведалася аб жыцці, чым за сорак мірна пражытых гадоў.
Але нешта іншае спалохала мяне ў час яго споведзі — ліхаманкавы бляск вачэй, калі ён расказваў пра гульнёвае захапленне, прычым, быццам ад электрычнага току, уздрыгвалі ўсе мускулы на яго твары. Ён хваляваўся ўжо ад аднаго ўспаміну аб перажытым, і яго выразны твар з жахліваю яснасцю адлюстроўваў пакутлівыя і пажадлівыя адценні гульні. Міжволі яго рукі, цудоўныя, з тонкімі пальцамі, нервовыя рукі, пачалі зноў, як за зялёным сталом, мітусіцца па абрусе, часам так, як драпежнікі, што палююць здабычу, а часам як зацкаваныя ахвяры; і калі ён гаварыў, я бачыла, што яны раптам пачыналі дрыжаць, курчыцца і сутаргава сціскацца, потым зноў узнімацца і зноў упівацца адна ў адну. А калі ён прызнаваўся ў крадзяжы каштоўнасцей, я міжволі здрыганулася, — маланкава падскочыўшы, яны зрабілі хуткі хапальны рух. Я бачыла, бачыла ўвачавідкі, як пальцы кінуліся на ўпрыгожанне і далонь быццам праглынула яго. І з невыказным жахам я зразумела, што гэты чалавек ушчэнт атручаны згубнай страсцю.