Ночы на Плябанскіх Млынах
Шрифт:
— Я ведаю толькі адно – я кахаю цябе, — прашаптаў Ян і асьцярожна паклаў далонь на руку гаспадыні, прыцінутую да каменю калоны. Якія халодныя пальцы… Тонкія бровы пані выгнуліся, нібыта ў недаверы.
— Гэтае сутарэньне памятае гісторыю аднаго палкага каханьня…
Прыгажуня адышла ад калоны і пачала расповед тым жа ціхім голасам, нібыта хтось мог падслухаць.
— Гісторыя, старая, як гэты сьвет… Тут жыў купец з трыма дочкамі. Дзьве родныя, адна прыёмная. Да паненак узялі гувернанта. Ніхто не падумаў пра тое, што малады чалавек занадта гожы для таго, каб браць яго ў дом, дзе жывуць дзяўчаты. Усе трое марылі аб адным. Каханьне дасталося толькі адной з іх, няроднай. Старэйшыя даведаліся, што сястра змовілася ўцячы з каханым. Яны зьвязалі шчасьлівіцу шаўковымі шалікамі, замкнулі ў гэтым сутарэньні і пабеглі па бацьку. І якраз пачалася паводка. Сьвіслач разьлілася… Сутарэньне затапіла. Вось і ўсё… Калі жаніх, дарэмна прачакаўшы, прыйшоў сюды – убачыў труп, які плавае ў цёмнай вадзе… Норавы тады былі яшчэ больш дзікімі чым цяпер. Ён забіў абедзьвюх сясьцёр – забіў кінжалам мізэрэкордзія, адмысловым кінжалам, якім дабівалі паваленых рыцараў у шчыліну паміж латамі і шлемам. А потым павесіўся. Таксама тут, у сутарэньні. Страшна і банальна, праўда?
Незразумелая ўсьмешка кранула тонкія вусны дзяўчыны. Ян пацягнуўся да яе… І зноў сьвет расплыўся ў яго вачах… Ваньковіч ачуняў толькі ў ложку – як яна, бедная, яго сюды выцягнула з сутарэньня? Можа, у доме ёсьць яшчэ нехта?
Але праверыць не атрымлівалася. Пасьля свайго прызнаньня Ян аслабеў… З цяжкасьцю падымаўся, каб прайсьціся па пакоі… Затое цяпер кожны вечар да яго ложка падыходзіла гаспадыня, каб пацалаваць у лоб. Пасьля гэтага наставаў цяжкі сон… Цяжкі – бо ўсё больш вярэдзіла думка пра тое, што робіцца там, за зачыненымі ваканіцамі. Як ён мог так надоўга забыцца пра свой доўг перад айчынай, перад таварышамі? Ці паведаміла гаспадыня ім, што ён жывы? Чым далей, тым усё больш сумніў апаноўваў Яна, і да ягонага каханьня прымешвалася атрута. Ён кахаў – і баяўся гэтай бледнай прыгажуні, усё больш баяўся дотыку яе вуснаў да свайго гарачага ілба. У начных трызьненьнях прывідныя водарасьці апляталі яго, ён захлынаўся ў вадзе. Не, так далей невыносна. Урэшце, ён з роду тых, хто ня здраджваў радзіме нават дзеля каханьня. Толькі б адчыніць дзьверы… Усё часьцей прыходзіла жахлівая думка: гэта палон… Няўжо ён патрапіў проста ў рукі тых, з кім змагаўся? Але ж яна выратавала яму жыцьцё… Цяпер яна мусіць яго адпусьціць! Усё роўна ён вернецца – як вяртаецца навязаны на ланцуг зьвер… На ўсе роспыты і просьбы адказ – няпэўная ўсьмешка, пацалунак… А калі настойваў – яе твар па-дзіцячы зморшчваўся, з горла вырывалася жаласнае рыданьне… А вочы зноў напаўняліся болем. Так што рабілася сорамна за недавер. А потым – зноў апаноўваў жах, што гэта – назаўсёды… Гэты паўцёмны пакой, блытаныя размовы, асьцярожныя крокі… У Яна не было сілаў нават узвысіць голас. Рана ж загаілася, а ў яго ўсё яшчэ адчуваньне, што губляе кроў… І яшчэ… Толькі цяпер Ян усьвядоміў, што ў доме няма абразоў. Толькі выява крыжа – простая, з чорнага дрэва – над дзьвярыма, назаўсёды, магчыма, зачыненымі для госьця. Як яна казала? Гэтыя дзьверы адчыняюць толькі кроў і агонь? Можа быць, у гэтых словах зусім іншы сэнс? Крыві, калі Ян патрапіў сюды, было дастаткова… І ён жа тады, калі ўпаў на брукаванку, запаліў агонь перед сьцяной, у якой – магчыма, і праўда! – ня мелася дзьвярэй!
Калі дзяўчына прыйшла пацалаваць яго перад сном, Ян зрабіў выгляд, што моцна сьпіць, павярнуўшыся тварам да падушкі. Гаспадыня доўга стала над ім, Ян адчуваў яе пільны позірк. Дыханьне ў таго, хто сьпіць, роўнае і глыбокае. Толькі б не зварухнуцца, не ўздыхнуць перарывіста… Яшчэ крыху – і ня вытрывае… Але амаль бязгучныя крохі аддаліліся ад ложка. Ян вычакаў яшчэ трохі і ўстаў. Чаму ўсё-ткі яна, калі была ворагам, не схавала яго шаблю?
Перад дзьвярыма без засоваў, без адтуліны для ключа, Ян высек агонь… Паперка, выдзертая з нататніка, з чарговай намаляванай алоўкам выявай гаспадыні дому, скурчылася, пацямнела… Пялёсткі агню варушылі яе на падлозе, нібы прагныя кузуркі. Час… Ваньковіч агаліў левую руку да локця і паласнуў шабляй. Агонь і кроў! За сьпінай пачулася нешта падобнае да тонкага жаласнага плачу. Дзьверы не адчыніліся, але нібыта сталі празрыстымі, як балотны туман. І Ян ірвануўся туды…
Ён упаў на брук перад ганкам апусьцелага дому. Цьмяная раніца позьняй восені падалася яго адвыклым ад сьвятла вачам сьляпучай, як само сонца. Недзе працокалі капыты… Відаць, рамізьнікі пачалі працу. Заплакала дзіця… Яму азваўся сярдзіты заспаны жаночы голас. Лясьнічы падняўся. Так, гэта быў яго сьвет, яго горад, яго гора… І яго доўг. Колькі ён прапусьціў? Тыдзень жыцьця? Месяц? А мо праляцелі гады?
Ён нават не азірнуўся на таямнічы дом. Як не азіраюцца на гатовага стрэліць у сьпіну былога сябра.
Паўстаньне захлыналася ў крыві. Імперыя не жадала саступаць і найменшую частку сваёй улады. Таму душыла ўсіх пасьлядоўна і бязьлітасна. Паўстанцкі камандзір Ляліва зноў стаўся пагрозаю для ворагаў. Але ці трэба тлумачыць, што бледны твар незнаёмкі бачыўся яму і ў сьне, і наяве, і ніводная жанчына не магла нават крыху прыпадобніцца ёй. Гэта было ганебна – але часам Яну рабілася так балюча, што ён шкадаваў, чаму назаўсёды не застаўся ў доме на Францысканскай. Ну, пра подзьвігі жывапісаць ня стану… Я ня маю здольнасьцяў баталіста. Атрад Яна біўся на Падляшшы і на Брэстчыне… Яго зноў паранілі, і некаторы час ён хаваўся ў сутарэньнях менскага маёнтку Ваньковічаў – інсургенты вырашылі, што найменш шукаць будуць навідавоку. Балела рана на плячы, але наймацней балела рана нябачная. Кожны вечар, калі Ваньковіч клаўся ў ложак, яму здавалася, што над ім схіляецца танклявая постаць, і халодныя вусны кранаюць лоб. Чаму яна не пакіне яго ў спакоі? Там, у сутарэньнях родавага дому, Ян і зрабіў прыгожую мармуровую статую. Каго яна выяўляла – зразумела… Статуя не прадназначалася для чужых вачэй. Ян пахаваў яе там жа, у сутарэньнях. Прачытаў над ёй малітву… І нібыта адчуў сябе вызваленым. Потым з дапамогай пісьменьніцы Элізы Ажэшка, з якой доўга сябраваў, зьехаў за мяжу. Яшчэ паваяваў у Галіцыі, потым перабраўся ў Парыж. Расейскія ўлады забралі маёнтак у Сьляпянцы, падчас вобыску зьнікла самае каштоўнае – партрэт Аляксандра Пушкіна пэндзля бацькі Яна, Валенція Ваньковіча. Партрэт, якім так захапляліся сучасьнікі… Магчыма, дасюль упрыгожвае кабінет якога-небудзь жандарскага чыноўніка. Ян Ваньковіч дажыў амаль да нашага стагоддзя. Ня ведаю, ці трывожыў яго прывід чароўнай панны з дому на Францысканскай, але мармуровая статуя дасюль – у скляпеньнях дому Ваньковічаў. І я не хацеў бы быць тым, хто яе выкапае1. Ну а дом на Францысканскай, спытаеце вы… Ёсьць, чаму не. І ганак маецца перад глухой сьцяной. Але дом зусім не закінуты – на першым паверсе ажно чатыры маленечкія крамкі: тытунь, зеляніна, канцылярскія прыналежнасьці і вырабы з бляхі. На другім паверсе туляцца сем’і гаспадароў, як семкі ў перасьпелым гарбузе. Бялізна разьвешаная на вяроўках, працягнутых ад вакна да вакна, дзеці равуць, кабеты верашчаць. У сутарэньнях – склады: бочкі, скрынкі, джамалунгмы вёдраў і бляшаных тазікаў… Гісторыя пра купца і яго трох дачок пацьвярджаецца гарадской хронікай. Але насельнікі дому відавочна ў прывідаў ня вераць. Вядома, ніхто з іх не спрабаваў адчыніць неіснуючыя дзьверы агнём і крывёй… Дый я таксама спрабаваць ня буду.
Улад змоўк, і ў цішыні ўсе пачулі трэск – дагарала яшчэ адна сьвечка, і агеньчык кноту крануў вільготную паверхню стала. Дарота хуценька задзьмула паміраючы агонь. Пан Беларэцкі парушыў маўчаньне.
— Сёньняшнія дэкадэнты страшэнна любяць гісторыі пра вампіраў ды ламій.
— І праўда, — зазначыў Ной.— У нас на выставы прыходзіла адна мастачка-акварэлістка, якая пускала пра сябе чуткі, быццам яна вампірка. Прыйдзе – страх глядзець: з набеленым тварам, абведзенымі чорным вачыма і бранзалетам на назе, а іклы напільнікам завостраныя... Каб гэтыя іклы ўсе бачылі, яна ўвесь час падымала верхнюю губу, як пабітая котка. А на вуснах — чырвоная фарба. А пачалося ўсё з таго, што нейкі шлемізул рэкнуў ёй наконт асабліва пікантнай бледнасьці ейнага твару… Мне расказвалі, калі яна цалавалася, дык абавязкова да крыві.
Усе засьмяяліся.
— Прызнайся, на сабе паспрабаваў? – спытаўся Улад. Ной затрос галавой.
— Ведаеш, у мяне ўсё-ткі ёсьць нейкі… мастакоўскі густ.
— Карацей, табе падабаюцца іншыя, — зазначыў Улад нечакана змрочна, і часовыя насельнікі дому пасярод паводкі змоўклі, нібыта было сказана нешта небясьпечнае. – Што ж, мая маці гаварыла, што каханьне – гэта танец… Складаны танец дваіх, дзе амаль немагчыма захаваць раўнавагу – адзін робіць крок наперад, другі на крок адступае… Адзін схіляецца, другі выпростваецца... Потым наадварот… Недакладны рух – і ўсё парушана, цені разышліся, маскі зьляцелі на паркет, чырвонае канфеці сэрцаў храбусьціць пад абцасамі.
— Я ўявіла сярэднявечную паванну, якую мы таньчылі на вечарыне… — ціха прамовіла Дарота. – Паванна на сьмерць інфанты – так, здаецца, гэта называлася?
Улад, нібыта адганяючы жуду, страсянуў густымі валасамі, ускочыў і схіліўся ў танцавальным па перад Даротай.
— Паванна!
— А як жа бяз музыкі? – запярэчыла Зося. Але Дарота ўстала, і пачаўся дзіўны танец – у цішыні, у цёмным пакоі, у мігценьні сьвечак… Павольна, паважна… Адзін за адным усе, нават Андрэй Беларэцкі, далучаліся да гэтых скокаў, нібыта да пахавальнай працэсіі… Ніхто не ўсьміхаўся, не гаварыў, не спрабаваў напець матыў, толькі рухі зьліваліся ў адзіным рытме. Надыйшла частка паванны, якая называецца капрыёль, калі танцоры імітуюць скокі коней. Цені ўсё хутчэй сьлізгалі па сьценах, людзі схіляліся і выпростваліся, мяняліся партнёрамі… Дыханьне пачашчалася… Рукі не сьпяшаліся перарываць дотык да рук…
Калі ня можаш сказаць – таньчы…
Калі немагчыма крычаць – таньчы…
Калі побач сьмерць – таньчы… Як таньчаць аблокі і агонь, як таньчыць сама зямля ў абдоймах ветру…
Улад схапіў Зосю ў абдымкі, пан Беларэцкі затрымаў руку зьбялелай Дароты ў сваёй руцэ…
Стук у дзьверы перабіў шум дажджу і спыніў вар’яцкі танец.
Някліканых гасьцей было трое. Яны ўвайшлі разам з дажджом, ветрам і трывогай. Вада сьцякала па востраверхай шапцы-шлеме галоўнага. Малады твар, шырокі ў выліцах, сьветлыя прамыя бровы і пагляд чалавека, які не сумняецца, як ня створана сумнявацца ружжо за яго плячыма. Двое другіх, адзін у сялянскай сьвітцы, другі ў салдацкім мундзіры са споратымі пагонамі, трымалі ружжы напагатоў, і на тварах іхніх толькі насьцярога і боязь… Сумесь, якая робіць людзей забойцамі.
— Больш у доме нікога няма?
Зося падскочыла да прыхадня, запунсавеўшы.
— Прывітаньне, таварыш Аляксандр.
Госьць ледзь заўважна кіўнуў галавою.
— Добры вечар, таварыш Зося. Ты тут… забаўляешся, гляджу.
Андрэй Беларэцкі раптам расьсьмяяўся. Нядобра засьмяяўся, суха.
— Малайчына, дзяўчынка. Будзеш камісаршай.
Зося з прыкрасьцю азірнулася.
— Ну нашто вы так, пан Беларэцкі.
— А ў вас, пан, дарэчы, дакументы ёсьцека? – зараз жа холадна адгукнуўся Аляксандр, і фалькларыст сьцепануўся, як ступіўшы басанож у халодную ваду.
— Калі вам ня брыдка – то пакажу свой пашпарт яшчэ з царскай Расеі, — Беларэцкі пакорпаўся ў кішэнях пінжака, і на сьвет паказалася пакамечаная паперка. Але прыхадні нават не дакрануліся да яе.
Аляксандр абвёў сьветлымі вачыма пакой.
— У вас тут утульненька… Нават сьвечкі ёсьць. Вунь колькі... А ў горадзе па картках сьвечкі атрымліваюць.
— Буржуі… — прабурчэў чалавек у салдацкім шынелі. – У іх тут немавед чаго прыхавана.
— Заўтра нацыяналізуем, апрыходуем, — раўнадушна прамовіў Аляксандр. Зося кінула хуткі вінаваты позірк на сяброўку, але Дарота маўчала, схіліўшы галаву.