Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ночы на Плябанскіх Млынах

Рублевская Людмила

Шрифт:

Ной захоплена ўсьміхнуўся ў адказ.

— Згода, Зося! Нам ёсьць на што спадзявацца.

— Можа быць, на зьяднаньне Беларусі? – сумна прамовіў Улад. – Гэта ж ганьба якая – падзялілі край напалам, усе маўчаць… Карацей, “Кавалі другія, а ланцуг той самы – песьні ўсе старыя неаджытай гамы…” Фабіяна Шантыра расстралялі, хоць ужо такі бальшавік быў – замест штандару насі. На Украіне паэта Грыцко Чупрынку да сьцяны паставілі… У Расеі – Мікалая Гумілёва, які пра мурынаў ды прынцэсаў пісаў…

— Гэта неабходныя ахвяры, — няўпэўнена сказаў Ной.— Помніце, Майсей сорак гадоў вадзіў свой народ па пустцы, бо тыя, хто пасталеў у рабстве, не маглі стать вольнымі і мусілі памерці. Але гэта часова. Універсітэт жа ствараецца… І мастацкая вучэльня ў Віцебску працуе… Кандзінскі горад расьпісвае ў канструктывістскім стылі.

Пан Беларэцкі сумна глядзеў скрозь акуляры на энтузіястаў.

— А вам ніхто не расказваў, як шаноўнага Доўнар-Запольскага студэнты кіеўскага універсітэту зьняволілі ў ягонай кватэры, нібыта прыслужніка царызму? Усе сябры і знаёмыя разьбегліся… Тых нешматлікіх, хто наважваўся наведаць прафесара, затрымлівалі, абшуквалі… У мяне адабралі нават аловак і нататнік. Толькі цуд – дакладней, адна адданая прафесару вучаніца, якая здолела “прарвацца” да мясцовага камісара – уратавала прафесара ад расстрэлу. Вось дзе парадваліся “недарасьлі”, якія ў свой час атрымалі ад строгага выкладчыка “нездавальняюча”… Пакуль што паслугамі “сьпяцоў” новыя ўлады карыстаюцца… Але – паглядзіце – гэта ненадоўга. Што пачалося крывёю – крывёю скончыцца.

Дарота адвярнулася да вакна, хаваючы хваляваньне.

— Усё-ткі я веру, што сумленныя ды таленавітыя… такія, як мой бацька, заўсёды будуць патрэбныя.

Беларэцкі паківаў галавою.

— А як толькі патрэба ў іх адпадзе… Вымруць, як цмокі. Або вынішчацца… Я сябе так і адчуваю ў гэтым часе – як апошні, стамлёны чаканьнем сьмерці, цмок…

— Дарэчы, цмокі ж вадзіліся ў Сьвіслачы! – падаў голас Улад. – Замежнікі, дзівуючыся, занатоўвалі, што менчукі трымалі ў сваіх дамах замест якіх мопсаў чорных тлустых яшчарак футаў пяць даўжынёй.

— А я аднойчы бачыў з мосту ў Траецкім, як нешта падобнае да такой яшчаркі або зьмяі сьлізганула пад вадой, нібыта душа грэшнага тапельца… — прамовіў Ной.

— І колькі сідру ты перад гэтым выпіў у майстэрні? – насьмешна спытала Зося.

А Дарота зноў моўчкі павярнулася і выйшла ў другі пакой… Грукнулі дзьверцы шафы… І вось перад вачыма ашалелай кампаніі пасярод стала на драўляным пастаменце паўстаў самы сапраўдны цмок… Праўда, невялікі — з сярэдняга сабаку. Чорная луска, нават на выгляд – моцная, нібы панцыр сярэднявечнага рыцара, пашча пагрозьліва разяўленая, а вочкі – як жывыя – з чорнага паўпразрыстага шкла з жоўтымі іскрынкамі пасярэдзіне.

— Слухай, а што ў вашым доме яшчэ такое вось… ёсьць? – амаль з багавейным жахам спытаў Дароту Улад. – А то проста страшна робіцца. Раптам хто раскажа казку пра мёртвую галаву – а ты й прынясеш яе… На талерцы, як Саламея…

Абурэньне Дароты кашчуннымі словамі ніхто не пачуў – усе, нават пан Беларэцкі, кінуліся разглядаць і мацаць цмока. Пільны погляд выяўляў, што чучала вельмі старое, месцамі луска асыпалася…

— Бедненькі… — Зося пагладзіла сьвіслацкага цмока па чорнай сьпіне. На хвілю падалося, што ён завуркоча і замахае хвастом – Ной і Улад, напрыклад, мяркуючы па іхніх паглядах, паводзілі б сябе менавіта гэтак.

— А мне бабуля расказвала, што на Высокай гары, там, дзе цяпер Юбілейны рынак, жыў цмок самых што ні на ёсьць еўпрапейскіх памераў, — паведаміў Ной. – І харчаваўся, як належыць – прыгожымі дзяўчатамі. Пакуль не натрапіў на тую, у якой меўся баявіты жаніх. Усадзіў той меч у цмокава чорнае сэрца… Але й сам быў сьмяротна паранены. Так іх і апусьцілі ў Сьвіслач – і цмока, і рыцара ў крышталёвай труне. Мы ў дзяцінстве ўглядаліся ў тое месца, і, здаецца, бачылі — на дне, з твані ўздымаюцца цмокавы рэбры…

— Вечна цмок ва ўсім вінаваты… — прабурчэў Беларэцкі. – Толькі аднойчы я чуў больш справядлівую выснову, лірнік сьпяваў на Ніжнім рынку: “Скуль узяўся той сьвяты Юры ды забіў нявіннага цмока”…

— А што здарылася з рыцаравай нявестай? — спытала Дарота. Ной паціснуў плячыма.

— Пра гэта гісторыя маўчыць. Або так і засталася нявестай, або выйшла замуж за іншага… Якія яшчэ варыянты?

— Я ведаю гісторыю пра адну нявесту… Толькі ня надта вясёлую гісторыю, — прамовіла Зося.

— Ну вось і раскажы! – узрадваўся Улад. — А то ўсе ўжо нешта распавялі, а вы, паненка, толькі з цмокам лашчыцеся.

Зося раззлавана фыркнула, але расповед пачала.

Гісторыя пра залатагорскую нявесту

Аднойчы да маці прыйшла заказчыца. Здарылася гэта цёмным восеньскім вечарам, калі голае гольле дрэваў адчайна цягнецца да шыбаў, і апошнія мокрыя лісты, сарваныя ветрам, стукаюцца ў шкло, нібыта самагубцы. Заказчыца была сухой і паважнай немкай нявызначанага ўзросту, у пляскатым капелюшы з маленечкім вэлюмам, нечакана задзірыста адкінутым набок – відаць, вецер пастараўся. Немка агледзела нашую кватэру, якая служыла адначасна і майстэрняй, але немагчыма было анічога прачытаць на ейным трохі мужыкаватым твары: ці яна пагарджала нашай беднасьцю, ці нічога асаблівага ў змушанай сьціпласьці кватэры ня бачыла? Заказ быў нечаканы: вясельная сукенка! Не, не для яе самой – наведніца нават пакрывіла вусны ў іранічнай усьмешцы, — а для дачкі яе гаспадароў, шаснаццацігадовай дзяўчыны. Вось і меркі ўсе ўжо зьнятыя – на аркушыку запісаныя…

Маці мая разгубілася – дагэтуль ёй не даводзілася шыць вясельныя сукенкі. Процьма швачак, аднак, менавіта гэтым і займаюцца… Тым болей за грошы, якія госьця прапанавала, можна было замовіць строй у самым шыкоўным атэлье на Губернатарскай!

— Разумееце, фрау, мы не хацелі б зьвяртацца ў вядомае атэлье! – крыху няёмкім голасам адказала немка. – Нам патрэбна, каб убор быў пашыты за двое сутак, фасон, упрыгожваньні – усё на вашае ўгледжаньне. І… каб пра гэта вы асабліва нікому не распавядалі.

Аванс быў літаральна ўпіхнуты ў матчыны рукі…

— А дзе адбудзецца вянчаньне? – пасьпела толькі спытацца матуля. Немка трохі прамарудзіла з адказам:

— У касьцёле на Залатой Горцы, фрау. Я прыду па заказ у суботу раніцай.

Ці трэба казаць, што маці паставілася да замовы з пэўнай насьцярогай, і лічыла, што ўвязалася ў нейкі грэх, а я – наадварот – з захапленьнем. Вядома, я ўсё ўявіла да драбніцаў. Верная прыслуга заказала вясельную сукенку для сваёй маладой гаспадыні, якая наважылася на забаронены бацькамі шлюб… Гэта будзе таемнае вянчаньне. Жаніх, вядома, небагаты. Але страшэнна прыгожы, таленавіты і адважны. І сама паненка ня менш прыгожая і адважная… Як мне хацелася, каб сукенка атрымалася як мага лепей! Але маці і так завіхалася напоўніцу – яна была сапраўды выдатнай швачкай… Каб менш старалася дагадзіць заказчыкам – дык, можа, ня ўбіліся б пасьля тыя сухоты. Бялюткі шоўк з вытанчаным узорам з лілеяў, карункі, ружачкі з атласу… А мне ўсё здавалася, што, каб яшчэ пару дзён – якую прыгажосьць можна было б стварыць! Я абмётвала швы ўсю ноч – я ж гадоў з пяці, як толькі навучылася трымаць у руках іголку, дапамагала маці, таму цяпер ненавіджу ўсялякае шытво і вышываньне. Прыўносіла ў фасон свае фантазіі – дзе дадам перлінак, дзе прызьбяру карункі, так, як бачыла ў краме на Ратушнай плошчы… Напрыканцы, калі ўжо ўсё было гатова, я падышла да белай прывіднай постаці – у сьвятле сьвечкі здавалася, што сукенка на кагосьці апранутая, і белая постаць вось-вось зрушыць з месца… Я яшчэ раз ва ўсіх драбніцах уявіла, як заўтра апране гэты ўбор, хаваючыся ад сьвету, прыгожая бледная дзяўчына, як выйдзе з чорнага ходу да экіпажу, дзе ўжо чакае жаніх – можа быць, гусар, нашчадак зьбяднелага роду, можа, малады паэт… У касьцёле – нікога, акрым сьведкаў, ніякага пышнага вясельля… І мне захацелася яшчэ чым-небудзь дадаць бляску таемнаму вянчаньню. Я зьняла з шафы матчын куфар для ўсялякіх бліскучых драбніцаў, сапраўдную скарбніцу Аладзіна, з брошкамі, кветкамі, барсэткамі, дастала лілею са штучных перлінаў – у дзяцінстве я любіла з ёю гуляцца, і прышпіліла яе на карсет сукенкі, там, дзе сэрца.

Але калі я нараніцу прачнулася, аказалася, што сукенку ўжо забралі – я прапусьціла самы цікавы момант, калі можна было паназіраць, параспытвацца… Маці толькі сказала, што прыйшла тая самая немка – ні сьвет, ні зара, заплаціла – і зьнікла…

І трэба ж было такому стацца, што назаўтра маці дастала з шафы свой зялёны куфар і пачала перабіраць бліскучыя цацкі –спатрэбілася нейкая пацерка для чарговай кофтачкі… Чамусьці ў матчыным голасе, калі яна спытала пра лілею, была сапраўдная трывога… Я, вядома, ня стала нічога хаваць – бо ня бачыла нічога кепскага ў сваім учынку. Але… Аказваецца, брошку падарыў маёй бабулі мой дзед, яна была на вясельнай сукенцы маёй маці… Карацей, я спляжыла сваю спадчыну (цана якой пяць капеек, як я пракаментавала ў думках), і яе належала вярнуць разам з дарагімі ўспамінамі.

Поделиться с друзьями: