ЖАНРЫ

Ночы на Плябанскіх Млынах

Рублевская Людмила

Шрифт:

— А вось ці ёсьць тут прыналежныя да кантррэвалюцыйнай арганізацыі сацыял-рэвалюцыянераў? – госьці шчыльней узяліся за ружжы, запанавала маўчаньне. Дарота ўскінула галаву.

— Тут няма палітыкаў. Мы проста... расказвалі казкі.

— Ну так, — пацьвердзіла Зося, — Пан Беларэцкі – прафесар, ён вывучае фальклор… Абрады ўсялякія, легенды. Песьні народныя. Гэты хлопец, Ной – мастак, вельмі добры. Дарота – настаўніца, як і я, толькі я прыродазнаўчыя навукі выкладаю, а яна – мовы. А Улад – артыст…

— Артыст, кажаш? – Аляксандр кіўнуў галавой у бок Улада. – А хіба не ты казала, што ён эсэр?

— Няпраўда! – голас Зосі задрыжэў і зрабіўся танюткі, як апошні кужаль. — Як ты можаш, Саша... Я табе даверылася… Гэта ж між нас дваіх размова вялася. Расказвала жартуючы… я ж ня думала… І не эсэр ён даўно… Так, дзівак, валацуга…

— А рэвалюцыя жартаў ня любіць, — прыхадзень пачаў, здаецца, весяліцца. — Ня сцы, Зойка, ворагаў трэ вынішчаць, тады і зажывем у ліманадзе, – і павярнуўся да Улада. — Ну, ты, рукі падымі…

Двое наставілі на Улада свае ружжы, бразнулі затворы, як магільныя лапаты аб вечка труны. Улад павольна ўзьняў рукі. На яго бледных шчоках загарэліся чырвоныя плямы. На Зосю ён стараўся не глядзець. А тая адчайна крычала, тузаючы знаёмца за рукаў.

— Саша, Сашачка, ну зразумей жа... Гэта памылка. Гэта ўсё сябры. Беларусы. Таленавітыя, сумленныя… Рэспубліцы яны патрэбныя. Ну няхай яны… твае… апусьцяць ружжы… Як жа мне далей жыць – з гэткім…

На апошніх словах голас дзяўчыны сарваўся на шэпт. Аляксандр уладна абняў яе, страсянуў.

— Якая ты яшчэ… несьвядомая. Ворага выкрыць – ня сорам. Ворага выкрыць – пачэсна. А сьведкі муляюць, гэта я разумею... Ну я ж сказаў, ня сцы, дзеўка, я ўсё ўладжу. Сьведкаў аніякіх ня будзе.

І павярнуўся да зьнерухомелых людзей.

— Усім – на выхад!

— Дык човен толькі адзін, камандзір! – прахрыпеў прыхадзень у сялянскай сьвітцы. Ягонае горла абкручваў брудны шалік, зроблены, падобна, з царкоўнае парчы.—У човен толькі пяцёра сядуць.

Аляксандр паціснуў плячыма.

— Значыць, астатнія самі паплывуць. Ну…

І імгненна, як палёт кажана, выхапіў з кішэні рэвальвер.

Зося паспрабавала адвесьці ягоную руку.

— Сашачка, ня трэба!

— З імі хочаш? Дурніца! Яны – буржуі. А ты – пралетарка. Выбірай, з рэвалюцыяй ты або не?

Зося разгублена маўчала, перарывіста ўсхліпваючы.

— Была адна гісторыя на беразе Сьвіслачы, — скрозь зубы прагаварыў Беларэцкі. – Пабіліся з-за адной красуні два шляхціцы… Сплываюць крывёю, адзін другому і кажа: “Што ж мы, абодва памром, а паньне нашай самотнай жыць… Пайшлі, пакуль на нагах, да яе – няхай выбера, каму памерці. А другі перавяжа свае раны і спазнае шчасьце”. Прыйшлі да дому панны, барваю шлях паліваючы – а з яе вакна трэці, шчасьлівы, вылазіць… Карацей, памерлі ўсе, — не зусім лагічна завершыў расповед пан Андрэй.

— Шкада, я не намалюю цябе, Зося, — ціха прагаварыў Ной і ўсьміхнуўся. – З-за мяне можаш не пакутваць сумленьнем. Ты не вінаватая.

І ступіў да дзьвярэй…

— Пачакай, Ной! – Зося намагалася супакоіцца. – Добра. Добра, Саша. Я ўсё зразумела. Так. Гэта гонар. Я не саромлюся сьведкаў. Няхай яны застаюцца. Забяры толькі таго, хто вам патрэбны.

Аляксандр шырока ўсьміхнуўся.

— Падобна, нам патрэбныя ўсе. Нешта надта падазроныя ў цябе сябры, Зойка. Вядома, дзеўкай поўная вуліца, але жонкай поўная толькі печ, у хату з вуліцай не заходзяць. Адчыняй дзьверы, кучаравы! Чаго стаў!

— Гэтыя дзьверы адчыняць толькі агонь і кроў, — прагаварыў Улад, ірвануўся і, падаючы, скінуў на падлогу пахавальныя сьвечкі. Стрэлы, віскат… Агонь пабег па абрусе, па парцьерах… Загарэліся старыя газеты, раскіданыя абы-як па падлозе… А потым пралілася кроў…

І дзьверы расчыніліся.

Для кожнага – свае.

...Чырвоны карбункул сьвяціўся ў чорных халодных хвалях, толькі што вызваленых з-пад лёду. Мастак пазіраў з мосту ў Сьвіслач. Шматкі газетнага ліста белымі матылямі кружлялі над вадой, апускаліся на хвалі. Самае месца для несправядлівых словаў. А пачыналася ўсё так добра… Персанальная выстава, замова на росьпісы для Дому селяніна… Абстракцыянізм – рука імперыялізму. Выкармыш, вылюдак, вораг… Словы пазбаўляліся звычайнага сэнсу. Божа мой, ну чаму ён ня можа маляваць, як усе – партрэты правадыроў, шчасьлівых калгасьнікаў, стаханаўцаў… Спрабаваў жа – ня так, занадта трывожна, занадта складана… Карціны, мусіць, ужо вывезьлі з майстэрні. Цікава, разьбяруць па лецішчах альбо спаляць? А куды вывезуць яго, іх стваральніка? Самае страшнае – гэта ўжо ён ведаў – заступацца і нават спачуваць ніхто ня стане. Ён сам яшчэ нядаўна пераконваў сябе, калі даведваўся пра арышты знаёмых: гэты, недарэка, нарабіў памылак… А той, мабыць, і праўда замаскіраваны вораг. А гэты, ясна, невінаваты. Але – разьбяруцца бяз нас, выкруціцца, апраўдаецца. Цяпер прыйшлі па яго. Карбункул сьвяціўся праз хвалі. Самы час паспрабаваць дастаць…

Бліскучая зала дома прафсаюзаў узарвалася апладысьментамі. Дырэктарка ўзорнай дзіцячай выхаваўчай калоніі, зграбная, з каротка стрыжанымі рудымі валасамі сыходзіла з трыбуны, шырока ўсьміхаючыся. Даклад быў добры. Правільны даклад. Але справы двух пяцікласьнікаў учора зьніклі. Бедныя Палінка ды Алесь. Дзеці ворага народу. Яна, выпраўляючы колішнюю памылку юнацтва, ратавала такіх дзяцей, як магла. У чым яны вінаватыя? Мяняла прозьвішчы, перапраўляла гады нараджэньня. Вучыла, як адказваць: сірата, бацькоў ня памятаю… Намесьнік па камсамольскай рабоце, нядаўна прысланая з Уралу, учора нешта намякала – пранюхала, паразітка. Што ж, рана ці позна…

Чалавек у ватоўцы, са спакутваным чорным тварам, сядзеў на драўлянай вакзальнай лаўцы, спрэс парэзанай ножыкамі. Худы вузельчык ляжаў ля ног, абутых у прывіды колішніх чаравікаў – перавязаныя вяровачкамі, дзіркі заторкнутыя газетамі.

— А што гэта, грамадзянін, у вас за газетка тырчыць?

Чалавек звыкла паслухмяна ўзьняўся, рукі самі склаліся за сьпінай. Адзін з патрульных нахіліўся. Тузануў за край паперы, што паказваўся з чаравіка незнаёмца.

— Ты… ты гэта што? Партрэт таварыша Берыі бэсьціць? А ну, дакументы!

Чалавек дрыготкай рукой дастаў з-за пазухі паперкі.

— Ага, вяртаемся з месцаў далёкіх. Вызвалены за актыўны ўдзел у агітбрыгадах. Артыст, значыць… Камандзіраваны ў Віцебскі тэатр… Хто гэта ў вас такі добранькі ў начальніках? Разьбярэмся, гніда! А ну, пайшоў…

— Гэтая рэформа правапісу не адпавядае самой прыродзе нашай мовы, — голас загадчыцы кафедры, высахлай кабеты з рана пасівелымі, калісьці чорнымі, косамі, укладзенымі каронай, быў ціхі, роўны, зусім пазбаўлены эмоцыяў. Але прысутных апаноўваў жах, нібыта яна нема крычала. – Набліжэньне да расейскай мовы – ня той шлях, на якім наша нацыянальная культура можа напоўніцу раскрыцца. Бо кожная мова – жывы арганізм, які разьвіваецца па сваіх законах, і культурны чалавек мусіць берагчы ўсе мовы сьвету, не даваць ім зьнікаць і страчваць самабытнасьць. Тым больш мы, беларусы, мусім ганарыцца сваёй мовай, на якой пісаліся Статут Вялікага княства Літоўскага і прадмовы Скарыны, і захоўваць яе.

Два маладыя выкладчыкі, кідаючы адзін на аднаго насьцярожаныя позіркі, пасьпешліва занатоўвалі словы куратаркі. Адзін з іх мусіў пасьпець дакласьці куды трэба першым, і тым выратавацца.

Над верасовай пусткай гарэла вострая зорка, цені Дзікага Паляваньня сьлізгалі над зямлёй… Андрэй Беларэцкі здушыў крык і кінуўся бегчы ў лаўжы, што цямнелі побач. Цяпер ён ня мог бегаць так хутка, як у маладосьці. Ды і вочы, саслабелыя ад працы над неразборлівым почыркам сярэднявечных перапісчыкаў, нават поўню бачылі ў выглядзе сьветлай расплывістай плямы – нібыта паркалёвы каптур закінуты ў печку. Дом на Плябанскіх Млынах рабіўся сумным паданьнем, ператвараючыся ў попел.

Поделиться с друзьями: