Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ночы на Плябанскіх Млынах

Рублевская Людмила

Шрифт:

— Расказвай, расказвай! – падганяла Зося, і Ной, вінавата ўсьміхнуўшыся рудзенькай гарэзьніцы, распачаў…

Гісторыя пра старую аптэку

Усе ведаюць аптэку ў Траецкім… Тую самую, што па літасьцівым прывілеі яснавяльможнага пана Аўгуста ІІІ адчыніў у 1748 годзе менскі радца пан Ян Давід Шэйба. Калі я быў малы, і часта бегаў у гэты стары будынак з пазелянелых ад часу камянёў, — здавалася, нібыта яго дасталі з марскога дна, — амаль ніхто там ужо ня памятаў былых зельнікаў, што таўклі сухія кветкі і карэньчыкі ў мядзяных ступках, састаўленых на паліцах ля самае столі, ды пераганялі рознакаляровыя вадкасьці па рэтортах з тоўстага, нібы калядны лёд, шкла… Мы прыносілі ў аптэку сабраныя па сьметніцах, выпрашаныя ў гаспадароў пустыя бутэлечкі ад кропляў ды мікстураў, зялёныя, сінія, памаранчыкавыя, праз якія так дзівосна і весела пазіраць на сьвет, і атрымлівалі свае медзякі, а ахвочыя – яшчэ й расповеды аптэкара Ёзафа… Ён быў ужо такі стары, што гаспадар не дазваляў яму разьлічвацца з пакупнікамі – гэта рабіў маладзейшы аптэкар. Здавалася, Ёзаф жыве ў часе талераў і шэлегаў, забыты там, як дамавік у старой хаце. Ніхто ня памятаў, калі ён пачаў працаваць у аптэцы, не было ў яго ані сваякоў, ані людзей, якія маглі назвацца ягонымі сябрамі. Жыў у катуху ў аптэчным сутарэньні, з маленькім акенцам ля самай зямлі, забраным кратамі, нібыта ў вязьніцы, ды яшчэ заўсёдна завешаным фіранкамі. Паколькі з-за тых фіранак даносіліся розныя дзіўныя пахі, а часам выбіваліся пасмы сьмярдзючага дыму, можна было зразумець, што Ёзаф і ў сваёй будцы працягваў рабіць лекі. Рукі Ёзафа дробна трэсьліся, здавалася, ён прасейваў скрозь пальцы нябачны пясок часу. Але – гэта я ўжо цяпер разумею – яго не звальнялі, бо меў асаблівы дар складаць адмысловыя адвары… Хоць ад прастрэлу, хоць ад меланхоліі, хоць дзеля адбельваньня скуры або праясьненьня розуму нядбайнага гімназіста перад іспытам па лаціне. Як цяпер бачу Ёзафа ў цёмным куце па той бок прылаўка – акуляры, падвязаныя зашмальцаванымі вяровачкамі, вузкі цёмны твар, нібы выразаны мечам, нос у сініх прожылках, запалыя шчокі і падціснутыя ў нітачку вусны, чорная шапачка на лысай галаве, з-пад якой выбіваюцца рэдкія сівыя пасмы, падобныя да пер’яў хворага птаха… Схіліўся над ступкай, старанна расьцірае яе зьмесьціва цяжкім таўкачом, дадае, абрываючы з шорсткіх букетаў, падвешаных на сьцяне, то лісьцік дурнап’яну, то каліўца дзівасілу, то бязважкі пялёстак мечніку, то падсыпае з парцалянавага слоіка шчопаць вохкага парашку колеру мёртвай вады… Варта было стаць каля старэчы – і ён пачынаў расповед, нібыта твой цень, упаўшы на яго, абудзіў зыржавелы, але ўсё яшчэ дзейсны механізм. Расповеды паўтараліся, расквечваліся, пераліваліся дробнасьцю дэталяў, як расшыты перлінамі і каменьчыкамі гарсэт казачнай каралевы… Мы былі малыя і дурныя, і мала што запаміналі, адно падсьмейваліся. Найчасьцей Ёзаф расказваў пра Яна Давіда Шэйбу, першага ўладара аптэкі, і ягонага зельніка, якога таксама звалі Ёзаф. І вось што я магу згадаць… Паводле расповедаў Ёзафа, быў ягоны цёзка з 18-га стагоддзя смуглявы і чорнавалосы прыгажун, вучыўся свайму майстэрству ў Празе і Сарбоне, і невядома дзе яшчэ… Але, зазначаў са стоеным уздыхам апавядальнік, быў той Ёзаф ня надта кемны, бо верыў, што чалавек можа ведаць болей, чым зьмесьціцца ў сявеньцы, і заставацца шчасьлівым… Каб нарадзіўся ён рыцарам – слаўны аказаўся б ваяр і кавалер. Але Ёзаф у дзяцінстве бегаў у кароценькай кашулі, босы, па брудным бруку мястэчка, і бацька ніколі не ўкладаў яму ў рукі дзяржальна мяча, адно толькі адпаліраваную да бляска ручку шаўцоўскага малатка. Ды Ёзаф, атрымаўшы залаты доктарскі ланцуг на шыю і аксамітны плашч на шырокія плечы, не хацеў ані пра гэта помніць. Як быццам чалавек можа парваць зрэбную вяроўку свайго роду і ўплесьці свой лёс у чужыя бліскучыя карункі. Расказвалі, што нават Аўгуст ІІІ, былы курфюст Саксонскі, у бытаваньне сваё каралём Рэчы Паспалітае, пасылаў у аптэку Шэйбы па лекі ад атлусьценьня — яго вялікасьць быў азызлы, як дзяжа з перастоеным цестам. Вядома, пагаворвалі, быццам ня толькі звычайныя лекі рыхтуе Ёзаф, але ўцямныя яму размовы зорак і зёлак, і карона вужынага караля зашытая ў ягоным чорным каптане, насупраць сэрца… І вось неяк на Піліпаўку наведаў Ёзафа яшчэ адзін вяльможны кліент, маршалак і староста менскі Завіша. Здарылася са славутым воем тое самае, што адвеку здараецца з мужчынамі, чые валасы пераблытала срэбнае павуціньне, зморшчынаў стала болей, чымся шнараў, а сэрца забылася пастарэць. І сэрца сваё гатовы ён быў пакласьці пад востры абцасік ластаўкі-каханачкі, каб не баяўся, што яна й наступіць на яго пагрэбуе. Дачка лаўніка гарадскога магістрату Югася мела шаснаццаць гадоў, скуру бялюткую, шчочкі пунсовыя, вочы цёмныя, стан не таўсьцейшы за цалю – усё, як вымагала мода часу ад прыгажуняў. Здавалася, яна можа прабегчыся па каламутных хвалях Сьвіслачы, як месяцовы прамень. Адзіная загана мелася – на далікатным, самую крышачку кірпатым носіку штовясну праяўляліся, як на пялёстку белай лілеі, рабацінкі – ганьба для шляхетнай паненкі. Дзе набываць прыціраньні? Вядома, у аптэцы Шэйбы ў Траецкім. І панна Югася была там госьцяй нярэдкай і жаданай, і разам з прыціраньнямі, парфумамі, памадамі атрымлівала цэлы куфэрак вясёлых Ёзафавых жартаў, дзівосных расповедаў пра васіліскаў ды красналюдкаў і нават куртуазныя песенькі – і ад звонкага сьмеху паненкі, здавалася, узьвіхурваліся ў бутэлечках і колбах рознакаляровыя адвары. А на што яшчэ мог спадзявацца бязродны аптэкар, адно разьвесяліць… Затое ўдовы Завіша меркаваў сябе жаніхом з жаніхоў, тым болей высакародныя шлюбы ня дзеля ўзаемнае любові ладзяцца. Але чуткі хадзілі, што трох сваіх жонак замардаваў ён, ды й пяцёра дарослых дзяцей, пільнуючых спадчыны, не былі надта вабнай аздобай жаніха. Ды яшчэ, магчыма, панна Югася мела схільнасьць да кагосьці маладзейшага. Вось і зьвярнуўся Завіша да Ёзафа, каб у прыціраньні для паненкі дадаваў прылюбнае зельле. Маршалкам аптэкары не адмаўляюць. Але нешта не дапамагалі зёлкі Ёзафа прысушыць юнае сэрца… Словы паненка сказала заляцаньніку сьсівеламу жорсткія: маўляў, каб не сівізна гэтая, ды ня зморшчыны, дык чаму б не палюбіць такога слаўнага ваяра? Але пакуль ён падобны да сьпечанага яблыка, няхай са сьвіслачскай русалкай любіцца, бо ў той вочы з туману, усё роўна не разгледзіць, як сьлед.

І вось уночы па загадзе Завішы прывялі Ёзафа, паднятага проста з ложку, у адной кашулі, у Менскі замак — яго руіны засталіся там, дзе зьліваюцца Няміга і Сьвіслач. Маршалак мовіў адно: ня выйдзеш адсюль, пакуль не згатуеш зельле, якое верне мне маладосьць. Дарэмна кляўся Ёзаф, што не па сіле чалавеку павярнуць час назад, і чорныя коні бога Хронаса стопчуць любога, ніводзін сьмяротны ня змусіць іх ступіць убок ад каляіны, выбітай на Шляху Продкаў. Нічога ня слухаў Завіша. І ўзяўся Ёзаф за справу. Цэлы тыдзень шчыраваў ён у сутарэньнях замку, выходзячы толькі для таго, каб паглядзець з вартавой вежы на зоры, і падслухаць іх размовы, і зьнізаць прывідныя каралі іх шляхоў… І аднойчы працягнуў Ёзаф маршалку бронзавы кубак, у якім дымілася падобнае да вадкага металу зельле… І не было пэўнасьці ў ягоных вачах. Завішу давялося пажыць у каралеўскіх палацах, дзе нават падлога высланая здрадай ды атрутай, і ратуе толькі ўвесьчасная асьцярога, і загадаў аптэкару: “Выпі сам. А заўтра, калі зельле не спадманнае, вып’ю я”.

Ёзаф выпіў кубак да дна. Аптэкара пасадзілі ў самы далёкі кут сутарэньня і паставілі ахову. Назаўтра туды прыйшоў Завіша. І ўбачыў у зыркім сьвятле паходняў, што з каменнай падлогі падымаецца незнаёмы стары… Ад поўначы да поўначы валасы Ёзафа зрабіліся сівымі, скура зжаўцела і зморшчылася, вусны, яшчэ ўчора ўладныя ды пульхныя, сьцягнуліся ў нітку, сьпіна сагнулася…

У страшэнным гневе стаўся маршалак. Дарэмна Ёзаф крычаў, што не вінаваты, што проста не пасьпеў давесьці да ладу свой напой… Завіша загадаў біць аптэкара бізунамі і выпаліць на ягонай сьпіне і грудзях першыя літары ягонага імя і слова “здраднік”. І пасадзіць у вежу да сьмерці, бо яна, зразумела, такому старэчы ў патыліцу дыхае, як найлепшы кат.

Казалі людзі, што смуглявы Ёзаф сам быў закаханы ў паненку Югасю, таму й не дапамог Завішу… Але хіба можна ўсьцерагчы шыпшыну на ўзьмежку чужога поля? Па навакольных вёсках пайшла пошасьць… Выкошвала людзей, як п’яны касец – траву, пакідаючы асобныя лапікі, не разьбіраючы, дзе высокія сьцябліны, дзе юныя парасткі… Менчукі ў страху чакалі, калі бяда зойдзе ў горад. Палілі вогнішчы з ядлоўцу і палыну ля брамаў і на скрыжаваньнях, пільна аглядалі кожнага, хто хацеў зайсьці ў горад – ці не нясе заразу, або можа сам і ёсьць – перакінутая зараза? Месьцічы расказвалі, што бачылі пошасьць у выглядзе прыгожай дзяўчыны, што махала з могільніка ў бок гораду чырвонай хусткаю… Другія сьцьвярджалі, што яна зьяўлялася як жанчына з каровінымі нагамі на тройцы вараных коней, і чамусьці ўвесь час нюхала табаку з чорнай табакеркі. Іншыя бачылі, як худая кабета, сіняя, як пуп, хадзіла па Сьвілачы, нібы па сьцежцы – ясная справа, у халеру і жаба ня квакне, будзе засуха. Нейкую жабрачку забілі камянямі ля Татарскага канца – у небаракі было крывое вока… І шапталіся на Верхнім рынку, і на Ніжнім, і на Малочным, і на Рыбным, што на мастках праз Нямігу, нібыта самы надзейны сродак спыніць пошасьць – падпільнаваць, хто захварэе першы, і закапаць яго жыўцом…

Пра тое, што захварэла юная дачка лаўніка, суседзі даведаліся ад прыслужніцы… Назаўтра дзяўчыну хавалі на Залатой Горцы. Чамусьці ў зачыненай труне. Бацькоў на пахаваньні не было…

Пошасьць усё-ткі прыйшла ў горад, сабрала сваю даніну... І пасьля ўжо ніхто ня мог дакладна расказаць, як усё чынілася падчас сьмяротнага страху, які кажа свае законы. Над магіламі ахвяраў пошасьці не было ані моцы, ані жаданьня ставіць знакі… Але над магілай паненкі Югасі ўсё-ткі паклалі каменную пліту з надпісам: “Цьвіла ружа, не дасталася нікому, толькі Госпаду адному”.

Усё мінае, прамінула і пошасьць… Дамініканцы пранесьлі горадам драўляную выяву сьвятога Роха, апекуна захварэлых, знойдзеную паводле сна мнішкі ў развалінах кляштара, і жыцьцё пачало круціць свае жорны… Завіша ацалеў і зьехаў у Варшаву. Каб праз год памерці на каралеўскім застольлі – шляхціц на балях ніводнай кругавой чары ня мусіў прамінуць, а ў маршалка і гады, і сэрца хворае… А старым сябе вызнаваць не хацеў. А можа, спадзяваўся заглушыць віном сардэчны боль? Так і зваліўся пад стол з недапітай чаркаю…

Прамінулі гады. У Менску адчыніліся забітыя дошкамі шыбы выклятых хваробаю дамоў, пацягнуліся на гандлёвыя пляцы купецкія вазы… Успомнілі ўлады і пра вязьняў менскага замку. За час пошасьці вартаўнікі зьмяніліся, і цяпер ніхто ня ведаў, кім быў старэча ў згнілых лахманах, што невядома як выжыў у цёмных лёхах. Ніхто ня памятаў ягонага злачынства, і раз Божы Бізун не пакараў яго, вязьня выпусьцілі на волю, як пускаюць з ланцуга старога сабаку – паміраць, праганяючы далей ад хаты.

А як ён усе гэтыя гады хацеў памерці! І тады, калі думаў, што здарыцца, калі каханая ўбачыць яго цяперашняга, і тады, калі ведаў, адчуваў, што яна памірае – а ён мог бы выратаваць, калі б апынуўся побач… Любы чалавек на ягоным месцы ўжо даўно памёр бы. Але сьмерць забылася на Ёзафа, яна быццам не пазнавала яго, як старая класная дама знарочыста не пазнае былога вучня, што некалі скраў ейныя рамантычныя лісты часоў далёкага юнацтва і, рагочучы, зачытаў аднакласьнікам… Ёзаф зразумеў, якое зельле ён зварыў, у чым была хіба – яно адбірала маладосьць, але давала вечнае жыцьцё. Навошта?!! Шукаць адказу на гэтае пытаньне ў яго ставала часу. Ніхто ня ведае, дзе цяпер Ёзаф… Але, хутчэй за ўсё, ён намагаецца знайсьці зельле, якое дазволіць яму вярнуць увагу сьмерці, і сустрэцца з каханай…

Вось такую гісторыю паўтараў з дня ў дзень стары Ёзаф з аптэкі ў Траецкім, і тоўк, тоўк у ступе вохкія зёлкі… Я спрабаваў намаляваць яго вуглём на кавалку кардону, але мне яшчэ не хапала майстэрства. Каб маляваць такіх, як Ёзаф, трэба мець цьвёрдую руку і чуйнае сэрца. Я ня ведаю, ці валодаю гэтым і сёньня. А вось пазьней, калі я ўжо хадзіў у студыю да Кругера, адзін раз бачыў сярод карцінаў настаўніка Ёзафаў партрэт… Аптэкар быў намаляваны ў стракатай усходняй апратцы, але я пазнаў яго… Настаўнік назваў карціну “Агасфер”. Я ніколі пазьней яе ня бачыў і нічога пра яе лёс ня ведаю.

Аднойчы я прыбег у аптэку з чарговымі бутэлечкамі і не пачуў знаёмага пагрукваньня таўкача. Ёзафа ў куце за прылаўкам не было… Малады аптэкар спакойна паведаміў, што стары гэтай ноччу памёр, яго рыхтуюць да пахаваньня…

Ці трэба казаць, што я пабег да маленькага падвальнага акенца. На гэты раз фіранкі былі адсунутыя. Першае, што я ўбачыў – цела, што ляжала на стале. У катуху, як я і ўяўляў, грувасьціліся бутэлечкі і рэторты, снапы сухіх траваў і груды каменьчыкаў, высілася нешта падобнае на перагонны куб. У печцы з прыадчыненымі дзьверцамі яшчэ цепліліся вугалі, а на вугалях – я добра разгледзеў гэта, бо печка стаяла ля вакна – ляжала трэснутая шкляная пасудзіна з рэшткамі цёмнай вадкасьці. Дзьве кабеты, жабрачкі з начлежнага дому, якія звыклі падрабляць падобным чынам, перапраналі нябожчыка па звычаі ў сьвежую кашулю. Яны сьцягнулі з яго вопратку, і… я пабачыў на ягоных грудзях шнары ад апёкаў, якія складаліся ў слова “здраднік”. І яшчэ ініцыялы — “І.Д.Ш.”

Ёзафа, па ягоным запавеце, пахавалі на Залатой Горцы. А я паступіў у рамесную вучэльню і перастаў хадзіць у аптэку ў Траецкім.

Ной скончыў свой расповед і вінавата ўсьміхнуўся.

— Ну вось, бачыце, нічога асабліва містычнага…

— Значыць, рабацінкі – ганьба для паненкі, — зьедліва прамовіла Зося, дакрануўшыся да свойго носіка. – Ну-ну… Я табе згадаю гэта, Ной, калі наступны раз запросіш таньчыць.

— Вось цікава, я таксама калісь забягаў у тую аптэку, па лакрычныя ледзяшы, але ніякага Ёзафа ня памятаю, — прамовіў Улад. – Можа, я проста не пазнаў твайго Агасфера?

Ной гнеўна павярнуўся да сябра.

– Ты што, думаеш, я гэта ў кніжках вычытаў?

Дарота прымірэнча прамовіла:

— Урэшце, Улад мог заходзіць у аптэку пасьля сьмерці старога. А, дарэчы, калі пашукаць на Залатой Горцы магілу панны Югасі?

— Я шукаў і знайшоў, — спакойна і проста сказаў Ной. – Каменная пліта… Амаль пайшла пад зямлю, у паглыбленьнях надпісу вырас мох, і здаецца, што літары зробленыя зялёным аксамітным пасакам. “Цьвіла ружа, не дасталася нікому, толькі Госпаду адному”. Больш нічога, ні імя, ні году… А магілы Ёзафа я нідзе не напаткаў, хаця й пахавалі яго ня так даўно.

Поделиться с друзьями: