Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Ночы на Плябанскіх Млынах

Рублевская Людмила

Шрифт:

— Цяпер не хапае некалькіх дэталяў, каб расповед можна было залічыць да каляднага, — зазначыў Улад. – Варта, каб прывід Ёзафа зьяўляўся ў куце аптэкі ў Траецкім і тоўк у прывіднай ступе зёлкі… Або каб ступа на верхняй паліцы пачынала зьвінець у дзень ягонай сьмерці.

— А на Залатой Горцы пачалі зьяўляцца дзьве прывідныя постаці, у абдымку ды са сьвечкамі, — насьмешна прамовіла Дарота. – Кіньце дурное. Гаварыць аб прывідах – наклікаць бяду. Я Ною веру, але — ніякай містыкі. Быў стары аптэкар, выжыў з розуму, блытаў казкі і ўласнае жыцьцё… Можа, з кантрабандыстамі калісь зьвязаўся, ці з якімі нігілістамі, вось і зарабіў шнары…

— Хто б мог чакаць ад такой вытанчанай паненкі гэткага рэалізму! – пасьміхнуўся малады артыст. Дарота кінула на яго раздражнёны позірк:

— Ёсьць рэчы, якімі не гуляюцца, спадар. Каб не людская дурная цікаўнасьць, можа, не было б сёньня гэтай паводкі…

— Ага, панна Дарота робіць закіды на нейкую таямнічую гісторыю, — ажывіўся пан Беларэцкі. – Зрабіце ласку, юная гаспадыня, распавядзіце.

Дарота трохі засмуцілася.

— Ну, гэта не мая гісторыя… Гэта расказваў бацька. І тое – каб напалохаць мяне, малую, каб я не капрызавала і не затрымлівалася на панадворку дацямна.

— Раскажы, Даротка! – запатрабавала Зося ў сяброўкі, і тая, кінуўшы насьцярожаны позірк на прыгажуна Улада, які падрыхтаваўся слухаць са сваёй заўсёднай упэўненай усьмешкай, пачала...

Гісторыя пра Плябанскія Млыны

Я ня ведаю, чаму людзі так любяць страшныя гісторыі. Вядома, усе прагнуць цудаў. Бяз веры ў цуд душа сьляпая, нібы начны матыль. Але вельмі часта ў пошуку незвычайнага мы ляцім, як тыя матылі, не да зор, а на агеньчык сьвечкі альбо газоўкі… І з тым жа сумным вынікам, што й для сапраўднага матыля. І ня трэба пасьмейвацца нада мной – я ведаю, што вы і так лічыце мяне занадта… разважлівай. Што зробіш? Я расла ў сям’і настаўнікаў, дзе слова “маральнасьць” гучала часьцей, чым слова “сьвята”. Усе ведаюць, што паводкі бываюць у нас з-за Плябанскай плаціны. Пабудавалі яе дзеля млыноў… Адзін належыць дамініканскаму касьцёлу, другі – архіерэйскаму дому. І закінутыя даўно млыны, але горад так і ня змог прыбраць плаціну, якая ператварае раку ў гніючую сажалку, бо і касьцёл, і царква запрасілі за сваю маёмасьць гэтулькі, што гараджане паўвеку зьбіралі грошы на выкуп. Але ёсьць і іншае вытлумачэньне. Бо калісьці менавіта паўз гэтае месца плыў па рацэ абраз Маці Боскай Менскай… Супраць плыні, са спаленага Кіева, кінуты ў ваду татарынам. Месьцічы знайшлі абраз у Траецкім, бо раніцай над берагам зьявілася дзіўнае сьвятло. Дасюль сьвятыня перахоўваецца ў менскіх храмах і апякуецца нашым горадам, і, дасьць Бог, будзе апекавацца вечна… Тым больш гавораць, што маляваны абраз рукою самога апостала Лукі. Калісьці княгіня Друцкая, вельмі пабожная, замовіла для абраза дзівосны аклад — са срэбра, упрыгожаны каштоўнымі камянямі. Можна, вядома, разважыць — навошта тыя каштоўныя аклады, калі для верніка галоўнае ня бляск камянёў, а аблічча сьвятога, і Багародзіца не ў кароне і срэбных шатах, а басанож па зямлі хадзіла. Але любая ахвяра, дадзеная з верай і любоўю, ня будзе адвергнутая. Нават бедны блазан, які, ня маючы што прынесьці ў дарунак Прасьвятой Дзеве, пачаў паказваць перад ёй сваё грэшнае мастацтва і заслужыў ад яе апладысьменты – драўляная скульптура зварухнулася. Так, людзі заўсёды спадзяюцца на цуд. Спадзяваліся і нашыя продкі, калі да гораду набліжалася войска татарскага цемніка Менглі-Гірэя. Але нашыя продкі ведалі і тое, што трэба бараніць сваю радзіму да апошняга. Напярэдадні па горадзе прайшлася пошасьць, вояў не хапала, і надзей на выратаваньне было менш, чым вады ў прысаку. Жанчыны і мяшчанкі, і шляхцянкі, шчыльна падвязвалі валасы белымі хусткамі і дзялілі месцы на абарончых валах, дзеці, нават самыя малыя, глядзелі на іх сухімі вачыма і сьцягвалі каменьні ў кучы – не для гульні, а для абароны. Дымы далёкіх вогнішчаў, быццам хвасты чорных лісіцаў, хісталіся ля лесу – там спыніліся ворагі. Тады ноччу ў царкве княгіня Друцкая – ці то паводле пабачанага ў сьне, ці так спрарокаваў юрад на паперці, а ў такое верылі неабвержна, — з малітваю дастала з акладу сьвятога абраза чатыры каштоўныя камяні – смарагд, хрызаліт, бірузу і чырвоны карбункул, паклала кожны камень у срэбны куфэрак і паслала давераных людзей, каб тыя закапалі камяні ў чатырох канцах гораду. Пакуль тыя камяні будуць у зямлі, ніякі вораг горад ня зьнішчыць. Самы каштоўны і прыгожы, чырвоны, як золак, камень – карбункул – закапалі ля Плябанскіх млыноў… І горад на той раз ацалеў – прыйшла дапамога… Праўда, зацішак доўжыўся нядоўга. Захоплівалі наш горад расейцы, шведы, палякі, немцы… Відаць, прыбралі хцівыя рукі закапаныя сьвятыя камяні. Але рубін каля млыноў заставаўся… Таму й горад не зьнікаў, адраджаўся зноў і зноў. Ня ведаю, якім чынам, але пра скарб даведаліся. І што б вы думалі? Знайшліся людзі, што пачалі яго шукаць! Некаторыя з-за верніцкага імпэту. Бо невядома было, ля якога млына сьвятая рэліквія: ля таго, што належаў касьцёлу, або ля таго, што належаў праваслаўнай царкве. А які гэта быў бы доказ праўдзівасьці канфесіі! Абодва млыны дружна малолі муку, адна вада круціла іх колы, і ніхто не дзяліў хлеб на лепшы і горшы ад таго, на якіх жорнах было змолатае зерне… Але людзі, пакуль іх ня зьмеле на сваіх жорнах сьмерць, дзеляцца і дзеляць, і заўсёды знаходзяць падставу дзеля нянавісьці. Ну а іншыя, зьняверцы, і каталікі, і праваслаўныя, сьмеючыся над забабонамі, проста хацелі пабагацець. Капалі таемна, крадма, шнырылі ля вадзяных колаў, заглядвалі ў скляпеньні, шукаючы срэбнага куфэрку з карбункулам… Але заўсёды былі й тыя, хто даражыў запаветамі продкаў і гатовы быў бараніць сьвятое любой цаной. Таму неаднойчы нараніцу воды Сьвіслачы прыбівалі да берагу мёртвае цела з расьсечанай мечам галавой. І пачалі гаварыць, што млыны – месца небясьпечнае, што там па начах жыве нячыстая сіла, і вадзянікі круцяць іх колы, не зважаючы на сьвятыя малітвы. Але пра якія млыны так не гавораць?

Прайшло дзьвесьце гадоў ад таго часу, калі княгіня Друцкая дастала з рызы сьвятога абраза чатыры камяні. На адным з млыноў – ніхто ня памятае, на якім – шчыраваў пабожны і ціхмяны млынар. Быў ён дужы, як усе млынары, бо лёс іхні – усё жыцьцё насіць цяжкія мяхі, і, нягледзячы на ціхі нораў, мог абараніць свой млын. І дачка ягоная была ціхмянай і набожнаю… Мне вельмі хацелася б сказаць, што яна была прыгожай, але гэта ня так. Яе вочы былі моцна скошаныя, і млынароўна, відаць жа, лічыла, што лёс яе прадвызначаны гэтак жа, як прадвызначаны ён у разьбітага збанка… Хаця што такое жаночая прыгажосьць? Вось камусьці з венцаносцаў імпануе тонкі стан, і няшчасныя дзяўчаткі ад маленства зацягваюцца ў гарсэты, аж ссоўваюцца рэбры, і ад немагчымасьці напоўніцу ўздыхнуць прыгажуні штогадзіну губляюць прытомнасьць... Тым самым пацьвярджаючы міф, якія яны слабенькія ды пяшчотныя, быццам крылцы матылька… А раней цягам стагоддзяў імітавалі цяжарнасьць – бо камусьці з вяльможных паноў спадабалася менавіта гэта… Палюбоўніца французскага караля на шпацыры змацоўвае прычоску карункавай падвязкай ад панчохі – каралю падабаецца, і вось дамы, адна перад адной, грувасьцяць сабе на галаву вежы з карункаў, дадаючы каркас з дроту, кветкі, птушкі… Прычоска – на паўгода, спаць на адмысловых падушках-зэдлічках, часалкі для галавы – ганяць “жыўнасьць”, ня шкодзячы прычоску.

Так што я ня ведаю, ці была млынароўна сапраўды такой непрыгожай, як захавалася ў паданьні.

Млынар цяжка захварэў… Пасьля таго, як вераб’інай ноччу пасядзеў на беразе, замест таго, каб хавацца ад навальніцы і залевы ля хатняга агменю. Такі ўжо быў звычай у млынара – па начах гуляць па беразе ракі. Перад сьмерцю ён сказаў дачцы, якая ўчарнела ад гора: “Ты не застанешся адна. І справа мая не загіне. На трэці дзень пасьля майго пахаваньня да цябе прыйдзе жаніх. Ён скажа: “Блаславі цябе маці Божая Менская”… Слухайся гэтага чалавека”.

І сталася так. Той, хто раптам пасватаўся да млынароўны, быў сапраўдны шляхціц, рыцар, які прайшоў не адну вайну, увесь у шнарах, як дзьверы піўніцы… Шляхціц, які бярэ шлюб з простай, ды яшчэ касавокай – гэта было нечуванае дзіва… Адны гаварылі, што жаніх – яго звалі Даніла – звар’яцеў. Нездарма перад гэтым у манастыр прасіўся. Рыцар – ды ў мніхі! Другія казалі, усё ад галечы. Не прывёз Даніла з вайны поўныя рукі сыкгнетаў – адны толькі раны… Таму й у манастыр хацеў… Так млынароўна атрымала прыгожага і высакароднага мужа. Малілася на яго… Ветрыкам слалася пад ногі. Як быццам бы пакорлівасьць можа спарадзіць каханьне – яно ж, як іскры, высякаецца пры сутыкненьні двух вартых… Даніла амаль не глядзеў на жонку. Усе ночы праводзіў ён не на ложы, побач з ёю, а на беразе Сьвіслачы. І меч свой з сабою неадменна браў… І калі часам унізе па плыні гайдалі хвалі мёртвае цела бадзягі – каму была справа, хто расьсек нябогу галаву? Жыцьцё чалавечае не каштавала і шэлега… Але млынароўна не задумвалася над гэтым. Ейны сьвет быў – любы муж, які не глядзеў на яе. І яна шчыра верыла, што віной таму яе касыя вочы. Так і ўяўляю: ідуць пляцам з кірмашу, наперадзе змрочны плячысты мужчына з упартымі халоднымі вачыма, за ім, укруціўшыся ў плашч і нізка схіліўшы галаву, дробным крокам сьпяшаецца жанчына. Яна абедзьвума рукамі прыціскае да сябе цяжкі кошык, а нехта абавязкова крычыць ёй у сьпіну дражнілку… І аднойчы, у час першых веснавых дажджоў, калі Даніла вярнуўся пад раніцу на млын, яго чакала жахлівае відовішча: жонка нерухома ляжала пасярод пакоя, уся ў крыві, рука сьціскала вострае шыла… А вочы выкалатыя.

Упершыню жаль да няшчаснай дзяўчыны крануў сэрца воя… Але млынароўна ўжо схаладнела.

Даніла выйшаў на бераг Сьвіслачы, дастаў меч і пачаў раскідваць ім вільготную зямлю ля самага млынавага кола… І вось ужо ён стаіць, і поўня робіцца чырвонай ад каменя ў ягоных руках. Размахнуўся Даніла – і кінуў бясцэнны камень у ваду. Хвалі на нейкі момант напоўніліся барвай, потым згасьлі, пачарнелі… І раптам узьняліся, пагрозна зашумелі…

Так пачалася страшная паводка, якой ня памяталі дагэтуль. І тыя паводкі будуць паўтарацца, пакуль на дне Сьвіслачы ляжыць сьвяты карбункул, чырвоны, як сонца на захадзе, камень…

— Дык усё-ткі пад якім млынам быў закапаны карбункул – архіерэйскім ці касьцёльным? – пацікавіўся Улад, які, здавалася б, ня вельмі ўважліва слухаў Дароту. Тая паціснула плячыма.

— Ніхто ня ведае…

У акулярах пана Беларэцкага люстраваўся агеньчык пахавальнай сьвечкі, нібыта агнём гарэлі ягоныя інтэлігенцкія вочы.

— Цікава, гэта даволі распаўсюджаны ў сьвеце, так званы магістральны сюжэт. Нешта падобнае я чуў у Англіі, пра тры кароны, якія кароль саксаў загадаў закапаць на ўзьбярэжжы краіны – нібыта ў якасьці ахоўнага талісману ад нарманаў… Што, дарэчы, не перашкодзіла нарманам захапіць Англію і асіміляваць саксаў.

— Бацька казаў, што ў добрае надвор’е з мосту можна разгледзець, як у вадзе блішчыць карбункул… — задумліва прамовіла Дарота. — І калі-небудзь зьявіцца рыцар, які яго дастане і верне на абраз Маці Божае Менскай…

— Тады спадзе паводка, і сюды заявіцца камуністая навалач, — зьдзекліва прамовіў Улад.

— Чаму адразу “навалач”? Ня трэба агулам абражаць людзей, якія змагаюцца за сваю ідэю, – ускінуўся Ной. – Ідэя рэвалюцыі справядлівая. Няўжо ты хацеў бы, каб тут раскашаваліся чарнасоценцы з нагайкамі? Проста кожная добрая ідэя, нібы карабель – ракавінамі, абрастае дурнямі, якія ўсё псуюць.

— Вось гэтыя дурні і выставяць нас на вуліцу… А мяне яшчэ і расстраляюць, як сына арыстакрата… — дадаў Улад.

Зося фыркнула.

— Таксама мне, вялікі арыстакрат твой бацька… Начальнік паштовага аддзяленьня, чыноўнік дзясятага класу… А што, палякі, якія за адно беларускае слова садзілі, або немцы, былі лепшыя за тых камуністаў? А можа, твае эсэры, з якімі быў зьвязаўся? Добра, бомбу кінуць ні ў кога не пасьпеў…

Пан Беларэцкі зьдзіўлена зірнуў на маладога чалавека.

— Вы былі эсэрам?

Улад прыкусіў губу.

— У эсэраў свае вартасьці… Прынамсі, усё сумленна – навалач мусіць адказваць за свае гнюснасьці… А ў бальшавікоў я і сам паверыў быў – пакуль не разагналі наш зьезд.

Ной упарта патрос галавой.

— Вось пабачыш, усё наладзіцца! Прынамсі, ня будзе такога, як было – калі я, габрэйскі хлопчык, каб паступіць у гімназію, мусіў вывучыць літаральна на памяць дзесяць падручнікаў, каб ня даць сябе “зрэзаць”…

Улад сумна ўсьміхнуўся.

— А помніш, як мяне выкладчык граматыкі лупіў лінейкай за тое, што я назваў сябе беларусам? А пасьля, дома, яшчэ і бацька дадаў… А я проста ўбачыў выступленьне трупы Буйніцкага, і зразумеў, што гэта – маё, мая мова, мой народ… Настаўнік у школе крычаў, што я мушу ганарыцца тым, што я – рускі. А бацька крычаў, што мы – палякі, народ слаўны і горды. А я паказваў яму нашу сямейную рэліквію – прывілей на маёнтак, падпісаны каралём Жыгімонтам Аўгустам, чытаў: “І датоле дзяржаці з ласкі гаспадарскай маець за ўласным вызнаньнем”…, і пытаўся: якая гэта мова? Польская? Руская? І сышоў з дому. Бо займеў тое, што даражэй за любое багацьце – радзіму...

Поделиться с друзьями: