Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Нябожчыкава люстэрка

Кристи Агата

Шрифт:

— Што гэта? — спытаўся Х'юга без вялікай цікавасці.

— Нічога асаблівага. Маленечкі асколак люстра.

Х'юга сказаў:

— Сапраўды неяк дзіўна раструшчана куляй гэтае люстра. Разбітае люстра азначае нешанцаванне. Бедны стары Гервазы… Я думаю, яму шанцавала залішне доўга.

— Ваш дзядзька быў шчаслівы чалавек?

Х'юга хіхікнуў.

— Дзіва што, яму шанцавала, як у казцы! Усё, да чаго ён ні дакранаўся, ператваралася ў золата! Калі ён ставіў на аўтсайдэра [6] , той раз-два і ў дамках! Калі ён укладаў грошы ў самую бесперспектыўную шахту, там адразу ж адкрывалася рудная жыла! Яму ўдавалася выблытацца неверагодным шляхам з самага рызыкоўнага, самага безнадзейнага становішча. Ён ратаваўся нейкім цудам, нават не раз. Ведаеце, ён быў па-свойму неблагі стары. «Шмат дзе пабыў, шмат чаго пабачыў», — болей, чым хто з яго пакалення.

6

Конь, на якога не робяць ставак на скачках.

Пуаро запытаўся сяброўскім тонам:

— Вы любілі свайго дзядзьку, містэр Трэнт?

Пытанне гэтае, здалося, трохі збянтэжыла Х'юга Трэнта.

— Э, так, вядома, — сказаў ён даволі няўпэўнена. — Ведаеце, часам ён быў цяжкаваты. Жыць з ім было вельмі нялёгка, і наогул. На шчасце, я бачыўся з ім не часта.

— А ён любіў вас?

— Не так, каб гэта можна было заўважыць. Калі па шчырасці, ён, хутчэй, цярпеў маё існаванне.

— Як гэта было, містэр Трэнт?

— Разумееце, у яго не было свайго сына, і ён вельмі шкадаваў аб гэтым. Дрыжаў над усім, што датычылася сям'і. Я ўпэўнены, яго калаціла ад думкі, што, калі ён памрэ, скончыцца і род Шэвені-Гарэ. Яны, ведаеце, вядуць свой пачатак з часоў нарманскіх заваёў, яшчэ адтуль. Стары быў апошні з іх. Я думаю, гэта была, з яго пункту гледжання, даволі паганая перспектыва.

— Вы самі не падзяляеце гэтага пачуцця?

Х'юга паціснуў плячыма.

— Усе такія рэчы здаюцца мне досыць архаічнымі.

— Што будзе з маёмасцю?

— Папраўдзе, не ведаю. Магчыма, пяройдзе мне. А можа, ён пакінуў яе Рут. Альбо Ванда будзе валодаць усім да канца жыцця.

— Дык ваш дзядзька не выказаў сваіх намераў дакладна?

— Ну… Але ён песціў адну мару…

— І якую ж?

— Рут і я павінны пажаніцца. Гэта была яго мара.

— Гэта, безумоўна, было б дужа зручна.

— Надзвычай зручна. Але Рут — Рут мае свой вельмі выразны погляд на жыццё. Улічыце, яна незвычайна прывабная маладая жанчына і яна ведае гэта. Ёй не карціць выйсці замуж і звіць гняздо.

Пуаро нахіліўся да яго:

— Але вы самі хацелі б, містэр Трэнт?

Х'юга сказаў стомленым голасам:

— Я, сапраўды, не бачу аніякай розніцы, з кім ты жэнішся ў наш час. Развод такі лёгкі. Калі вы не ладзіце, то няма нічога лягчэйшага, як рассячы вузел і пачаць зноў.

Дзверы адчыніліся, і ўвайшоў Фобз разам з высокім франтаватым мужчынам.

Мужчына кіўнуў Трэнту.

— Хэло, Х'юга! Мне вельмі шкада. Гэта вялікае гора для ўсіх вас.

Эркюль Пуаро ступіў наперад.

— Як вы маецеся, маёр Рыдл? Вы памятаеце мяне?

— Вядома! — Галоўны канстэбль паціснуў Пуаро руку. — Дык гэта вы тут?

У яго голасе гучала задумлівая нота. Ён з цікаўнасцю паглядзеў на Эркюля Пуаро.

4

Мінула дваццаць хвілін.

— Ну? — спытаўся маёр Рыдл. Пытальнае «ну» галоўнага канстэбля было адрасавана сяржанту паліцыі, хударляваму пажылому чалавеку з сіваватымі валасамі.

Той паціснуў плячыма.

— Ён мёртвы больш за паўгадзіну, але не больш за гадзіну. Вы не любіце тэхнічных падрабязнасцей, я ведаю, таму не буду дакучаць імі. Гэты чалавек застрэлены ў галаву, пісталет быў за некалькі дзюймаў ад правай скроні. Куля прайшла акурат праз мозг і выйшла.

— Усё адпавядае самагубству?

— Усё. Цела потым звалілася ў крэсла, і пісталет выпаў з яго рукі.

— Вы знайшлі кулю?

— Знайшоў. — Доктар паказаў яе.

— Добра, — сказаў маёр Рыдл. — Мы захаваем кулю, каб упэўніцца, што яна з гэтага пісталета. Я рады, што гэта незаблытаная справа і няма ніякіх цяжкасцей.

Эркюль Пуаро мякка сказаў:

— Вы ўпэўнены, што тут няма цяжкасцей, доктар?

Доктар павольна адказаў:

— Ну, я думаю, адна рэч можа здацца вам трохі дзіўнай. Калі ён страляўся, то, напэўна, быў крыху схілены направа. Інакш куля зачапіла б сцяну ніжэй люстра, а не трапіла б якраз усярэдзіну.

— Некамфартабельная поза для самагубства, — сказаў Пуаро.

Доктар паціснуў плячыма.

— Ну, камфорт, калі вы збіраецеся з усім гэтым скончыць… — Ён не дагаварыў.

Маёр Рыдл спытаўся:

— Цела можна вынесці зараз?

— Можна. Я займаўся ім да поўдня.

— Што скажаце вы, інспектар? — Маёр Рыдл звярнуўся да высокага, з апатычным тварам чалавека ў простай вопратцы.

— О'кэй, сэр. Мы атрымалі ўсё, што нам трэба. Засталіся толькі адбіткі пальцаў нябожчыка на пісталеце.

— Дык вы можаце працягваць.

Цела Гервазы Шэвені-Гарэ было перанесена. Галоўны канстэбль і Пуаро засталіся адны.

— Так, — прамовіў Рыдл, — усё нібыта зразумела і проста. Дзверы замкнуты, акно зачынена, ключ ад дзвярэй у кішэні мёртвага. Усё як след — апрача адной акалічнасці.

— І якой жа, мой дружа?

— Вы! — сказаў Рыдл адкрыта. — Што вы робіце тут?

Замест адказу Пуаро ўручыў яму ліст, які ён атрымаў ад нябожчыка тыдзень назад, і тэлеграму, якая ўрэшце прывяла яго сюды.

— Гм, — сказаў галоўны канстэбль. — Цікава. Мы павінны дакапацца да сутнасці справы. Мушу сказаць, тут прамая сувязь з яго самагубствам.

— Я згодзен.

— Мы павінны праверыць усіх у доме.

— Магу назваць іх прозвішчы. Я толькі што задаваў сякія-такія пытанні містэру Трэнту.

Ён паўтарыў імёны.

— Магчыма, вы, маёр Рыдл, ведаеце што-небудзь пра гэтых людзей?

— Я, натуральна, сёе-тое ведаю пра іх. Лэдзі Шэвені-Гарэ гэткая ж на свой манер вар'ятка, як і стары сэр Гервазы. Яны былі адданы адно аднаму — і абое зусім вар'яты. Яна самая незразумелая істота на свеце, з рэдкай, незвычайнай праніклівасцю, здольная біць у цэль неверагодна трапна. Людзі добра такі смяюцца з яе. Я думаю, яна ведае гэта, але не звяртае ўвагі. У яе абсалютна няма пачуцця гумару.

— Міс Шэвені-Гарэ ўсяго толькі іх прыёмная дачка, як мне здаецца?

— Але.

— Вельмі прыгожая маладая лэдзі.

— Надзіва прывабная дзяўчына. Сее смуту сярод тутэйшых юнакоў. Водзіць за нос і кпіць з іх. Добра сядзіць у сядле, і ў яе цудоўныя рукі.

— Гэта цяпер нас не датычыцца.

— Э, так, магчыма, не… Добра, наконт іншых людзей. Я ведаю старога Бэры, безумоўна. Ён тут амаль заўсёды. Як свойскі кот у гэтым доме. Накшталт ад'ютанта лэдзі Шэвені-Гарэ. Ён вельмі даўні сябар. Яны ведалі яго ўсё жыццё. Я думаю, ён і сэр Гервазы — абодва мелі інтэрас у кампаніі, дырэктарам якой быў Бэры.

Поделиться с друзьями: