Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Нябожчыкава люстэрка

Кристи Агата

Шрифт:

Ён устаў і пахадзіў туды-сюды.

— У гэтай справе мне сёе-тое не падабаецца. Так, зусім не падабаецца.

Рыдл з цікаўнасцю паглядзеў на яго.

— Вы маеце на ўвазе матыў самагубства?

— Самагубства, самагубства! Усё гэта памылкова. Гэта памылкова псіхалагічна. Кім лічыў сябе Шэвені-Гарэ? Калосам, незвычайна важнай асобай, цэнтрам сусвету! Хіба такі чалавек знішчае сябе? Зразумела, не. Хутчэй ён знішчыць каго-небудзь іншага, раздушыць, як мурашку, нікчэмную чалавечую істоту, што адважылася раздражняць яго… Такі ўчынак ён мог бы лічыць як неабходны, свяшчэнны! Але самазнішчэнне? Знішчэнне такім эгаістам самога сябе?

— Усё гэта вельмі добра, Пуаро. Але факты, факты. Дзверы замкнуты, ключ у яго ўласнай кішэні. Акно зачынена на шпінгалет. Я чытаў пра такія рэчы ў кнігах, але я ніколі не сустракаўся з імі ў рэальным жыцці. Што-небудзь яшчэ?..

— Так, ёсць што-нішто яшчэ. — Пуаро сеў на крэсла. — Я Шэвені-Гарэ. Я сяду тут, за мой стол. Я вырашыў забіць сябе, бо, дапусцім, я адкрыў у гісторыі нашага роду нешта страшэнна ганебнае. Не дужа пераканаўча, праўда, але гэтага будзе дастаткова. Еh bіеn [9] , што я раблю? Я крэмзаю на кавалку паперы слова «ДАРУЙЦЕ». Так, гэта зусім магчыма. Потым адчыняю шуфляду стала, дастаю пісталет, які тут хаваю, зараджаю, калі ён не зараджаны, і потым — страляюся? Не, я спачатку паварочваю сваё крэсла кругом — так, і трохі нахіляюся направа — так, і тады — тады прыкладваю пісталет да скроні і страляю!

9

Так (фр.).

Пуаро ўскочыў з крэсла і, апісаўшы круг, усклікнуў:

— Я пытаюся ў вас, ці гэта мае сэнс? Навошта паварочваць крэсла кругом? Калі б, напрыклад, тут на сцяне вісела карціна, тады, так, гэта можна было б вытлумачыць. Нейкі партрэт, апошняя рэч на свеце, якую хацелася б убачыць перад смерцю; але фіранка — аh nоn [10] , гэта не мае сэнсу.

— Ён мог захацець глянуць з акна. Апошні позірк на маёнтак.

— Мой дарагі дружа, вы самі не верыце ў тое, што гаворыце. Вы самі ведаеце: гэта нонсэнс. У восем хвілін дзевятай было цёмна, і ў любым выпадку фіранкі апушчаны. Не, тут павінна быць нейкае іншае тлумачэнне…

10

Не (фр.).

— Я тут бачу толькі адно. Гервазы Шэвені-Гарэ быў вар'ят.

Пуаро адмоўна паківаў галавою: не, гэта яго не задавольвала. Маёр Рыдл устаў.

— Хадземце, — сказаў ён. — Пойдзем і пагутарым з усімі астатнімі. Можа, што-небудзь высветлім такім шляхам.

6

Пасля цяжкай гутаркі з лэдзі Шэвені-Гарэ маёр Рыдл адчуў значную палёгку, размаўляючы з такім спрактыкаваным юрыстам, як Фобз.

Містэр Фобз быў надзвычай стрыманы і асцярожны ў сваіх заявах, але яго адказы вызначаліся беззаганнай дакладнасцю. Ён прызнаўся, што самагубства сэра Гервазы аглушыла яго. Ён ніколі не палічыў бы сэра Гервазы такім чалавекам, які можа адмовіцца ад свайго жыцця. Ён не ведаў ніякай прычыны для такога кроку.

— Сэр Гервазы быў не толькі мой кліент, але і вельмі даўні сябар. Мы пазнаёміліся яшчэ падлеткамі. Я б сказаў, ён заўсёды любіў жыццё.

— Пры такіх акалічнасцях, містэр Фобз, я хачу прасіць вас гаварыць абсалютна адкрыта. Ці не вядомы вам тайная трывога або перажыванні сэра Гервазы?

— Не. У яго, як і ў большасці людзей, былі такія-сякія турботы, але нічога сур'ёзнага.

— Ніякай хваробы? Ніякіх спрэчак з жонкай?

— Не. Сэр Шэвені-Гарэ і лэдзі Шэвені-Гарэ былі адданыя адно аднаму.

Маёр Рыдл асцярожна сказаў:

— У лэдзі Шэвені-Гарэ, як быццам, трохі дзіўныя погляды.

Містэр Фобз усміхнуўся — паблажлівая мужчынская ўсмешка.

— Жанчынам, — адказаў ён, — трэба дараваць іх дзівацтвы.

— Вы займаліся ўсімі юрыдычнымі справамі сэра Гервазы? — гаварыў далей галоўны канстэбль.

— Так, мая фірма «Фобз, Оджыльві і Спэнс» апякуецца сям'ёй Шэвені-Гарэ больш за сто гадоў.

— Ці былі якія-небудзь скандалы ў сям'і Шэвені-Гарэ?

Бровы містэра Фобза ўзняліся.

— На самай справе, я вас не разумею.

— Містэр Пуаро, вы не дасце містэру Фобзу ліст, які паказвалі мне?

Пуаро моўчкі ўстаў і з лёгкім паклонам працягнуў гэты ліст містэру Фобзу.

Той стаў чытаць, і бровы яго ўзняліся яшчэ вышэй.

— Проста незвычайны ліст, — сказаў ён. — Цяпер я разумею ваша пытанне. Не, нічога з таго, што мне было вядома, не вымушала пісаць такі ліст.

— Сэр Гервазы не сказаў вам пра яго?

— Ні слова. Мушу сказаць, мне вельмі дзіўна, што ён не зрабіў гэтага.

— Ён давяраў вам?

— Думаю, ён лічыўся з маёй думкай.

І ў вас няма ніякіх здагадак — чаго датычыўся гэты ліст?

— Я не хацеў бы рабіць паспешлівых здагадак.

Маёр Рыдл ацаніў далікатнасць гэтага адказу.

— А зараз, містэр Фобз, можа, вы азнаёміце нас з тым, як сэр Гервазы размеркаваў сваю спадчыну.

— Калі ласка. У мяне няма ніякіх пярэчанняў супраць гэтага. Сваёй жонцы сэр Гервазы пакінуў шэць тысяч фунтаў гадавога прыбытку з маёнтка і на выбар — Даўэр-Хаўс або гарадскі дом на плошчы Лаўндыс, што яна пажадае. На яе накладаліся, вядома, абавязацельствы выплаціць некалькім асобам пэўную суму і перадаць пэўную нерухомую маёмасць, але нічога значнага. Спадчына, ужо без таго, што аддавалася па даравальных запісах, была пакінута яго прыёмнай дачцэ, Рут, пры ўмове, што, калі яна выйдзе замуж, яе муж возьме прозвішча Шэвені-Гарэ.

— Яго пляменніку, містэру Х'юга Трэнту, не пакінута нічога?

— Было, так, пяць тысяч фунтаў.

— Дык трэба разумець, што сэр Гервазы быў багаты чалавек?

— Нават вельмі багаты. Апрача маёнтка, валодаў вялізнай прыватнай маёмасцю. Вядома, быў не такі заможны, як даўней. Фактычна, увесь прыбытак з капіталу, укладзенага ў бізнес, паступаў з натугай. Апрача таго, сэр Гервазы страціў нямала грошай праз адну кампанію — «Пэраган сінтэтык рабэ сабстыт'ют» [11] , куды палкоўнік Бэры пераканаў яго ўкласці значную суму.

11

«Дасканалы сінтэтычны заменнік каўчука».

— Не дужа мудрая парада?

Містэр Фобз уздыхнуў.

— Адстаўныя вайскоўцы — найбольшыя няўдачнікі, калі яны ўключаюцца ў фінансавыя аперацыі. Я пераканаўся, што іх даверлівасць пакідае далёка за сабой даверлівасць удоў, а гэтым сказана многа!

— Але тыя няўдалыя інвестыцыі рэзка не зменшылі прыбыткаў сэра Гервазы?

— О, не, не вельмі. Ён усё роўна заставаўся багатым чалавекам.

— Калі было складзена гэтае завяшчанне?

— Два гады назад.

Пуаро сказаў:

— Ці не было яно трохі несправядлівым да містэра Х'юга Трэнта, пляменніка сэра Гервазы? Ён усё-такі найбліжэйшы кроўны сваяк сэра Гервазы.

Містэр Фобз паціснуў плячыма.

— Трэба ўзяць у рахубу і сёе-тое і з гісторыі роду.

— Напрыклад?

Містэр Фобз, здавалася, не надта хацеў гаварыць далей.

Маёр Рыдл сказаў:

— Прашу вас, не думайце, што мы надта любім корпацца ў старых скандалах і плётках. Але гэты ліст сэра Гервазы містэру Пуаро павінен быць вытлумачаны.

Поделиться с друзьями: