Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Нябожчыкава люстэрка

Кристи Агата

Шрифт:

— Освальд Фобз. Ці ведаеце вы што-небудзь пра яго?

— Амаль упэўнены, што сустракаў яго аднойчы.

— Міс Лінгард?

— Ніколі не чуў пра яе.

— Міс Сьюзен Кардвэл?

— Даволі прывабная дзяўчына з рыжымі валасамі? Я бачыў яе тут апошнія некалькі дзён, яна была з Рут Шэвені-Гарэ.

— А містэр Бараўз?

— Але, я ведаю яго. Сакратар Шэвені-Гарэ. Паміж намі кажучы, мне ён не падабаецца. Мілавідны, і ведае гэта. Не з самых лепшых.

— Ці доўга ён быў з сэрам Гервазы?

— Гады два, я думаю.

— І тут няма больш нікога?..

Пуаро абарваў фразу.

Высокі бялявы мужчына ў будным гарнітуры паспешна зайшоў у пакой. Ён задыхаўся і быў усхваляваны.

— Добры вечар, маёр Рыдл. Я пачуў вестку, што сэр Гервазы застрэліўся; і вось прыбег сюды. Снэл кажа, што праўда. Гэта неверагодна. Не магу паверыць!

— Праўда, Лэйк. Дазвольце вас адрэкамендаваць. Містэр Лэйк, агент сэра Гервазы па справах маёнтка. Містэр Эркюль Пуаро, пра якога вы, мабыць, чулі.

На твары Лэйка адбіліся і захапленне, і недавер.

— Містэр Эркюль Пуаро? Я страшэнна рады сустрэчы з вамі. Ва ўсякім выпадку… — Ён раптоўна змоўк, жвавая прыемная ўсмешка знікла — цяпер ён выглядаў устурбаваным і засмучаным. — Ці не пахне тут рыбай — гэтае самагубства, сэр?

— Чаму тут павінна пахнуць рыбай, як вы гэта называеце? — рэзка спытаўся галоўны канстэбль.

— Бо тут містэр Пуаро. О, і таму, што ўся справа здаецца вельмі неверагоднай!

— Не, не, — хутка сказаў Пуаро. — Я тут не таму, што памёр сэр Гервазы. Я быў у доме — як госць.

— Ах, вось што. Дзіўна, а ён не сказаў мне, што вы прыязджаеце, калі я з ім займаўся рахункамі сёння папаўдні.

Пуаро спакойна сказаў:

— Вы двойчы ўжылі слова «неверагодна», капітан Лэйк. Дык вы сапраўды здзіўлены весткай пра самагубства сэра Гервазы?

— Сапраўды. Вядома, ён быў вар'ят; кожны згодзіцца з гэтым. Але ўсё роўна я проста не магу ўявіць — як ён быў здатны падумаць, што свет зможа існаваць без яго.

— Але, — сказаў Пуаро. — Менавіта. — І ён ухвальна паглядзеў у адкрыты, разумны твар маладога чалавека.

Маёр Рыдл адкашляўся.

— Раз вы тут, капітан Лэйк, можа, вы сядзеце і адкажаце на некалькі пытанняў?

— Добра, сэр.

Лэйк сеў на крэсла насупраць іх.

— Калі вы апошні раз бачылі сэра Гервазы?

— Сёння, гадзіне а трэцяй. Трэба было праверыць некаторыя рахункі і яшчэ вырашыць пытанне пра новага арандатара адной фермы.

— Доўга вы з ім былі?

— Магчыма, паўгадзіны.

— Падумайце добра і скажыце мне, ці не заўважылі вы чаго-небудзь нязвыклага ў яго паводзінах?

Малады чалавек задумаўся.

— Не, наўрад. Ён быў, бадай, трошкі ўзбуджаны, але гэта не было нязвыкла для яго.

— Можа, ён быў хоць крыху прыгнечаны?

— О, не, ён быў у гуморы. Ён цешыўся жыццём менавіта цяпер, пішучы гісторыю роду.

— І як даўно ён заняўся гэтым?

— Пачаў месяцаў шэсць назад.

— Тады, як прыехала сюды міс Лінгард?

— Не. Яна прыехала прыкладна два месяцы назад, калі ён убачыў, што сам не справіцца з даследчай работай.

— Дык вы думаеце, ён быў у добрым настроі?

— О, проста ў цудоўным! Ён сапраўды лічыў, што на свеце нішто не мае значэння, апрача яго роду.

У голасе маладога чалавека раптам прамільгнула горыч.

— Значыцца, наколькі вы ведаеце, у сэра Гервазы не было ніякай трывогі?

Паўза, вельмі кароткая, але паўза была, перш чым капітан Лэйк адказаў:

— Не.

Пуаро нечакана кінуў пытанне:

— Вы думаеце, сэр Гервазы зусім не быў заклапочаны сваёй дачкой?

— Сваёй дачкой?

— Менавіта.

— Як мне вядома, не, — стрымана адказаў малады чалавек. Пуаро больш нічога не гаварыў. Маёр Рыдл сказаў:

— Добра, дзякуй вам, Лэйк. Мусіць, вам лепш пабыць недзе тут на выпадак, калі мне спатрэбіцца яшчэ што ў вас запытацца.

— Вядома, сэр. — Лэйк устаў. — Я магу што-небудзь зрабіць?

— Вы можаце прыслаць сюды дварэцкага. І, можа, вы пацікавіцеся для мяне, у якім стане лэдзі Шэвені-Гарэ і ці магу я трошкі пагутарыць з ёю зараз; ці яна занадта засмучаная…

Малады чалавек кіўнуў і пакінуў пакой хуткім рашучым крокам.

— Прыемная асоба, — сказаў Эркюль Пуаро.

— Але, цудоўны хлопец, і спраўны на службе. Яго ўсе любяць.

5

— Сядайце, Снэл, — сказаў маёр Рыдл сяброўскім тонам. — У мяне багата пытанняў. Разумею, гэта быў шок для вас.

— О, сапраўды, сэр. Дзякуй, сэр. — Снэл сеў з такім сціплым, нясмелым выглядам, што гэта, па сутнасці, было тое самае, калі б ён застаўся стаяць.

— Служыце тут ужо ладны кавалак часу, ці не так?

— Шаснаццаць гадоў, сэр, з той самай пары, як сэр Гервазы, э, асеў, як кажуць.

— Ага. Вядома ж, ваш гаспадар быў у свой час вялікі падарожнік.

— Але, сэр. Ён прымаў удзел у экспедыцыі на полюс і ў многія іншыя цікавыя мясціны.

— Добра, Снэл, прашу, скажыце мне, калі апошні раз вы бачылі свайго гаспадара сёння вечарам?

— Я быў у сталовай, сэр, сачыў, каб як след быў сервіраваны стол. Дзверы ў залу былі адчынены, і я бачыў, як сэр Гервазы сыходзіў па лесвіцы, ішоў праз залу, а пасля па калідоры пайшоў у кабінет.

— А каторай гадзіне гэта было?

— Якраз каля васьмі. Магчыма, ужо было без пяці восем, — спакойна адказаў Снэл.

— І тады вы бачылі яго апошні раз?

— Але, сэр.

— Вы чулі стрэл?

— О, так, сэр; але, вядома, я і не падумаў, што гэта стрэл. Ды і як я мог падумаць?

— А што вы падумалі?

— Я палічыў, што гэта аўтамабіль, сэр. Шаша зусім блізка ад паркавай агароджы. Або гэта мог быць стрэл у лесе — браканьер, можа. Я ніяк не думаў…

Маёр Рыдл перабіў яго:

— Калі гэта было?

— Роўна восем хвілін дзевятай, сэр.

Галоўны канстэбль рэзка запытаўся:

— Як вы можаце памятаць час з такой дакладнасцю?

Поделиться с друзьями: