Олівер Твіст
Шрифт:
Габрэй з пагардай паглядзеў на спалатнелы твар свайго суразмоўцы і, сказаўшы, што той можа ісці за ім следам, калі хоча, пачаў спускацца па лесвіцы. Яны зазірнулі ва ўсе пакоі. Там было холадна і пуста. Яны спусціліся ў калідор і далей, у падвал. На нізкіх сценах была зялёная плесня. У святле свечкі блішчалі сляды слізнякоў і слімакоў, але ўсюды было ціха, як у магіле.
— Ну, дык як? — спытаў габрэй, калі яны вярнуліся ў калідор. — Акрамя нас, тут ні жывой душы. Тобі і хлопцы не лічацца — яны па-за падазрэннем. Глядзіце!
Як пацверджанне гэтага факта габрэй выняў з кішэні два ключы і растлумачыў, што, калі яны зайшлі ў дом, ён замкнуў іх у пакоях, каб ніхто не мог перашкодзіць іх размове.
Гэты доказ моцна пахіснуў упэўненасць містэра Манкса. Яго пярэчанні паступова рабіліся ўсё менш настойлівымі па меры таго, як яны абодва працягвалі пошукі і нічога не знаходзілі. Нарэшце ён пачаў вымучана смяяцца і прызнаў, што ва ўсім вінаватая яго пераўзбуджаная нервовая сістэма. Аднак ён не захацеў працягваць размову, ва ўсялякім разе гэтым вечарам, успомніўшы раптам, што ўжо другая гадзіна, так што сябры мусілі разлучыцца.
РАЗДЗЕЛ XXVII
выпраўляе стан рэчаў, які склаўся ў адным з папярэдніх раздзелаў, калі даволі бестактоўна была пакінутая ў самоце адна лэдзі
Сціпламу аўтару ніяк не выпадае вытрымліваць такую важную асобу, як прыходскі кур’ер, спінай да каміна, з расхінутым крыссём сурдута да таго часу, пакуль аўтару не ўзбрыдзе ў галаву адпусціць яго; яшчэ менш прыдатна кур’еру, беручы пад увагу ягоны статус і якасці, падобным зняважлівым чынам ставіцца да лэдзі, на якую гэты кур’ер глядзеў пяшчотным, расчуленым вокам і на вуха якой шаптаў тыя салодкія словы, што, калі ўжо яны зыходзілі ад такой асобы, прымусілі б часта біцца сэрца дзяўчыны або матроны безуважна, якога саслоўя. Гісторык, чыё пяро выводзіць гэтыя словы, мяркуючы, што ён усведамляе сваё месца і ставіцца з належным піетэтам да тых асоб на гэтай зямлі, якім дадзеная высокая і магутная ўлада, спяшаецца засведчыць ім пашану, якой патрабуе іхняе становішча, і захаваць у абыходжанні з імі ўсе неабходныя цырымоніі, якіх нязменна вымагаюць іх высокая годнасць і, адпаведна з гэтым, станоўчыя якасці іхняй натуры. З гэтай мэтай аўтар збіраўся прадставіць тут навуковае абгрунтаванне дадзеных Богам правоў прыходскага кур’ера і ягонай беззаганнасці і беспамылковасці, што для правільна выхаванага чытача было б роўна займальным і карысным, але, на жаль, праз недахоп часу і месца аўтар вымушаны адкласці гэта да больш зручнай і прыдатнай нагоды; калі такая нагода надарыцца, то ён гатовы наглядна даказаць, што кур’ер прысутнага месца ў вузкім сэнсе гэтага слова, то бок прыходскі кур’ер, які належыць да прыходскага штату працоўні і адпаведным чынам бярэ ўдзел у службе прыходскай царквы, валодае найвыбітнейшымі, найлепшымі станоўчымі якасцямі чалавечай натуры і што ні на адну з гэтых якасцей не могуць прэтэндаваць нават у самай малой меры ні кур’еры прамысловых кампаній, ні кур’еры судоў, ні нават кур’еры пры капліцах (хіба што, можа, апошнія, але ў вельмі малой, мізэрнай ступені).
Містэр Бамбл яшчэ раз пералічыў чайныя лыжкі, узважыў на далоні шчыпцы для цукру, уважліва агледзеў малочнік, упэўніўся ў належным стане мэблі, праверыў нават, у якім стане набіўка з конскіх валасоў у крэслах і, паўтарыўшы гэтую аперацыю разоў шэсць, пачаў думаць, што місіс Корні мусіла б ужо вярнуцца. Думка за думкай, і паколькі набліжэння місіс Корні нічога не прадказвала, то містэру Бамблу здалося, што ён можа прабавіць час нявінна і дабрачынна, задаволіўшы сваю цікаўнасць і крыху, адным вокам, зазірнуўшы ў камоду місіс Корні.
Містэр Бамбл паслухаў трохі каля замочнай адтуліны, каб упэўніцца, што ніхто не ідзе ў пакой, потым пачаў свой агляд з дна камоды і найперш узяўся правяраць змесціва трох доўгіх шуфляд. Яны былі напоўненыя ўсемагчымымі прадметамі туалету, высакаякаснымі, з добрага матэрыялу. Рэчы былі рупна складзеныя паміж дзвюма бачынамі старой газеты, пасыпаныя сухой лавандай і, відавочна, прынеслі кур’еру вялікае задавальненне. Праз нейкі час містэр Бамбл дасягнуў правага верхняга боку камоды і знайшоў у шуфлядзе, у якой тырчаў ключ, шкатулку з вісячым замком, якая, калі ён яе патрос, азвалася прыемным звонам — няйначай звонам манет. Паважнай хадою містэр Бамбл вярнуўся на ранейшае месца ля каміна, прыняў ранейшую паставу і з сур’ёзным і ўпэўненым выглядам сказаў: «Я зраблю гэта!» Пасля сваёй незвычайнай заявы ён хвілін з дзесяць у добрым гуморы хітаў злёгку галавой, як быццам разважаючы сам сабе, які ён слаўны хлапчына, а потым з заўважнай цікаўнасцю і задавальненнем пачаў разглядаць свае ногі збоку.
Ён усё яшчэ быў паглыблены ў гэтую інспекцыю, калі, задыхаўшыся, прыбегла ў пакой місіс Корні; яна ўпала на крэсла каля каміна, адной рукой закрыла вочы, другую прыклала да сэрца і пачала лавіць ротам паветра.
— Місіс Корні, — сказаў містэр Бамбл, схіляючыся над матронай, — што з вамі, мэм? Што-небудзь здарылася, мэм? Малю, адкажыце, я як... як на...
Ад хвалявання містэр Бамбл забыўся на адпаведны выраз «як на іголках» і замест гэтага сказаў «як на разбітых бутэльках».
— О містэр Бамбл! — усклікнула лэдзі. — Мне так сапсавалі настрой!
— Сапсавалі настрой? — выкрыкнуў містэр Бамбл. — Хто наважыўся зрабіць гэта?! Я ведаю, — працягваў ён з характэрнай для яго велічнай манерай, — вас пакрыўдзілі гэтыя паганыя беднякі.
— Страшна ўспомніць! — сказала лэдзі, дрыжучы ўсім целам.
— Дык і не ўспамінайце, мэм, — падказаў містэр Бамбл.
— Не магу! — скрывілася лэдзі.
— Тады прыміце якіх лекаў, мэм, — мякка параіў містэр Бамбл. — Можа, крыху віна?
— Ні за што на свеце! — запярэчыла місіс Корні. — Не, я не магу, не! На верхняй паліцы ў кутку... О!
Вымавіўшы гэтыя словы, добрая лэдзі, нібы ў ачмурэнні, паказала рукой на буфет, а потым яе пачала браць нейкая ўнутраная сутарга. Містэр Бамбл кінуўся да буфета, схапіў з так няпэўна абазначанай паліцы бутэльку з зялёнага шкла ўмяшчальнасцю ў пінту, напоўніў ейным змесцівам кубачак і паднёс да вуснаў лэдзі.
— Цяпер мне лепш, — сказала місіс Корні, выпіўшы паўкубачка, і адкінулася на спінку крэсла.
Удзячны містэр Бамбл ціхмянамудра падняў вочы да горняй столі, потым апусціў іх на кубачак і прынюхаўся да змесціва.
— Лікёр на перачнай мяце, — растлумачыла слабым голасам місіс Корні, усміхаючыся кур’еру. — Пакаштуйце! Там ёсць яшчэ... яшчэ нешта.
Містэр Бамбл недаверліва пакаштаваў лекі, прыгубіў, пакаштаваў яшчэ і выпіў да дна.
— Вельмі добра супакойвае, — сказала місіс Корні.
— Насамрэч, вельмі, — азваўся кур’ер.
Сказаўшы гэта, ён падсунуўся з крэслам да наглядчыцы і лагодна запытаўся, што там такое здарылася, што так узрушыла яе.
— Нічога, — адказала місіс Корні. — Я слабае, дурное, нервовае стварэнне...
— Вы не слабая, мэм, — запярэчыў містэр Бамбл, падсоўваючыся яшчэ на пару сантыметраў. — Хіба вы слабае стварэнне, місіс Корні?
— Мы ўсе слабыя стварэнні, — дала ўніверсальную фармулёўку тая.
— Што праўда, тое праўда, — адказаў кур’ер.
Хвіліну ці дзве абое маўчалі. Пасля гэтага містэр Бамбл, каб растлумачыць сваю думку, зняў руку са спінкі крэсла, на якім сядзела місіс Корні і дзе гэтая рука была раней, і паклаў яе на пояс фартуха місіс Корні, паступова абвіваючы ёй талію лэдзі.
— Усе мы слабыя стварэнні, — прамовіў містэр Бамбл.
Місіс Корні ўздыхнула.
— Не ўздыхайце, місіс Корні, — сказаў містэр Бамбл.
— Не магу з сабой нічога зрабіць, — адказала місіс Корні і ўздыхнула яшчэ раз.
— Вельмі ўтульны пакойчык, мэм, — сказаў, аглядваючыся, містэр Бамбл. — Каб яшчэ адзін сумежны, было б нешта цэльнае.
— Для мяне адной зашмат, — прамармытала лэдзі.
— А для двух — не зашмат, — мякка зазначыў містэр Бамбл. — Ну, дык як, місіс Корні?