Олівер Твіст
Шрифт:
РАЗДЗЕЛ ХХХ
апавядае пра тое, што падумалі пра Олівера яго новья наведвальнікі
Няспынна запэўніваючы, што яны будуць прыемным чынам здзіўленыя, калі ўбачаць злачынцу, доктар узяў руку маладой лэдзі і прасунуў яе пад локаць сваёй; свабодную руку ён прапанаваў місіс Мэйлі і велічна, з годнасцю павёў іх уверх па лесвіцы.
— А цяпер, — ціха сказаў ён, асцярожна паварочваючы ручку дзвярэй, — паслухаем, што вы скажаце наконт гэтага. Ён няголены, але праз тое зусім не выглядае страшным. Але пачакайце! Я мушу паглядзець, ці можа ён прымаць наведвальнікаў.
Доктар прайшоў наперад і зазірнуў у пакой. Потым даў знак, што лэдзі могуць зайсці, зачыніў за імі дзверы і асцярожна адкінуў полаг ложка. На ім замест сапселага, акрутнага зладзея, якога яны чакалі ўбачыць, ляжала дзіця, змучанае болем, выпетралае. Хлопчык спаў. Параненая рука яго была прыбінтаваная да шыны і да грудзей, галава спачывала на другой руцэ, напалову закрытай доўгімі валасамі, што рассыпаліся па падушцы.
Годны джэнтльмен гэтак з хвіліну трымаў полаг у руцэ і моўчкі глядзеў на хлопчыка. Пакуль ён назіраў за пацыентам, маладая лэдзі праслізнула міма яго, прысела на крэсла збоку ложка іадкінула Оліверавы валасы з ягонага лба. Калі яна нахілялася над ім, яму на лоб упала некалькі яе слязінак.
Хлопчык паварушыўся і ўсміхнуўся ўва сне, як быццам гэтая праява жалю і спачування навеяла яму прыемны сон любові і патолі, якіх ён ніколі не ведаў; так лагодная музыка, цурчанне вады ў цішыні, водар кветкі або нават згадка пра знаёмае слова часамі выклікаюць раптоўны няпэўны ўспамін пра тое, чаго ў гэтым жыцці ніколі не было і што знікае, як дыханне, абуджанае нейкай кароткай думкай пра больш шчаслівае існаванне, якое прамінула ўжо даўно і якое нельга выклікаць ва ўяўленні, спецыяльна напружваючы дзеля гэтага свой розум.
— Што гэта значыць? — усклікнула старэйшая лэдзі. — Гэтае беднае дзіця не магло быць памагатым рабаўнікоў.
— Зло знаходзіць прыстанак у многіх храмах, — сказаў лекар, захінаючы полаг. — І хто можа сказаць, што яму не служыць прытулкам прыгожая абалонка?
— Але каб у такім узросце! — усклікнула Роз.
— Мая мілая маладая лэдзі, — зазначыў доктар, роспачна хітаючы галавой, — злачынства, як і смерць, не ёсць наканаваннем толькі старых і нямоглых. Надта часта яе ахвярамі становяцца людзі маладыя і не самыя горшыя.
— Але ж, сэр... о, вы сапраўды думаеце, што гэты мілы хлопчык быў добраахвотным супольнікам адкідаў грамадства? — спытала Роз.
Лекар патрос галавой, выглядам сваім паказваючы, што, на жаль, гэта магчыма. Потым ён заўважыў, што іх размова можа разбудзіць пацыента, і павёў абедзвюх дам у сумежны пакой.
— Але нават калі ён быў замешаны ў рабаўніцтве, — працягвала Роз, — падумайце, які ён яшчэ маленькі, падумайце, што ён, магчыма, ніколі не ведаў матчынай ласкі, быў беспрытульным, можа, нават спазнаў біццё, а можа, голад загнаў яго ў асяродак людзей, якія прымусілі яго пайсці на злачынства. Цётухна, мілая цётухна, дзеля Бога, падумайце пра гэта, перш чым вы дасце ім упекчы гэтае хворае дзіця ў турму, дзе ў любым выпадку будуць пахаваныя ўсе надзеі на яго выпраўленне. О! Вы любіце мяне, вы ведаеце, што дзякуючы вашай дабрыні і любові яніколі не адчувала таго, што ў мяне няма бацькоў, але я магла спазнаць гэта і быць такой самай бездапаможнай, безабароннай, як гэты бедны хлопчык. Дык пашкадуйце яго, пакуль не позна!
— Любая мая, — сказала старэйшая лэдзі, прыціскаючы да грудзей дзяўчыну, якая залілася слязьмі, — няўжо ты думаеш, што я зачаплю хоць адзін валасок на яго галаве?
— О не! — узрушана сказала Роз.
— Не, — сказала старая лэдзі з унутраным хваляваннем, — я не пакрыўджу яго. Жыццё маё ўжо на схіле, і я стараюся быць міласэрнай да людзей, бо спадзяюся, што яны будуць міласэрнымі да мяне. Што магу я зрабіць, каб выратаваць яго, сэр?
— Трэба падумаць, мэм, — адказаў доктар, — трэба падумаць.
Містэр Лосбэрн засунуў рукі ў кішэні і зрабіў некалькі кругоў
па пакоі; пры гэтым ён часта спыняўся, балансаваў на дыбачках і пагрозліва хмурыў бровы. Пасля шэрагу воклічаў кшталту «О, нарэшце я прыдумаў!» або «Не, не пойдзе» і адпаведнага ўзнаўлення шпацыраў па пакоі ды насуплівання броваў ён нарэшце канчаткова спыніўся і сказаў наступнае:
— Я думаю, што калі вы дасце мне санкцыю на допыт з асаблівай пільнасцю Джайлса і гэтага хлопчыка Брытлза, то я змагу развязаць гэтую праблему. Я ведаю, што Джайлс — верны слуга і даўно ў вас працуе, але вы можаце знайсці тысячу спосабаў не пакрыўдзіць яго і да таго ж аддзячыць яму за трапную стральбу. Вы не маеце нічога супраць?
— Калі няма ўжо іншага спосабу выратаваць дзіця, — адказала місіс Мэйлі.
— Не, няма, — даў адказ доктар. — Даю вам слова, ніводнага.
— Тады мая цётухна надае вам усе паўнамоцтвы, — сказала Роз,
усміхаючыся праз слёзы, — але малю вас, не будзьце з гэтымі небаракамі залішне строгім.
— Здаецца, вы думаеце, — заўважыў доктар, — што сёння схільныя да жорсткасці ўсе, акрамя вас, міс Роз. Магу толькі спадзявацца дзеля дабра тых з пакаленняў мужчын, якія сёння ўзрастаюць, што першы годны малады чалавек, які будзе апеляваць да вашага спачування, знойдзе ў вашым сэрцы гэткі самы чуллівы і спаважны водгук. І я хацеў бы быць юнаком, каб тут і сёння скарыстацца з такой нагоды.
— Вы гэткае ж вялікае дзіця, як той самы Брытлз, — пачырванеўшы, адказала Роз.
— Ну што ж, — смеючыся, азваўся доктар, — гэта не такі ўжо цяжкі выпадак. Але вернемся да хлопчыка. Далей будзе самы важны пункт нашага пагаднення. Я мяркую, што праз гадзіну ці дзве ён прачнецца, і хоць я сказаў гэтаму тупагаловаму канстэблю, які сядзіць унізе, што хлопчыка нельга ні пераносіць, ні размаўляць з ім без рызыкі для яго жыцця, я думаю, што мы зможам пагутарыць з ім без апаскі. Стаўлю ўмову: я паразмаўляю з ім у вашай прысутнасці, і калі з яго слоў ваш цвярозы розум зробіць выснову, што ён непапраўна сапсаваны (што вельмі проста можа быць), то яго трэба будзе пакінуць на волю лёсу, і я не буду ўмешвацца больш ні ўва што.
— О не, цётухна! — папрасіла літасці Роз.
— О так, цётухна! — сказаў доктар. — Дык што, згода?
— Ён не можа быць непапраўным злодзеем, — сказала Роз. — Гэта выключана.
— Вельмі добра, — заўважыў доктар. — Тым больш ёсць падставы прыняць маю прапанову.
Нарэшце дамова была заключаная, і абодва бакі пачалі з нецярпеннем чакаць, калі Олівер прачнецца.
Цярпенне абедзвюх лэдзі мусіла зазнаць выпрабаванне большае, чым прадказваў містэр Лосбэрн, — гадзіна мінала за гадзінай, а хлопчык усё яшчэ моцна спаў. Настаў ужо вечар, калі добрасардэчны доктар прынёс ім вестку, што Олівер дастаткова аднавіў свае сілы для таго, каб з ім можна было паразмаўляць. Ён сказаў таксама, што хлопчык яшчэ вельмі хворы і аслабелы ад страты крыві, але яму так моцна хацелася нешта выказаць, што доктар палічыў за лепшае даць яму такую магчымасць сёння, а не чакаць наступнага ранку і больш істотнага паляпшэння ў стане малога.
Суразмоўе працягвалася доўга. Олівер падрабязна расказаў ім пра сваё жыццё; часта ён мусіў спыняцца, каб пераадолець боль і недахоп сілаў. Невясёлая гэта была гісторыя; слабыголас знясіленага хлапчаняці ў цёмным пакоі апісваў цэлы шэраг крыўдаў і бед, якія ўчынілі яму жорсткія людзі. О, калі б мы, прыгнятаючы і зневажаючы сваіх бліжніх, хоць аднойчы задумаліся над цёмнай праявай людскіх заганаў, якія, быццам цяжкія, набрынялыя воблакі, падымаюцца ў неба, падымаюцца павольна, але няўхільна, каб потым абрынуць на нашыя галовы помсту! Што засталося б тады ад крыўды і абраз, ад пакут, галечы, жорсткасці і несправядлівасці, якія прыносіць з сабой кожны новы дзень нашага жыцця?