Олівер Твіст
Шрифт:
— Насамрэч! — сказаў містэр Браўнлоў.
— Вы ведалі яго як Олівера Твіста, — працягвала Роз.
Як толькі словы гэтыя зляцелі з яе вуснаў, містэр Грымуіг, які прыкідваўся, быццам заглыбіўся ў таўшчэзную кнігу, што ляжала на стале, з вялікім шумам выпусціў яе з рук на падлогу, адкінуўся на спінку крэсла і паглядзеў на дзяўчыну; на твары яго нельга было прачытаць нічога болей, акрамя бязмежнага здзіўлення; ён доўга і бяссэнсава глядзеў на яе, вырачыўшы вочы, потым, быццам бы засаромеўшыся такога яўнага праяўлення сваіх эмоцый, ён сутаргава выпрастаўся, прыняў ранейшую паставу і, гледзячы проста перад сабой, працягла і глуха свіснуў; свіст гэты не знік, а, здавалася, заглух дзесьці ў глыбіні ягонага страўніка.
Не менш здзіўлены быў і містэр Браўнлоў, хоць яго здзіўленне не выявілася так эксцэнтрычна. Ён падсунуў крэсла бліжэй да міс Мэйлі і прамовіў:
— Мая дарагая маладая лэдзі, зрабіце мне ласку, не гаварыце наконт спагады і дабрыні: пра гэта ніхто нічога не ведае. Калі вы толькі можаце засведчыць нешта, што можа змяніць тое адмоўнае ўражанне, якое я аднойчы атрымаў ад гэтага беднага дзіцяці, то дзеля Бога, выкладвайце хутчэй.
— Дрэнны хлопчык! З’ем сваю галаву, калі ён не дрэнны, — прамовіў містэр Грымуіг нутраным голасам — нават ні адзін мускул не зварухнуўся на яго твары.
— У гэтага дзіцяці высакародная натура і добрае сэрца, — запярэчыла, пачырванеўшы, Роз, — і тая сіла, якая распарадзілася выпрабаваць яго не па ягоных гадах, памясціла ў ягоныя грудзі жарсці і пачуцці, якія зрабілі б гонар шмат каму з тых, хто мае ўжо шэсць разоў па столькі гадоў, як ён.
— Мне толькі шэсцьдзесят адзін год, — уставіў містэр Грымуіг з тым самым застылым выразам твару. — Калі ў справу не ўмяшаўся сам д’ябал, то Оліверу, напэўна, каля дванаццаці гадоў, так што я не разумею, каго вы маеце на ўвазе.
— Не звяртайце на майго сябра ўвагі, міс Мэйлі, ён не гэта хацеў сказаць.
— Гэта, гэта, — прабурчэў містэр Грымуіг.
— Не, не гэта, — паўтарыў містэр Браўнлоў; яго голас набыў адценне злосці.
— Ён гатовы з’есці сваю галаву, калі не тое, — прабурчэў містэр Грымуіг.
— У такім выпадку ён заслугоўвае таго, каб зняць яе з плеч далоў, — сказаў містэр Браўнлоў.
— Надта хацелася б бачыць, хто возьмецца гэта зрабіць, — адказаў містэр Грымуіг, грукнуўшы палкай аб падлогу.
Зайшоўшы так далёка, абодва старыя джэнтльмены некалькі разоў узялі кожны панюшку тытуню, а потым, згодна з нязменнай сваёй традыцыяй, паціснулі адзін другому рукі.
— А цяпер, міс Мэйлі, — сказаў містэр Браўнлоў, — вернемся да асобы, якая так узрушыла вашыя гуманныя пачуцці. Паведамце мне ўсё, што ведаеце пра гэтае беднае дзіця. І дазвольце мне таксама сказаць, што я вычарпаў усе сродкі, якія меў у сваім распараджэнні, каб знайсці яго, і з таго часу, як я пакінуў Англію, першапачатковае маё меркаванне, быццам ён падмануў мяне, што ягоныя былыя супольнікі падгаварылі яго абрабаваць мяне, у значнай меры пахіснулася.
Роз, якая мела даволі часу, каб сабрацца з думкамі, сцісла і зразумела пераказала ўсё, што выпала перажыць Оліверу з таго часу, як ён пакінуў дом містэра Браўнлоў, прамаўчаўшы пра тое, што перадала ёй Нэнсі, з тым каб потым расказаць пра гэта містэру Браўнлоў сам-насам; завершыла яна свой аповед запэўніваннем, што адзіным, што выклікала роспач Олівера ў апошнія месяцы, было тое, што ён не мог сустрэцца са сваім колішнім апекуном і сябрам.
— Дзякуй Богу! — сказаў стары джэнтльмен. — Гэта для мяне вялікае шчасце, вялікае шчасце. Але міс Мэйлі, вы не сказалі мне, дзе ён цяпер. Даруйце мне за дакор — але чаму вы не прывялі яго з сабой?
— Ён сядзіць у карэце перад домам, — адказала Роз.
— Перад маім домам! — усклікнуў стары джэнтльмен.
Не гаворачы больш ні слова, ён выскачыў з пакоя, пабег уніз па лесвіцы, падняўся па прыступках кэба і праз якое імгненне быў ужо ў карэце.
Калі дзверы пакоя зачыніліся, містэр Грымуіг падняў галаву і, ператварыўшы адну з задніх ножак крэсла ў вось вярчэння, апісаў тройчы круг, дапамагаючы сабе палкай і абапіраючыся на стол. Зрабіўшы гэтае практыкаванне, ён падняўся і прайшоўся па пакоі разоў з дванаццаць так хутка, як толькі мог, потым нечакана спыніўся перад Роз і без слоў пацалаваў яе.
— Ціха! — сказаў ён, калі маладая лэдзі ўстала з крэсла, крыху напалоханая яго незвычайнымі паводзінамі. — Не бойцеся. Я ў дзяды вам падыходжу. А вы слаўная. Вы мне падабаецеся. А вось і яны!
Насамрэч, не паспеў ён апусціцца на сваё ранейшае месца, як вярнуўся містэр Браўнлоў у суправаджэнні Олівера, якога містэр Грымуіг сустрэў вельмі прыхільна, і калі б гэтая шчаслівая хвіля была адзінай узнагародай за ўсе страхі і турботы дзеля Олівера, то такой узнагароды для Роз Мэйлі было б даволі.
— А між тым тут яшчэ ёсць асоба, пра якую нельга забываць, — сказаў містэр Браўнлоў, звонячы ў званочак. — Калі ласка, скажыце, хай сюды прыйдзе місіс Бэдвін.
Старая эканомка не прамарудзіла з’явіцца, зрабіла ля дзвярэй рэверанс і чакала загаду.
— Але ж вы слепнеце з кожным днём, Бэдвін, — сказаў містэр Браўнлоў крыху раздражнёна.
— Насамрэч, сэр, — адказала старая лэдзі. — У маім узросце вочы ў людзей не паляпшаюцца з гадамі, сэр.
— Я мог бы і сам сказаць вам, — працягваў містэр Браўнлоў, — але начапіце лепш свае акуляры, і вы ўбачыце тое, што так хацелі ўбачыць.
Старая лэдзі пачала намацваць у кішэні акуляры. Але цярпенне Олівера не магло вынесці такога выпрабавання, і ён, падхоплены парывам душы, кінуўся ў яе абдымкі.
— Літасцівы Божа! — усклікнула старая лэдзі, абдымаючы яго. — Гэта ж дзіцятка маё нявіннае!
— Добрая мая старая няня! — усклікнуў Олівер.
— Ён вярнуўся! Я ведала, што ён вернецца! — сказала старая лэдзі, трымаючы яго ў абдымках. — Як добра ён выглядае і як ён зноў добра адзеты, як сын джэнтльмена! Дзе ж ты быў так доўгенька, так доўга? Ну-ну, той самы прыгожанькі тварык, але не бледны больш, тыя самыя добрыя вочкі, але не такія маркотныя. Ніколі не забывалася на іх, на ягоную ціхмяную ўсмешку, помніла іх кожны дзень нароўні з вачыма маіх любых дзетак, якія памерлі яшчэ тады, калі я была вясёлай і маладой.
Гаворачы так без перапынку і то адхіляючы Олівера ад сябе, каб праверыць, наколькі ён вырас, то зноў прытуляючы і з любасцю гладзячы яго па галаве, добрая душа то смяялася, то плакала, абняўшы яго.
Містэр Браўнлоў пакінуў ёй ды Оліверу час абмяняцца ўражаннямі. Ён пайшоў у іншы пакой і там пачуў ад Роз падрабязны аповед пра яе размову з Нэнсі, які здзівіў і ўразіў яго нямала. Роз растлумачыла таксама, чаму яна не даверылася найперш свайму сябру, містэру Лосбэрну; стары джэнтльмен выказаў меркаванне, што яна зрабіла ўсё правільна, і ахвотна пагадзіўся сам правесці ўрачыстую нараду з шаноўным доктарам. Каб забяспечыць як мага больш хуткае выкананне гэтай задумы, было вырашана, што ён прыбудзе ў гатэль а восьмай гадзіне ўвечары, а місіс Мэйлі да таго часу асцярожна праінфармуюць пра ўсё, што здарылася. Калі гэтыя меры былі грунтоўна абмеркаваныя, Роз і Олівер вярнуліся дадому.