Ордэн Белай Мышы
Шрифт:
Цяжка абагнацца ад пачуцця, што колькі апошніх гадоў прамінулі нібы ў летаргіі са спакуслівымі снамі, а цяпер мы прахапіліся і ўбачылі вакол усё такое знаёмае і роднае, што хочацца ўткнуцца ў гэтыя транспаранты носам і зайсціся ў ачышчальным плачы блудных сыноў.
Прачнуцца, што праўда, пашчасцілася не ўсім. Дзесьці зусім недалёка грэецца пад снежным пухам магіла майго сябра архітэктара Валеры Слюнчанкі, што аднаўляў усе ацалелыя ад культурнай рэвалюцыі полацкія саборы і памёр, чытаючы Караткевіча, хоць значна больш любіў Басё і Унамуна. Пасля суботнікаў, ладжаных намі разам з рэстаўратарамі ў Сафійцы, Валера чытаў лекцыі пра беларускі рэнесанс і беларускае барока, дэкламаваў вершы Івана Буніна і вучыўся не рэагаваць на рэплікі будучага празаіка В. Мудрова кшталту: «Хорошие стишата, только вот автор - белоэмигрант». Валера і сам пісаў вершы: пра жанчын і пра восень - па-расейску, а пра маці - па-беларуску. Ён вучыў мяне жыць адным днём і любіў параўноўваць нашае грамадства са слаёным пірагом, дзе пячорныя людзі складаюць зусім не самую тонкую праслойку.
Валера меў хворае сэрца, якое не па чутках ведала, што такое хірургічны скальпель. Калі мы купаліся, ён з вінаватаю ўсмешкай станавіўся на дно, не праплыўшы і дзесятка метраў. Ягоны сын вучыўся ў мастацкай вучэльні, і аднойчы яго з сябрамі адлічылі адтуль за няздатнасць, а ў сапраўднасці - за незалежнасць паводзінаў. Людзей з такім, як у Валеры, пачуццём гонару я сустракаў у жыцці раза паўтара. Можна ўявіць, колькі каштаваў яму паход да дзеяча нацыянальнага адраджэння, які падмахнуў загад аб выключэнні. Дзеяч адказаў Валеру, а потым і мне суровай водпаведдзю, сэнс якой зводзіўся да таго, што такім, як Слюнчанка-малодшы, у нацыянальнай навучальнай установе не месца. Каб супакоіцца, Валера прыехаў на летнік і прылёг з кнігаю Караткевіча. Сына праз пару дзён пасля бацькавых хаўтураў хуценька аднавілі ў спісах, а праз год я спаткаў яго сярод рэстаўратараў фрэсак у нашай Спасаўскай царкве, куды ён папрасіўся на практыку, і мы гаварылі з ім на адной мове, у чым не было нават мікраскапічнай заслугі дзеяча нацыянальнага адраджэння. Гэта, вядома, не па-хрысціянску, аднак, калі я бачу цяпер таго дзеяча, мне хочацца схапіць яго за рэдкія валасы і ўпячатаць тварам у нашу родную беларускую глебу, як на Дзяды, у 1988-м, людзі ў форме і ў цывільным спрабавалі ўпячатваць нашыя твары ў мёрзлае поле каля Курапатаў.
Каб суняць у руках здаровы сверб, я гляджу ў снежную далячынь. На дапамогу неспадзявана прыходзяць рыжая Зіна і Генры Мілер. «Слышь, Мишка, а что такое вагина?» «Наверно, что-то с весами связано, - сонным голасам адгукаюцца вусікі.
– Может, гиря». «Сам ты гиря, - бярэ рэванш таўстуха.
– Это же по-русски!» Поўня з дубальтовым падбароддзем паварочваецца да мяне. «Мужчина, вы не знаете, что такое вагина?» - «Здагадваюся», - унікліва кажу я. «Ну так что?» - «Гэта павінна быць зразумела з кантэксту».
– «С чего, с чего?» Зіна з абражанай мінаю вяртае кнігу і дастае газету з крыжаванкай.
«Известный художник-маринист».
– «Шишкин».
– «Не подходит». «Репин», - зноў прапануе голены хлапец. «Козел ты, Федя, неграмотный, - нязлосна ўключаецца ў інтэлектуальныя гульні вусаты.
– Это же Айвазовский».
– «Тютелька в тютельку, - падлічыўшы літары, захоплена выгуквае Зіна.
– А как ты догадался?» - «Тут же написано: маринист. Море рисует, понятно?» «А чего напечатали с ошибками: маринист? Проверочное слово «море», значит надо: «моренист».
– «В газете козлы неграмотные сидят, а ты обзываешься», - чуецца голас бязвусага Федзі, і ў памяці высвечваецца выслоўе айчыннага класіка пра тое, што дзяржавы ў часы росквіту нараджаюць вялікіх паэтаў, герояў і каханкаў, а ў часы заняпаду - толькі пыл і шмат начальства. Другі пералік здаецца мне занадта кароткім.
Прыдарожныя гандляры сям-там грэюцца ля вогнішча. «Помещение для хранения оружия, первая «а»...» Я заўважаю, што пачынаю думаць у красвордавым стылі: горад, да якога мы пад'язджаем, сем літараў, першая «л»...
На лагойскай аўтастанцыі дзед з шызым носам прадае сушаныя баравікі. Сцяну за ягонай спінай упрыгожвае напалову здзёрты плакат з кавалкам гатычнага будынка, паловаю коннага рыцара і фрагментам закліку: «...вяртанне ў Эўропу!». Дзед высморкваецца ў два пальцы, выцірае іх аб палітон і, закончыўшы падрыхтоўку да ўрачыстага моманту, дастае з кішэні пачатую пляшку «Русской». Калі вы даўно не бачылі шчаслівага чалавека, паспрабуйце ўявіць таго дзеда з рыльцам ля вуснаў. Пакуль ён закусвае сваю ніштаватую дозу сухім грыбам, я думаю, колькі сотняў ці тысячаў жыхароў Лагойска трэба апытаць, каб нехта адказаў на пытанне пра тутэйшага графа, восем літараў, першая «т», які ў 1856 годзе адчыніў у Вільні музей старажытнасцяў?
За Лагойскам снегу ўжо няма. Дзе-небудзь пад тым Гомелем, куды хацеў трапіць расейскі танкіст, відаць, яшчэ збіраюць радыеактыўныя грыбы. Усё-ткі мы немалая ў эўрапейскіх сумерах краіна і дакляраваная п'яным лейтэнантам «генеральная утюжка» бульбашоў можа атрымацца не такой ужо хуткай і гладкаю, як мроіцца камусьці са стратэгаў.
Гэтая выснова грэе мяне нядоўга. «Новое европейское государство, восемь букв, - чытае Зіна і сама ж прапануе адказ: - Беларусь». Злёгку пачырванець ад сораму за свой снабізм мне не ўдаецца. «Ну ты даешь, - кажа бязвусы.
– Какое это, к черту, государство?» Давай, «прэзідэнт», тваё слова, пад'юджваю я вусатага, аднак той прыкончыў «Жириновского» і ціхамірна кімарыць.
На ролю дэкарацыяў да гэтае мізансцэны «Ікарус» прапануе цэлы горад з сотняў асабнякоў, што выраслі тут за гады нашае суверэннае незалежнасці, люструючы эстэтычныя арыентацыі шырокага спектра менталітэтаў - ад мінгрэльскага да александрыйскага. У раннім сутонні гэты цёмны горад-спадарожнік з непадведзенымі камунікацыямі ператвараецца ў разгорнутую метафару «нового европейского государства».
Леваруч мільгаюць бараўлянскія шпіталі, дзе чвэрць стагоддзя таму мой бацька выслухаў смяротны прысуд, пасля якога ўпершыню з вясковага дзяцінства зноў загаварыў, прынамсі са мной, па-беларуску. Аналогія ўжо гатовая адарвацца ад сваёй пратаплазмы і пачаць самастойнае жыццё, аднак дарогу ёй і аўтобусу перагароджвае на ўездзе ў Менск шлагбаўм з аўтаматчыкамі. Праўда, ніякіх трывожных асацыяцыяў з «ноччу доўгіх нажоў» не ўзнікае. Душа, наадварот, песціцца ў цёплых хвалях спакою за сваіх спадарожнікаў: у той час, калі бяскрылыя разгортваюць крылы, аматарам красвордаў нічога не пагражае.
Мой «Ікарус» яшчэ не здолеў прывыкнуць да людзей з аўтаматамі на знаёмай мірнай дарозе, таму на першым скрыжаванні ледзьве паспявае спыніцца перад каламутна-чырвоным вокам святлафора. Так і не даўшы рады «вспомогательной исторической дисциплине, изучающей гербы» (10 літараў), затое нечакана бліскуча адолеўшы «человека с одновременными признаками мужского и женского пола» (11 літараў), Зіна з двума сваімі целаахоўнікамі грацыёзна выгружаецца ў раёне вуліцы імя «партийно-правительственного деятеля БССР» (6 літараў, першае «к»), што, як сведчаць шматлікія відавочцы, да самога адыходу ў лепшы свет так і не навучыўся правільна вымаўляць назву «машины для езды, колеса которой приводятся в движение ногами с помощью педалей» (9 літараў), упарта мянуючы яе «лісапедам».
Бывай, мой «Ікарус». Пакуль я не цалуюся з табою, як адна вядомая асоба цалавалася з канём на турынскіх вуліцах. Таму далей мяне павязе не машына з шыракаплечымі санітарамі, а звычайны зачуханы тралейбус. Павязе да самага гастранома, каля якога днямі ў маім жыцці - на шчасце кульгаваму голубу і на гора галоднаму алкашу - знайшлося месца подзвігу.
На прыпынку я старанна адганяю думку пра суму нулёў, якая ў выніку дае зусім не нуль, а пагрозліва буйную лічбу. Я веру газетам, вядомым публіцыстам і жывым народным пісьменнікам: вось вырасце новае пакаленне з новымі ідэаламі, сцягамі еtс... Адзін з гэтага пакалення ўжо вырас настолькі, што просіць у мяне закурыць. Хто сказаў, што новая генерацыя нашых маладых грамадзянаў пры ўсіх сваіх высокіх ідэалах не будзе мець права выпіць? Пагатоў калі рэалізацыя такога права спрыяе непарушнай сувязі бацькоў і дзяцей, доказам чаго ёсць такі мілы зварот да мяне - проста «барада». Апрача таго, я ўжо ведаю, што мой новы знаёмы - архітэктар. Магчыма, хлапец хутка заменіць Валеру Слюнчанку і адновіць карпусы Полацкай езуіцкай акадэміі альбо віцебскую царкву Звеставання.
Будучы дойлід без лішняй сарамяжлівасьці гатовы падзяліцца творчымі планамі. «Вот мы с тобой, борода, на каком проспекте стоим?... То-то и оно, что Рокоссовского. А где, я тебя спрашиваю, памятник? Где?
– пераможна пытаецца Валераў спадкаемец.
– Я думаю, большой ставить не будем. Метров двадцаць пять хватит. Ну что, борода, скажешь?»
Новае пакаленне чакае, і я адказваю пытаннем з крыжаванкі: «Ты ведаеш, як звалі старэйшага сына Адама і Евы, які забіў свайго брата?..»
Сібірская аповесць
Нічога не памерла ўва мне, толькі ілюзіі.
Генры Мілер
У гэтай гісторыі пойдзе гаворка пра падзеі, якія насуперак усяму сапраўды адбыліся, а таксама пра падзеі, якія павінны былі адбыцца, але ў апошні момант сарваліся; якія чакаліся, аднак так і не здарыліся; якія адбыліся не так, не тады і не з тымі; якія здарыліся, але былі прызнаныя несапраўднымі; якія ніколі не адбываліся і не маглі адбыцца, аднак зрабіліся агульнавядомымі і нават трапілі ў энцыклапедыі.