Ордэн Белай Мышы
Шрифт:
Вушкі, далоні, ступачкі і астатняе, што бывае ў жанчыны, у Вікі было маленькае, і, калі я меў патрэбу назваць яе па імені, мне заўсёды хацелася сказаць не проста Віка, а - маленькая Віка.
Вялікі й магутны Ахурамазда быў задаволены намі, пагатоў ацэнка Вічыных інтэлектуальных здольнасцяў, выстаўленая мною пасля «зорааўстрыйцаў», аказалася недаравальна паспешлівай. Маленькая Віка любіла Міхаіла Афанасьевіча Булгакава, марыла стаць для каго-небудзь Маргарытаю і пачытвала экзістэнцыялістаў. Эпізод пераходу ў зараастрызм яна пазней пракаментавала радкамі Пастарнака:
Если даже вы в это выгрались,
ваша правда. Так надо играть.
Дадам, што не ад старажылаў, а менавіта ад яе я даведаўся пра закінуты вайсковы аэрадром на ўсход ад Ягаднага, дзе кожная залева вымывала з пяску мармурова-жаўтлявыя чалавечыя чарапы і костачкі, сярод якіх маглі апынуцца і косці майго расстралянага ў 1933-м дзеда Максіма. Аднойчы па дарозе з кар'ера Віка трохі палахліва расказала пра лагер, дзе трымалі гішпанскіх інтэрбрыгадаўцаў - нашых, а найбольш замежных, што прыехалі пасля грамадзянскай вайны ў краіну пераможнага сацыялізму. Кіраўнікі лагернага падполля нібыта зарганізавалі ўсеагульныя ўцёкі і ўпэўнена вывелі інтэрбрыгадаўцаў на аточаную кулямётчыкамі прасеку.
Мой найлепшы сябра Генік сустракаўся пад таежнымі сузор'ямі з амазонкай, што мела неамазоністае імя - Варвара, была сібірачкаю шатан ведае ў якім калене і размаўляла прыкладна так: «Ну как? Ништяк? А че стал середь дороги?» Гэта пра яе, перафразаваўшы Ігара Севяраніна, паэт М.Чарніловіч сказаў:
Амазонка из Томска,
Амазонка из Томска,
Вы безумно прелестны,
Особенно сзади...
На ролю Варварынай суперніцы лёс прызначыў сібірскую татарку Аміну, што з рук у рукі перадала Геніку ў запячатаным канверце свой ліст. Варвары паблізу не было, і Генік бесклапотна рушыў па сцежцы на бераг Кеці, да таго кедра, дзе, як пісала Аміна, яна калісьці назвала нашага былога загадчыка гаспадаркі мядзведзем, хоць з іх дваіх на невялікага мядзведзя выдавала якраз шыракаплечая круглявая прапраўнучка чынгісханаўскага воіна.
Праз гадзіну ўзмакрэлы і задыханы Генік стаяў у дзвярах нашай фінскай хаціны. Пад кедрам Аміна пачаставала яго вогненнай вадой, потым, напэўна ў адпаведнасці са звычаямі яе старажытнага народа, праспявала пару працяжных гартанных песняў, а потым - мабыць, у працяг звычаю - без лішніх слоў забурыла Геніка на мох.
Калі вы мяркуеце, што хіміцы змірыліся з нашым адносна гарманічным (Міша Бугор казаў - гарманальным) суіснаваннем з амазонкамі, дык памыляецеся. Вясёлыя ленінградкі таксама змагаліся за нашы сэрцы, карыстаючыся ў гэтай барацьбе самымі разнастайнымі сродкамі.
Штодня ў абед паводле дамовы з амазонкамі мы прыносілі на кухню тры трохвёдзерныя вываркі вады. Трагізм сітуацыі палягаў у тым, што накрыўка ад вываркі згубілася. Ад студні да сталоўкі было з паўкіламетра, і прыкладна на палове шляху да нас прыстройвалася чародка хіміц. Усе як на падбор сімпатычныя, нафарбаваныя, у кароткіх шчыгульных спаднічках і рознакаляровых майках з паскамі на тонкіх таліях, яны віліся вакол нас, нібы стракатыя матылькі.
Які-кольвек з гэтых матылькоў пачынаў амаль пяшчотна: «Студентики, а студентики, пожалейте бедных девушек». «Совсем извелись без мужской ласки», - падхоплівала другая жамярыца. Далей чулася што-небудзь накшталт: «А я бы тому бородастенькому сто раз дала. Слышь, бородастенький? Ты хоть целоваться умеешь?»
Напачатку мы неслі свой крыж у выглядзе цяжкой вываркі моўчкі, аднак валхвіцы вольнага кахання ўмомант ставалі нахабнымі і нагадвалі ўжо не матылькоў, а назойлівых восаў. «Вы только попробуйте нас, мальчики, вас потом за уши не оттащишь», - прапаноўвалі яны, дэманструючы нам не самыя цнатлівыя паставы, «Ану, вали отсюда, стервоза, а то вырублю на...» - страшным голасам казаў «бородастенький», ды гэта выклікала толькі рогат.
На падыходзе да кухні эскорт рабіўся агрэсіўным. Ленінградкі выкрыквалі пагрозы ў бок амазонак, якія, маўляў, за...лі беднага Віцюню, абзывалі амазонак сучкамі і блядзямі, а нас - імпатэнтамі. Але найгоршае маячыла наперадзе. Перад самай сталоўкаю адна з нашых спадарожніц раптам «здагадвалася»: «Слушайте, девочки, так это же они заразиться от нас боятся!», колькі яе сябровак імгненна падляталі да нас і з вясёлым крыкам: «А вот вам сифилис!» плявалі ў ненакрытую выварку.
Пясок хутка выпіваў ваду, і мы асуджана паварочвалі назад да студні. Дзяжурная амазонка здаганяла нас з пачкам соды і патрабавала як след вышараваць выварку, крыўдзіцелькі ж заходзіліся воддаль смехам і абяцалі ператрахаць па чарзе спярша нас, а тады і амазонак.
Урэшце экспедыцыі па ваду пачалі ладзіцца з аховаю: двое цягнулі выварку, а чацвёра адпрэчвалі плявакаў штыкецінамі.
Удзень мы калупалі рыдлёўкамі дол, збівалі апалубку, завіхаліся вакол вялізнай вуркатлівай бетонамяшалкі і аддаваліся крозам пра вечаровыя спатканні.
Блізу паўночы парачкі збіраліся каля раскладзенага на галявіне за «хімкомплексам» вогнішча і задуменна глядзелі на агонь.
З цемры выходзілі і ветліва падсаджваліся на пакладзеныя пры вогнішчы бёрны маладыя хімікі з гітарай. Яны прыладкоўвалі на чырвоным вуголлі конаўкі або імбрыкі на чыфір і заводзілі песню. Гучала «Прокурор затребовал расстрела», «Как над Томском опускается туман, никогда я не прощу тебе обман...», але найдушэўней атрымлівалася ў іх «Здравствуй, Невский, здравствуй, Кировский», бо шмат хто з нашых суседзяў таксама быў з Піцера.
Ідылію гітарных перабораў, пакладзеных на мулкія мужчынскія плечукі дзявочых галовак і мяккага чыфіравага кайфу руйнавала шумнае з'яўленне гурмы падлеткаў. Яны груба лаяліся, як па-пісанаму часалі на блатным арго, хваліліся, хто колькі разоў «отодрал» сваю «чучундру», і дэманстратыўна забаўляліся з кнопачнымі ножыкамі, з тронкаў якіх, цьмяна пабліскваючы, выляталі вузкія клінкі-джалы.
Спачатку мы мелі гэтую кампанію за малалетніх хімікаў, пагатоў падлеткі ахвотна апавядалі, за што і па якім артыкуле сядзелі, ды сапраўдныя вольныя пасяленцы пагардліва растлумачылі нам, што гэта ўсяго толькі пасялковая шпана, занятая пошукамі сваіх жыццёвых ідэалаў.
Ленінградкі да вогнішча не прыходзілі. Трэба сказаць, што, хоць яны і чапляліся да нас каля сталоўкі, мужчынскае ўвагі ім ставала. На кожную прыпадала ў сярэднім па трое хімікаў-мужчынаў. Звычайна яны і сяліліся па формуле 3 + 1, праўда, «бугры» мелі права выбару і маглі трымаць невялікі гарэм, ці, па-мясцоваму, «курятник». Спецкамендатура праблемамі палігаміі не займалася.
Амаль кожны дзень нашага існавання быў адзначаны адметнай падзеяю.
То «цяжкі» падлетак Віця, зусім ачмурэлы ад «трох сямёрак» і любошчаў з амазонкаўскім кіраўніцтвам, наловіць у мех з паўтузіна здзічэлых катоў, падыме іх уначы разам з будатрадаўскім сцягам на недарэчна высокі флагшток, а пасля перарэжа на блоку вяроўку, і каты будуць, не заціхаючы ні на секунду, екатаць як рэзаныя, пакуль нейкі піцерскі хлапец за пляшку «777-га» не ўзлезе, нацёршы рукі смалою, па слізкім шосце і не скіне жывой радыёкропкі на дол, а чацвераногія вязні не разбягуцца па наваколлі - усе як адзін цалюткія і гатовыя да новых прыгодаў.
То двое абхазцаў, якім заставаліся лічаныя дні да волі і ад'езду ў Сухумі, хопяцца ў пасялковай краме за нажы і заробяць новы тэрмін.
То прыедзе маладая жонка начальніка нікалаеўскага порта, што «дахімічваў» у Ягадным за валютныя аперацыі.
Жонку валютчыка адразу ахрысцілі Дзекабрысткай. Мяркуючы па кансервах (ужо ад адных назваў - крабы па-японску, суп з амараў - набягаў поўны рот сліны), якія яна разагравала каля ганка на раскладзеным паміж дзвюма цаглінамі цяпельцы, а таксама па мяняных штодня крымпленавых сукенках, партовы дзеяч паспеў сёе-тое прыхаваць.