Ордэн Белай Мышы
Шрифт:
У выніку супольных перакураў, па-першае, выявілася, што аэрадромны жывапісец з казлінаю бародкай у мінулым быў дацэнтам (тут яго звалі Рэпіным) Ленінградскай акадэміі мастацтваў і дацягваў на вольным пасяленні тэрмін за небескарыслівую дапамогу будучым майстрам пэндзля ў выкананні дыпломных прац. Апроч ленінаў і брэжневых (Леаніда Ільіча ён дужа не любіў і называў казлом, расцягваючы гэтае слова, як жавальную гумку), дацэнт маляваў парадныя партрэты спецкамендатураўскіх чыноў, прычым кожнаму замоўцу неадменна «прышпільваў» на пагоны лішнюю зорачку. Ён быў страшэнны мацюкальнік; нягледзячы на несамавітую знешнасць, меў поспех у далёкіх ад мастацтва белаярскіх жанчын і збіраў, а можа, і сам выдумляў анекдоты пра «ментоў». Адна з ягоных показак, пра юнага скульптара, памятаецца мне да сёння. Міліцыянт пытаецца ў хлопчыка, што ён лепіць. «Дзядзю міліцыянера», - адказвае з пясочніцы юны скульптар. «А з чаго?» - «З пясочку, з вадзічкі і з гаўняшкі». Дзядзька ў форме, натуральна, дзярэ малому вушы, але назаўтра зноў заспявае таго ў пясочніцы. На пагрозлівае пытанне хлопчык адказвае, што лепіць дзядзю пажарніка. Палагаднелы міліцыянт удакладняе - з чаго? «З вадзічкі і з пясочку».
– «А гаўняшка?» Тут юны скульптар хітравата прымружвае вочы: «Э не, тады дзядзя міліцыянер атрымаецца».
З Рэпіным хадзіў, быццам злыганы, гэткі самы дробненькі, як і ягоны патрон, хімік Вася з вострымі блуклівымі вачыма і з мянушкаю Іншапланецянін. У вольным жыцці ён круціў абаранку «МАЗа» і паціху гандляваў руберойдам, цэментам ды іншымі дзяржаўнымі грузамі. Іншапланецянін, што аддана цягаў за Рэпіным фарбы й пэндзлі, пакідаў уражанне чалавека цалкам ураўнаважанага, пакуль не пранікаўся да цябе даверам. Калі так здаралася, ён прапаноўваў адысціся ўбок і, пачынаючы хвалявацца й бліскаць вачыма, тлумачыў, што ўсе непамыслоты накшталт гандлю руберойдам пасыпаліся на яго пасля сустрэчы на трасе з іншапланецянінам.
Пасланец чужой цывілізацыі паўстаў перад спагадлівым Васем у абліччы адубелай істоты, што галасавала ў марозную ноч на глухой таежнай паваротцы. У кабіне пасажыр хутаўся ў дзіўнаваты серабрысты балахон і трымаўся таксама дзіўна: сам маўчаў, а слухаючы анекдоты, не смяяўся. Прыгледзеўшыся да спадарожніка, Вася з жахам убачыў у таго на месцы носа чорную дзірку, адкуль штосьці свяцілася. Далей аповед рабіўся блытаным і няўцямным. У ім фігуравалі нейкія велічэзныя срэбныя цыліндры, канцэнтрычныя кругі чыстай зямлі сярод сумётаў, украдзены цэмент і чамусьці - падобны да старога стамлёнага габрэя сівы дзядуля з вялікімі, шэрымі, як у начной мятлушкі, крыламі, што, палохаючы мантажнікаў, лётаў у тайзе ўсцяж ліній электраперадач. (Самае неверагоднае, што пра гэтага дзеда з семіцкімі рысамі я пачуў гадоў праз дзесяць ад аднаго зусім нармальнага полацкага хлопца-вахтавіка, якога штомесяц на два тыдні закідвалі самалётам кудысьці пад Нафтаюганск.)
Перакуры звялі нас і з двума ціхімі хлапцамі-блізнятамі, якіх ніхто ўсё адно не мог адрозніць і таму мянушку яны мелі ў множным ліку - Зваршчыкі. На «хіміі» зварачных апаратаў у іх у руках ніколі не бачылі, але на волі браты сапраўды працавалі зваршчыкамі і недзе пад Цюменню пасадзілі ў трубаправод і акуратна заварылі начальніка ўчастка. Уперад галавою ён, разважаючы над праблемай справядлівага закрыцця нарадаў, мог паўзці да самай эўрапейскай часткі СССР, а ўперад нагамі - усяго нейкіх кіламетраў дваццаць. Начальнік здолеў абраць правільны маршрут і, нібы прарок Іёна з чэрава левіяфана, выбраўся з трубаправода на свежы ветрык за дзень да таго, як у трубу пусцілі газ. Дзякуючы гэтаму блізняты атрымалі на судзе няшмат. Зрэшты, калі б начальнік папоўз у Эўропу, мо не атрымалі б нічога, бо сведкаў у тундры не было.
Пару дзён нашая брыгада працавала на белаярскай прыстані докерамі. Поплеч з намі варочалі скрынкі з «777-м» і з няспелымі яблыкамі трое бічоў - два грывастыя нямытыя і няголеныя хлопцы і дзяўчына з русай касой, якую - каб не пракураныя жоўтыя зубы і не прыцьмелыя вочы колеру мешкавіны - можна было б назваць «русской красавицей». Дзяўчына, праўда, скрынкі не цягала, а асядлаўшы адну з іх, бясконца курыла, запіваючы цыгарэтны дым дагестанскімі «трыма сямёркамі». За ўвесь дзень яна адкрыла рот, здаецца, толькі раз - дзеля таго, каб, схапіўшы мяне за рукаво штармоўкі, прамовіць: «Запомни, мальчишечка: когда идешь к женщине, не забывай захватить плетку». Уражаны тым, што бічоўка чытала Ніцшэ, я ледзьве не выпусціў з рук скрынку з батарэяю бутэлек. Прыгажуня дапамагла мне справіцца з цяжарам, каралеўскім рухам пераправіўшы са скрынкі да сваіх ног яшчэ адну пляшку, і зноў патанула ў філасафічным маўчанні.
Увечары, калі на беразе Кеці мы замочвалі з бічамі докерскі заробак - па 50 рэ на брата, стала вядома, што калегі вучыліся ў маскоўскім авіяцыйным інстытуце, два гады таму прыехалі сюды ў будатрад і, надыхаўшыся сібірскаю вольніцай, назад у сталіцу не вярнуліся. «А пошла она в аэродинамическую задницу!» - з прафесійнай вытанчанасцю выказалася няспраўджаная авіяканструктарка.
Напрыканцы балюшкі бічы пачалі бесцырымонна-слінява цалавацца - усе ўтраіх - і ўрэшце, прыхапіўшы па пляшцы «777-га», дружна залезлі пад перакулены баркас.
Раніцой мы сталіся сведкамі іхняга сняданку. Пакуль хлопцы пахаджалі па беразе, робячы фізічныя практыкаванні, жаўтазубка паслала на траве каля баркаса неверагодна брудную насоўку і падзяліла на тры кавалкі хлебную гарбушку. «Ох, мальчишечка, как бы я тебя вы...
– невядома да каго з нас летуценна прамовіла яна і, соладка пацягнуўшыся, какетліва дадала: - Но нельзя, дружок, нельзя, ребята заругают, ревнивые - ужас».
У Бл. Яры я паспеў пазнаёміцца і з кучаравым Сашкам родам з-пад Жлабанска, як ён называў Жлобін, дзе прамінула ягонае дзетдомаўскае дзяцінства.
Адно цыганістае Сашкава брыво перасякаў безвалосы шнар - узнагарода за шкадобу да чацвераногіх сяброў.
Паводле няпісанага статуту ў дзетдоме рэгулярна наладжваліся гэтак званыя сабачнікі. Чаму забава так менавалася, уцяміць цяжка, бо ў ёй бралі ўдзел не сабакі, а каты. Злоўленых у наваколлі катоў старэйшыя выхаванцы, адцягнуўшы на загрыўку ў братоў сваіх меншых шкуру, прыбівалі цвікамі да плота, а за дваццаць крокаў ужо чакалі складзеныя загадзя крушні. Ратаваць жывыя прыцэлы не забаранялася, аднак каменны град не павінен быў ні на хвілю слабець.
У сірочым прытулку бытавалі й іншыя традыцыі. Старэйшыя, напрыклад, вучылі малодшых лаяцца матам. Трохгадовых дзяўчынак абыдзень ставілі на «зважай» і прымушалі па сто разоў голасна паўтараць: «я - б...», «я - б...», «я - б...». Наступнага тыдня дзеўчанятка гэткаю ж методаю доўжыла навуку: «я - п...», «я - п...». Узбагаціўшы лексічны запас вучняў, «педагогі» пераходзілі да сінтаксісу. Дзеці, якія ўжо ведалі грамату, акрамя вусных практыкаванняў, атрымлівалі пісьмовыя заданні. Найбольшай вынаходлівасцю ў гэтым вызначаўся нейкі Халімон. Ён мог загадаць дзяўчу папрактыкавацца не на аркушыку, а ў класным сшытку і абавязкова здаць яго на праверку настаўніцы. Адкупіцца дазвалялася толькі адным спосабам, пра які не хочацца ўзгадваць. Асаблівую асалоду дарылі «выхавацелям» хлопчыкі і дзяўчынкі, што траплялі ў дзетдом з добрых сем'яў, дзе прычынілася якоесьці няшчасце. Малых навучалі курыць, піць віно, рэзацца ў карты, б'ючы прайгралага па вушах лінаркай або кормячы «вустрыцамі» - пасыпанымі зямлёю слімакамі ці вусенямі.
Старшакласнікі, успамінаў, гледзячы на нас сумнымі антрацытавымі вачыма, Сашка, выбіралі сабе дзяўчатак, звычайна малодшых, і тыя ўвечары, калі сыходзілі выхавацелькі, беглі ў спальню да сваіх уладароў і заставаліся там да раніцы. Узімку дзяўчо, што круцілася ў ложку адно, пякуча зайздросціла парачкам, бо заснуць у выстылым дартуары было амаль немагчыма - торф і дровы адміністрацыя заганяла налева.
За што Сашка адзвінеў два гады на зоне, даведацца мы не паспелі, бо непазначанаю на мапах вузкакалейкаю нашая брыгада ад'ехала на халтуру ў таежны пасёлак Ягаднае. (Генік пасля чарговага шклабою прадбачліва склаў з сябе паўнамоцтвы загадчыка гаспадаркі і яшчэ больш прадбачліва, як засведчылі далейшыя падзеі, захапіў з сабою паляўнічую стрэльбу.)
Першы, хто сустрэў нас на новым месцы, быў капітан пасялковае спецкамендатуры. Ягоная прывітальная прамова змусіла задуменна прысвіснуць нават такога бывальца, як колішні марак савецкага рыбалоўнага флоту, наведнік дацкіх, талінскіх і рыжскіх публічных дамоў Міша Гарэлік на мянушку Бугор, які даводзіўся братам байцу Лявону Гарэліку, таму самаму, што друкаваў у «Мілавіцы» свае опусы ў духу вельмі ранняга Джозэфа Конрада пад псеўданімам Джон Галяк.
Усё жыхарства Ягаднага падзялялася на тры вялікія катэгорыі: супрацоўнікі спецкамендатуры, былыя зэкі, што атабарыліся тут пасля «хіміі», і хімікі цяперашнія. У пасёлку «хімічылі» тры сотні мужчынаў і сотня прадстаўніц лепшай паловы чалавецтва (гэтыя трапілі сюды выключна з Ленінграда і выключна за амаральныя паводзіны). На венерычныя хваробы ў пасёлку, калі верыць капітану, не хварэлі хіба толькі бурундукі ды вавёркі. У лазню рэкамендавалася не хадзіць, каб не падчапіць заразы. У пясчаных кар'ерах рэкамендавалася не купацца, каб не зарэзалі і, згодна з мясцовай традыцыяй, не прысыпалі пясочкам. Перасоўвацца па пасёлку, асабліва ўвечары, капітан раіў групамі.