Па слядах Купалы і Коласа
Шрифт:
Дык што новага ў параўнанні з 1968 годам унёс у “Паўлінку” рэжысёр Мікалай Варвашэвіч? Тут адразу можна зазначыць, што калектывам і рэжысёрам, безумоўна, быў знойдзены свой паварот агульнага рашэння камедыі. Асабліва тады адметна вылучыўся дынамічнасцю дзеі другі акт, што выразна адцяніла адну з выдатнейшых рысаў камедыі – займальнасць інтрыгі.
З самага пачатку спектакля рэжысёр умела ўвёў гледачоў у абставіны часу дзеяння. Калі гледачы глядзелі на афармленне спектакля, іх уражвала не проста праўда ўвасобленага на сцэнічнай пляцоўцы жыцця, а вобразная праўда, праўда, моцная сваёй абагуленай выразнасцю. Дастаткова было аднаго позірку на рэалістычна ўмоўны пакой вясковай хаты, дзе адбывалася ўсё сцэнічнае дзеянне, каб скласці сабе ўяўленне аб героях, аб іх нацыянальнай і сацыяльнай заглыбленасці.
Другі, удала знойдзены, кірунак у афармленні спектакля можна было назваць метафарычным. Мастак знайшоў тады сваеасаблівае, адзінае на ўвесь спектакль відарыснае рашэнне, якое выражала сутнасць рэжысёрскай задумы камедыі ў яе ідэйным плане. Гэтай удалай, па-наватарску ўбачанай і ўведзенай метафарычнай дэталлю быў куфар. З аднаго боку ён, нібы з’яўляўся аздабленнем пакоя, з другога... Не больш як крэсла ён быў для Якіма, вясковых музыкаў, але як любоўна агледжваў яго сам гаспадар, Сцяпан Крыніцкі, — гэта быў сімвал яго дабрабыту і заможнасці. Як прыцягваў ён пільную ўвагу Быкоўскага, сімвалізуючы выгодны і багаты пасаг нявесты.
Цікава былі выбраны і пастаўлены рэжысёрам мізансцэны, што немалаважна, бо менавіта праз іх выражалася душа, сутнасць асобных эпізодаў, бачны былі вобраз унутранага стану герояў. Асабліва вылучалася адна – яна ўзвышалася да мастацкага выяўлення ідэі спектакля: выразнай класавай пазіцыі, скіраванасці супраць пагардлівых адносінаў да простага чалавека, да ўсяго народнага. Хочацца прыгадаць яе.
Ішла каларытная бытавая сцэна гасціны. Дзяўчаты спявалі народныя беларускія песні, а пан Адольф Быкоўскі сядзеў наводшыбе, спіною да гасцей, усім сваім выглядам падкрэсліваючы пагарду да ўсяго “мужыцкага”. Адзін штрых, але ён быў удалы. Менавіта праз такія штрыхі выстройвалася тады рэжысёрам Мікалаем Варвашэвічам “Паўлінка”. Выстройвалася яшчэ і дзякуючы, безумоўна, майстэрскаму выкананню ролі Быкоўскага Віктарам Касікоўскім. Галоўнае для акцёра было — гэта ўменне пранікнуць ва ўнутраны свет ствараемага вобразу, раскрыць яго сутнасць і індывідуальныя асаблівасці – усё гэта ўдалося выканаўцу. Асабліва камічнымі выглядалі любоўныя заляцанні, дзе Быкоўскі імкнуўся паказаць сябе вельмі далікатным і галантным кавалерам, ганарыстасць і фанабэрыя, якія гратэскна падкрэсліваў артыст Касікоўскі ў сваім герою.
Камічнасцю і маляўнічасцю з боку артыстычнага майстэрства вызначаліся вобразы Агаты і Альжбеты, якія ігралі артысткі народнага тэатра Кацярына Палішчук і Марыя Гурская. Іх выкананне настолькі было сваеасаблівае, што глядач забываўся на параўнанне з ужо вядомымі прафесійнымі выканаўцамі гэтых роляў, а гэта, заўважце, лепшы паказчык поспеху.
Пасля прэм’еры з рэцэнзіяй на спектакль у мясцовым друку выступіла пісьменніца і педагог Алена Руцкая. Яна ў прыватнасці пісала: “Нялёгкая сэнсавая нагрузка ляжыць на вобразах прадстаўнікоў маладога пакалення ў камедыі – Паўлінцы і Якіму. Рамантычна лірычная тэма кахання ў падачы іх вобразаў пераплятаецца з сацыяльнай тэмай ідэйных імкненняў. Спалучэнне больш чым складанае, а выканаўцы маладыя дэбютанты: Паўлінка – Л.П.Чайкоўская, Якім Сарока – Ф.І.Мядзведзеў. Тым больш варта адзначыць, што ўдалося ім самае галоўнае: пранікненне ў свет перажыванняў і трывог сваіх герояў, у свет характараў. Падкупляе непасрэднасцю і дасціпнасцю вобраз гераіні, лірычнай цеплынёй – вобраз Якіма. Але ўспомнім словы нашага земляка, аўтара кнігі пра Янку Купалу “Як агонь, як вада” Алега Лойкі: “Не вельмі смешнай напісалася ў Купалы першая яго камедыя: смеху-то ў ёй хапае..., а стогн душы, драма любоўная і палітычная – вось фінал п’есы “Паўлінка”. Менавіта драматызм з-за таго, што герояў хочуць пазбавіць іх кахання, найвялікшага свята жыцця, павінен яскравей прасвечвацца ў паасобных момантах выканання роляў маладымі артыстамі”( “За перамогу камунізму”, Слонім, 12 красавіка .). І з рэцэнзентам нельга не пагадзіцца. Тым не менш, адной з лепшых сцэн “Паўлінкі” 1986 года, што рэдка бывае, але запомнілася, – гэта масавая сцэна гасцін у доме Крыніцкіх. Дэталёва рэжысёрам прадуманы і па-майстэрску выведзены былі паводзіны кожнага ўдзельніка масоўкі. Рэплікі, як вехі, якія складалі слоўную партытуру сцэны. Стварыўся вобраз адзінага цэлага — народа. Такія пастаноўкі памятаюцца вельмі доўга.
У 1993 годзе заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, рэжысёр Мікалай Варвашэвіч ставіць на слонімскай сцэне купалаўскія “Прымакі”. Але ўжо не на сцэне народнага тэатра, а на сцэне прафесійнага дзяржаўнага Слонімскага беларускага драматычнага тэатра (цяпер Слонімскі драматычны тэатр). Пачыналіся “Прымакі” звычайна. Максім Кутас (артыст Віктар Багушэвіч) пасля добрага перапою пачынае ўспамінаць, што было ўчора, думае, куды ён трапіў. Бо ў яго хаце “павуцінне па ўсіх чатырох кутках, а тут толькі на трох...”. Але гэта яшчэ паўбяды. На самой справе здарылася так, што Максім Кутас і Трахім Сініца (артыст Сяргей Бачкоў) памяняліся сваімі жонкамі. Калі памылка выкрылася, пасля першага замяшання і перажытага страху за вынікі, якія здарыліся, адбываецца камічная сямейная перапалка. Але ўсё, як мы ведаем, скончылася прыемнай развязкай, заручынамі сына Максіма – Мацейкі (артыст Васіль Сявец) і дачкі Трахіма – Кацярынкі (артыстка Іна Ёрш).
Аднак не будзе перабольшваннем, калі дадаць, што асноўны змест “Прымакоў” і поспех спектакля надавалі тады народныя песні і танцы, вельмі ўдала і па-мастацку быў скампанаваны этнаграфічны матэрыял.
У пастаноўцы слонімскіх артыстаў спектакль “Прымакі” набыў у 1993 годзе новае і свежае ўвасабленне. Добра адчуваліся беражлівыя адносіны пастаноўшчыка да тэксту твора, сучаснае прачытанне п’есы, акцёрскае стварэнне вобразаў і г.д.
У 2002 годзе Слонімскі беларускі драматычны тэатр зноў вяртаецца да камедыі Янкі Купалы. Спектакль тады вырашае паставіць рэжысёр тэатра Віктар Бутакоў, які прыехаў у Слонім з Усходне-Казахстанскага абласнога рускага тэатра драмы імя Жамбыла горада Усць-Каменагорска. Зусім не ведаючы беларускай драматургіі, звычаяў, нораваў, беларускага жыцця і гісторыі, рэжысёр узяўся за “Прымакі” і паставіў. Пачынаўся спектакль арыгінальна. Тры вясковыя пляткаркі (артысткі Ірына Яцук, Вікторыя Міхальчык, Надзея Ільчанка) распавядалі адна адной аб тым, што дзеяцца ў вёсцы, а таксама разважалі пра мужыкоў. У п’есе Янкі Купалы гэтага няма. Але такая своеасаблівая задумка рэжысёра надала спектаклю новае і свежае ўспрыманне. А далей падзеі на сцэне адбываліся, як у п’есе. Камізм спектакля ўзмацняўся, дзякуючы своеасаблівасці мовы дзеючых асоб, багатай народнымі параўнаннямі, прымаўкамі, фразеалагізмамі, трапнымі, часам грубаватымі дасціпнымі выразамі, а таксама дзякуючы нечаканым паваротам сюжэта, своеасаблівай пабудове дыялога і, вядома ж, ігры акцёраў Тамары Галаванавай, Сяргея Фурсы, Кацярыны Дзядовіч, Наталлі Шугай, Сяргея Лішыка і Віталя Спасюка.
Тым не менш, мінскія тэатральныя крытыкі не дужа спрыяльна ацанілі “Прымакі” у пастаноўцы Віктара Бутакова. Напрыклад, Вячаслаў Іваноўскі ў зборніку “Беларускі тэатр – 2001/2002” (Мн., 2003. С. 9-10) пісаў: “На жаль, спектакль рэжысёра В.Бутакова ў недастаткова густоўна стылізаваных дэкарацыях і касцюмах персанажаў (мастак Аляксандр Толкач) хутчэй нагадваў звыклую для беларускага тэлебачання павільённую рэканструкцыю “Вячорак”, чым знакаміты купалаўскі вадэвіль, багата насычаны беларускім фальклорным матэрыялам і лёгкім дабрадушным гумарам. Нягледзячы на пэўную рызыкоўнасць становішча, у якім пасля значнага падпітку мужчын Максіма Кутаса і Трахіма Сініцы апынуліся жанчыны – Даміцэля Сініца і Палагея Кутас, зранку прачнуўшыся і знайшоўшы ў сваіх ложках суседскага мужа, Янка Купала не дапускае ў сваім даволі простым народным жарце аніякай двухсэнсоўнасці альбо нават намёку на непрыстойнасць. Таму так важна пры пастаноўцы гэтага купалаўскага твора і рэжысёру, і выканаўцам знайсці адпаведныя выразныя сродкі, яскравыя мастацкія знаходкі, адчуць камедыйную стыхію жанра, каб імправізацыяй надаць спектаклю лёгкую іранічнасць, не даць магчымасці сцэнічнаму відовішчу апусціцца да побытавай дробязнасці, захаваўшы адначасова з тым сакавітую народную характарснасць вобразаў...”. З крытыкам варта пагадзіцца. Але ж вясёлы вадэвіль “Прымакі” гледачам падабаецца, ён напоўнены смехам, мяккім, дабрадушным, народным смехам. Да сённяшніх дзён у рэпертуары Слонімскага драматычнага тэатра гэты спектакль ёсць, і на яго ідуць гледачы.
Гэта толькі выбраная вандроўка ў розныя тэатральныя калектывы і тэатры Слонімшчыны, дзе вось ужо на працягу 80 гадоў ідуць п’есы Янкі Купалы. Кожны спектакль па п’есе нашага песняра даваў і дае людзям адчуванне сваёй нацыянальнай годнасці. І народ наш любіў і будзе заўсёды любіць Купалаўскую драматургію, бо яна — неўміручая.
*** Хачу быць снегам на двары Айчыны, Каб штодзень яго тапталі беларусы, Спяшаючыся да Скарыны, Купалы і Коласа.1
Музею беларускай кнігі, які існуе пры Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа, сёлета споўнілася 20 гадоў. Гэта адзіны падобны музей на Гарадзеншчыне. Ён складаецца з дзвюх залаў. Першая прысвечана Якубу Коласу, другая – літаратурнай Слонімшчыне. І хоць Якуб Колас ні разу не быў ў Слоніме, творчасць песняра неразрыўна звязана і з горадам над Шчарай, з яго людзьмі.
Кожны раз, калі я сёння іду па Ружанскай вуліцы ў цэнтр Слоніма, мне ўяўляецца спадарыня Ядвіся Бараноўская. Яна жыла побач з Ружанскаю вуліцай на Цвінтарным завулку (цяпер завулак Дастаеўскага). Так-так, гэта менавіта тая Ядвіся, якая стала прататыпам Ядвісі Баранкевіч у аўтабіяграфічнай аповесці Якуба Коласа “У палескай глушы”. Гэтую аповесць Якуб Колас напісаў у 1923 годзе.
Галоўным героем аповесці з’яўляецца Андрэй Лабановіч — прадстаўнік перадавой часткі дэмакратычнай інтэлігенцыі пачатку ХХ стагоддзя. Іван Навуменка ў сваёй кнізе “Якуб Колас” (Мн., 1982) адзначае, што Лабановіч можа быць і “залішне сур’ёзны для сваіх дваццаці гадоў, але маладосць — пара кахання, гарачых парыванняў, і ўсё гэта, зрэшты, не абмінае і нашага героя. Як ні заняты настаўнік філасофскім роздумам, школьнай працай, грамадскімі інтарэсамі, як ні суцяшае сябе тым, што яму падабаюцца тры дзяўчыны — панна Марына, панна Людміла і, нарэшце, Ядвіся (на яго думку, гэта зарука, што ён не закахаецца ні ў адну), але ўсё ж такі ён закахаўся, і каханне да Ядвісі, можа быць, самы істотны момант жыцця Лабановіча ў Цельшыне”. Далей пісьменнік падкрэслівае, што “ўзаемаадносіны Лабановіча і Ядвісі, дачкі падлоўчага Баранкевіча, адносяцца да ліку лепшых любоўных старонак беларускай прозы”.
Сапраўды, Якуб Колас стварыў вельмі яркі і прыгожы вобраз Ядвісі. Ці не той Ядвісі, якая ў 30-50-х гадах мінулага стагоддзя жыла ў Слоніме? І ці не рэальная асоба была апісана песняром? Памятаю, пра гэта мне неаднаразова нагадваў беларускі пісьменнік Сяргей Новік-Пяюн. А даведаўся ён пра Ядвісю ў ліпені 1936 года ад паэта Гальяша Леўчыка, з якім сябраваў. Вось што мне расказваў Сяргей Новік-Пяюн: “Аднойчы Гальяш Леўчык спытаў мяне: “А ці ведаеш, Сяргей, што ў Слоніме жыве Ядвіся, тая Ядвіся, аб якой піша Якуб Колас “У палескай глушы”? Прозвішча яе Бараноўская, а жыве яна ў доме на ўзгорку насупраць Ружанскіх могілак. У “Нашай ніве” яна друкавала свае вершы, падпісваючыся псеўданімам Юстына”. Я быў чалавек “паднаглядны”. І, таму мне даводзілася наведвацца ў Слонімскі магістрат на рэгістрацыю. І неяк у тым жа ліпені 1936 года да мяне падышла высокая, стройная кабета ў чорным паліто і капелюшы, з-пад якога спадалі пасмы сівых валасоў. Адчувалася, што яна была некалі прыгожаю. Кабета з ветлівай усмешкаю прывіталася: