Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Па слядах Купалы і Коласа

Чыгрын Сяргей

Шрифт:

У час ліквідацыі Чамяроўскай бібліятэкі імя Якуба Коласа некаторыя беларускія кнігі не трапілі ў паліцэйскія мяшкі. У прыватных сховішчах вяскоўцаў захаваліся творы айчынных драматургаў. Па іх мясцовая моладзь пачала ставіць у вёсцы спектаклі. Рэпертуар быў даволі шырокі. Найбольшым поспехам карысталася “Паўлінка” Янкі Купалы. Самадзейныя чамяроўскія артысты пры размеркаванні роляў стараліся адхіліць ролю пана Быкоўскага. Ну, а калі хто яе браў, то выконваў па-сапраўднаму смешна і праўдзіва.

Добра прымала публіка спектаклі па п’есах Уладзіслава Галубка і Францішка Аляхновіча. Большасць беларускіх спектакляў ставілі ў прасторных гумнах. Паэт Анатоль Іверс успамінаў і мне часта расказваў, што не так цяжка было падрыхтаваць спектакль, як атрымаць дазвол на яго пастаноўку ў пана павятовага старасты. А часам і дазвол не вырашаў справы. Паліцыя знаходзіла безліч прычын, каб забараніць вечарыну. Адной з прычынаў забароны, напрыклад, магла быць адсутнасць пры ўваходзе ў гумно дзвюх бочак з вадой і мётлаў на ражнах. Іх наяўнасць, лічылася, гарантавала супрацьпажарную бяспеку. Супрацьпаказана была і салома ў гумне. Але вясною рэдка ў якога гаспадара ляжалі ў гумне сена ці салома...

2

Генерал-лейтэнант інжынерных войск Яўген Леашэня (1900-1981) са Слоніма вельмі любіў і цаніў беларускую мову, культуру і гісторыю сваёй Айчыны. Прыкладам гэтага можа служыць яго знаёмства з многімі беларускімі дзеячамі літаратуры і мастацтва. Асабліва шчырым было яго знаёмства і сяброўства з Якубам Коласам.

Імя Якуба Коласа Яўген Леашэня пачуў яшчэ тады, калі вучыўся ў Альбярцінскім (раней Альбярцін быў пасёлкам, а цяпер — мікрараён Слоніма – С.Ч.) двухкласным вучылішчы (1912-1914), дзе выкладаў тады перадавы беларускі настаўнік Восіп Іванавіч Петрашкевіч. Ён знаёміў сваіх вучняў з творамі Янкі Купалы, Францішка Багушэвіча, Цёткі, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Гутаркі аб беларускай літаратуры Восіп Петрашкевіч праводзіў не ў класе, а ў школьным садзе, або падчас экскурсіі ў лесе, на берагах ракі Шчара і Альбярцінскага возера.

У пачатку лістапада 1942 года ў Ташкенце, у доме Савецкай Арміі адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 60-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. У прэзідыуме сходу сядзелі прадстаўнікі Вярхоўнага Савета і члены ўрада БССР. У цэнтры сядзеў сам юбіляр. Ён быў вельмі ўсхваляваны: не чакаў, што ў такі цяжкі для краіны час яго будуць віншаваць.

Ад імя арміі, Ваеннай акадэміі і франтавікоў юбіляра вітаў Яўген Леашэня. У перапынку Якуб Колас падышоў да Яўгена Варфаламеевіча, паціснуў руку і падзякаваў за цёплыя словы. У лютым 1943 года адбыўся чарговы выпуск Ваеннай акадэміі імя Фрунзе, і Яўген Леашэня запрасіў Якуба Коласа на ўрачыстасць.

У карасавіку 1943 года Ваенная акадэмія імя Фрунзе, дзе Леашэня працаваў начальнікам кафедры інжынерных войск, вярталася ў Маскву. Слонімец пакідаў Ташкент. Цёплым вясновым надвячоркам 15 красавіка Яўген Варфаламеевіч развітаўся з Якубам Коласам.

У 1944 годзе Леашэня зноў накіраваўся на фронт. Пачаў ліставацца з Якубам Коласам, расказваў пра вызваленую заходнюю частку Беларусі, пра сустрэчу з маці.

Толькі ў 1954 годзе Яўген Леашэня вярнуўся ў Маскву. Зноў пачаў працаваць, аднавілася і перапіска з Якубам Коласам.

Неўзабаве нашага земляка перавялі працаваць за мяжу, і ліставанне з Якубам Коласам перапынілася. Толькі з газет даведаўся ён аб смерці беларускага песняра. Засталіся на ўсё жыццё цёплыя ўспаміны пра сустрэчы і кніжка вершаў “Голас зямлі”, выдадзеная Дзяржаўным выдавецтвам Узбекістана да 60-годдзя паэта, з аўтографам: “На ўспамін земляку — палкоўніку Леашэню. Якуб Колас. Ташкент, .”.

У снежні 1981 года не стала і генерал-лейтэнанта Я. В. Леашэні — удзельніка трох войнаў (Грамадзянскай, Вялікай Айчыннай і вайны з Японіяй), які быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны, Кутузава, Багдана Хмяльніцкага.

У 1984 годзе вуліца, якая вядзе са Слоніма на мікрараён Альбярцін, была названа яго імем. А значна раней з’явілася ў Слоніме і вуліца Якуба Коласа.

3

Амаль усе паэты Слонімшчыны прысвячалі свае паэтычныя радкі Якубу Коласу. Першым, хто напісаў верш пра песняра, быў паэт Гальяш Леўчык (1880-1943). Верш увайшоў у яго першы зборнік “Чыжык беларускі” (Вільня, 1912):

Не бачыў цябе я ніколі, Як “Песні” твае прачытаў – Здаецца, што ў горкай нядолі Душой ты мне братняю стаў! Нас гора адно прыціскае У сумнай і цяжкай жальбе, Няўмольна жаль горкі з’ядае Абодвух – мяне і цябе... Абодва мы – дзеці нядолі, Век сумна, гаротна бяжыць. І ў хаце, і ў лесе, і ў полі Нам жальба на сэрцы ляжыць...

Вершы Якубу Коласу прысвячалі слонімскія літаратары Алег Лойка, Мікола Арочка, Анатоль Іверс, Іван Чыгрын. Псеўданімы класіка нашай літаратуры даследаваў Янка Саламевіч (“Слоўнік беларускіх псеўданімаў”, Мн., 1983), пераклады Якуба Коласа на нямецкую мову – Уладзімір Сакалоўскі (кнігі “Пара станаўлення” (Мн., 1986), “Беларуская літаратура ў ГДР” (Мн., 1988). У 1991 годзе Іван Чыгрын выдаў дыхтоўную манаграфію “Рэальнае і магчымае: проза Якуба Коласа”. Манаграфія прысвечана праблеме мастацкай эвалюцыі творчасці Якуба Коласа. У ёй аўтар даследуе шляхі эпічнага станаўлення таленту пісьменніка ў жанры рэалістычнага апавядання, філасофска-алегарычнай прозы, у жанры рамана. Як сцвярджаў Іван Чыгрын ((1931-2006), у адрозненне ад мастацкага лёсу іншых беларускіх празаікаў 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя, творчасць Якуба Коласа доўжылася не адно дзесяцігоддзе, і, здавалася б, такі магутны талент, як яго, мог адзін акумуляваць шмат якія аспекты мастацкага вопыту, назапашанага сусветнай практыкай. У нейкім сэнсе так яно і здарылася. Але акумуляцыя падобнай шматстайнасці складанага літаратурнага працэсу ў практыцы аднаго творцы з пэўнай доляй паўнаты не пад сілу нікому. На ўвазе павінен жа мецца і адпаведны ўзровень мастацкага асэнсавання. Якуб Колас, як сцвярджае аўтар, належным чынам сцвердзіў сябе галоўным чынам у жанры рэалістычнага ды алегарычнага апавядання, ушчыльную падышоўшы да свярджэння жанру рамана, тым самым абазначыў ідэю неадольнасці жанравага руху прозы ў літаратуры, якая імкнулася стаць сапраўдным мастацтвам. Сучасную прозу без рамана ўявіць немагчыма. І заслугі Якуба Коласа перад беларускай літаратурай тут бясспрэчныя.

Доктар філалагічных навук Алег Лойка пісаў: “Якуб Колас – у сваёй геніяльнай простасці, беларускасці – адзіны, непаўторны. Простае ў Якуба Коласа – мудрае, не мудрагелістае, не экстазнае. У ім, як даўно ўжо было заўважана А.Адамовічам, усе колеры вясёлкі, — дзённае святло, само бясколернае, ды з колераў, з сямістужкавага спектру. І ў выніку ўвідочніць коласаўскую прастату, народнасць, паэтычнасць сапраўды няпроста. Няпростая прастата – гэта, відаць, у красе, у літаратуры найвышэйшае і, можа, якраз найвышэйшай пробы элітарнае, паэтычнае” (Алег Лойка. Галгофа. Слонім. 2001. С.150-151). Менавіта Алег Лойка ў 1961 годзе выдаў манаграфію “Новая зямля” Якуба Коласа: вытокі, веліч, хараство”, у якой усебакова даследаваў паэму “Новая зямля” — “своеасаблівы гімн сялянству, песню ўслаўлення селяніна”.

У сваёй двухтомнай “Гісторыі беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд” (Мн., 1989) Алег Лойка таксама звяртаецца да аналізу жыццёвага і творчага шляху Якуба Коласа. Пісьменнік адзначае, што “дарэвалюцыйная (маецца на ўвазе да 1917 года. – С.Ч.) творчасць паэта – пляцоўка ўздыму Я.Коласа-мастака, такі этап у яго ідэйна-творчай эвалюцыі, без якога ідэя жыцця Коласа, канцэптуальнасць яго творчасці ў цэлым, якімі яны бачацца сёння, не маглі б сфарміравацца. Дарэвалюцыйная творчасць яго – важнейшы этап станаўлення Якуба Коласа-мастака, вылучэнне асобнай коласаўскай эстэтычнай канцэпцыі жыцця і чалавека”. Алег Лойка пісаў, што Якуб Колас як мастак, як філосаф канчаткова і шырэй сцвердзіў сябе ўжо ў савецкі час. У сваёй творчай эвалюцыі, на думку Лойкі, сімпатыі з селяніна Якуб Колас пашыраў на чалавека ўвогуле. У кожным чалавеку ён імкнуўся знайсці добрае, светлае. У трылогіі “На ростанях” Якуб Колас паказаў сімпатычнага айца Уладзіміра, які падчас споведзі Лабановіча замест Бібліі кладзе яго руку на том Пушкіна. І жандар у Якуба Коласа – не абавязкова свіное рыла, а чалавек, які спачувае Лабановічу, які адчувае сябе няёмка, мусячы выконваць абавязкі наглядчыка над гэтым маладым сумленным настаўнікам. Ні кроплі схематычнага, вульгарызатарскага разумення чалавека, людзей розных саслоўяў! А калі і паказваў Колас абывацельства, то з чалавечым шкадаваннем, з усмешкаю, са шчымлівай насмешкай, як, гэта напрыклад, можна назіраць у вобразе Тараса Іванавіча Шырокага ў трылогіі, або пана Зыгмуся ў апавяданні “Хатка над балотцам”. З народных глыбінь браў пачатак гуманізм Якуба Коласа, глыбока народная маральная аснова была ў яго. Вера ў чалавека, любоў і павага да яго, непрыманне ўсяго, што робіць людзей нечалавечнымі, — вось што стала зыходным і асноўным у мастацкай канцэпцыі Якуба Коласа.

*** Іду тваім следам, Янка Купала, Але хто толькі туды не ступаў — Ён шырокі і слізкі, Іду і … падаю, Але іду.
Яны былі сябрамі

Пры жыцці народны паэт Беларусі Янка Купала шчыра сябраваў з маімі землякамі са Слонімшчыны —літаратуразнаўцам і бібліёграфам Яўгенам Хлябцэвічам і доктарам медыцынскіх навук Андрэем Пракапчуком. Дзве згадкі пра гэта сяброўства.

Поделиться с друзьями: