Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Па слядах Купалы і Коласа

Чыгрын Сяргей

Шрифт:

—Добры дзень! Я — Ядвіся!

Я запытальна глядзеў на яе.

—Так-так! Я — тая Ядвіся, аб якой напісаў Якуб Колас у сваёй аповесці “ У палескай глушы”. Мы сябравалі. Якуб Колас і я друкавалі вершы ў “Нашай ніве”, я свае падпісвала псеўданімам Юстына. Мне пра вас расказваў Гальяш Леўчык. Маё прозвішча Бараноўская.

Спадарыня Бараноўская паціснула мне руку. Праз некалькі хвілін да яе падышла маладая настаўніца.

—Гэта мая дачка, — пазнаёміла нас Бараноўская. Праўда, месца для гутаркі было нязручнае, таму яна на развітанне сказала:

—Калі ласка, заходзьце да нас! Гальяш казаў, што даў вам наш адрас.

Праз некалькі дзён я наведаўся да Ядвісі. Яна паказала мне гадавік “Нашай нівы” са сваімі вершамі.

А калі вясною 1961 года мне давялося быць у Слоніме, і я прыйшоў у дом Бараноўскай, мне сказалі, што яна з дочкамі ў 1945 годзе выехала ў Польшчу.

У лістападзе 1978 года я зноў наведаў Слонім. Прайшоў па былым Цвінтарным завулку і спыніўся каля дома № 8, у якім жыла Ядвіся. З суседняга дома выйшаў сівы чалавек, які назваўся Міхалам Юхновічам. Ён сказаў мне, што добра ведаў суседку Ядвісю Бараноўскую. Яна ўсё літаратурай займалася, пісала вершы. Але як склаўся яе пасляваенны лёс, спадар Юхновіч не ведаў”.

Не ведаў пра далейшы лёс Ядвісі Бараноўскай і Сяргей Новік-Пяюн, а таксама і іншыя слонімцы.

Пра тое, што Ядвіся жыла ў Слоніме, Сяргей Новік-Пяюн у свой час прыгадваў і на старонках некаторых літаратурных выданняў. Ды і Алег Лойка часта згадваў пры сустрэчы, што гераіня Коласа Ядвіся жыла ў Слоніме, пісала вершы і друкавалася ў “Нашай ніве”. Дарэчы, у штогодніку “Дзень паэзіі- Алег Лойка апублікаваў артыкул “Ці была паэтэсай Коласава Ядвіся?”. Па словах Алега Лойкі, Ядвіся Бараноўская пакінула Слонім у 1954-м, а не ў 1944 годзе, як сцвярджаў Сяргей Новік-Пяюн. “Значыць, вы бачылі Ядвісю?” – пытаўся ў Алега Антонавіча. “Мой самы лепшы школьны сябра, з якім я сядзеў на адной лаўцы ў 9 і 10 класах, жыў на Цвінтарным завулку, — са шкадаваннем успамінаў Алег Лойка, які сам жыў да апошніх дзён у Слоніме. — Я ж амаль кожны дзень бываў у гэтага сябра. Я ж амаль кожны дзень праходзіў міма белых вакон з кветкамі, паўз хату, у якой жыла Ядвіся. Я ж усіх суседзяў свайго сябра па Цвінтарным завулку бачыў у твар, усіх іх памятаю. Каторы ж з твараў быў тварам яе, Коласавай Ядвісі? Убачыў бы я цяпер яе фотаздымак, адразу б пазнаў, успомніў бы...”.

Ад завулка Дастаеўскага і вуліцы Ружанскай да бібліятэкі, якая носіць імя Якуба Коласа, вельмі блізка — яна ў самым цэнтры горада. Музей знаходзіцца на другім паверсе. Напачатку экспазіцыі музея — вялікі партрэт песняра. Дарэчы, у 1954 годзе ў Мінску Якуба Коласа наведалі слонімскія бібліятэкары і расказалі яму, што ў Слоніме ёсць бібліятэка, якая носіць яго імя. Канстанціну Міхайлавічу гэта навіна спадабалася, і ён падараваў сваю кнігу “Адшчапенец” (Мн., 1950) з аўтографам: “Слонімскай раённай бібліятэцы. Якуб Колас. 6.09.1954 г.”. Гэтая кніга і зараз захоўваецца ў музеі.

Музей бібліятэкі на працягу многіх гадоў падтрымлівае сувязі з унучкай песняра — Верай Міцкевіч. Дзякуючы ёй, Слонімскі музей кнігі атрымаў 25 фотаздымкаў і 20 кніг з сямейнай калекцыі Міцкевічаў. У 1961 годзе раённай бібліятэцы даслалі ад Літаратурнага музея Якуба Коласа альбом “Якуб Колас. Жыццё і творчасць” (Мн., 1959). Свае аўтографы на ім пакінулі сын Якуба Коласа – Даніла Міцкевіч і вядомыя беларускія навукоўцы Ніна Ватацы, Юльян Пшыркоў і іншыя пісьменнікі. Захоўваюцца ў музеі беларускай кнігі ў Слоніме і коласаўская “Новая зямля”, выдадзеная ў Вільні ў 1928 годзе і іншыя старыя выданні.

Дарэчы, у вёсцы Чамяры на Слонімшчыне ў 1920 — 1930-я гады жыло шмат пісьменных людзей. Некаторыя навучыліся чытаць і пісаць у бежанстве і з Расіі прывезлі дахаты нямала кніг. Іх перадавалі з рук у рукі і чыталі ўслых. Многія кнігі і часопісы прывозілі з Вільні. Таму цяга да друкаванага слова ў чамяроўцаў з кожным годам расла. Кніга рабілася людской патрэбай, але не кожны мог мець яе.

І тады ў вёсцы ўзнікла думка арганізаваць бібліятэку. Пачалі з таго, што некалькі пісьменных хлопцаў абышлі ўсе хаты, сабралі некалькі дзесяткаў кніг. Часова бібліятэку вырашылі размясціць у хаце Герасіма Міско і надаць ёй імя Якуба Коласа. Сын Герасіма Міско — Якуб са сваім сябрам Іванам Міско збілі дзве сасновыя дошкі, пагаблявалі і зрабілі шыльду. На ёй напісалі: “Чамяроўская бібліятэка імя Якуба Коласа”. Шыльду прыбілі да сцяны хаты.

Бібліятэка за кароткі час свайго існавання мела больш за тысячу тамоў. Былі там амаль усе беларускія кнігі і часопісы, якія выдаваліся ў Вільні, творы рускіх пісьменнікаў, а таксама польская класіка — Міцкевіч, Славацкі, Сянкевіч. Зрабілася неяк весялей і ўтульней. Што ні кажы, хоць невялікая, але свая бібліятэка. Такога ў сяле ніколі не было. Цяпер сюды наведваліся нават тыя, хто ледзь ведаў літары. Прыходзілі і з хутароў. Проста цікавіліся, што такое робіцца ў гэтай бібліятэцы. Чамяровец кандыдат мастацтвазнаўства Сцяпан Міско прыгадвае: “Памятаю, зайшла пажылая кабета і спыталася: “Казалі, тут е гэдака кніжка, што вельмі справядліва пра нас піша: нейкі Хранцішак ці што яе напісаў. Фамілію, далібо, забылася.

—Францішак Багушэвіч?

—Во, во, ён!

—Дык вы ж, цётка, чытаць не ўмееце.

—А мне ўнучак пачытае, ён — як рэпу грызе.

Прыйшлося даваць цётцы “Дудку беларускую”.

Васіль Разомчыкаў дазнаўся недзе пра жыццёвы шлях Якуба Коласа. Заходзіць у бібліятэку і адразу:

— О гэто-то пісацель, цара не пабаяўся.

—Хто, дзядзько, не пабаяўся?

—Якуб Колас — вось хто. У цюрме сядзеў. Бо праўду піша.

Здараліся, як у кожнай справе, і канфліктныя сітуацыі. Убягае аднойчы цётка і на ўсю хату:

— Зачыняйце, мусіць, гэту вашу кнігарню. Чытакі пазнаходзіліся.

—Што з вамі, цётко? — здзівіўся я.

—Як што? Оньдзека мой завала як унурыцца ў гэто вашо чытаннё, то пра ўсё забывае, газы не наўмеешся. Да чаго гэто дойдзе, га?

Яе мужык Лукаш і праўда любіў кніжкі і многа чытаў. Гаспадар ён быў не сказаць, каб кепскі, і, вядома, не мог за кніжкаю забыць пра тое, што трэба, напрыклад, каню ці карове даць. З раўнавагі цётку вывела, відавочна, тое, што газа без дай прычыны гарыць. Трэба сказаць, што газа тады была дарагая: літр яе каштаваў шэсцьдзесят грошаў. Прадаўшы пуд жыта, можна было купіць усяго тры літры газы. Вельмі дарагія былі і іншыя тавары першай неабходнасці. Кілаграм солі каштаваў, напрыклад, 35 грошаў, а цукру — адзін злоты сорак грошаў, мыла — адзін злоты семдзесят грошаў. Дзе ж тут накупляешся?

Такіх сутычак вакол бібліятэкі было, вядома, няшмат, а калі яны і ўзнікалі, дык заўсёды вырашаліся, як кажуць, шляхам перагавораў. Другая жонка, бывала, пасварыцца, ды сціхне! Тым часам бібліятэка ўпрыгожыла жыццё чамяроўцаў. Кнігі, газеты далі новы штуршок росту свядомасці людзей, раскатурхалі іх, памаглі ўбачыць больш, разумець лепш.

Існавала бібліятэка амаль год. Расла, багацела. Кніжкі ўжо не змяшчаліся ў адной скрыні, і бацька зрабіў другую. Да бібліятэкі прывыклі старыя і малыя. Ужо нават і вельмі сварлівыя гаспадыні не лаялі сваіх мужыкоў за тое, што “дарма смаляць газу”. Ніхто не прыходзіў з патрабаваннем закрыць “кнігарню”.

Затое зусім нечакана з’явіліся іншыя “госці” — у сініх мундзірах. Здарылася тое самае, што і са школай. Па загадзе павятовых уладаў паліцыянты аб’явілі, што бібліятэка закрываецца. Яны забралі абедзве скрыні з кнігамі, паклалі іх на воз і патарахцелі ў горад. Чамяроўцы маркотна глядзелі ім услед. Даведаўшыся, што здарылася, Васіль Платонаў усміхнуўся.

—А што я казаў? Пацешыліся трохі, і годзе. Каб вельмі граматнымі не парабіліся. Навука, браце, не для мужыкоў.

І ўсё ж бібліятэка, як і школа, пакінула ў жыцці вёскі добры след. Кніжкі ўсё больш уваходзілі ў побыт людзей”.

Поделиться с друзьями: