Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

— Губашлёп цябе абгаворвае. Кажа, што ты некуды збег, бо баяўся экзамена па хіміі. А ён во не збаяўся і добра здаў, хоць у годзе вучыўся на адны двойкі.

— Але ж Юля ведае, куды я збег. Мы ж з ёю трымаліся за рукі, пакуль пясчынка не разлучыла нас.

— Яна слухае Губашлёпа і толькі ўсміхаецца.

— А як Юля вярнулася назад? У ранейшае вымярэнне? Яна пра гэта не расказвае?

— Не расказвае. Але гаворыць: «Мы патанулі кудысьці ў зямлю. Але калі я вынырнула, вынырне і ён». Гэта значыць, ты…

Радзім уявіў сабе, як і ён будзе вынырваць на паверхню — спакойная-спакойная вада і раптам — буль-буль-буль — з'яўляюцца бурбалкі, а потым паказваецца і галава, — усміхнуўся. Оя ж падумала, што ён усміхаецца з іншае прычыны, — бачыш, Юля помніць, думае пра яго. Яна засумілася, зацялася, зрабілася зусім маўкліваю. На ўсе яго роспыты, што там, на лавачцы, адбываецца, нічога не адказвала. Калі ён усё ж даняў сваімі пытаннямі, Оя, адвярнуўшыся ўбок, нейкім ціхім і сумным, як усё роўна вінаватым, голасам прамовіла:

— Яна чакае цябе, — і ўздыхнула. — Яна кахае цябе. Радзім не ведаў, як у такой сітуацыі паводзіць сябе, — супакойваць дзяўчыну, суцяшаць яе? Але як супакойваць і чым суцяшаць? Маніць, што ён не хоча сустрэцца з Юляю? Але ж гэта будзе непрыстойна. Хоча, хоча, хоча сустрэцца! І ён абавязкова сустрэнецца з ёю!

Думаў так, але нічога не гаварыў. Маўчала і Оя. Яна толькі журботна глядзела некуды ўдалячынь. А потым нечакана, парывіста кінулася да яго і ашчапіла Радзіма рукамі за шыю. На сваіх губах ён, збянтэжаны, адчуў яе гарачыя, ласкавыя вусны. Яны шапталі:

— А я, дурнічка, сама закахалася ў цябе…

Яе шчокі былі мокрыя — Оя плакала. Ён зразумеў, што яна плача, калі дзяўчына далікатна пацёрлася шчакою аб яго шчаку.

Радзім і сам здзівіўся, калі падсвядома адчуў, што яму гэта прыемна, — значыць, і ён не абыякавы да зэмкі, якая аказалася звычайнаю, такой жа самаю чулліваю, як і нашы беларускія дзяўчаты.

Здзівіўся, што і яму хочацца прыгарнуць яе да сябе, выцерці слёзы, правесці даланёю па шчацэ, што так прыціснулася да ягонай. Але ён марудзіў — нешта замінала яму. Радзім стаяў з апушчанымі рукамі і маўчаў. Оя шчымліва, пяшчотна, нібы развітваючыся назаўсёды, зноў дакранулася да ягоных вуснаў — хлопец заўважыў, якія яны салёныя ад слёз — і яе рукі, усё яшчэ сашчэпленыя на Радзімавай шыі, пачалі слабець, разыходзіцца.

— І ўсё ж, — ледзь пачуў ён, — я памагу табе, мой каханы, сустрэцца з Юляю…

І ў гэты час штосьці здарылася. Іх разлучылі, і, здаецца, пальцы, якія груба ўхапілі яго, перавярнулі ўніз галавою і некуды панеслі. Было нязручна, было балюча, кроў прылівала да галавы, у вушах шумела — ці то ад гэтай прыбольшанай крыві, ці то ад ветру. Ён паспрабаваў паварушыцца, каб, калі ўдасца, перавярнуцца, але пальцы трымалі так моцна, што пра гэта не было чаго і думаць.

Другая рука кудысьці панесла Ою. Дзяўчына паспела яшчэ папярэдзіць Радзіма:

— Дзеці падарылі нас старэйшай сястры. Яны садзяць нас на Юліну завушніцу, — пачуў ён апошнія словы, і ўсё раптам знікла: і сама Оя, і яе голас.

Жыццё на завушніцы

Спачатку ён і нагамі, і рукамі адчуў штосьці халоднае-халоднае — здалося нават, што зноў трапіў на Жалезны Хаос. Тут было гэтак жа, як і там, настыла, зябка і цёмна.

І калі цемра неўзабаве знікла — пальцы, пасадзіўшы Радзіма на завушніцу, той жа час адсланілі святло, — а вось холад застаўся. Па тым, як адразу востра запахла жалезам, Радзім здагадаўся, што ў Юліных вушах сёння, мусіць, просценькія завушніцы з мельхіёру, якія яму заўсёды падабаліся сваёю вытанчанасцю — кветка, выкаваная з цяжкога матэрыялу, была лёгкая і нават не верылася, што яна жалезная. Але пацвердзіць сваю здагадку нічым ён не мог — стаяў пасярод нейкай глыбокай упадзіны і далей яе берагоў нічога не бачыў.

Ды і агледзецца таксама не паспеў — адразу ж адчуў, што з ім штосьці адбываецца. Здаецца, ён зноў пачаў змяншацца — зразумеў гэта па тым, што ўсё вакол яго вырастае памерамі, а ён сам нібыта ўплішчваецца — усё глыбей і глыбей — у завушніцу.

Успомніў, колькі ён ужо за час сваіх прыгод змяншаўся: нават, калі, здавалася, змяншацца не было куды і не было як, усё роўна знаходзілася такая магчымасць. І дзіўна, чым болей Радзім змяншаўся, тым здаваўся самому сабе яшчэ больш вялікім і моцным.

Не, гэта яму не толькі здавалася, гэта было на самой справе: чым меншым ён цяпер рабіўся, тым большым выглядаў сярод усяго, што ўзнікала вакол яго. Асабліва такое стала відавочным, калі ён раптам апынуўся — як усё роўна саскочыў аднекуль туды — у якімсьці вялікім і тлумным горадзе, сярод невядомых яму людзей. Радзім быў завялікі і для людзей, і для дамоў — гараджане, што мітусіліся, як мурашкі, пад нагамі, задзіралі галовы і глядзелі на яго, як на нейкае дзіва.

О гэтая скрыўленасць часу і прасторы, гэтае другое, ці ўжо трэцяе вымярэнне! Толькі што ён быў маленечкаю кузуркаю сярод веліканаў, ніяк не мог перайсці ад краю і да краю чаравік, не мог убачыць цалкам чалавека, а зараз ужо на яго самога глядзяць як на волата і, мусіць, прыкідваюць, ці ўдасца з ім як-небудзь паразумецца.

Падумаў: вось і цяпер нехта хутчэй за ўсё пазірае на завушніцу, але не ўяўляе, нават сцяміць не можа, што на ёй ёсць гарады і мітусяцца людзі. Ды ён і сам раней не думаў пра гэта, а каб хто сказаў такое, абурыўся б: завушніца, як завушніца, пра якое жыццё на ёй вы гаворыце?!

На шчасце, ніякіх непаразуменняў з гэтымі людзьмі ў Радзіма не ўзнікла. Да яго зусім блізка падышоў нейкі чалавек, зірнуў знізу ўверх, пачаў штосьці гаварыць.

Але хлопец нічога не чуў. Тады незнаёмец, зразумеўшы, што стараецца ён марна, палез рукою за спіну і нібыта ўключыў якую кнопку. І на вачах пачаў расці, шырыцца, таўсцець — як усё роўна яго надзімаў хто. Неўзабаве ён зраўняўся ростам з Радзімам. Руку, што націскала кнопку, сунуў у Радзімаву далонь, прывітаўся:

— Здароў.

— Здароў! — адказаў яму Радзім.

— Ну як?

— Аніяк, — усміхнуўся хлопец.

Чалавек гэты быў такі свойскі, і гаварыў ён так проста і нязмушана, быццам яны ведалі адзін аднаго вельмі даўно. Тварам і паставаю ён быў падобны на Кастуля, губашлёпавага бацьку, гаваруна і кампанейскага дзядзьку, і таму Радзіму было проста з ім гаварыць — якраз так бы ён гаварыў з любым вясковым мужчынам.

— Вітаю цябе, хлопча, у вар'яцкім доме! — між тым усміхнуўся яму новы знаёмы.

— Дзе, дзе? — перапытаў Радзім. — У вар'яцкім доме, кажаце?

— Ага. Але ты вельмі не перажывай і не палохайся, — убачыўшы, што хлопец змяніўся з твару, збляднеў і наструніўся, супакоіў яго дзядзька. — Тут сабраны лепшыя людзі нашай краіны. А сапраўдныя вар'яты якраз на волі, там, за сценамі нашага дома.

Радзім аглядзеўся, абвёў вачыма збудаванні.

Гэта і праўда, мусіць, быў вар'яцкі дом. Ён вельмі ж нагадваў турму: адгароджаны ад астатняга свету тоўстымі, высокімі, цаглянымі сценамі, паверсе якіх ішоў калючы дрот, сам змрочны і няветлівы, ён палохаў сваімі мурамі і скляпеннямі. Убачыўшы, што Радзім яшчэ болей разгубіўся, дзядзька развёў рукамі:

Поделиться с друзьями: