– Матухна, глянь, на галіны змярцвелыя Селі ружовыя матылі! – Не, мая дзетка, то яблыні белыя І абрыкосы ўначы расцвілі. – Матухна, глянь. Гэткі цукар чысты Там, на блакіце і срэбры гарыць! – Не, гэта летняе сонца агністае Вочы сляпіць на Святой Гары. – Матухна, глянь, як сплываюць крывёю Волаты ў скалах, і ў барвах трава! – Не, гэта проста халоднай рукою Вецер лістоту з чынараў сарваў. – Матухна, глянь, гэта ластаўкі белыя Зверху імкнуцца й спадаюць у сне. – Не, мая дзетка, то з неба знямелага Падае, падае, падае снег.
На вулiцы Дэшчовай
Здзіславу Нядзелю
На вуліцы Дэшчовай - слата і шэрань, І вокны, - як з неба, - гараць уначы. І я не зведаў, нашто мая вера, Нашто жыццё я стаўлю на шчыт?! Нашто шукаю ў душы маёй - Слова?! Праўда - нашто? І бой мой - нашто? Нашто Касцюшкі капец над Дэшчовай Так марна гарыць між цяпліц і платоў?! Мэта, напэўна, і ёсць, і будзе, І Вера, і Праўда, і Слова ёсць... Вярнулі б вы толькі мне, добрыя Людзі, Любоў да ўсяго і маю маладосць. К нам прыходзяць... І гінуць у скрусе... Калі нават іх цёплай рукою бяру... О божа, даруй маёй Беларусі! І Польшчы! І ўсім на свеце... Даруй.
Дом сябра
Маленькі астравок маёй зямлі - Зялёны Астравец над срэбнай Лошай, Такі прытульны і такі харошы, Як сонца, бор і родныя палі. Дом друга. Не, дом тысячы сяброў. Не ведаю, што можа звацца раем? Хіба мароз і піва ў Гудагаі, І галасы далёкіх цягнікоў? Маё другое сэрца. Год пяцьсот Адлічваеш ты мне гады на свеце, І кожны дзень аблокі, верас, вецер, І сонца неўміручага ўзыход. І твой святы і светлы чалавек, Твой дым, і крыж магутны Аняліна, Твой лубін залаты, твой лес на ўзгорках сініх, І стронгі ў крышталі маленькіх рэк. Сто тысяч год няхай вакол шумяць палі, Сто тысяч год няхай вакол гудуць дубровы, Пакуль гучыць вакол святая наша мова, Пакуль ёсць беларусы на Зямлі.
Вакол хейнала
Яну Колтуну ІІ, самаму маладому трубачу - "хейналісту" Вежы Марыяцкай
Думае - герольды Ў барве й каронах? Рык фанфаронаў - ад суднага дня глухіх?.. А тут проста трубы Чэшскай фірмы "Лігатона". А на калках вісяць кажухі. Бэлькам - шэсцьсот (Тут што праўда, то праўда)... Сведкі польскай, і нашай, і... іншай зары, Але тут... Тут спявае ціхутка радыё, І ў каморцы "тэлік" маленькі гарыць. Тут дзяжураць. Тут звон адбівае рупліва Ўсё, што з'елі, скахалі і прапілі... Ну вас... З вашым... туды... Рамантызмам саплівым. Вы, паэты ўлюбёнай маёй зямлі. Не прыполамі дам, Не дамаскай парфумай Пахнуць рукі "герольдаў" на гэтай "гары". Пахнуць яны жалезам, пылам і гумай, А ў сіх тых - часныком. (Ходзіць Кракавам грып.) Пахнуць добра баршчом, цёплым хлебам, цыбуляй, Як дзяды ў старожцы ці ў начлег на Дняпры... І мне добра. І шчыт Марыяцкі, як вулей, Над згасаючым Кракавам мёдам гарыць. Ў Яна Колтуна ані гербоў ні дукатаў (Як, між іншым, ва ўсіх "герольдаў" пяцёх), А звычайная, Такая сабе - Зарплата - Ад дзвюх тысяч злотых да чатырох.
Наследаванне Сыракомлю
"Вясна будзе", - людзі баюць. Ды нашто нам росквіт той? Мы адвыкнулі ад мая, Нас не выручыць ніхто. Ў скутай інеем краіне, Ў мерзлай пушчы векавой Толькі елкі цяжка стынуць Мёртвай зеленню сваёй. Ды палі ў снягах калеюць, Ды на гора і на смех Мох магільны зелянее На капцах мужыцкіх стрэх. Чэзнеш нівай непалітай, Усялякі церпіш зброд. Ці ўваскрэснеш? Ці жывы ты? Ці забіты, мой народ? Каб вясне прабіць дарогу, Каб калісь вярнуўся рай, - Слова праўды, слова бога Мусіш слухаць, родны Край. І тады адтануць гоні, Цеплынёй дыхне ралля, Раем зоймецца зялёным Маці - родная зямля. Пройдзе нівамі, лясамі Бог свабоды залатой. Калі мы не ўстанем самі - Не падыме нас ніхто.
"Ты не сніся мне, мама..."
Ты не сніся мне, мама, І не ваб у краіну, дзе ружы сінія. (Пачакай! Ну, крыху!) Асабліва на гэны раз. Ты ж так рэдка бачыла кветкі мімозы І (яшчэ радзей) добры квет туберозы, І - зусім ніколі - кветкі гліцыніі, І астатнія дзівы, якім прысвячу я свой сказ. Пачакай мяне, мама! Ёсць бярозы ў вільготнай лагчыне, Ёсць Дняпра старыкі і дубоў векавых запавет, І народ мой, якому я вінен Ўсім, Ўсім шчасцем, турмой і чужынай, Той народ, у якім, можа, ўвеку ніхто не загіне, Калі я, Нават я, што даўно за табою пакінуў Твой Свет.
Эпiтафiя. Пакараным смерцю ў 1882 годзе
Сякуць, краіна, карак твайму сыну, Ды ты не кажы ім:"Даволі!"... Хай лепей ніколі не будзе краіны, Чым будзе краіна - без волі.
Бог важдаецца з беларускiмi прозвiшчамi
Бог глядзеў на Беларусь з нябёсаў, На жывых і мёртвых ягамосцяў, На ўсе кальварыі і росы І павольна закіпаў ад злосці. "Што там робіцца, ядры іх мову? – Закрычаў ён у страшэнным гневе. – Быў там нейкі Ванька - стаў Ваньковіч, Быў там нейкі Міцька - стаў Міцкевіч. З гонарам, нібы у Радзівіла, Швэндаецца ў свеце пан Bowdzillo, І ў шляхту точацца без мыла Baran, Kozell, Piottuch і Pedrillo. (Сто гадоў хавае ў торбе шыла Пан Дэконт. А ўсё чуваць, васпане: "Ты Дэконт? Пся крэў, а дзе кабыла?! І дзе конь, пся маць тваю, галгане?!") Ў Сталіны там пнецца кожны Юзік, - Быў там нейкі Сенька, - стаў Сянкевіч... І адзіны, хто не прэцца у французы, - Гэта безумоўна Караткевіч. Гэты свой. [...] Ведае, што хтось з ягоных продкаў Ці азадкам быў крыху куцапы, Ці вумом, ці чым яшчэ кароткі".
"Агонь з вышынь - i дом твой, як свяча..."
Агонь з вяршынь - і дом твой, як свяча, І мёртвай хмарай - попел над Гаморай, І ўсё з нуля даводзіцца пачаць, Бо ў тым былым нічога не гаворыць. Калі ўжо давядзецца зноў пачаць - Ідзі ад дымам пушчаных святыняў І не шкадуй ні плуга, ні мяча На новы свет, дзе ўсё пакуль - пустыня. Там будзе грай сівога крумкача, Сто бездарожжаў, соль і пыл на веях... Калі ўжо вырашыў з нуля пачаць - Ідзі! Не аглядайся! Скамянееш!
"Тут кожны сядаў бы, дзе схоча..."
Тут кожны сядаў бы, дзе схоча, Адзін - ля камінка (Каб вечна сябе спрабаваў паўтарыць, - Нясталы і зменны агонь), Другі - ля вакна, што спрадвеку глядзіць на здрадлівае мора. А трэці, калі б не схацеў, проста ў кут бы зашыўся з уздыхам палёгкі. І ўсе б працавалі, і ў гэтай прывольнай майстэрні ніхто б не пісаў і ніхто бы не ўбачыў аднолькавых твораў.
Вiно армянскай гiсторыi
Раздан, Арташат, Аўрэшат. Што б ні ўзяць. Сотню назваў любых абяры між іх. Але ўсе. Ўсе армянскія віны гарчаць, Як гарчыць гісторыя іх. Можаш тысячы кніг геніяльных стварыць, Збудаваць Гарні, Гегард, Кармір-Блур... Ды зірні і ўважай: над Масісам крывавы ятаган, Над Масісам месяц - крывавы ятаган. Над народам, які палюбіў і люблю. Хай бы ўсім пражыць, хай бы ўсім дажыць Без пакут, без хлусні, без ран... П'ю віно, а яно, халера, гарчыць, Як стагоддзі жыцця армян. І каштую, і - ўсё ж - без ахвоты п'ю, - Як душу прадаю сатане - І душу народа ў ім пазнаю, А іншай - не трэба мне. Божа мой! Я пеклу б душу аддаў І здохнуў ахвотна, як нейчы там сын, Каб аднойчы ў жыцці толькі "горка!" крычаў На вяселлі дачкі армянін. П'ю. Гарчыць. І думаю я пра сябе: О Арменія гор, што крывавяць ад ран! Хай бы горка ўжо мне... Хай не горка табе, Маці мільёнаў забітых армян! Хай раней за дабро памірае гнюсь, Хай сонца жыве, хай гіне туман... Бо як без Беларусаў мая Беларусь, Так Арменія без Армян. Добры божа! Гарчыць! Вось відаць і дно. (Дзе я? Ў пекле? У раі? Дзе?)... Зразумееш не зразу армян віно, Як душу карабахскіх людзей. Горыч вінаў Арменіі... і Беларусь... Ну каму па плячы вас здушыць?.. Можа - горкія - мы й не да смаку камусь, Але нам - узаемна - мы па душы.
"Панна Варшава..."
Панна Варшава, - Яна сваёй дарогай ішла... Мурамі крывавымі Падпертая ззаду і спераду. Панна Варшава, - Ніка - Аднойчы шпяжонку ўзняла. І ёю Зваліла Ні многа ні мала Дваіх мядзведзяў.