Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пахаджане. Прыпавесці

Быкаў Васіль

Шрифт:

На пачатку восені таго году сталася так, што колькі-небудзь вядомых вайсковых начальнікаў у Курфюрста не засталося — частка іх пагінула пад сьценамі замка, а частка апынулася ў сутарэньнях сталічнага гораду курфюрства. Лёс іх быў незайздросны, і яны ведалі тое. Як толькі замак будзе ўзяты, у гонар вялікай перамогі над паўночнымі, паўдзённымі ці разам узятымі землямі яны будуць страўленыя галодным ваўкам, што, загадзя налоўленыя, вылі побач у сутарэньні. Чакалі спажывы. Звычайна ў той час, як наверсе праводзілася цырымонія раздачы ўзнагародаў пераможцам, у сутарэньнях адбывалася пакараньне ворагаў — здрайцаў, няўмекаў, баягузаў, недарэкаў з ліку падданых Курфюрста. Можа, добра, аднак, што ў тое лета перамог не было, і хоць лік зьняволеных праз тое значна павялічыўся, але ўсе яны былі жывыя і спадзяваліся. Вядома ж, чалавеку ўласьціва заўжды спадзявацца. Нават калі падстаў для таго — ніякіх.

Пасьля таго, як апошняга крыгсмана без мяча і бяз латаў кінулі ў сутарэньне да астатніх, Курфюрст загадаў прыслаць да яго бібліятэкара Готліба.

Готліб той дзень, як і заўжды, сядзеў на версе доўгай драбіны і мяккім вароніным крылом зьмятаў пыл з таўшчэзных учарнелых фаліянтаў, якімі пад самыя скляпеньні быў напакаваны гэты пакой. Бібліятэкар звыкла клапаціўся пра іх — зьберагаў ад пылу і вільгаці, ад пацукоў і пажараў. Праз гэты свой клопат ён шэраг гадоў ня бачыў Божага сьвету і наўрад ці мог бы сказаць, якая пара на двары — вясна або восень. Ён ведаў шмат моваў, але над усімі аддаваў перавагу мудрай лаціне, на якой чытаў лёгка і зразумела. Праўда, ад недахопу сьвятла і ад кніжнага пылу ў яго сталі слабець грудзі і тупіўся зрок. Але ён не наракаў на лёс і не жадаў сабе іншае долі, чым тая, што меў з міласьцівае ласкі Курфюрста. Атрымаўшы высокі загад, ён борзьдзенька зьлез з драбіны, асядлаў старога мула і паехаў у войска, якое пяты месяц тузалася з непакорлівым замкам.

Надвячоркам ён дасягнуў Лесавога мысу і прадстаў перад сваім суверэнам.

Тая памятная падзея адбылася пад векавым дубам, у вялізным шатры, аздобленым сьцягамі ды асабістымі штандарамі Вялікага Курфюрста. Бібліятэкар пакланіўся валадару ў ягоныя ногі, закутыя ў металічныя латы, і пачаў чакаць. Грозны Вялікі Курфюрст хвіліну працінаў яго драпежным позіркам, нібы гіпнатызаваў, а пасьля штось буркнуў аднаму з чаляднікаў, што нерухома тоўпіліся за ягонай сьпінай. I той голасна абвясьціў высокую волю. Аказалася, што палацавы бібліятэкар Готліб прызначаецца Галоўным крыгсманам войска Вялікага Курфюрста — валадара зямлі Богададзенай і Сьветлазарнай. Назаўтра зранку пачынаецца чарговы штурм замка, і крыгсману належыць камандаваць войскам.

Учуўшы тое, стомлены дарогай бібліятэкар ледзьве ўтрымаўся, каб ня ўпасьці, але пра што-небудзь пытацца не адважыўся. Як і належала паслухмянаму паддадзенаму, ён зноў паклапіўся ў ногі і пайшоў з шатра, куды яго павялі два бамбізы-латнікі.

Усё ж ён быў чалавек разумны, намогся авалодаць сабой і пачаў думаць пра сваё прызначэньне. Ён ніколі не служыў у войску і не прымаў удзелу ні ў малых, ні ў вялікіх аблогах — тое рабілі салдаты, свае ды найміты-авантурысты, таксама, як і іхныя крыгсманы ўсіх рангаў. Найбольшы і самы кваліфікаваны крыгсман, вядома ж, быў сам Вялікі Курфюрст, без якога ніводная перамога не была б магчымая. Зрэшты, ня толькі перамога. У гэтай зямлі шмат хто лічыў, што нават сонца ўзыходзіць і заходзіць толькі з дазволу Курфюрста. Але чаму ж ягоны адмысловы выбар упаў на зусім пе адмысловага бібліятэкара — таго Готліб зразумець ня мог. Можа, Курфюрст ушанаваў яго за ўласьцівы яму кніжны розум, набыты ў бібліятэцы, за адмысловыя веды лаціны? А можа, за тое, што ён быў нетутэйшы паходжаньнем — ягоныя продкі калісыді ўцяклі ў гэтую зямлю з Андалузіі. Як бы там ні было, Галоўнаму крыгсману стала надта страхотна, але і трошкі ганарова — усё ж Курфюрстаў выбар сьведчыў пра пэўны давер да ягонай асобы і яе чалавечых якасьцяў. А хто ў краіне не хацеў спраўдзіць высокі давер суверэна? Хацеў таго і Готліб, палацавы бібліятэкар, які нечакапа стаў найвышэйшым вайсковым начальнікам.

Апранацца ў бразготкія металічныя латы яму ня надта спадабалася — тыя былі нязвыкла цяжкія і сьцюдзёныя. Добра яшчэ, што гэта быў няпоўны камплект — толькі шлём з прылбіцай ды каляная кальчужная сьвітка, якую ён страхотка насунуў на сваё хударлявае цела. У такім убраньні пачуваўся ня надта, але мусіў трываць. Ён меркаваў, што ўвечары яго пакліча Вялікі Курфюрст, але той не паклікаў. Замест пышнага шатра Готліба адвялі ў старую палатку каптэнармуса, дзе на нейкай радзюжцы ён спрабаваў заснуць. Ды марна. Усё ж, ён меў перад сабой сумны досьвед сваіх папярэднікаў, які ня мог яго не трывожыць. Але ён спадзяваўся. Чалавеку, пават калі ён і Галоўны крыгсман, уласьціва трохі спадзявацца.

Першы баявы дзень для яго пачаўся на золку, калі баявыя легіёны панцырнікаў, латнікаў, лучнікаў і асаднікаў пачалі рух у напрамку да замка. Некаторыя калоны ішлі проста, іншыя — у абыход ці займалі месца ў рэзерве. Вялікі Курфюрст быў добра спрактыкаваны ў вайсковай навуцы і ведаў, як і што належыць рабіць. Іншая справа, што ў войску не заўжды былі вартыя выканаўцы ягоных геніяльных загадаў. Хоць і надта стараліся. Яшчэ ў цемры выкацілі на пазіцыі грувасткія катапульты, даўжэзныя, плеценыя з лазы вінеі — для прыкрыцьця войска. На сьвітаньні цягалі да іх цяжкія камяні, бо ня ўправіліся нацягаць ноччу. За тую няўпраўку Вялікі Курфюрст загадаў адсячы галаву Галоўнаму катапультмайстру, што і было зроблена ў ягонай, Курфюрставай прысутнасьці. Тую галаву магутная катапульта стрэльнула цераз сьцены замка, падаўшы тым апошні сігнал да штурму.

Бібліятэкар-крыгсман Готліб стаў ззаду за Курфюрставай сьвітай на зручным пагорачку воддаль замка. Усе пазіралі на цудоўнае відовішча, што разгарталася наперадзе. Асабліва ўражваў замак, які крыгсман бачыў упершыню. Магутныя, пахілыя да сярэдзіны сьцены з шэрага граніту, умацаваныя на рагах шырокімі круглымі вежамі з мноствам дзірак-байніц; байніцы былі і ў сьценах. Наверсе між зубамі-амбразурамі відаць былі галовы абаронцаў замка, праклятых ворагаў Вялікага Курфюрста. Зьверху ўніз па сьценах пралягалі шырокія чорныя пацёкі ад смалы і дзёгцю, якімі тыя палівалі салдатаў Курфюрста. У доле чарнеліся плямы ад жахлівага «грэцкага вагню», у якіх валяліся каменныя ядры, што паадскоквалі ад сьценаў, і недагарэлыя трупы тых, што лезьлі ды ня ўзьлезьлі на сьцены, хоць і пераадолелі шырокі роў, некалі наліты вадой, а цяпер надта абмялелы, — відаць, у замку бракавала вады. Нягледзячы на гераізм войска і асабістую прысутнасьць паблізу самога Вялікага Курфюрста, над усімі сямю вежамі замка па-ранейшаму матляліся на ветры сінія з касым крыжам сьцягі нескароных харугваў.

Як пачаўся штурм, да Галоўнага крыгсмана падскочыў хтось са сьвіты валадара і нярвова крыкнуў «На штурм!». Крыгсман трохі падзівіўся гэткаму лаканічнаму загаду і з даўжэзным мячом у руцэ паплёўся ў бок калатыечы. Адышоўшыся ад пагорку, нясьмела азірнуўся назад і пачаў трохі паварочваць убок, быццам у абыход замка, бо ісьці ў самае пекла страшна. А там, пад сьценамі замка, сапраўды ваўсю грымела і трашчэла, гуло і смылела — дымам завалакло сьцены, вежы і неба, — ужо там няшмат можна было згледзець. Крыгсман усё збочваў і збочваў па лугавіне, яго ніхто не спыняў і не вяртаў, хоць Курфюрст са свайго пагорачку, ведама ж, бачыў усё. Значыцца, ён дзейнічаў правільна, падбадзёрыў сябе крыгсман. Урэшце ён знайшоў, мабыць, найлепшую мясьціну, дзе было ня надта каб страшна і ня так далёка ад замка, дзе ягоныя сьцены былі відаць збоку аж да самай затокі. I тут ён згледзеў, што фланговы шэраг латнікаў залёг зусім блізка да рову — шчыльныя рады іх роўненька прыпалі да травянога долу, а з замкавых сьцен на іх несьліся хмары арбалетных стрэлаў ды ядры з мартыраў-катапультаў. Ад кутняй вежы скаціліся некалькі дзівосных, палаючых (мабыць, «грэцкім вагнём») колаў, якія, набіраючы па лугавіне хуткасьць, пагражалі здратаваць там увесь фланг латнікаў. Пэўна, тым трэба было ўцякаць, падумаў крыгсман, але тут жа схамянуўся ад не зусім, мабыць, вайсковае думкі. I тады ён згледзеў у сьцяне за кустом цярноўніку штосьці падобнае на невялічкую арку з дзьвярыма і падумаў, што там было б схоўней. Там стрэлы і ядры ці нават кіпень з вежы не маглі дастаць. I ён пачаў рукой паказваць латнікам на тую нябачную ім арку, усяляк даючы тым знак, дзе ратавацца. Мабыць, для таго манеўру існавала адмысловая вайсковая каманда, ды Галоўны крыгсман яшчэ ня ведаў ніякіх вайсковых камандаў і рабіў так, як колісь у дзяцінстве паказваў на пашы на адсталую авечку. I дзіва — яго зразумелі, хоць, вядома, калі захочацца жыць, дык зразумееш незразумелае. А латнікі ўсё ж хацелі жыць.

Сьпярша крайнія з іх, а затым і астатнія кінуліся ў роў, выкараскаліся з яго па той бок і, прадраўшыся праз калючы цярноўнік, стаіліся ў нішы. Ніша была невялічкая, але зьмясьціла ўсіх, і яны стаялі цесьненька адзін ля аднаго, мабыць, чакаючы новай каманды. Тады і ён падняўся і, ледзьве адольваючы ў сабе жах, паклыпаў туды, да ўсіх. Якую тады мог падаць ім каманду, ня ведаў, у яго не было ніякіх камандаў. Але ён ужо стаў баяцца, што, можа, на лугавіне скамандаваў ня так, і яго можа паклікаць хуткі на расправу Курфюрст. Ведама ж, Курфюрста ён баяўся болей, чым тых на сыдяне. Тыя былі высока, а Курфюрст на паўмілі ззаду і мог дастаць яго ў кожны момант.

Ён удала дасягнуў рова і непадалёк ад кутняе вежы скаціўся з яго крутаватага берагу. Каб было лягчэй выбрацца, скінуў з галавы грувасткі шлём, які да таго ж замінаў яму бачыць па бакох, і хацеў кінуць даўгі і няўклюдны меч. Але падумаў, што ўсё ж, мабыць, Галоўнаму крыгсману належала быць пры зброі. Збоч, ззаду і навакол грымела і палала асада — дымелі сьцены, пад сьценамі штосьці гарэла, — невядома, хто каго паліў — штурмавікі асаджаныя ці асаджаныя штурмавікоў. Выбрацца з рова яму памаглі латнікі, якія спусьцілі дзеля таго дзьве пікі, і ён шчасьліва апынуўся ўсё пад той жа выратоўчай нішай. Тут, аднак, ужо ўсчалася нейкая тузаніна, якая сьпярша выклікала ў яго міжвольны пратэст: нашто тузацца, хай бы сядзелі ціха, пакуль саміх не чапаюць. Але, пэўна, то былі прафесійныя салдаты і не хацелі сядзець ціха — ім патрэбная была перамога як узнагарода за страх і пакуты. Не зважаючы на пагрозу сьмерці, яны ламіліся да яе, пакуль дзьверы той нішы ня рухнулі на каменны падворак. Па тых дзьвярах латнікі ўварваліся на неабароненыя зады замка.

Што і як адбывалася далей, Готліб разумеў кепска, бо адчуваў сябе бы ў сьне. Яны некуды беглі, некага секлі мячамі. Неўзабаве насустрач ім выскачылі абароыцы замка ў пунсовых накідках, і яго ледзь не засеклі крывымі мячамі — дзякуй латнікам, якія закалолі дзідамі тых, што мкнуліся засячы яго. Далей ён караскаўся за ўсімі па стромкіх каменных прыступках вежы. Упаў і ледзьве не скаціўся долу. Але і тут яго выручылі салдаты Курфюрста, паднялі, і неўзабаве ён апынуўся на самым версе кутняе вежы, якую нядаўна азіраў з лугавіны. Тут латнікі ўжо ламалі шэст з сінім сьцягам. Праз дым ён зірнуў на лугавіну і аж зьдзівіўся, як добра было відаць на ёй усё Курфюрстава войска — шэрагі латнікаў і мечнікаў, купкі лёгкіх і цяжкіх катапультаў, драўляныя шчыты на колах і даўгія самбукі, з якімі беглі салдаты. Цяпер усе япы там заварушыліся, мабыць, згледзеўшы іх на вежы, у шэрагах штось закрычалі — абурана ці ад захапленьня, таго адсюль было не зразумець. Але іхні галоўны цяжкі таран «Матыльда» ўжо паволі каціўся да галоўнае брамы, каб зрабіць тое, чаго яны не маглі зрабіць раней. Праз колькі хвілінаў дзесьці ў сьценах цяжка і грозна вухнула — гэта рухпула галоўная брама, і ў замак ірваыуліся першыя сотні Вялікага і Слаўнага Кгорфюрста, валадара Богададзенай Сьвстазарнай зямлі. А яшчэ праз нядоўгі час ён, Галоўны крыгсман таго войска ў ліку закапцелых, спатнелых, скрываўлепых салдатаў сустракаў у браме замка свайго Курфюрста і толькі баяўся, каб той не пакараў яго за пакінуты шлём. Вярнуцца па яго ў роў крыгсман дагэтуль ня меў магчымасьці.

Поделиться с друзьями: