Пахаджане. Прыпавесці
Шрифт:
Вялікі Курфюрст уехаў у зваяваны замак на цяжкім белым кані, да хваста накрытым белым у залатым шытве прасьцірадлам. Ягопая лейб-ахова таксама была на белых канях, у белых бліскучых латах. Латнікі і мечнікі крыкамі захаплепьпя і адданасьці віталі валадара, і ягоны Галоўны крыгсман таксама разам з усімі крычаў «Гох!». Але менавіта тады Готліб адчуў, што салдаты з першых радоў зьвярталі позіркі і на яго лысаватую галаву бяз шлёма, за імі тое ж рабілі іншыя шэрагі, і ўжо не зразумець было, каму ляскалі ў шчыты і ладкі — Вялікаму Курфюрсту ці ягонаму крыгсману. Мабыць, і крыгсману таксама. Нядаўняму бібліятэкару стала ніякавата ад тас ўвагі, а затым і страхавіта, — але што ён мог зрабіць? Ёп быў чалавек адукаваны і да таго ж трохі па-рыцарску выхаваны, і накланіўся грамадзе. Можа, таго якраз і ня трэба было рабіць — выхаваньне не заўжды ідзе на карысьць чалавеку. Часам і на шкоду.
Рэшту таго дня і ўсю наступную ноч слаўнае войска пераможцы, як яму і належала, рабавала педагарэлы замак, — цягала з пакояў майно, зброю, посуд; гаспадарыла ў шматлікіх замкавых сутарэньнях, дзе было даволі віна. Крыгсман, які ня падта шанаваў віно, цяпер быў змушаны выпіць, і, здаецца, болей, чым было трэба, — так падахвочвалі салдаты. Некаторыя п’янавата даводзілі, што менавіта ён падказаў ім правільны шлях, інакш бы яны тузаліся тут да зімы, як тузаліся ўсё лета. Неяк адарваўшыся ад п’янай салдатні, ён запоўз пад сьцяной у цярноўнік, пакутна званітаваў там і заснуў. Пабудзілі яго ўранку, як пачалося пастраеньне войска. Латнік згледзеў ягоныя ногі, што вытыркаліся на сьцежку з кустоўя, і ткнуў у іх дзідай, каб дазнацца, жывы ці не. Аказалася, што жывы, і крыгсман падняўся. Яго павялі да сьвіты Вялікага Курфюрста, які па-ранейшаму не сказаў ніводнага слова, бы і не заўважаў яго.
Такім чынам, апошні бастыён усходніх быў зваяваны, доўгая цяжкая вайна скончылася. Падпаліўшы рэшткі разгромленага замка, войска вярталася ў свой горад — сталіцу Богададзенай Сьветазарнай зямлі. Наперадзе войска, калоны якога расьцягнуліся на пяць міляў, ехаў Вялікі непераможны Курфюрст, за ім асабістая ахова і ззаду — Галоўны крыгсман, нядаўні бібліятэкар Готліб. За шлём яго не дакаралі, і ён думаў, дзе яму цяпер адшукаць свайго мула, на якім ён сюды прыехаў, бо белую кабылу, мабыць жа, адбяруць у горадзе. Канешне, на кабыле ён выглядаў прыгажэй, чым на старым муле. У ягоным сэрцы неўпрыкмет ужо пасяліўся гонар, здавалася, усё ж ён заслужыў на тое нейкае права. Тыя з салдатаў, што былі бліжэй да яго, час ад часу адорвалі крыгсмана цёплымі позіркамі, а то нават віталі прыўзьнятай рукой з мячом. Гэта надта грэла ня надта славалюбнае сэрца бібліятэкара, і ён думаў: а што яшчэ будзе ў горадзе, як яны прыедуць туды з перамогай! Можа, сапраўды Вялікі Курфюрст прызначыць яго камандаваць войскам — увогуле, ён быў ня супраць. Вайсковая справа нечакана пачала падабацца яму, і ён ужо з прыкрасьцю падумаў пра сваю бібліятэку з яе пацукамі і пылам. Сапраўды, зусім іншая справа вайна! Колькі страху, але колькі і радасьці! Вострых перажываньняў, і галоўнае — удзячнасьці войска. Народнай любові і, можа, нават прыхільнасьці самога валадара зямлі Богададзенай.
Праўда, трохі трывожыла зацятае маўчаньне Вялікага Курфюрста, які нібыта ня бачыў, не разумеў, якую ролю ў апошняй асадзе адыграў ягоны Галоўны крыгсман. Але ўжо ён, крыгсман, пра тое валадару напамінаць ня будзе, усё ж ён толькі падданы, Курфюрст сам павінен усё зразумець і ацаніць. I калі ён дагэтуль таго не зрабіў, дык, мабыць, таму, што заняты. Што ў яго, адзін клопат — крыгсман? Вунь колькі клопату з войскам, палоннымі, што вялізнай калонай пляліся за пераможцамі. I яшчэ, уздыхнуўшы, ён падумаў, як не пашанцавала ягоным папярэднікам, што нудзіліся цяпер у гарадскім сутарэньні. Ну, але што ж — кожнаму сваё, як пісаў калісьці старажытны паэт, а яшчэ да яго сьцвярджала Біблія. Відаць, ня сёньня, дык заўтра гэтыя няўдакі будуць разарваныя ваўкамі. Нешчасьлівы лёс тых вайскоўцаў ледзьве ня выціснуў сьлязу з вачэй іх шчасьлівейшага наступніка.
Толькі ён прагнаў ад сябе благую думку, як Вялікі Курфюрст наперадзе спыніўся. За ім прыпынілася ўся калёна конных і пешых, лучнікаў і панцырнікаў і ўсіх астатніх — аж да палонных. Курфюрстава сьвіта збочыла з пыльнага шляху пад дубы на прыдарожным пагорку. Ці не на адпачынак? — падумаў Галоўны крыгсман. У засені дубоў-гігантаў тое было б надта дарэчы. Але, мусіць, не. Тут жа яму далі знак пад’ехаць наперад, што ён і зрабіў, ня надта ўпраўна кіруючы цяжкой на хадзе кабылай. Перад Курфюрстам, які па-ранейшаму сядзеў на кані, належала сьпешыцца, і ён скочыў долу, ледзьве ўтрымаўшыся на замлелых нагах. Ён ня ведаў, што зараз будзе, але быў гатовы выканаць кожную каманду валадара.
Толькі Курфюрст нічога не камандаваў, з каменным тварам працягваў сядзець на белым біцюгу. Замест яго пачаў гаварыць вяшчун, што меў адмысловае горла і ў час аблогі і на паходзе перадаваў Курфюрставы каманды. Уважліва слухаючы яго, крыгсман не адразу, аднак, зразумеў, што гэта ён? Пра каго ён? Аказваецца, пра яго, Галоўнага крыгсмана. Быццам ён нядбайна камандаваў асадай, ад чаго войска мела неапраўданыя страты, цэлы дзень не магло дамагчыся посьпеху, і таму за ўсё тое зладзейства Вялікі Курфюрст карае Галоўнага крыгсмана адсячэньнем галавы. «Слава вялікаму войску Богададзенай Сьветазарнай зямлі!» — скончыў вяшчун, і ўсе салдаты дружна раўнулі «Гох!», што азначала згоду, адабрэньне і захапленьне.
Калені ў нядаўняга бібліятэкара падламіліся, ён паваліўся на мяккую траўку дубровы, але дужыя рукі падхапілі яго і кінулі пад ногі валадара. Штатны вайсковы кат у шырокім скураным фартуху выцягнуў са скураных похваў шырокі меч з выгравіраваным на лязе дэвізам. «Bibe sanguinem!» — пасьпеў прачытаць небарака на мілай лаціне, перш чым кат адным спрактыкаваным ударам аддзяліў лысаватую галаву Галоўнага крыгсмана ад яго сутулаватага цела. Войска пры тым зноў грымнула «Гох!». Вялікі Курфюрст прыўстаў у страмёнах, каб яго бачна было здалёк, і каб усе, да апошняга лучніка, зразумелі, хто здабыў для іх перамогу. Каб не было памылкі, Курфюрст яшчэ павярнуўся сюды-туды ўбакі, — крыкамі адабрэньня і ляскам мячоў аб шчыты легіёны віталі яго боскае права на праўду і справядлівасьць. Словы пра справядлівасьць былі вычаканеныя на ягоным упрыгожаным гербам шчыце. Крыкі пра славу пераможцы суправаджалі яго ўсю дарогу да самага гораду.
Пад тыя крыкі ўслаўленьня і гопару ён, шчасьлівы і стомлены, уехаў надвячоркам пад гарадскую браму. У горадзе вітаньне паўтарылася з яшчэ большым імпэтам і доўжылася да паўночы.
Народ заўжды любіць вітаць пераможцаў.
Маленькая чырвоная кветачка
Ён вельмі любіў народ, і народ вельмі любіў яго.
Асабліва з таго часу, як успыхнула народнае паўстаньне, якое ён песьціў, рыхтаваў, камандаваў паўстанцамі, здабыў першыя перамогі. Паўстаньне было нялёгкае, перамогі чаргаваліся з паразамі, але народ верыў яму і ішоў за ім. Ён і праўда не шкадаваў ні часу, ні сілы, ні працы свайго глыбокага розуму дзеля сьвятое справы — перамогі народнага паўстаньня.
Сьпярша, як іх было мала, а сілаў злыдняў было ў дзесяць разоў болей, толькі ягоная воля і фанатычная ўпэўненасьць далі моцы паўстанцам не загінуць дарэшты. Паўстанцы вытрымалі ўсё: паразу пад сьценамі крэпасьці, перасьлед, катаваньні ў вязьніцах, кару сьмерцю, палон, эміграцыю. Ён не скарыўся, ён заўсёды казаў: будзе воля, будзе пермога! Загляне сонца і ў наша ваконца. І заклікаў змагацца, не шкадуючы нічога — ні людзей, ні жыцьця, ні жанок, ні саміх сябе. Ён не шкадаваў сябе і нават жонку зь дзецьмі, якіх закатавалі ў палоне.
Як была здабыта вялікая перамога і захоплена непрыступная крэпасьць, народнай любові да яго ня стала межаў. У крэпасьць, якую ён штурмаваў дваццаць дзён, яго ўнесьлі на скрыжаваных дзідах, ахінутых двухкалёрам патрыётаў. Там жа, на падворку крапаснога муру, яму прысягнула новаствораная гвардыя — сотня адборных маладых паўстанцаў. Старшыны гораду паднесьлі яму талерку, поўную залатых манэтаў. Дзесяць гарадзкіх прыгажунь зьнялі з ног ягоныя батфорты і абмылі яго стамлёныя ногі. Яны прысягнулі яму на вечнае жаночае слугаваньне — у вайну і ў міры. У народных вачох ён стаўся самым разумным і сумленным; у жаночых вачох, апроч таго, — самым прыгожым і высакародным. І яшчэ ён быў бескарысьлівы — нічога свайго ня меў, абыходзіўся тым, што давалі. Як ён прамаўляў зь цьвінтару гарадзкой катэдры, тысячны натоўп, ня дыхаючы, слухаў яго. Заўжды ён гаварыў, як Бог, не даючы ні малюсенькае нагоды ўсумніцца хоць бы ў адным прамоўленым слове.
Ён заслужона апынуўся на вяршыні ўсеагульнае народнае славы і прызнаньня, якіх, здавалася, у яго ня мог адабраць ніхто — ні д’ябал, ні Бог. У вачох народу ён быў ня меней шанаваны за абодвух.
Кепска, аднак, што на крэпасьці барацьба ня скончылася. Прыгнятальнікі не ўціхамірыліся. Тыя, што ацалелі пры штурме, уцяклі за мяжу, дзе знайшлі падтрымку. Невялікая перадышка ў змаганьні доўжылася колькі месяцаў. Той час ён марна ня траціў. Ён мацаваў гаспадарку і абарону. Дзень і ноч людзі ладзілі крэпасьць, адбудоўвалі пашкоджаныя вежы, вароты і сьцены. Апроч таго, ён дасканаліў войска, прызначаў камандзіраў, стаўляў на пасады самых здольных і храбрых. Але і тыя, за мяжой, ня спалі — стваралі альянсы, вэрбавалі наймітаў, узбройвалі і распалялі нянавісьць да паўстанцаў. Грошай у іх было шмат, войска набралі вялікае. У адзін пагодны дзень тое войска апынулася перад сьценамі крэпасьці.