ЖАНРЫ

Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу…

Наварыч Алесь

Шрифт:

Пачуліся галасы аднавяскоўцаў. Яны спрачаліся за нейкія грошы. Буфетчыца падпраўляла прычоску, цыганы ў пачакальні клаліся спаць на цэментавай падлозе…

«Не, не вернецца Мядзведжае на сваё месца, — падумаў Павел. — Яно гэтак заўзята высякалася, вытралёўвалася, выгорвалася, выпальвалася і выкарчоўвалася, што трэба чакаць сто, дзвесце гадоў, каб убачыць яго такім, якім яно было спрадвеку… Так што супакойся. Ты фантазіруеш, нешта прыдумляеш, гэта не лес у табе фантазіруе. Ты на нейкі момант даў лесу дазвол пакарыстацца сваёй галавой, але на момант. Бо ўжо скочваешся да экалагічных ламентацый…»

Ён сёрбнуў кавы. Кава была ледзь жывая.

Аднавяскоўцы зайшлі ў буфет і пры староннім чалавеку перасталі спрачацца пра грошы, а вярнуліся да ранейшай тэмы.

— Ты, Іван, нешта не тое пачуў, — сказаў Яша.

— Не тое, — са згодай уздыхнуў Іван. — Такое радыё, хрыпіць: вайна пачнецца, не будзеш ведаць, у які бок уцякаць.

Яша намацаў пад столікам бутэльку.

— Ведаеш Колба? — сказаў Іван. — Дык вось, я табе цэлае лета не хацеў расказваць, каб ты з мяне не смяяўся. А цяпер раскажу…

Яша на мігах прапанаваў Паўлу пачаставацца. Хлопец адмовіўся.

— Колбавы хлопцы выцягнулі з ракі дубовую калоду, і з той калоды выпаў манах. Не шкілет, не муміё тое, а жывы чалавек.

— Чыхня якая! — паморшчыўся Яша. — З чаго тут смяяцца?

— Ты Яшко, не спяшы, — Іван асцярожна ўзяў перапоўненую шклянку, — упярод бацькі ў пекла. Той манах ляжаў у мёдзе. Як дуба выцягнулі, манах абагрэўся на сонцы, выпаў, стаў хадзіць і гаварыць.

— Іван, прабач мне, — сказаў Яша. — У гэта паверыць аніяк не магу. Хоць ты мяне зарэж… У сіфакаў — калі ласка, у марсіян — на ўсе сто, у камунізм — заўжды гатовы! — Яша нахіліўся да Івана: — А ў манаха — выбачай, Іване…

Павел адвярнуўся ад землякоў. Яму было сорамна. А як даведаюцца, што аўтар гэтага дурнога розыгрышу — ён? Зрэшты, ну і што? Кепска, што Лена паверыла. І, відаць, бацьку ліст напісала. А старому чаго не верыць? Калі ў яго сіфакі на Мадагаскары вайсковы пераварот зрабілі.

Але і гэта не бяда. Бяда з самой Ленкай. Яна ўжо дзесяцікласніца, ёй летам стукнула семнаццаць. Летась, на станцыі, ён толькі пасмейваўся з яе. А цяпер? Што будзе цяпер, як гляну ў вочы?

І што ўсяго было крыўдней, яго мучыла, прыпякала рэўнасць да Міхася. Цікава, да брата не раўнаваў, а да Міхася раўнуе. Чаму?

Каб не рэўнасць, пачуваўся спакайнейшым. Раней і не глянуў на бледнатварую, з сіняватымі ценямі пад вачыма дзеўчынку, якая хадзіла за ім, а ён, абармот, ні разу не правёў яе, не танцаваў, за руку не ўзяў. Лічыў, адным словам, дзіцем горкім.

Цяпер за ягонай спінай стаяў яе вясёленькі бацька, Іван Заранок, і пераказваў гісторыю, якую Павел ужо не мог і слухаць. Кава зусім астыла, ён дапіў яе і замовіў яшчэ адну шклянку.

— А я не так чуў, — сказаў Яша, выціраючы вялікай насоўкай спацелы высокі і шырокі лоб. — Думаеш, я не чуў? Думаеш, мне не пісалі летась? О-о, я чуў, што гэта не зусім манах, тоісь не мужык, а баба. І баба гэтая — Варапаіха Ліда, ну тая, з баптыстаў, што па пяць разоў на дзень хату мяце. Яны святую з яе хочуць зрабіць. Яна ж лечыць.

— Глупства, — заўпарціўся Іван. — То быў мужык. Мужчына.

— Ты бачыў? Ты не хочаш прызнавацца, што пакуль ты ездзіш па заробках, твая жонка з дзецьмі стала хадзіць да баптыстаў? То ўсё выдумкі Варапаіхі, быццам у яе ёсць святое пісьмо! Эх, што за жысць у іх…

— Ну, не скажы. Яны, баптысты, харошыя людзі, — не згаджаўся Іван. Павел ведаў, што ён пачынае заводзіцца. — Яны не п’юць, не кураць, — працягваў Іван. — Але ты да мяне чаго прычапіўся — я не баптыст.

— Ты — не баптыст? Ты мяса цэлае лета не еў — і не баптыст? І да дзяўчат не хадзіў.

— Куды мне дзяўчаты, я стары. Мяса не еў, але ж сала еў…

— Чуў я пра іх, пра гэтых баптыстаў, — ухмыльнуўся Яша. — Мяса не ядуць, а да жанчын такія спраўныя.

— А табе дзела? — абурыўся раптам Заранок. — У морду хочаш?

«Пачынаецца, — падумаў Павел. — Гэты не сцерпіць, а той ужо раскачагарыўся…»

— Спачатку пакурым, адкаркуем апошнюю, а потым пойдзем біць мне морду, — з наканаванасцю сказаў Яша і зноў дастаў чырвоную і пацёртую пачку «Прымы».

Але раззлаваны Іван курыць не пайшоў, а са злосцю пачаў састругваць нажом пластыкавы корак з бутэлькі, ужо не тоячыся. Пры гэтым ён чамусьці брыдка і гучна лаяўся. Буфетчыца з тупасцю пазірала на мужчын, ад начной санлівасці яшчэ не знаходзячы ў сабе энергіі разагнаць выпівак. Але калі пачула крык, дастала люстэрка, падмазала губкі і некуды сышла. Неўзабаве ў буфет зазірнулі міліцыянты, два маладыя хлопцы.

Трэба было хаваць бутэльку. Шыракалобы Яша Манюк злосна прашыпеў:

— Стары дурань, хлопцу аддай, хлопцу… Дай сюды, я сам аддам.

11

Каб чытач лепш уяўляў адносіны Яшы і Івана Заранка, варта патлумачыць, што cтары Манюк, Яшаў бацька, як ужо гаварылася, сядзеў на хутары і яго на вёсцы не любілі. Зайздроснікі сцвярджалі, што ён мільянер — мае на кніжцы сто тысяч паўнавартасных савецкіх рублёў. А ў Заранка, акрамя Лены, было яшчэ трое дзяцей, а багатага бацькі, такога як Манюк, не было. Даводзілася зарабляць.

У той момант, калі Яша перадаў Паўлу пад столік раскаркаваную бутэльку, Іван Заранок стаў узірацца на Паўла і нечакана прызнаў у ім крыўдзіцеля ягонай дачкі. Не звяртаючы ўвагі на міліцыянераў, гучна выказаўся:

— Яна табе паверыла! А ты што вытварыў?

Самае непрыемнае, што магло здарыцца, здарылася. Гэта як закон. Калі будзеш думаць пра кепскае, яно абавязкова здарыцца. Вывад: ніколі не думаць пра кепскае. Трэба думаць пра добрае, станоўчае, шчаслівае.

Міліцыя забрала і Паўла. Нават не сказалі класічнае — дыхні. Убачылі раскаркаваную бутэльку ў руках (так і не прыдумаў, куды запіхнуць, ды і не было калі), загадалі — пайшлі, у пастарунку разбяромся. І як ні аднекваўся, што не піў, міліцыянты былі няўмольныя.

Ва ўчастку міліцыянеры моўчкі сталі афармляць пратакол. Спачатку на Івана, потым на Яшу. Той прасіўся — адпусціце нас, прыгарадны цягнік ад’язджае раніцай. Наступнага аж да абеду чакаць, згубіцца дзень.

Павел быў упэўнены, што яго адпусцяць, але вочы ў яго палезлі на лоб, калі ўбачыў, што і на яго складаюць пратакол.

— Што вы робіце, — занерваваўся ён, — мяне з універсітэта выганяць!

Міліцыянты толькі ўхмыльнуліся. Павел стаў пратэставаць, заявіў, што будзе скардзіцца.

— Ціха ты, — параіў яму Яша. — А то транспартная міліцыя здасць у гарадскую. А тыя пасадзяць у выцвярэзнік. Нават цвярозага. Хто будзе цяпер, уночы, разбірацца. А гэтыя складуць пратакол, а заўтра раніцай за дзве бутэлькі ты яго забярэш. Толькі да дзевяці гадзін трэба забраць, пакуль яны зводку не здалі. Сядзі, маўчы. Складуць пратакол, ну, улепяць штрапу, і ўсё. А будзеш гізаваць — пераначуеш у выцвярэзніку. Я табе кажу як вопытны чалавек…

— Я ведаю, я — адчуваю! Гэта ён на нас міліцыю наслаў! Ён — майстар. Ён можа. Ён і не такое вытвараў! — гаварыў Іван Заранок.

Поделиться с друзьями: