ЖАНРЫ

Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу…

Наварыч Алесь

Шрифт:

— Нягуста, — прамовіў Павел. — Будзеце ведаць, што манах не бесцялесны дух, а харчуецца слівамі і малінаўкамі.

Перад тым, як пайсці з царквы, спыніліся перад алейнай карцінай, на якой невядомы багамаз выяўвіў Тайную вячэру.

— Што глядзіцё? — прамовіў Павел. — Прадзедаў пазналі?

— Якія ж яны прадзеды, калі яны ў Палесціне жылі, — скрывіўся Міхась.

— У Палесціне? — падняў бровы Павел. — А хто маляваў? Наш мастак, тутэйшы. Бачыце, якія твары ў апосталаў? Сапраўдныя славянскія блінцы. Ды ячшэ з балцкімі доўгімі насамі? Адкуль тутэйшы мастак мог бачыць старажытных іудзеяў часоў Ёсіфа Флавія?

Міхась утаропіўся ў Паўла.

— Універсальнасць чалавечай прыроды — гэта адно, а лакальнасць людскога хранатопа — другое… — патлумачыў Павел.

— Студэнт! Перакладзі па-нашаму… — замахаў рукамі Міхась.

— Вось-вось, — адгукнуўся на гэта Пятрук. — Паўлік часам так заверне, што адчуваеш сябе абсалютным дурнем.

— Што ж тут незразумелага? Вунь, да прыкладу, у Лацінскай Амерыцы нядаўна даследавалі карціну з аднаго горнага касцёла. З гэткім во сюжэтам, — Павел паказаў на «Тайную вячэру». — Што, вы думаеце, знайшлі эксперты на стале ў апосталаў?

Хлопцы пераглянуліся і паціснулі плячамі.

— Смажаную марскую свінку, — з трыумфам прамовіў Павел. — Неадменны атрыбут шматвекавога сталавання індзейцаў. Ну, мне час збірацца на цягнік.

Па дарозе дахаты дамовіліся пра ўчарашняе нікому не расказваць. Каб не было плётак і гульні ў сапсаваны тэлефон.

— Чаго вы насы павесілі, я неўзабаве прыеду, — суцешыў хлопцаў Павел. — Ёсць, ёсць тут нейкая містыфікацыя. Вы на ўсялякі выпадак паназірайце за нашым гісторыкам.

7

Праводзіць Паўла пайшла адна Лена, бо Петрука і Міхася забрала на нейкую работу Міхасёва маці. Дзяўчына не ведала, што хлопцаў не будзе, разгубілася ад таго, што ёй ісці адной з Паўлам, і яны йшлі моўчкі, або зрэдку перакідваліся нязначнымі фразамі.

«Чаго яна пацягнулася?» — думаў Павел, а Лена ўсё азіралася і ўздыхала.

Жнівеньскае неба блішчэла, як свежаразрэзанае волава, дзьмуў тугі цёплы вецер. Пяшчотна-сляпучы шар сонца прасякаў смугу ласкавымі промнямі.

«Саромеецца яна мяне, ці што? — круцілася ў галаве ў хлопца. — Вочы нейкія… бездапаможныя».

— Ты, Лена, куды збіраешся паступаць? — спытаўся ўрэшце хлопец.

— Мне яшчэ рана пра гэта думаць, — зіркнула на Паўла дзяўчына і адвяла вочы. — Яшчэ дзевяты, потым дзесяты клас…

— Самы час засяродзіцца на пэўных прадметах, — з ментарскай інтанацыяй вымавіў Павел. — Трэба ж, урэшце, мець мэту ў жыцці. Каб дасягаць яе.

Лена прамаўчала і толькі ў каторы раз ўздыхнула. Ішлі і зноў маўчалі. Маўчалі датуль, пакуль не паказаліся будынкі станцыі.

— А ты… калі прыедзеш? — спыталася Лена.

— Прыеду. Пасля будатрада на бульбу не забіраюць… — адказаў хлопец і зацікаўлена зірнуў на дзяўчыну.

Пакінуўшы Лену каля рэчаў у прыстанцыйным кветніку, Павел схадзіў па білет. Вярнуўшыся, ён з фальшывай весялосцю сказаў:

— У нас цэлыя паўгадзіны. Чаго ты кіслая? Зайздросціш, што я еду? Гэта я вам зайздрошчу — вам застаецца загадка манаха.

— Пры чым тут манах? — Лена вомільгам зірнула на Паўла, зноў апусціла, нібы пакрыўджаная, вочы.

— Прысядзем на дарожку, — прапанаваў Павел.

Жываплот акружаў лавачкі ў гародчыку, пасярод якога расла плакучая вярба. Яна ўжо даўно расла, зрабілася тоўстая ў камлі, угусцела ў вершаліне так, што глушыла кветкі. Доўгія гнуткія галіны навісалі над дарожкай, пасыпанай жвірам, і цёплы жнівеньскі вецер звіваў і развіваў іх.

— Нібы косы ў русалкі… — заўважыла Лена.

— Ты сама як русалка. Толькі малая яшчэ…

— Вы ўсе так кажаце: малая. Нават Пятрук. Але я вырасту… Вось пабачыце.

У голасе дзяўчыны чулася крыўда.

— Я чытаў этнаграфію, навука такая, пра звычаі і культуру нашых продкаў, — важна сказаў Павел. — Нашы дзяды ўяўлялі, што русалкі зімуюць ведаеш дзе? У вербах! Летам яны жывуць у рэчках, а на зіму перабіраюцца ў вербы. А што гэта ў цябе на руцэ?

— Драпіна, учора за нейкі дрот зачапілася…

Павел узяў дзяўчыну за руку, правёў па чырвоным пісягу. Адчуў, нібы нейкі ток прайшоў ад яе рукі па ўсім ягоным целе.

Дзяўчына адняла руку, ажывілася:

— А я аднойчы прыдумала… — Яна непрыгожа прымружыла вочы. Гэтае яе прымружванне не падабалася Паўлу. Лена тады выглядала зусім як дзіця.

— Я прыдумала, але гэта фантазія, што дрэвы маюць свае гадавыя кольцы, так? І ў іхных кольцах хаваюцца душы памерлых людзей… А калі дрэва зразаюць, то душы разлятаюцца…

— І што?

Дзяўчына аж уздрыгнула ад рэзкасці пытання.

— Ты, Ленка, не зусім арыгінальная, — пачаў рэзанёрстваваць Павел. — Я пра гэта таксама чытаў.

Аб’явілі прыход цягніка. На пероне забегалі людзі, Павел і Лена падняліся з лаўкі.

— Цалавацца на развітанне будзем? — пажартаваў Павел. На ягонае здзіўленне дзяўчынка прыхілілася да яго і цмокнула ў шчаку. І адразу схавала вочы. У Лены непрыгожа тырчэлі вушы з-пад валасоў, але ад яе невялікай постаці сыходзіла такая адданасць, такое замілаванне, што хацелася прыціснуць яе да сябе і расцалаваць.

«Потым скажуць, што цалаваўся з братавай дзяўчынай. Не!» — падумаў ён, паціснуў Ленцы руку, узваліў сумку на плячо, і яны выйшлі з-за агароджы станцыйнага кветніка.

Потым у Паўла з галавы не выходзілі паводзіны Лены. Аж да самых Ляхавіч пацалунак грэў шчаку. Адчуваў прыемнасць і адначасова сорам, што пра гэта даведаецца Пятро.

«Такая дзяўчынка Пецьку дасталася… — круцілася думка. — А што вось яна мае да мяне? Ат, знайшоў праблему. Вунь колькі дзяўчат села ў Баранавічах. Выбірай на любы густ».

Студэнт стаў глядзець у акно цягніка, але ў каторы раз думкі яго вярталіся да сарамлівай вясковай дзяўчынкі.

Кожны год за тыдзень да пачатку заняткаў настаўнікі праводзілі так званы куставы жнівеньскі семінар. Выкладчыкі літаратуры з’язджаліся ў адну школу падзяліцца метадычным і педагагічным вопытам, сустрэць старых знаёмых, папіць чаю, нагаварыцца з аднадумцамі на цэлы год наперад.

Поделиться с друзьями: