Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Парыж-Дыснэйлэнд

Хадановіч Андрэй

Шрифт:
СНОБЫ НА ВЫСТАВЕ 1. У шкляной вітрыне парыскай эратычнай кнігарні адлюстроўваецца доўгая чарга снобаў, што стаяць па білеты на мастацкую выставу. І ўся чарга нешта чытае, на фоне вялікага ню ад Амэдэа Мадыльяні. Думаю, гаспадары кнігарні не змаглі б лепей аформіць свае вітрыны.
2. Яшчэ ні разу ня бачыў ніводнай чаргі ля ўваходаў у бясплатныя парыскія музэі. І ніводнага платнага музэю без кілямэтровых чэргаў.
3. Чым болей заплачана за ўваход, тым грамчэй можна размаўляць ля карцінаў.
4. Чамусьці яны заўсёды далікатна спыняюцца, каб не перашкаджаць іншым фатаграфавацца, але лёгка становяцца перад тымі, хто глядзіць на карціны.
5. Іхныя жарты: «Мадыльяні — тут маглі быць вашыя вочы…» Спрабую ня слухаць працягаў пра Ван Гога і Вэнэру Мілоскую.
6. Адны зь іх так шмат чытаюць апісаньне выставы й подпісы пад карцінамі, што глядзець на самі карціны часу ўжо не застаецца. Іншыя — нічога не разумеюць, бо зусім не чытаюць подпісаў пад карцінамі, каб не падумалі, што яны нічога не разумеюць.
7. Парыскія снобы: большасьць зь іх — гэта замаскаваныя замежныя турысты.
ПАРЫСКІЯ МАДЭРНІСТЫ Нарадзіліся амаль адначасова у Кракаве і Варшаве, Адэсе і Лодзі, Гомелі й Сьмілавічах. Памерлі зусім маладыя ў Парыжы. Або зусім старэнькія у Тэль-Авіве ці на францускіх курортах. Або не зусім маладыя і не зусім старэнькія. У Асьвенцыме.
НОВЫ РЭАЛІЗМ Калі зрываеш першы слой шпалераў, зьдзіўляесься сваім эстэтычным густам пятнаццацігадовай даўніны. Калі зрываеш другі слой, дазнаесься, якія шпалеры любілі твае бацькі або папярэднія гаспадары кватэры. За трэцім слоем вылазяць савецкія газэты пачатку шасьцідзясятых, смайлік ад Юрыя Гагарына як віншаваньне з Днём касманаўтыкі. Далей пасьляваенны і даваенны слаі палімпсэсту, купалаўскія лётчык і хлопчык, што некалі прымушалі Гагарына ўсьміхацца яшчэ шырэй. Калі зрываць ня ўсё запар, а толькі фрагмэнтамі, і пагружацца на розную глыбіню слаёў, складаецца дзівосны ўзор: палова твару першага савецкага ў белым венчыку з ружаў, салатавыя палосачкі, ружовыя ромбікі, чорныя квадрацікі й рамачкі, бацька народаў, усесаюзны стараста, падобны да бацькі псыхааналізу — я, ведай, вялікі ўжо хлопчык, і ўмею ўжо лётаць у сьне, саюз, апалён, стыкоўка, расстыкоўка, далей тынкоўка. Касьмічная мазаіка, якая нават ня сьнілася францускім новым рэалістам. Галоўнае — выбраць правільную сьценку у правільным доме і правільнай краіне.
ВАЙНА І МІР Лацінаамэрыканцы якраз пачыналі мяне біць, але, убачыўшы яго, разьбегліся. І ня дзіва: ён быў на галаву вышэйшы за мяне і як мінімум удвая таўсьцейшы, у маленечкіх акулярах, што толькі падкрэсьлівалі яго памеры: проста нейкі Сяргей Бандарчук сярод дэкарацыяў свайго Барадзіна, ці хутчэй Ватэрлоа, бо ўсё адбывалася якраз у Бэльгіі. Ён чамусьці адразу загаварыў са мной па-расійску, быццам на мне было напісана, што я ведаю, хто такі Бандарчук. «Дарма ты зь імі размаўляў, — сказаў ён. — Гэтыя маглі б і зарэзаць». «Калі б маўчаў, — адказаў я, — дакладна б зарэзалі. Тут як на заліку». «Залік, — сказаў ён. — Мяне завуць П’ер. Як Бязухава». «А мяне Андрэй. Як Балконскага». Рэшту ночы памятаю ня вельмі. «Трапісты»! — раз-пораз паўтараў ён. — Найлепшае ў Брусэлі піва — гэта «Трапісты»! Хадзем, пакажу адно месца, плаціць граф Талстой». «Дык ты не з Расіі? Зь Беларусі? Яшчэ лепей! Я там з жонкай пазнаёміўся». «Я таксама». «Але мая — японка, уяві. Вучыліся разам расійскай, а навучыліся: яна францускай, а я японскай. Бальзак і маленькая японка, ведаеш кіно? Беларусы, кажа яна, — гэта такія расійцы, толькі са знакам якасьці». «Кітаянка», — паправіў я. «Хто? Мая жонка?» «Я кажу, Бальзак і маленькая кітаянка. Кітайцы — гэта такія японцы, толькі са знакам колькасьці». Далей абрыў. Потым другая сэрыя. «Бярэзіна, — кажа П’ер, — гэта Ватэрлоа са знакам якасьці. У нас дагэтуль захаваліся песьні пра Бярэзіну. Затое Чарнобыль — гэта Фукусіма са знакам колькасьці. У вас ёсьць песьні пра Чарнобыль?» «Гэта такі чорны гумар?» «А ў мяне чорны пояс па гумары. Якраз хапіла б, каб павесіцца». «Абарваўся б», — замест прывітаньня кажа П’еру жонка. Тут ягоны фільм абрываецца, а мой круціцца далей. Мы ў аўто, як у маленькай кіназалі: на заднім шэрагу — Чып і Дэйл, два героі-бандарчукі, сьпяшаюца на дапамогу трапістам, а жонка-японка за стырном займаецца пракатам. Наш вандроўны кінатэатр усё бліжэй да апошняга бровара, дзе найсьвяцейшыя манахі вараць піва са знакам якасьці, якое разьвязвае языкі так, што выгнаньнікі ўсіх краінаў разумеюць адно аднаго без субтытраў.
САВЕЦКАЯ ФАНТАСТЫКА Чэславу Мілашу У сярэдзіне 80-х настаўніца ў нашай школе больш за ўсё любіла заводзіць нам сваю вечную песьню пра хуткі канец сьвету і зьвярыны ашчэр капіталізму. «У іхным сьвеце, дзеткі, усё прадаецца і ўсё купляецца, нават людзі, нават чалавечыя пачуцьці! Іхныя сем’і, дзеткі, — гэта ўзаконеная прастытуцыя, а дзяўчаткі там проста займаюцца гэтым за грошы. Толькі ўявіце сабе — каханьне за грошы!» Мы ахвотна ўяўлялі сабе каханьне за грошы. «Такі ён, зьвярыны ашчэр капіталізму! Такія яны, прадажныя дзяўчаткі!» — працягвала настаўніца. «І ня толькі дзяўчаткі!» — улазіў прасунуты Юра Гейфман, а мы ў гэты час стараліся ня думаць, але ўсё адно думалі пра нашую суседку Галю і ейны зьвярыны ашчэр. «А што яны робяць з прыродай! — упарта вяла сваё настаўніца. — Яны спэцыяльна забруджваюць тое, што атрымалі ад продкаў чыстым, каб прадаваць людзям тое, што ім належыць бясплатна. Чыталі «Прадаўца паветра»?» Ты і Юра Гейфман казалі: «Так». «Дык вось, ня ведаю, як з паветрам, гэта ўсё-ткі савецкая фантастыка, але ўжо сапраўды блізкі той час, калі яны будуць прадаваць за грошы ваду. Толькі ўявіце сабе — звычайную чыстую ваду, якую мы п’ем з крана!» Мы адразу згадалі, як за дзень да таго Юра Гейфман зламаў аўтамат і ўсіх частаваў бясплатнай газіроўкай без сыропу. З сыропам у Юры тады чамусьці ня выйшла, як, дарэчы, і ў настаўніцы з палітінфармацыяй. А сёньня, купляючы звычайную ваду у францускім супэрмаркеце Carrefour, я думаю, што ўсе ейныя прароцтвы, на жаль, збыліся — і паўсюль настаў канец сьвету. І толькі сівенькі стары ў Carrefour’ы кажа мне, завязваючы пакет з памідорамі: «Парыская вада — харошая. Можаш сьмела піць з крана».
ЦІЮЛЬРЫ: ПАДВОДНАЯ АРАНЖАРЭЯ Прачынаесься ад музыкі Дэбюсі, а навокал, з усіх бакоў, — вада і гарлачыкі Манэ. Цяпер ты ведаеш, што адчуваюць на тым сьвеце тапельцы.
ТАВАРЫСТВА МЁРТВЫХ ПАЭТАЎ Набліжэньне могілак Пэр-Ляшэз адчуваеш па ўсё большай колькасьці турыстычных маек з выявай Джыма Морысана. Францускія славутасьці мусілі б зайздросьціць, калі б яшчэ мелі такую здольнасьць. Скажам, прыдумаў жа нехта пахаваць паэта Жэрара дэ Нэрваля (1808—1855) проста насупраць самага знакамітага францускага пісьменьніка. Толькі ўявіце: ля тваёй магілы увесь час таўкуцца турысты, і ўсе як адзін да цябе сьпінай. Некаторыя нават спатыкаюцца аб цябе, фатаграфуючы. І толькі я, дзівак, на дзесяць хвілін завіс каля ўлюбёнага паэта, і толькі цяпер заўважыў Бальзака (1799—1850). Дарэчы, скажы мне, хто твой сусед па магіле, і я скажу, кім ты быў пры жыцьці. Вось Поль Элюар (1895—1952) загуляўся ў камунізм, і цяпер ляжыць побач з генсекам камуністычнай партыі Францыі Марысам Тарэзам (1900—1964). А Мальер (1622—1673) ні ў што такое не гуляў, і цяпер побач з калегам па пяры, сумленным байкапісцам Лафантэнам (1621—1695), ляжаць разам за агульнай агароджай, як адна сям’я. Мюсэ (1810—1857) і Шапэн (1810—1849) не за агульнай агароджай, а досыць далёка адно ад аднаго, але ў самім афармленьні магілаў адчуваецца адна рука. Падазраю, жаночая (1804—1876). На магіле Апалінэра (1880—1918) — вялікае сэрца у выглядзе верша-каліграмы, а на Ўайлдавай сэрцаў безьліч, і ўсе — чырвоным маркерам або губной памадай. Магілу Ўайлда (1854—1900) знайсьці лёгка па выбухах жыцьцярадаснага рогату, дзявочага і асабліва хлапечага. Ўайлд з усіх бакоў агароджаны шкляной сьценкай, каб не разарвалі прыхільнікі, якія сьпярэсьцілі ўсё шкло надпісамі і сьлядамі памады. Заслугоўваюць увагі: «Pleasure to meet you Oscar!» — з сэрцайкам, «Oscar my favorite dandy» — з зорачкай, і мой улюбёны: «Oscar te amamos!» — з кубінскім сьцяжком. Найбольшы надпіс, вядома ж, па-расійску: «Любви все возрасты покорны!» Цікава, як выглядала б на Пэр-Ляшэз магіла Цоя (1962—1990)? Магіла Морысана (1943—1971) не агароджаная шклом, затое там увесь час дзяжурыць жывы паліцэйскі, стаіць ля камля найбліжэйшага дрэва і часам перашкаджае ляпіць да яго жуйкі, але дрэва ўсё адно ў жуйках, прылепленых да іх манэтках і іншых сьціплых дарунках. Самы шчодры пакінуў бляшанку бэльгійскага піва, пакойся зь мірам, Джымі! Над магілай Мадыльяні (1884—1920) пачынаецца дождж, а над магілай Эдыт Піяф (1915—1963) канчаецца, і неба робіцца блакітнае. У надмагільнай пліце Марсэля Пруста (1871—1922) адбіваюцца аблокі.
СЕРЖУ ГЭНЗБУРУ Як ні ўцякалі ад лёсу твае Гінзбург-тата і Гінзбург-мама — Піцер, Стамбул, Парыж, — рідна нэнька дагнала Гэнзбура: за дзесяць крокаў ад дому ўкраінцы шыбуюць да храма, за дваццаць пяць ад магілы — Сымон Пятлюра!
ПАРЫСКІЯ МУЖЧЫНЫ У мужчыны з Парыжу — харызма і шык, нос, багет і шалік на шыі. Хто бяз шаліка, той не парыскі мужык, і бязносыя тут — чужыя! Ён ідзе й не кранае багетам зямлі, выкшталцоным сталічным крокам, а жанчыны з усіх ускраін зямлі сочаць — пэрыфэрыйным зрокам…
* * * Субота. Ранак. Дождж. У Люксэмбурскім садзе вітаецца здалёк з Бадлерам Элюар. Клашар у паліто з кішэнямі на задзе выкідвае багет, каб іншы зьеў клашар. У галаве гучаць знаёмыя матывы. Стакроткі й дзьмухаўцы бамжуюць між газонаў. На тратуары там і тут прэзэрватывы і скарыстаныя чахлы ад парасонаў.
ШЧЫГРЫНАВАЯ ТРАЎКА Ехаў казачнік-бай па бульвары Распай, да бамонду ў кавярню «Ратонда»: там зь відэльца й нажа усьміхаецца джа — скарачэньне ад слова «Джаконда». Круціць з бронзы касяк Анарэ дэ Бальзак у плашчы ад Агюста Радэна. Ёсьць на цэлы бульвар эксклюзыўны тавар, а тапельцам — бясплатная Сена. Дастаўляе трава з Монпарнасу ў Менск-2, зь перасадкай у Шарля дэ Голя. І ні да, ні пасьля: прэзыдэнт Нікаля — проста хлопчык па імені Коля. І ніхто не памрэ, бо з травой Анарэ ўсе памерлі яшчэ да народзін… Па бульвары Распай едзе казачнік-бай: «Баяць казку?» Ня хоча ніводзін.
ПОСТ-МІРАБО Пад мостам Мірабо сплываюць вершы Парыжам Захлынуўшыся й памершы І гэты не апошні і ня першы Каханьне соплі Вершы трэш Мост выжыве а ты памрэш Пад мостам Мірабо шукаць прыгоды Няма дурных Сумуюць параходы Ля карлікавай Статуі Свабоды Ды ёсьць сюжэты навырост Хацеў паплакаць выйдзе тост Пад мостам Мірабо гамон клашару Здаецца Холад зь ветрам далі жару Усім няўдачнікам зямнога шару Чужынцаў выдае акцэнт Кавярня Прыцемкі Абсэнт. Над мостам Мірабо як прывід лесу Лес хмарачосаў Ты хацеў прагрэсу Глядзі ж паэт і не памры ад стрэсу Усё цячэ пад гэты мост Сплыў мадэрнізм сплыве і пост P. S. Твой верш не прынясе рахунка ў банку Ды жонка Захацела рыфмаванку І з рыфмамі змагаесься да ранку Сам-насам з мостам Мірабо Слабо пра мост? А не слабо
Поделиться с друзьями: